Станаўленне
Шрифт:
— Давай, Чэсік, пабарукаемся: хто дужэйшы… — нечакана сказала яна i махнула рукою, каб я падышоў да яе.
Я засаромеўся: яна лічыла мяне зусім маладым, роўным па сіле дзяўчыне. Не зважала, што ў мяне ўжо i пышная прычоска, i вусы растуць, што я, нарэшце, закончыў ужо школу.
— Хадзі, міленькі…— ужо як сур’ёзна папрасіла яна i, як убачыла, што сам я не падыду, падышла, узяла мяне за руку i пацягнула да сябе.
Трымаючыся за невялікую, але дужую цёплую яе руку, я запалымнеў ад сораму, не хацеў уставаць: брыдка барукацца з дзяўчынаю! Нібы нікога з хлопцаў я i не падужаю!
— Ды грымні ты яе, малец! — пажартаваў Васіль. Ён не толькі дурэў з Гэлькаю, але i бачыў, чуў, што робіцца вакол. — Хоць адзін з нас пабудзь на ёй, наверсе…
Я не змог выцерпець, што яна так доўга просіць, i падняўся, з сорамам усміхнуўся, затаптаўся на адным месцы, не ведаючы, як узяцца за дзяўчыну, a Вікця хуценька, што я не паспеў міргнуць, прыпала, хапіла мяне пад пахі, сціснула, перагнула ў паясніцы — i я, баючыся паваліцца на спіну, ледзь устаяў на нагах, перагнуўся, замахаў рукамі, хапіўся за яе трыко, пачуў, што з мяне смяюцца. A Вікця моцна ціснула мне барадою ў шыю, а ж скрыгітала зубамі, але сілы яе паволі слабелі, i я, ледзь утрымаўшыся, здолеў крутнуць яе ўбок — i цяпер ужо яна, саслізнуўшы цераз мой клуб, нахілілася, а я выпрастаўся, адчуваючы, што яна амаль вісіць на маіх руках. Каб хлопца, дык я гэтай хвілінай добра ляснуў бы спіною вобземлю, a Вікцю з асцярогаю, але па-дужаму пераціснуў, толькі пачаў шукаць рукою зямлі, каб абаперціся i балюча не ўдарыць, не пабіць ёй спіны. Вікця, моцна перагнутая, не змагла ўтрымацца, упала на спіну, цягнучы мяне за сабою, i я разагнуў калені, каб не прыціспуць яе, упаў, знецойкі моцна націснуў грудзінай яе грудзі, што яна аж зморшчылася. Яна войкнула, аж зяхнула, i я, баючыся, што прыціснуў яе, хацеў хуценька ўскочыць, але яна нечакана абхапіла мяне за шыю рукамі, прыціснула, i я з хваляваннем адчуў пякучы дотык тугіх грудзей, жывата, сцёгнаў — нібы правялі па мне нечым гарачым. Вікця пацалавала ў шчаку, i шчака мая суха запалымнелася. Я з сорамам скаціўся, лёг побач, але не мог яшчэ вызваліць шыю.
— Ты самы лепшы за ўсіх… Я цябе люблю… — зашаптала Вікця, i я паверыў i не паверыў у яе шчырасць, але зусім разгубіўся: вось, вось яно, каханне! — Сёння будуць у нас танцы, прыходзь. Буду танцаваць толькі з табою, вось паглядзіш…
Яна адпусціла рукі — i я мігам адскочыўся, як ад нечага недазволенага, грэшнага, сеў i з сорамам падумаў, што ўсе чулі яе гэтыя словы, усе бачаць на маёй шчацэ след пацалунка.
— Не ўцякай, паляжы ля мяне… — шапнула Вікця, паляпала рукою ля сябе на зямлі.
— Яшчэ адна будзе ахвяра любві…— уздыхнуў Васіль. — Ну i крывапіўка: нават дзіця не пашкадавала! Але глядзіце, людзі, хлапчанё, а як расчырванеўся! Чуе ўжо — халера — бабу… Зашумела маладая кроў…
Вікця міргнула, каб я не зважаў, але пасля такіх Васілёвых слоў я не магу не толькі прылегчы ля яе, але не магу ўвогуле тут быць: мне хочацца праваліцца скрозь зямлю. Але адчуваю, што Вікця мілая, добрая; так смяялася з yciх, бо ўсе залішне смелыя, недалікатныя, а я вось далікатны, i яна адчула гэта. I, можа, не толькі адчула, але i пакахала. Як i я яе. З першага позірку.
Усё ж які добры i мілы гэты наш свет! Як добра жыць у ім!
…На танцах у вялікім «смусаўскім клубе» Вікця — у чорнай кароткай спадніцы, у белай блузцы з маленькімі рукавамі, з пышнай прычоскай — была самая харошая з усіх дзяўчат.
Амаль цэлы вечар яна папраўду танцавала толькі са мною. Сама запрашала на дамскія вальсы, не адпускала, калі канчалі танцаваць, адводзіла мяне ў куток i абы пра што пыталася — я адказваў i добра не ведаў, што гаварыў ці добра гаварыў. Калі зноў пачынаўся танец i хто-небудзь з хлопцаў прыставаў да нас, яна ціснула мяне за локаць — i мы зноў ішлі танцаваць. Ад кружні, хвалявання я ўзмакрэў, ды яшчэ без толку, каб выглядаць больш стала i вабней, адзеў касцюм, кашулю i гальштук. Другім хлопцам, адзетым у штаны i лёгкія тэніскі, было нашмат вальней i лягчэй.
Я i радаваўся, што ўвесь час з Вікцяю, нікому яе, прыгожую, мілую, не аддаю, i трывожыўся, што вось-вось яна кіне мяне на насмешкі: бачыць жа маю таўкачаватасць. Збяжыць да некага другога, больш гаваркога, смелага: вунь колькі хлопцаў пазірае на мяне з зайздрасцю!
Як зайгралі развітальны марш, Вікця ўчапілася за маю руку i прытрымала, каб усе выйшлі. Толькі мы пасля ступілі ў сені-веранду, дзе звычайна перад пачаткам кіно стаіць кантралёр i прадае білеты, як патушылі святло. Я адчуў, што хлопцы, што стаялі тут, пачалі адпіхаць мяне плячамі, наўмысна наступаць мне на ногі — я ўжо, можа, i збянтэжыўся б, а то i збаяўся б тутэйшых задзірлівых кавалераў, аддаў бы ім Вікцю, але яна з рашучасцю расштурхнула ўсіх, вырвала мяне з гурту, выцягнула на цёмны двор i прымусіла пабегчы, мінаючы маладыя пары, што ўжо расцягнуліся ад клуба да дзераўнянскай дарогі.
Вікця жыла гэтую пару, што працавала тут, на дарозе, ля БМУ ў прычапным вагончыку на колах: у адной палавіне спалі хлопцы, у другой — дзяўчаты.
— Не пойдзем туды, — прашаптала Вікця, прытулілася да пляча, — чуеш, колькі там стаіць скалазубаў? Будуць ацірацца да раніцы i лезці ў дзверы ды вокны. Я хачу з табой пагуляць… — I яна ўзяла за пальцы маю апушчаную руку, захінула яе сабе за спіну, а пасля прыціснула мае пальцы пад сваёю пахаю, i я, вось так неспадзявана абняўшы яе, адчуў тугую яе спіну, цвёрдую зашчапку ад статна, адчуў такое хваляванне, што мне стала i радасна, i трывожна, што здалося, што цяпер, ноччу, іду не па янкоўска-дзераўнянскай дарозе, a іду па нейкім невядомым казачным каралеўстве, іду з казачнай каралеўнай…
— Вельмі чакаеш выкліку ў інстытут? — мусіць, бачачы, што я разгубіўся, запытала Вікця, як мы павярнулі i пайшлі па блішчастай i ўночы янкоўскай брукавайцы.
— Чакаю, — прызнаўся я, неяк нялёгка вяртаючыся са сваіх мар на гэтую зямлю.
— А я два разы, Чэська, паступала i два разы праваліла… — уздыхнула Вікця. — Летась — у медыцынскі, а сёлета — на завочнае ў педагагічны. Сачыненні спляжылі… Так што не шанцуе ў навуцы. Няздара я, мусіць, нейкая…
Я дасюль не ведаў пра гэта, дык цяпер здзівіўся, што Вікця, меўшы столькі непрыемнасцей, усё ж заўсёды вясёлая, гарэзная.
— Але не трэба больш пра гэта… — як папрасіла яна i мацней прыціснулася да мяне, прыпынілася, зірнула мне ў твар.
Ці мне здалося ў цемені, што твар яе блізіцца, ці, заміраючы, я сам нагнуўся, але хутка нашы насы сустрэліся, размінуліся, i я адчуў яе халаднаватыя вусны. Ад першага ў сваім жыцці пацалунка я аслабеў, асмялеў i абняў яе за плечы, прытуліў, адчуў, як яна блізка i аддана прыціснулася грудзьмі. Адчуў, як пахнуць яе валасы, як мяне ўсяго захлынае нейкае дзіўнае мяккае жапочае цяпло.
— Задушыш… — ціхенька засмяялася яна. — Малады, але гэтакі дужы… Чаго маўчыш? Прызнайся: любіш? Ці не?
Я змаўчаў — не паварочваўся язык вось так ні з таго ні з сяго сказаць: я цябе люблю i вельмі моцна люблю.
— Не бойся, з другіх смяялася, каб яны з мяне не пасміхаліся ды што ўсе такія з доўгімі рукамі…— як угадаўшы мае думкі, сказала Вікця. — З цябе не буду смяяцца. Ты гжэчны, не такі, як усе. Можа, нават i залішне ўжо нейкі далікатны, сарамлівы…
Я прамаўчаў. Але калі праз хвіліну мы зноў пачалі цалавацца, я пачаў шаптаць, што вельмі-вельмі кахаю яе…
…У панядзелак, калі толькі прыйшоў на працу (прыйшоў заспаны, бо i ў нядзелю позна гуляў з Вікцяю), з трывогаю ўбачыў, што Гэлька, Ядзя, Люся пазіраюць на мяне i хіхікаюць, таўкуцца ля Вікці, а яна ім нешта шэпча. У мяне прыпынілася, здаецца, ад страху i крыўды сэрца, не мог дачакацца, калі дзядзька Стась, які даўно ўжо прыехаў ca Стоўбцаў, ад сям’і, ранішнім аўтобусам, скажа: «Ну, пара! Пайшлі на дарогу». Але брыгадзір сядзеў на камені, трымаў на каленях перагнуты вучнёўскі сшытак i нешта пісаў.