Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

— Малы, малы, а як упіўся, што клешч… I гне… — пачуў я, як Вікця шаптала дзяўчатам. — Ледзь абаранілася.

Твар мой раптоўна загарэўся, i яго, мусіць, заліла чырвань: чаму я гэтак паверыў, быў такі шчыры? Дзеля чаго яна i з мяне строіць такія кепікі? Чаму яна такая?

I Вікця, i дзяўчаты зарагаталі — аж узняў галаву i ca здзіўленнем зірнуў на ix сур’ёзны дзядзька Стась, усміхнуўся. Я ж, здаецца, зненавідзеў у гэтую хвіліну Вікцю. Любіў i ненавідзеў…

3

Пайшоў на схіл жнівень.

За гэтую пару мы яшчэ далей выбрукавалі дарогу, а я атрымаў вельмі чаканы выклік у інстытут на вучобу.

Усе мяне, шчаслівага, павішнавалі з гэтым. Толькі адна Вікця, здаецца, пасумнела пасля гэтай весткі. Але я ўжо, як i Антон, не зважаў на яе, як i не чуў ды не бачыў, што яна робіць.

У апошні дзень маёй працы на дарозе дзядзька Стась прывёз мне пад вечар са Стоўбцаў плату, прэмію. Я думаў, як толькі распісаўся ў ведамасці i паклаў у кішэню грошы, развітацца з усімі i пайсці дадому, але хлопцы так мяне не адпусцілі.

Калі звечарэла, мы гуртам падаліся ў аблюбаваны лясок, паселі, разлажылі перад сабою пачастункі.

— Ну, вучыся добра, Чэсь, — першы сказаў тост дзядзька Стась, — А вучыцца будзеш: маеш старанне, цярплівы, цягавіты. А дарогу мы ўжо давядзём да ладу, будзеш некалі ездзіць па ёй дадому са студэнцкім чамаданчыкам па сала, дык успомні i нас, i нашу работу тут.

Пасля гаварылі амаль усе, жадалі мне добра вучыцца. Дзядзька Стась, як i ўсе, падпіў, развесяліўся, пачаў спяваць песні: да яго падсела Вікця, прымушала яго дапіваць, «не пакідаць зла». Яна з ім выпіла i на брудэршафт. I, як мне здавалася, сёння, каб захацела, магла i яго прымусіць заляцацца да яе: мела такую ўладу. Уладу красы.

Як усе наспяваліся, нажартаваліся, — а я крыху самотны ад ростані з сябрамі,— пачалі разыходзіцца. Я падаўся ў свае Янковічы з Антонам.

— Чэсь, пачакай! — тут жа пачуў я Вікцін голас.

Антон азірнуўся i мігам адвярнуўся, падаўся дадому адзін. Я не мог не прыпыніцца.

Вікця падышла, зірнула з нейкім смуткам. Яна, канечне, хацела мне нешта сказаць, але, мусіць, чакала, што загавару першы я, хлопец.

Але я маўчаў, пазіраў долу. На прыцемнены вечарам верас, на ўсыпаную рыжым шыгаллём зямлю, што пахла гарачынёю, смалой, мёдам, стомаю.

— Выбачай, Чэсь, не крыўдуй… — як папрасіла, усё ж першая загаварыла Вікця. — Я i сама не ведаю, чаму i цябе так пакрыўдзіла. Ты ж не такі, як каторыя, ты добры, а вот найшоў дур… — i зірнула на мяне з такою пяшчотаю, што я, каб быў старэйшы, смялейшы ды разумнейшы, можа, нічога i не сказаў бы, але ўзяў бы яе за руку — i ўсё-ўсё перамянілася б, было б у нас з Вікцяю нешта новае.

Я адчуваў, што гэтыя хвіліны вельмі важныя, але так i не здаўмеўся, што сказаць, не асмеліўся падысці да яе бліжэй. А яна — ці залішне паспадзявалася на маю сталасць, ці гэтаксама не асмелілася пасля ўсіх сваіх насмешак падысці бліжэй — стаяла, гэтаксама пазірала долу, наском кедаў шмаравала па зямлі, кусала сасмяглыя вусны. Ніколі я не бачыў яе такой нерашучай.

— Ну, я пайду даганяць Антона, — сказаў я, парушыў вельмі гнятлівую цішыню. — Усяго табе добрага.

— Напішы, Чэсь, мне… — папрасіла яна, зірнула на мяне, i ці ў прыцемку, ці напраўду я ўбачыў, што яе вочы як затуманіліся. — Я буду чакаць твайго пісьма. Як напішаш, як уведаю твой адрас, тады сама табе буду пісаць. Напішаш?

— Напішу, — адказаў я.

— Добра, — сказала яна, зноў з пянічотаю зірпула па мяне.

I я зноў не вытрымаў яе гэтага позірку, патаптаўся, пажадаў ёй яшчэ раз усяго добрага i пабег даганяць Антона.

4

…I вось зноў полудзень.

Толькі ўжо праз дванаццаць гадоў. I не ў вёсцы, не на дарозе Стоўбцы — Кляцініча, a ў Мінску, на Камароўцы.

Я, як i часта дагэтуль, зайшоў сюды купіць гуркоў ды памідораў у вясковых кабет.

Гандлярак, пажылых i маладых, было шмат, i яны наперабой заклікалі пакупнікоў узяць толькі іхняе дабро; тых жa таўклося яшчэ больш, aлe яны не спяшаліся купляць што-небудзь, a хадзілі натоўпам між радоў, прыглядаліся, прыцэньваліся.

— Бярыце, мужчынка, гурочкі, укропчык, — запрасіла i мяне яшчэ маладая, прыгожая, загарэлая кабета ў светла-жоўтай даўгаватай сукенцы, — большыя во па рублю кіля, меншанькія — па семдзесят капеек… Звязка ўкропчыку зусім дарэмна, па пятнаццаць…

Я запыніўся: хацеў паслухаць дарагую мне вясковую гаворку i хацеў непрыкметна яшчэ i яшчэ паглядзець на прыгожую кабету. Пачаў дзеля прыліку пазіраць на гладкi, пакрыты сашмараванаю бляхаю стол, на два сплеценыя з сасновага карэння i дзе-нідзе падладжаныя ўжо белым дротам кошыкі з ссунутымі на бакі старымі хусткамі: у кошыках зелянеліся гуркі. Свежыя, крамяныя, пахкія ад вятроў, сонца i расы.

Пасля, калі я агледзеў не толькі стол, гародніну, але i мазолістыя, крышку зеленаватыя ад травы гаспадыніны рукі, яе крышку паўнаваты ўжо жывот, які паказваў, што кабета ўжо раджала i не раз, высокія грудзі, доўгую прыгожую шыю, лыпнуў позіркам па загарэлым прыгожым твары — i мы пазналі адно аднаго: я — Вікцю, а яна — мяне.

Усміхнуліся, i, здаецца, абое абрадаваліся гэтай неспадзяванай сустрэчы: як-ніяк мы не бачыліся дванаццаць гадоў. Папісалі спачатку адно аднаму лісты, а пасля i гэтая перапіска раптоўна абарвалася: яна, Вікця, напісала, што выходзіць замуж.

— Чэсь? — усклікнула яна, заківала ад неспадзяванага дзіва галавою, пляснула па стале рукою, з захапленнем зірнула на мой дарагі шэры касцюм, белую кашулю i шыракаваты руда-чорны гальштук.

— Пастарэў? — ужо без разгубленасці, а смела, толькі крыху з хваляваннем усміхнуўся я, бачачы, што Вікця не толькі ўжо добра ўсталелася, але i пастарэла: ёсць вунь — i нямала ix — маршчыны ля вачэй, на лобе, страціла некалькі зубоў, замест ix паставіла залатыя, мае сур’ёзны, сталы позірк.

Не страціла толькі былой сваёй красы, а, наадварот, набрала яе, як кветка ў цяпло ды ў дождж, яшчэ больш.

— Чысценькі які во! — пажартавала яна, відаць, па-ранейшаму была смелай, гарэзнай, толькі i я цяпер быў не такі ўжо сарамлівы, легка вытрымаў яе позірк. — Не тое што мы, вясковыя. Ведама, у горадзе жывеш, лёгкую работу маеш. Чула, колькі раз чула, як спраўна гаворыш па радыё… Журналіст… Пачую — сяду i паслухаю: ведаю ж чалавека, рабілі некалі разам, нават крышку ўлюбляліся… — i ўсміхнулася з сорамам, як за даўні свой грэх, i я не вытрываў, гэтаксама крыху засаромеўся. — Колькі раз бралася табе пісьмо на радыё напісаць, напомніць, што ёсць такая, але баялася, што смяяцца будзеш: мы ж людзі простыя… Куды там да вас…

Поделиться с друзьями: