Станаўленне
Шрифт:
Калі пачаўся ўрок, я адчуў нейкую нядобрую насцярожанасць. Міця не толькі не загаворваў, але i зусім не зважаў на мяне; паклаўшы, як першакласнік, рукі на парту, выпрамлена сядзеў i не зводзіў вачэй з маладой настаўніцы беларускай літаратуры. Ці ён задзіраў па прыкладу свайго папярэдніка нос (усё ж гараджанін, дырэктараў сын, вунь адзін з усяго класа мае на руцэ гадзіннік!), ці хітраваў, ці на самай справе быў сур’ёзны, глыбакадумны. Я час ад часу скасавурваў на яго вока, але ён па-ранейшаму быў непарушны, толькі, бадай, яшчэ болей ненатуральна белы, нібы не меў у сваіх жылах ні кроплі крыві.
Калі настаўніца задала нялёгкае, нават цяжкае для ўсяго класа пытанне, дык сярод нас не шмат знайшлося ахвотнікаў адказаць. Але Міця падняў руку, здаецца, не задумваючыся.
— Калі ласка, новенькі, адкажы, — усміхнулася настаўніца.
Ён устаў i, хвалюючыся, пачаў гаварыць. Гаварыў ціха, але абдумана, ясна i, галоўнае, як мне здалося, вельмі глыбока, нібы настаўнік. Я з нейкаю нават трывогаю адчуў: не, я так добра не адказаў бы, хоць быў, як казалі, «харошы» вучань. I Янка, наш круглы выдатнік, бадай, таго не ведае.
— Ды ты выдатна ведаеш тэорыю літаратуры, паэтычныя памеры! — усклікнула ўражаная маладая настаўніца. — Звычайна вучні гэта знаюць слаба.
— Я i сам пішу вершы… — прызнаўся, сумеўшыся, Міця. Іншы вучань, канечне, у такую хвіліну ўспыхнуў бы чырванню, як паспелы памідор, а колер Міцевага твару амаль не змяніўся; толькі сям-там на шчоках заружовіліся тоненькія жылачкі.
— Дык ты, можа, прачытаеш тое-сёе сваё зараз? — напрасіла настаўніца.
— Не, — збянтэжыўся той. — Я пасля… Сшытак свой пакажу… Я якраз пішу па-беларуску…
— Малайчына! — пахваліла здзіўленая настаўніца. — Я з задавальненнем пачытаю твае вершы.
Пасля гэтых слоў у мяне, сказаць шчыра, аж сціснулася, замерла сэрца: вунь яно што! Міця — паэт! Вось чаму, мусіць, ён носіць акуляры, плашч, кепку, партфель! Паэт, відаць, не як усе — незвычайны. Ва ўсім. Міця, хоць i падлетак яшчэ, ужо таксама незвычайны. Можа, i таму, што гарадскі, больш i лепш нешта ведае. I я ад Міцевай перавагі востра адчуў сваю мізэрнасць. Я не маю такога гарадскога адзення, абутку, не ўмею так прыгожа гаварыць, хоць таксама пішу вершы, тое-сёе з ix надрукавалі ўжо ў школьнай насценнай газеце, але цяпер, можа, гэты новенькі адным якім вершам заслоніць мяне. Бадай, грэх — зайздросціць вельмі заўзята ці мець да шчасліўца непрыязь, але не так i лёгка адолець свае ўзбуджаныя пачуцці. Як я ні затаіўся, але, мусіць, настаўніца заўважыла маю рэўнасць, мае пакуты, бо неяк нязвыкла ўсміхнулася, паківала галавою.
Тут жа, калі Міця пераможна, як герой, сеў, здарылася на першы погляд непрадбачанае, а на самай справе звычайнае для нашага класа i, можа, для ўсіх вучняў нашага ўзросту: нехта з задніх парт запусціў у Міцю кавалачак гліны. Камячок уцэліў Міцю ў вуха; ён уздрыгнуў, але не падхапіўся, не азірнуўся, a ўціснуў галаву ў плечы. Я аж пазлараднічаў: так табе, выхваляка, i трэба! Ведай, што ганарыцца вельмі не варта! Яшчэ праз хвіліну я заўважыў, што па яго белай шчацэ пакацілася буйная слязіна. Значыць, здагадаўся я, гэты навічок — не ганарлівец ды задзірака, як сын ранейшага дырэктара саўгаса, а цяльпук. Як i наш аднакласнік Антон, які таксама не ўмее абараніцца, плача, калі яго хто-небудзь пакрыўдзіць.
Настаўніца заўважыла i кінуты камячок, i Міцевы слёзы.
— Хто зняважыў навічка? — ціха, але строга, спахмурнела запытала яна, здаецца, найбольш пазіраючы туды, дзе на апошняй парце на нашым радзе сядзеў пераростак Віця Шпак. — Ты, Віця?
— He, — загуў той. — Чаму гэта ўсё я ды я вінаваты, калі што якое?!
— Нельга так, дзеці,— сказала настаўніца. — Трэба не засмучацца, а радавацца, што ў наш клас прыбыў добры вучань, выдатнік. Ад гэтага ўсім нам будзе толькі карысць.
Прамовіла i пільна зірнула мне ў вочы. Я не вытрываў яе красамоўнага позірку, апусціў галаву i густа пачырванеў: раптоўна мне стала горача ў шчокі.
2
У вольны час мы любілі гуляць у футбол. Любілі — нават не тое слова; лепш сказаць, мы самаахвярна, адрынута ад іншых захапленняў i ўцех ганялі мяч, адчуваючы велізарную страсць у гульні, забітых галах, у перамозе, а таксама адчуваючы моцную горасць ад прапушчаных галоў i прыкрых паражэнняў.
Нашы бацькі часта наракалі на такую нашу заўзятую захопленасць, бо мы хутка збівалі свой абутак, дралі адзенне, бывала, i скалечваліся, пераставалі быць памочнікамі пры доме — а, як усе ведаюць, работы па гаспадарцы ў вёсцы вельмі шмат, бацькі самі ўсяго перарабіць не могуць. Для нашых бацькоў было, канечне, мала толку ад таго, што мы дацямна бегалі па футбольным полі, галёкалі, перажываючы то горыч, то прыемнае ўзрушэнне, але для нас, кажу, у гульні была вялікая радасць: мы не толькі загартоўваліся, але i добра навучваліся гуляць у футбол, усё часцей i часцей абыгрывалі футбольныя каманды з суседніх вёсак.
Вось i тады, неўзабаве пасля школы, да мяне зайшлі мае сябры Янка, Віця. Мы зашылі ў мячы дзірку (ні суравыя ніткі, ні дратва не вытрымлівалі нашых бязлітасных удараў па сухім ці мокрым мячы, ірваліся), напампавалі паветра i рушылі на футбольнае поле.
У Засценку я заўважыў у садзе Міцю.
Бокуці пачалі жыць у хаце нашага чалавека, які на час аддаў саўгасу сваю гаспадарку i паехаў з сям’ёю на цаліну. У ранейшага гаспадара быў вялікі сад, дык вось цяпер на зялёнай атаве на поплаўчыку пад ачахла зеленаватаю яблыняю антонаўкаю, пад якой ляжала нямала апалых яблыкаў, i быў Міця. У кепачцы, у плашчыку, ён сядзеў на нейкім дзіўным, здаецца, сплеценым ці то з карэнняў, ці то з дубцоў крэсле, гайдаўся ўперад-назад, трымаючы на каленях загорнутую кнігу. Вочы яго былі заплюшчаныя, твар задуменны — ён шчодра быў асветлены ўжо нізкаватым, крыху жоўтым, блеклым, але ўсё яшчэ лагодным сонцам. Увесь зялёна-рудаваты сад быў азалочаны мяккім, пяшчотным i ў той жа час развітальным сумнаватым святлом. Восеньскія жаўтавата-рудыя ці чырвоныя мазкі на лісцях, на траве, а таксама паніжэлае, засмяглае неба, астылае сонца, лёгкае белае павуцінне ў паветры, апусцелыя палі — усё гэта выклікае ў душы харошую журботу. Міця, відаць, у гэтыя хвіліны якраз i быў у палоне нейкай узнёсласці ці занепакоенай задумлівасці.
Янка i Віця зірнулі на яго з вясёлым здзіўленнем; я душою адчуваў, што Міцю цяпер няможна непакоіць, але палічыў, што, можа, будзе лепш, калі паклікаць Міцю ісці разам з намі. Усё ж ён наш аднакласнік.
— Міця! — бадай забыўшыея пра сваю нядаўнюю рэўнасць, а таксама збянтэжанне, паклікаў я. Дзеці, як усе ведаюць, даволі хутка забываюць свае гаркоты, пакуты i слёзы, хутчэй, чым дарослыя, становяцца жыццярадасныя.
Міця ўздрыгнуў. Адплюшчыў вочы, учапіўся за ствол яблыні i запыніў крэсла. Хоць i быў на дварэ, але ўсё роўна твар, рукі яго бялеліся, быццам злепленыя са снегу.
— Хадзем з намі гуляць у футбол, — запрасіў я.
— Дзякую, — падняўся, прамовіў Міця. — Я яшчэ не ўсе вывучыў урокі.
— Ды нічога ж цяжкага не задалі,— сказаў я. — Усё лёгкае.
— Усё, самае i лёгкае, трэба вывучыць, зразумець вельмі ясна, — без крыўды, але па-сталаму сур’ёзна адказаў той. — Вывучыш, зразумееш — навучышся думаць, разважаць, усё будзеш схопліваць на хаду. Мозг свой трэба трэніраваць змалку.
— Ад вялікага розуму галава баліць… — уставіў слова пераростак (пяцікласнік-другагоднік) Віця, як кажуць настаўнікі, «заядлы абібок, вораг навукі».
Міця на гэты жарт нічога не адказаў, нібы i не пазважаў — як сталы ўжо чалавек.
— Хадзем, — зноў наклікаў я. — Калі не хочаш быць абаронцам ці нападаючым, дык можаш стаць варатаром. У нас якраз няма яго.
— Я не ўмею гуляць у футбол, — нечакана прызнаўся Міця i, здаецца, нават крыху збянтэжыўся. Можа, i за тое, што яго могуць палічыць за нейкага хліпака, а не за мужчыну. — А па-другое, мне няможна бегаць, цяжка падымаць. У мяне лейкоз…
Я, канечне, як i мае сябры, не зразумеў, што такое лейкоз, але чамусьці ўсцешыўся, што не ўсё здольвае i ўмее наш навічок-выдатнік. Вось, бачыце, у такую прыгожую i захапляльную гульню, як футбол, гуляць не можа. A сапраўды, які гэта ты хлопец, мужчына, калі не ўмееш гуляць у футбол?