Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

— Але што тут здарылася? — спытала Корал у доктара Цынера. — Яны думаюць, што мы вязём кантрабанду?

Яна не разумела, пра што гэтыя іншаземцы гавораць паміж сабой, і раптам ём зрабілася страшна, яна разгубілася, усвядоміўшы, што, нават калі б гэтыя людзі і захацелі ёй дапамагчы, яны не разумеюць яе, не ведаюць, чаго яна хоча.

— Скажыце ім, што мне трэба ехаць гэтым цягніком. Папрасіце іх паведаміць майму сябру, — сказала яна доктару Цынеру.

Не слухаючы яе, ён нерухома стаяў каля печы, засунуўшы рукі ў кішэні, і адказваў на пытанні афіцэра. Яна павярнулася да немца, які, седзячы ў кутку, утаропіўся ў наскі сваіх чаравікаў.

— Скажыце вы ім, што я ні ў чым не вінаватая, калі ласка.

Той на імгненне падняў вочы і з нянавісцю паглядзеў на яе. Нарэшце доктар Цынер сказаў ёй:

— Я спрабаваў растлумачыць ім, што вы нічога не ведаеце пра тую запіску, якую я перадаў вам, але яны кажуць, што павінны яшчэ затрымаць вас, пакуль начальнік паліцыі не задасць вам пытанні.

— Ну, а як наконт цягніка? — умольна спытала яна. — А як жа цягнік?

— Думаю, што ўсё абыдзецца. Цягнік будзе стаяць тут яшчэ паўгадзіны. Я прасіў яго паведаміць вашаму сябру, і ён абяцаў падумаць над гэтым.

Яна падышла да афіцэра і кранула яго за руку.

— Я павінна ехаць гэтым цягніком. Павінна. Зразумейце мяне, калі ласка.

Ён скінуў яе руку і пачаў ёй выгаворваць рэзкім, уладарным тонам, прычым пенснэ ківала ў такт яго гаворкі, але за што канкрэтна ён яе ўпікаў, яна не разумела. Потым афіцэр выйшаў з залы.

Корал прыхілілася тварам да шкла. Скрозь прасветы ў марозных узорах было відаць, як уздоўж пуці туды-сюды ходзіць немец. Яна паспрабавала знайсці вачыма вагон-рэстаран.

— Ён прыйшоў? — спытаў доктар Цынер.

— Зараз ізноў пойдзе снег, — сказала яна і адышла ад акна. Ёй раптам абрыдла яе недарэчнае, бязглуздае становішча. — Чаго ім ад мяне трэба? Навошта трымаюць мяне тут?

— Гэта нейкая прыкрая недарэчнасць. Яны перапалоханыя. У Белградзе было паўстанне, — паспрабаваў супакоіць яе доктар. — Ім патрэбен толькі я. Вось у чым уся справа.

— Але ж чаму? Вы ж ангелец.

— Не. Я тутэйшы, — сказаў ён з адценнем горычы.

— А ў чым ваша віна?

— Я паспрабаваў змяніць рэжым, — растлумачыў доктар, даючы зразумець, як ён не любіць ярлыкоў. — Я камуніст.

— Але навошта? Навошта? — ускрыкнула яна, гледзячы на доктара з жахам, не ў сілах схаваць, наколькі пахіснуўся яе давер да таго адзінага чалавека, які, акрамя Майета, мог і хацеў ёй дапамагчы. Нават яго добрыя адносіны да яе ў цягніку здаваліся ёй падазронымі. Яна падышла да лаўкі і села як мага далей ад немца.

— Каб растлумачыць вам навошта, спатрэбіцца шмат часу.

Яна не слухала яго, не хацела ўдумвацца ў сэнс ніводнага яго слова. Цяпер яна ставілася да яго, як да тых галадранцаў, што наладжваюць дэманстрацыі на Трафальгарскім пляцы, ходзяць з брыдкімі плакатамі: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!», «Верныя паплечнікі Ўолтгемстваў», «Бэлемскае аддзяленне лігі маладых рабочых». Гэтыя прайдзісветы хочуць павесіць усіх багацеяў, забараніць тэатры і прымусіць яе займацца свабоднай любоўю ў летнім лагеры, а потым ісці на дэманстрацыі па Оксфард-стрыт пад сцягам з надпісам: «Брытанскія работніцы».

— Болей часу, чым я маю, — дадаў ён.

Корал не звярнула ўвагі на яго словы. У той момант яна ставіла сябе непараўнана вышэй за яго. Яна была каханкай багацея, а ён — працоўны. Калі яна нарэшце ўспомніла пра яго, дык сказала са шчырым абурэннем і з пагардай:

— Думаю, вас пасадзяць у турму.

— Лічу, што мяне расстраляюць.

Яна са здзіўленнем утаропілася ў яго, забыўшыся на тое, што ў іх розныя перакананні:

— Чаму?

Ён усміхнуўся крыху самазадаволена:

— Яны баяцца такіх, як я.

— У Ангельшчыне чырвоным дазваляюць гаварыць, што хочаш і колькі хочаш. І паліцыя стаіць і слухае іх.

— Ну, тут істотная розніца. Мы не абмяжоўваем сябе толькі размовамі.

— Але ж будзе суд?

— Нешта накшталт суду. Мяне павязуць у Белград.

Недзе прагучаў ражок, і пранізлівы свісток працяў марознае паветра.

— Відаць, манеўруюць, — сказаў доктар Цынер, спрабуючы супакоіць яе.

Паласа дыму працягнулася звонку міма вокнаў, і ў зале зрабілася цёмна, загучалі галасы, людзі пабеглі ўздоўж чыгункі. Буферы паміж вагонамі забразгалі, сутыкнуліся, напружыліся, і тонкія сцены затрэсліся ад руху поршняў, ад грукату цяжкіх колаў. Калі дым разышоўся, Корал Маскер ціха прысела на драўляную лаву. Гаварыць нічога не хацелася, і ногі ў яе былі халодныя як лёд. Але крыху пазней яна адчула ў маўчанні доктара Цынера асуджэнне.

— Ён вернецца за мной. Вось пабачыце, — вымавіла яна з цеплынёй у голасе.

Нініч сунуў вінтоўку пад паху і пачаў пляскаць рукамі ў пальчатках.

— Ад гэтых новых паравозаў шмат шуму, — сказаў ён, гледзячы, як цягнік выцягнуўся, нібы гума, апісаў дугу і знік.

Стрэлкі застагналі і вярнуліся на ранейшае месца. На сустрэчным пуці падняўся семафор. З будкі выйшаў чалавек, сышоў па прыступках, перасек лінію і знік з вачэй у напрамку да невялікага дамка.

— Пайшоў абедаць, — з зайздрасцю сказаў напарнік Нініча.

— За ўвесь час, пакуль я тут, ніколі не было, каб паравоз нарабіў столькі шуму, — сказаў Нініч.

Тут ён пачуў словы напарніка:

— Маёру панеслі гарачы абед з казармы.

Але Нініч не паведаміў яму пра прыезд з Белграда начальніка паліцыі — ён зберагаў гэтую навіну для жонкі.

— Ты шчаслівец. Я часта думаю, як добра з'есці сапраўды абед. Думаю, няблага было б і мне ажаніцца, калі бачу, як твая жонка прыходзіць да цябе кожны ранак.

— Няблага, — стрымана пагадзіўся Нініч.

— Скажы, што яна табе прыносіць?

— Бохан хлеба і кавалак кілбасы. Часам трошкі масла. Яна неблагая дзяўчына.

Аднак на душы ў яго было неспакойна. «Я яе не варты, я хацеў бы быць багатым, каб купіць ёй сукенку і пацеркі, пайсці з ёй у тэатр у Белградзе». Спачатку ён з зайздрасцю падумаў пра дзяўчыну-іншаземку, замкнёную ў зале чакання, пра яе адзенне, якое здалося яму шыкоўным, пра яе зялёныя пацеркі, але, параўнаўшы дзяўчыну з сваёй жонкай, ён хутка кінуў зайздросціць ёй, а ў душы яго зацеплілася добрае пачуццё да іншаземкі. Паляпваючы сваімі вялікімі няўклюднымі рукамі, ён з захапленнем думаў пра прыгажосць і кволасць жанчын.

— Прачніся, — прашаптаў напарнік, і абодва салдаты выпрасталіся і сталі нерухома па стойцы «смірна» ў той час, калі з дарогі да станцыі павярнула машына, крышачы ледзяную корку на зямлі і раскідваючы пырскі.

— Каго там чэрці прынеслі? — прашаптаў напарнік Нініча, ледзь варушачы вуснамі, але Нініч з гонарам падумаў: «А я ведаю, і раней ведаў, што гэты высокі з ордэнскімі калодкамі афіцэр — начальнік паліцыі», ён нават ведае прозвішча другога афіцэра, які, быццам гумавы мячык, выскачыў з машыны і трымаў дзверцы адчыненыя, пакуль палкоўнік Хартэп не вылез.

Поделиться с друзьями: