Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

— Дык, можа, пабудзь у нас за суддзю… — паблажліва прамовіў я.

— Дзякую, — зноў пачціва адмовіўся Міця. — Я не ўмею i судзіць, бо не знаю правілаў. Гуляйце без мяне. Я яшчэ крыху пасяджу ды пайду ў хату.

— Беленькі… Смятаннік! — як мы адышліся, пакпіў Віця. — Сынок-пястунчык…

Я адчуваў, што Віця залішне зласлівы, але не заступіўся за Міцю. Бо не думаў асабліва пра гэта: усе думы былі пра футбол. Але нейкі гаркаваты след на душы застаўся.

Увечар, калі я, стомлены, вярнуўся дадому, дык якраз маці i бацька гаварылі ў хаце пра прыезджага дырэктара саўгаса.

— Надта ж белы ix хлопец, — пахітала галавою маці.— Мусіць, надта хворы ён.

— Кажуць, белакроўе ў яго, — адказаў бацька. — Не жылец ён на гэтым свеце. Рана-позна памрэ.

— Божа мой, божа! — забедавала спагадная маці.— Такі ж маладзенькі, ветлівы і, як кажуць, разумны, сталы, a гэтакі нешчаслівы… Вот гора дык гора для бацькоў…

Чуючы гэта, я, канечне, не ўсё разумеў, не так глыбока адчуваў Міцева i яго бацькоў няшчасце, як адчувалі мае маці i бацька, але i дзіцячым сэрцам усвядоміў: не буду злы, няшчыры ці помслівы да Miці. Нейкая незразумелая мне самому пяшчота да хворага навічка агарнула маю душу, здаецца, напоўніла яе нечым новым, больш змястоўным.

3

На ўроку матэматыкі, калі мы рашалі задачу, Міця нечакана нахіліўся да мяне.

— Давай, Стась, выйдзем на двор, — ціха прашаптаў ён. — Мне блажыць.

Падняўшы галаву, я ўбачыў: твар яго не толькі звыкла белы, але цяпер яшчэ i стомлена-спакутаваны, з нейкім ценем цяжкога болю ды страху.

Мы папрасіліся ў настаўніка i падаліся з класа.

— Калі я ўпаду раптам, дык ты не бойся, — сказаў ён. — У мяне часта кружыцца галава, бывае млосць, а то нават ідзе з носа кроў. Здараецца, зусім трачу прытомнасць.

Гэтая сталая гаворка пра страшныя выпадкі напалохала мяне, i я аж разгубіўся. Бадай, упершыню сваім яшчэ дзіцячым сэрцам адчуў тое, пра што раней, бадай, i не думаў, a калі i думаў, дык з не такім усведамленнем, — пра смерць. Адчуў яе пагрозны подых. У мяне аж сціснулася душа: сапраўды, як кажуць мае бацькі, чаму Міця, шчыры, далікатны, разумны хлопец, такі нешчаслівы? Адкуль, навошта прычапілася да яго такая страшная хвароба? Чаму яна ўвогуле ёсць? Я задаваў сабе гэтыя i іншыя пытанні, канечне, не знаходзіў на ix адказ, i гэта вельмі прыгнятала мяне. Здавалася, каб сказалі, што для Міцевага вылячэння трэба нешта аддаць — руку, нагу, вока, — дык я аддаў бы не задумваючыся. Я адчуў вялікі, небывалы дагэтуль прыліў спагады i шкадавання.

На дварэ, сонечным, але ветраным i пасцюдзянелым ужо, Міця запыніўся, прытуліўся да сцяны. Ногі i рукі яго трымцелі i, канечне, не ад холаду.

— Можа, на свежым паветры палягчэе, — прамовіў ён. — Можа, не самлею.

— А можа, я скажу настаўнікам, што табе блага? — запытаў я з трывогаю. — Няхай яны выклічуць па тэлефоне ўрача з Дзераўной.

— Не, не трэба, — адказаў ён. — Ніякі ўрач, нават прафесар ці акадэмік, мне надта не паможа. Я ў «Медицинском справочнике» вычытаў, што мая хвароба невылечная. Ніхто яшчэ не ведае, адкуль i чаму яна бывае, як яе лячыць… — дрыготкаю рукою дастаў з кішэні пінжака два невялікія пачкі з надпісамі на незразумелай мне мове, адчыніў ix i ўзяў з кожнага ў рот па адной белай таблетцы. — А па-другое, ніхто не павінен ведаць, што я такі хворы… З-за гэтага мы нават пераехалі сюды… Таму я папрашу цябе: не гавары, калі ласка, нікому, што ты пачуў i ўбачыў. Я цябе паклікаў, бо думаў: упаду, як падаў ужо. Ды я табе веру…

Я падакляраваў, што буду маўчаць, не расказваць Міцевай тайны, хоць яна ўжо не была тайнай для нашай вёскі. Нехта быў у горадзе, неяк уведаў усё пра Бокуцяў i расказаў янкавінцам пра страшную Міцеву хваробу.

Неўзабаве, калі Міцю палягчэла, мы вярнуліся ў клас. Я з той часіны глыбока ў душы пачаў насіць Міцеў цяжкі сакрэт.

4

Мінула пагодная, a пасля i дажджлівая восень, насталі сіберныя халады.

Міця скончыў першую чвэрць лепш за нас усіх — толькі на «моцныя», як казалі, пяцёркі, пахадзіў пасля канікулаў у школу яшчэ крыху, недзе да паловы марознага, гурбістага снежня i нечакана злёг у пасцель.

У яго часта, па некалькі разоў на дзень, пачала здарацца непрытомнасць альбо ішла з носа ці рота кроў: ён схуднеў, абяссілеў, аж пасінеў — з ложка не ўставаў.

За восень я прывык да стрыманага, крыху дзікаватага, але шчырага суседа па парце, дык цяпер кожны дзень прыходзіў да яго. Мы рабілі разам урокі, чыталі кнігі ці доўга гаварылі пра раней прачытаныя раманы i аповесці, бывала, нават i спрачаліся — кожны з нас па-свойму разумеў тое, што было апісана ў прачытанай кнізе. Найбольш хвалявалі нас кнігі Аляксандра Дзюма, Жуля Верна, Джэймса Купера, Марка Твэна, Гарыет Бічэр-Стоў, Майна Рыда, Чарльза Дзікенса, Данізля Дэфо, Пушкіна, Талстога, a з нашых, беларускіх, пісьменнікаў — аповесці «Дрыгва» Якуба Коласа, «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова i ўсе творы Янкі Маўра. Гэта значыць, нас вабілі прыгоды, небяспечныя, але цікавыя падарожжы ў незнаёмыя краіны, пошукі скарбаў, сутычкі з ворагамі, пагоні, подзвігі, высакародныя пачуцці, пазнанне свету, што быў далёка ад нас. Мы нават павыбіралі i прысвоілі сабе імёны, мянушкі герояў, што нам найбольш спадабаліся. Жартуючы, за вочы давалі іншыя імёны, мянушкі i нашым аднакласнікам. Hi Міця, ні я тады нават i не здагадваліся, што цікавае ёсць i паблізу нас: чамусьці здавалася, што яно, цікавае, было i ёсць толькі недзе далёка, а вось тут, на нашай зямлі, яго ці няма, цi ёсць вельмі мала. Яшчэ чыталі мы адзін аднаму свае вершы, правілі ix альбо нават i разам складалі доўгія ці кароценькія вершаваныя творы для нашай новай насценнай газеты. Трэба шчыра прызнацца: у Міці ўсё выходзіла хутчэй i лепш: ён i спрытней знаходзіў патрэбныя словы, рыфмы, i ясней, ямчэй выяўляў думку, i ўмеў сказаць пра звычайнае неяк вельмі ж незвычайна, хораша. Я часамі аж не даваў сабе веры: няўжо Міця ўсё гэта прыдумляе сам? А па-другое, уражваўся, што ён, мой аднагодак, думае зусім іначай, чым я, нібы зазірае ўжо туды, куды я яшчэ зазірнуць не магу. Адыходзячы дадому, я браў яго сшыткі i назаўтра заносіў ix у школу, а пазней ужо ix, правераныя настаўнікамі, прыносіў Міцю.

5

На дварэ шалее завіруха (вые ахалоджаны вецер, бяжыць па заснежанай зямлі няўцямная замець, насыпаецца ў гурбы снег вакол плота i прыбудоў), але ў Бокуцевай хаце не холадна. Пакаёўка, цётка Гэля, яшчэ, мусіць, з раніцы напаліла стаяк, дык у хаце нават горача. За стаяком аж зазумкала ад цеплыні адна з самых неспакойных i шустрых мух, мусіць, падумаўшы, што прыйшла ўжо вясна.

Я сяджу на крэсле каля ложка, а на ложку ляжыць накрыты коўдраю Міця. Пад яго галавою горка падушак, падушка ляжыць i на яго грудзіне. На ёй — разгорнуты сшытак. Мы рашаем задачу — на пяць ці шэсць дзеянняў. Калі я не пачуў Міцевага голасу, падняў галаву, адарваўшы позірк ад свайго сшытка, што ляжаў на каленях, дык убачыў: Міця, закінуўшы галаву, ляжыць з заплюшчанымі вачыма. Лоб, шчокі яго ссінелыя, вочы запалыя, вусны пасмяглыя i таксама быццам пасінелыя, шыя худая, з вострым кадыком. Краёк грудзіны, што відаць праз расхінутую ля горла кашулю, белы-белы, як вымазаны крэйдаю.

— Давай крыху адпачнём, — ціха прашаптаў Міця слабым голасам. — Вельмі кружыцца галава. Можа, i ад таго, што ў хаце горача i я даўно ўжо выходзіў на двор. — Перадыхнуў, а пасля папрасіў: — Толькі ты сёння маму не кліч… Ёй i так цяжка… Трэба яе пашкадаваць…

Я, канечне, не ведаю, чаму Міцю раптоўна становіцца блага, але гэтая раптоўнасць заўсёды ашаламляе мяне: у апошні час яна ўсё часцейшая i страшнейшая. Мусіць, вось i зараз хлыне з носа ці горла кроў. Тут жа, бачу, Міця хапае з-пад падушак белы ручнічок, затульвае рот i паварочваецца на бок. Сэрца мае сціскаецца ад болю: ну, чаму Міця так пакутуе, чаму i за што так яго нехта пакрыўдзіў, не даў здароўя?

Усё ж, думаю, трэба выйсці i паклікаць Міцеву маці, цётку Веру. Але я не паспеў нават падняцца, як яна, нібы адчуўшы душою бяду, заходзіць сама i подбегам кідаецца да ложка.

— Сыночак ты мой бедны… — як i кожны раз, пачынае плакаць яна. Бярэ ручнічок, выцірае сынавы вусны, шчаку i шыю. Ручнік усё больш i больш робіцца чырвоны, i гэтая непажаданая яркая пляміна на ім коле вочы. — Можа, каб ты не напружваўся, дык усё было б добра. Не старайся ўжо так, сыночак, не адстаць ад іншых. Паправішся — хутка ўсё нагоніш. Ты ж кемны хлопчык.

Міця павярнуўся, лёг на спіну i заплюшчыў вочы. На яго лбе расою выступіў пот. Я адчуваю: мне трэба пайсці адгэтуль, пакінуць Міцю ў спакоі. Без мяне ён, можа, не будзе больш ні чытаць, ні пісаць, а прысне, адпачне.

— Стась, пабудзь яшчэ, — адчуўшы мой рух, ціха прамовіў Міця. — Зараз мы кончым рашаць задачу.

— Пабудзь, Стасік, — просіць услед за сынам i цётка Вера, садзіцца на ложку ля сынавых ног. — Толькі вы не рашайце ніякіх задач. Пасядзіце, адпачніце. А я вам зараз тое-сёе падсілкавацца прынясу.

Поделиться с друзьями: