Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

— А што ён у лесе выседзіць? — запытаў Васіль, перайшоўшы i сеўшы таксама на палок. Ля самай Яніны. — Уратуецца? Заслужыць дараванне? Не, не ўратуецца i не ўцячэ ад кары. Чым больш будзе хадзіць па крывых сцежках, вытвараць разам з тымі нелюдзямі, дык тым больш строгі пазней будзе для яго суд… Ды i нам цяжка ўвесь час жыць у страху…

— I нам, i яму можа быць смерць… — пахітала галавою Яніна, — Божа мой, чаму ты ўсё-такі нелітасцівы? Перажылі вайну, выцерпелі пекла, дык не, зноў

ні спакою, ні радасці няма. Нават цяпер, пасля вайны, возьмеш ды i складзеш галаву…

— А як іначай уратаваць Янку? — запытаў ён ужо ў цемені, бо лучына патухла. — Бачыш, нават пагаварыць з ім не далі, не адпускаюць яго ад сябе ні на крок.

— Каб жа я ведала, як яго можна ўратаваць, дык… — усхліпнула, прытулілася да яго. — Адно толькі душа чуе: загубіць ён калі не нас, дык сябе… У такія маладыя гады, у такі час… Не пацешыцца, можа, ні сваёю хатаю, сямейкаю, а будзе змоладу сырую зямлю парыць…

— Дык утрая, я лічу, трэба паспрабаваць выратаваць яго… — ужо цвёрда сказаў Васіль, — Можа, удасца як адарваць яго ад шайкі, вярнуць да розуму. Будзем маўчаць, а ён рана-позна пападзецца, загіне — усё жыццё тады сябе не апраўдаеш, сабе не даруеш…

8

Засада трое сутак цярпліва чакала Вяршка, але дарма. Той ці вылежваўся ў сваёй бярлозе, ці недзе рабаваў альбо, можа, па-звярынаму i насцярожыўся — сюды ні ўдзень, ні ўночы не патыкаўся. Ад бяссоння ды напружанасці выбіліся з сіл i Яніна ды Васіль i Васюкоў з людзьмі.

На чацвёртыя суткі апоўначы Мурзік падаў перасцерагальны голас — спачатку гаўкнуў раз-другі ціха, нібы будзіў, а пасля трывожна забрахаў. I калі пачуў неспакой сабакі, i калі ўжо на цёмным дварэ адной рукою гладзіў яго па галаве i шыі, a ў другой, запацелай, сціскаў пісталет, Васіль аж дрыжэў: па-вар’яцку часта i шалёна закалацілася сэрца. Сама душа адчувала: хуткая сустрэча добра не скончыцца, акрывяніць хутар, i адзін бог ведае, хто ўцалее, а каго неўзабаве i падкосіць куля. Па рыпу дзвярэй пачуў, што высунулася з зямлянкі Яніна: ёй там адной, відаць, вельмі страшна. Засыкаў — яна зноў схавалася, хоць, канечне, не супакоілася, таксама — а можа, яшчэ i больш — не магла суняць дрыжыкі.

Цёмная, амаль без зорак ноч, глухое наваколле, хутар застылі ў трывожным чаканні. Настала такая цішыня, што аж звінела ад яе ў вушах i, здаецца, не адчуваўся, а якраз чуўся стук сэрца.

Але вось у вушах нібы забухала: на пагонцы пачуліся крокі. I яны ўсё прыбліжаліся ды прыбліжаліся, скарачаючы шлях да няўмольна трагічнай хвіліны. На поплаве крокі заціхлі, а пасля ўзнавіліся: нехта ішоў сюды, да зямлянкі. I не адзін.

Васіль зусім разгубіўся: бурыўся іхні першы план, на які ён так спадзяваўся, i ўсё далейшае станавілася непрадбачанае. Па тым, па першым, плане Васіль павінен быў затрымаць, абяззброіць Янку i зацягнуць у зямлянку, каб выратаваць ад кулі, калі той зноў, як i мінулы раз, падыдзе адзін, a Васюкоў са сваімі людзьмі ў гэты час меўся ўзяць жывымі альбо знішчыць астатніх — адпетых злачынцаў. Цяпер, па іншым плане, Васілю трэба аглушыць альбо страляць у чужака, спадзеючыся, што Янка на яго, сйаяка, зброі не падыме. На словах, можа, усё выходзіла i гладка, але ці будзе ўсё так на самай справе?

Васюкоў з людзьмі затаіліся, i Васіль па постацях што набліжаліся, убачыў: ідуць сюды двое. Мурзік загірчэў, чуючы пагрозу, i Васіль наўмысна падаў голас: «Ціха, ціха, Мурзік», каб тыя яго пачулі.

— Гаспадар? — за крокаў пяць запытаў незнаемы.

— Я, — адказаў Васіль, хаваючы ў кішэню пісталет. — Сабаку во суцішваю.

— Чужых няма?

— Не, — прамовіў Васіль, баючыся, што сваім цяперашнім, здрадлівым голасам можа насцярожыць прышлых.

Постаці прыблізіліся. Адзін, крышку ніжэйшы, быў Янка, другі, высокі, ці не ў расхінутым шынялі, быў незнаемы. Па абліччы падобны на таго, што ў той прыход стаяў на варце.

— Чаго так смярдзіць бензінам? — ужо зусім блізка запытаў незнаемы. — На машыне тут быў хто?

— Я знайшоў i прынёс дадому пустую каністру. Вот яна i пахне, — ледзь не заікаючыся ад хлусні ды напружанасці, замармытаў Васіль, здзіўляючыся, які чуйны ў прышлага нюх.

Пакуль Янка падаваў Васілю руку, незнаемы зазірнуў у зямлянку, засвяціў туды, усярэдзіну, ліхтарыкам — ад святла, што адбілася ад сцен зямлянкі, у праёме дзвярэй Васіль убачыў сагнутую постаць незнаёмца — сапраўды ў расхінутым шынялі, з аўтаматам у правай руцэ, у ботах. Патушыўшы святло, відаць сам на свае вочы ўбачыўшы, што чужых людзей няма, той гукнуў савою. Тут жа з пагонкі пачуліся жвавыя крокі.

Стоячы ля Янкі, Васіль адчуў: той падвыпіўшы. Значыць, недзе пілі i рашылі зайсці сюды. Васіль засунуў руку ў кішэню i намацаў пісталет, каб неўзабаве ціха дастаць альбо выхапіць яго i смалянуць рукаяткаю незнаёмца па карку. Але ці зваліш з ног, аглушыш такога спрактыкаванага, асцярожнага бугая?

У гэтую ж хвіліну нечакана ля лугавіны, за былым садам i плотам, успыхнуў агонь i, робячы вогненную дугу, упаў на поплаве, узвіўся слупам i высвеціў дваіх, Вяршка i Крушынскага, што спакойна ішлі да зямлянкі. Тыя аж аслупянелі ад нечаканасці, на міг у адзін час закрылі твары рукамі. Крушынскі нават трымаў у руцэ аўтамат. Пасля адскочыліся: загарэлася над імі зямля. Факел, намочаны ў бензіне i цяпер падпалены, удала ўцэліў у загадзя аблітае бензінам сена на поплаве.

— Рукі ўверх! Вы акружаны! — пачуўся голас Васюкова. З лугавіны.

Двое, Вяршок i Крушынскі, тут жа апамяталіся — відаць, ад звярынага страху — i з нечуваным спрытам пусцілі чэргі з аўтаматаў на лугавіну. У адказ ім бліснуў, панёсся агонь i з лугавіны, i ззаду — з поля. Амаль у адзін жа час абодва рухнулі на дол як падкошаныя — адзін ткнуўся носам, a другі, нібы пераламаўшыся, — гупнуў на спіну. Нехта з ix дзіка заенчыў.

Васіль ад нечаканасці, а то i разгубленасці, а заадно лішняе імгненне зірнуўшы на тых двух, што замітусіліся пры агні, згубіў спрыяльны момант: незнаёмец, а ўслед за ім i Янка, убачыўшы небяспеку, не страляючы, гойснулі ў супрацьлеглы бок — за склеп, у жыта. Яны былі выразна відаць пры святле, але цяпер Васіль бачыў не так іхнія спіны, a ўсё яшчэ вялікія Янкавы вочы. Той, калі шухнуў на поплаве агонь, устрапянуўся i жудасна вырачыў вочы. Відаць, i ад небяспекі, i ад таго, што яны з Янінаю не перасцераглі яго ад засады.

— Янка! Лажыся! Падай! — закрычаў Васіль, але Янка не падаў, не лажыўся, пёр у поле, — Ян… — Зноў паклікаў ён, але голас яго патануў у аўтаматнай чарзе. Адтуль, з жыта, хлебяснуў аўтамат, выкінуўшы насустрач уцекачам агонь, i кулі заціўкалі ў Васіля каля вуха. Янка i незнаёмец быццам спатыкнуліся; Янка нібы стаў на дыбкі, выцягнуўся, а пасля кульнуўся на бок, незнаёмец, узмахнуўшы рукамі, гопнуўся ніцма.

Нечакана зноў стала ціха-ціха, толькі пры аслабелым святле пачулася, што пахне спалены порах. Да Вяршка i Крушынскага, да Янкі з незнаёмцам з усіх бакоў, прыгінаючыся, пабеглі людзі Васюкова.

— Гатовыя, — сказаў нехта задаволена на поплаве, падбіраючы з зямлі аўтаматы Вяршка i Крушынскага.

Падбіралі зброю i там, дзе ляжаў Янка.

Як не сваімі нагамі Васіль паспяшаўся туды і, дабегшы, пры зусім ужо слабым святле ўбачыў, што Янка шкрэбае праваю рукою па зямлі, глуха стогне. Скроня, шчака яго чамусьці цёмныя-цёмныя — відаць, куля трапіла яму ў галаву, i адтуль, з раны залівае шыю, твар кроў.

— Братцы, — пачулася ззаду, з-пад лугавіны. — Васюкоў забіты…

Тыя, што стаялі ля Вяршка i Крушынскага, пабеглі да таго месца, дзе ляжаў у засадзе Васюкоў; у гэтую ж хвіліну наваколле агаласілася пранізлівым жаночым енкам — з раскінутымі рукамі, галосячы, імчалася ад зямлянкі сюды, дзе стаяў Васіль, Яніна. Але, відаць, позна ўжо было як-небудзь памагчы яе брату…

Эпілог

— Ідзі на двор, — загадала Чапроўская, — Ты нічога не паможаш, толькі будзеш замінаць. Ды i не трэба табе, мужчине, быць тут.

Васіль накінуў на плечы бушлат i яшчэ раз з жалем, са шкадобаю зірнуў на Яніну. Тая, у белай кашулі, накрытая самадзельнаю, пашытаю з усякіх каляровых кавалкаў коўдраю, не зважала ні на маці, ні на яго, моршчылася, нават курчылася ад болю i то стагнала, то лямантавала на ўсю зямлянку, аж, здаецца, сінеючы ў твары.

Ён паслухаў цешчу i выйшаў. Ён ведаў, што цешча (кабета, маці) лепш дагледзіць, паможа Яніне, дык не варта ёй надакучаць, таўчыся ў яе гіерад рукамі. Дзякуй богу, адпусцілася во, прыйшла i ўвесь гэты тыдзень жыве з імі: дагэтуль не толькі не прыходзіла сюды, але, лічы, не гаварыла з імі, не дазваляла, каб паказваліся ёй на вочы i ў Ружэвічах. Яна лічыла, што i яны абое вінаватыя ў Янкавай пагібелі, не ўратаваўшы яго, маладога, няцямлівага. Ён як мог апраўдваўся, Яніна горка плакала, кленучыся, што яны рабілі ўсё толькі для таго, каб якраз адвесці Янку ад бяды, але старая не толькі пакрыўдзілася, а зацялася i нібы зненавідзела. Ніхто яе сюды цяпер не клікаў, сама прыйшла, здаецца, адпусцілася, палагаднела. Праўда, сынава пагібель не прайшла для яе незаўважна: зусім ссівела, пачала выглядаць старою бабуляй.

Поделиться с друзьями: