Станаўленне
Шрифт:
— Можа, яно i так, як вы гаворыце, але мае дзела далажыць, а начальства хай разбірае, — сказаў Зубрэй. — А па-другое, паперку ўсё ж дайце мне, а то слова вашага нідзе не пакажаш у апраўданне i ў справаздачу не прышпіліш…
— Ну i палахлівец ты, як бачу. Кажу ж: нічога нікуды не пішы i нікога не бойся. — Дзеравяка выцягнуў гумавы корак з пляшкі i наліў поўную чарку Зубрэю, палавіну сабе. — Я зладжу з Пятровічам, усё будзе добра i ціха… Бяры, будзь здароў.
Дзеравяка першы падняў чарку, стукнуўся i памалу выцягнуў усё. Зубрэй вагаўся — піць ці не піць. Гаспадар ківаў галавою, каб выпіваў ды хутчэй прыкусваў.
— Бяры во гурочкі,— падсоўваў i гаварыў Дзеравяка. — На кірмашы дарагія яшчэ, не дакупішся, але я, брат, лічы, за дармавіну дастаў. Сын мой на базе… Адходы, так сказаць… Сапсаваліся ці мышкі пагрызлі — ёсць жа процанты порчы… А гэтыя адходы смачныя. Ге-ге-ге…
Зубрэй маўчаў, прыкусваў.
— Дык гаворыш, перажываў крыху, не паспаў гэту ноч? Ге-ге-ге… — Дзеравяка расчырванеўся, бліснуў вачыма, неяк не хочучы, рагатаў.— Ведаю, што службіст ты адмысловы… Але не перажывай. Усё будзе добра, кажу. Прапала адна хвойка — дык прапала… I абход табе будзе, застанецца, i плата ісці не перастане, i ляснічы задаволены будзе… Мала што ў лесе бывае: i ветрам тыя хвойкі выварочвае, i громам б’е… Знойдзеш сведак, складзеш акт — i ўсё… Лесу хопіць, ды ён не твой. А дзяржава па адной хвойцы не абяднее…
— Так можна, дзядзька, калi слухадь вас, i ўвесь стройкі лес уціху выразаць, — сказаў Зубрэй. — Я дык добра знаю, што ўжо яго паменшала…
— Ты менш, дружа, бядуй, бяры да сэрца. — Дзеравяка махнуў рукою. — А матацыклет ты ладны купіў,— i жартоўна прыжмурыў вочы. — Гаворыш вось тут мне пра чэснасць ды беражлівасць, а сам, відаць, грошыкі ў лесе знайшоў…
— Не займаюся я гэтым, дзядзька, — незалюбіў Зубрэй. — Цялушку летась увосень прадаў i за яе купіў…
— Такой бяды, каб i загнаў машыну-другую каму надзейнаму, падзарабіў крыху. Жыць жа трэба… Пятровіч нешта таксама хутка «масквічок» купіў… Прыехаў сюды яшчэ нядаўна з чамаданчыкам, а цяпер ужо не толькі ў сваім легкавіку, але яшчэ i на грузавіку ўсяго свайго дабра не вывезе… — яхіднавата i з хітрыкай прамовіў, але, бачачы, што яго не хочуць падтрымаць у такой гутарцы, сказаў быццам абыякава: — Хаця гэта не наша дзела, усе мы хочам добра жыць, купіць многа чаго i надта не патраціцца…
— Такі хлеб, дзядзька, не надзейны… — перапыніў яго Зубрэй. — Дык пакажыце тую паперку.
— Эйш, цягнёнік, халера! — заківаў галавою Дзеравяка. — Мала тых сто грамаў… Я i сам гэта ведаю. Я, брат, умею з людзьмі жыць, усё разумею… — усміхаючыся, ён адшпіліў гузік з памятага накішэнніка, дастаў i кінуў перад Зубрэем дзесяць рублёў.— Гэта паперка трэба? Гы-гы-гы!
— Я не гандляр чужым дабром, — Зубрэй, як ад агню, адсунуўся ад стала. — Не трэба мне вашых грошай. I нядобра вам, старому чалавеку, лезці ў лес, падманваць ды Пятровіча чарніць…
— Цягнёнік, халера! Гы-гы-гы! — Дзеравяка палажыў на стол яшчэ адну пакамечаную, парваную з боку паперку — пяцёрку. — Дармо, што малады, а дзела ведаеш… Начальства хваліць, але на матацыкле ездзіш, відаць, дома ў панчосе тое-сёе ляжыць… На, бяры, — ён узяў грошы, склаў ix, нюхнуў, жартоўна цмокнуў i працягнуў Зубрэю.
— Не хапуга я, дзядзька.
— Усе мы не хапугі, але ўсё стараемся грэбці пад сябе… — Дзеравяка ўстаў i даваў грошы. — Не бойся: ні адна жывая душа не будзе ведаць… Бяры, ды яшчэ, можа, дамовімся з табою на які пянёк ці на лапіну сенакосу.
— Вось які вы, дзядзька! Укралі самі, яшчэ хочаце…
— Хачу, брат. — Дзеравяка засмяяўся, пастараўся сам палажьщь яму ў кішэню грошы.
Але Зубрэй не даўся, адсунуўся.
Дзеравяка разгублена зірнуў, як не паверыў, што не хочуць браць дармовых грошай, падсунуўся. Зубрэй падхапіўся з-за стала, забраў з вешалкі фуражку i памкнуўся з хаты. Гаспадар, як чулася, подбегам шыбануў за ім.
— Ты што? — нібы здзівіўся, стараючыся забегчы наперад. — Не жартуеш? Бяры… Правы памагу дастаць…
— Правы я i без вас дастану. I акт напішу… — сказаў Зубрэй не азіраючыся. — Што ж гэта будзе, калі ўсе вось так…
— Паслухай… — хапаў за руку Дзеравяка, але Зубрэй паддаў кроку i выйшаў з двара.
— Я ўсё сказаў…
— Можаш пісаць… — злосна, праз зубы працадзіў Дзеравяка. Прыпыніўся ля брамкі.— Але не ўшчунеш ты мяне сваёю папераю: ёсць каму заступіцца… A ў цябе, дурня такога цвердалобага, пажар можа здарыцца ці парубка якая вялікая — пойдзеш з лесу, толькі я слова некаму шапну ці паперу складу… Другога каго, з большай граматай, паставяць… Ці медалёк захацеў палучыць?
Зубрэй маўчаў: пра што было гаварыць? Ён i так шмат патраціў тут часу. Завёў матацыкл i паехаў. Дзеравяка яшчэ нешта крычаў, прыпалохваў, але хутка яго голас перастаў чуваць.
Зубрэй праскочыў вуліцаю вёску, павярнуў за ёю на пагонку, адчуваючы, як дыхнула ў твар свежасцю, i хутка апынуўся ў маладым, а пасля i ў старым, яшчэ цёплым ад гарачага дня лесе — сваім абходзе. У ім было ўжо цемнавата, толькі стужкаю свяцілася дарога-брукаванка.
Зубрэй стомлена зірнуў на лес i востра адчуў, што той пабяднеў яшчэ на адно вялікае старое дрэва.
1971
Страта
1
Як цяпер, помню: Бокуці прыехалі ў нашу вёску ўвосень. У разлагоджаную, ціхую i сонечную часіну — у самае красаванне бабінага лета.
Казалі, дагэтуль Бокуць-бацька працаваў у горадзе, быў на добрай пасадзе, але сам папрасіў, каб яго назначылі дырэктарам нашага саўгаса. Разам з ім заявіліся яго жонка i двое дзяцей, хлопчык i дзяўчынка.
Дзяўчынка, Валя, была яшчэ маленькая, мела ці не тры гады, а хлопчык, Міця, быў мой аднагодак, як i я, пяцікласнік.
Міця адразу выдзеліўся сярод янкавінскіх падлеткаў. Ужо нават тады, калі выходзіў з таксі, шпацыраваў з маці ды з сястрою па вёсцы альбо калі ішоў першы раз у школу. На дварэ шчадрыўся яшчэ пышным цяплом верасень, мы, янкавінскія дзеці, былі яшчэ ў касцюмчыках, a Міця апрануў ужо руды плашчык, начапіў на шыю шалік адпаведнага колеру, на галаву — карычневую кепачку з чорным гузікам наверсе, нёс у руцэ не ранец, як насілі мы, a пакоўны чорны скураны партфель з металічнаю акоўкаю на рагах. I яшчэ Міця быў у акулярах, надзвычай белы; амаль усе гараджане, што прыязджалі да нас, мелі не чырвань ці ружовасць, як мы, вясковыя, але такой белізны на твары дасюль мы не бачылі ні ў кога.
Адмысловае адзенне, партфель, акуляры рабілі Міцю сур’ёзным, разумным i сталым — ледзь не маларослым дзядком. Усе ў вёсцы, хто спатыкаў яго на вуліцы, здзіўляліся, азіраліся не то з усмешкаю, не то з пачцівасцю на такога незвычайнага вучня, які ішоў у школу не адзін, a з маці, трымаючы яе пад руку. Кабета таксама мела на сабе адмысловыя, гарадскія, уборы — светлы плашч, жоўтую касынку на шыі, жоўтыя туфлі. На галаве ў яе красавалася прыгожая завіўка.
Міця з маці спачатку зайшлі ў настаўніцкую, а пасля ўжо наша класная кіраўніца прывяла навічка ў пяты «А». Як i заўсёды перад пачаткам урока, мы бегалі, штурхаліся, гаманілі, але пры Ірыне Вітальеўне i навічку пацішэлі, бачачы, што дырэктараў сын будзе вучыцца якраз у нашым класе: сын ранейшага дырэктара саўгаса, ганарлівец Артур, таксама вучыўся разам з намі i нямала папсаваў нам ды настаўнікам крыві. Які ж будзе гэты навічок, як ён пачне паводзіцца? Я здзівіўся, можа, больш за ўсіх: класная сказала, што Міця Бокуць будзе сядзець са мною на першай парце (мяне пасадзілі тут як летуценнага, не зусім уважлівага вучня, каб я заўсёды быў на вачах i каб пастаўнікі ў любую часіну маглі перапыняць мае мары-мроі ды вяртаць да рэчаіснасці).