Станаўленне
Шрифт:
Васіль, жахаючыся ад таго, што натварыў швагер, анямеў; Яніна ад новай небяспекі, што заявілася над ёй i раднёю, збялела: небяспека была велізарная.
— Паверце, я таксама вельмі перажываю, — прамовіў Васюкоў,— па-першае, дэзерцірства — злачынства, па законах ваеннага часу караецца строга. Па-другое, у роспачы ці ў страху, разгубленасці Янка прыбіўся да банды Вяршка… A самі ведаеце, хто такі Вяршок. Адпеты бандзюга… Ён змусіць маладога хлопца стаць забойцам…
— О божа! — усклікнула Яніна i закрыла твар рукамі.
— Я не страшу, — сказаў Васюкоў.— Кажу ж, шчыра шкадую, што такое вытварыў Янка. Добры ж хлопец. Працавіты, шчыры, сарамлівы. Ды толькі во такі надумлівы ды… Я вас папрашу: зойдзе ён да вас — змусьце, упрасіце, каб напрамілы бог уцякаў ад Вяршка ды ішоў з пакаяннем у ваенкамат. Праўда, я не даклярую, што яму даруюць, але… Мне здаецца, у яго ёсць адзін маленечкі шанц. Яму трэба не толькі вярнуцца, пакаяцца, але i прывесці Вяршка з хеўраю. Альбо падказаць іхнія хады, схованку. Гэта будзе нялёгка зрабіць, але, паўтараю, я тут бачу нейкі шанц…
Яніна застагнала ад болю i адчаю, халадзеючы не толькі ад страху за Янкава жыццё, але i ад нейкай безвыходнасці.
— Вайна ёсць вайна, — уздыхнуў Васюкоў.— Канечне, гінуць на ёй людзі, але няпраўда, хлусня, што тых, хто быў у акупацыі, пасылаюць наўмысна на смерць. Для Чырвонай Арміі, для краіны кожнае чалавечае жыццё дарагое…
Слухаючы, Васіль цяпер зразумеў, чаму Васюкоў i Казлоў ішлі сюды прыгнуўшыся. Можа, i асцерагаліся Вяршка з шайкаю, можа, i не хацелі, каб ix тут бачылі, а па-трэцяе, можа, там, у лесе, употай запыніліся байцы, гатовыя ў любую хвіліну напасці на шайку. Няма спакою i бяспекі ні ўночы, ні ўдзень. Можа, яны з Янінай сёння які ўжо час пад нейчым пільным i незычлівым назіркам альбо нават i пад прыцэлам? А што будзе пасля таго, калі Васюкоў i Казлоў пойдуць адгэтуль, пакінуць ix безабароннымі? Што будзе ў гэтую ноч? 3 Вяршком не дай бог сустрэцца. Той — сапраўды забойца з забойцаў, карнік, нямала праліў людской крыві разам ca сваімі гаспадарамі-акупантамі. А на яго, Васіля, у яго, пэўна ж, асабліва свярбяць рукі — за тое, што ён адмовіўся ісці служыць у паліцаі i не аддаў яму Яніну. Праўда, у Вяршка па ўсіх вёсках было шмат нявест i «жонак», але, канечне, той зламыснік за няўдачу затаіў не толькі злосць, але i помету…
— Яшчэ раз папрашу, — уздыхнуў Васюкоў, паціснуў ім плечукі.— Убачыце Янку — пагаварыце, памажыце ці на ват i змусьце яго адумацца, зрабіць іншы, высакародны, выбар. А Янка да вас зойдзе. I, можа, нават не адзін.
Васіль i Яніна падакляравалі, што, калі ўбачацца з
Яикам, пагавораць з ім так, як трэба; Васюкоў i маўклівы Казлоў неўзабаве пакінулі хутар.
— Божа, што ён сабе надумаў? — сашчаміўшы калені рукамі, захітала галавою, забедавала Яніна. — I праўда ж, можа зусім марна ды ганебна скласці галаву… Выжыў у вайну, дык прападзе цяпер, пасля вайны. Малады, здаровы. У васемнаццаць гадоў.— Заплакала. 3 вачэй паплылі па загарэлых шчоках буйныя слёзы. Пасля паскардзілася: — Ну чаму ты, божа, такі нелітасцівы? Дзе ні ступі, куды ні павярніся, дык усюды адна бяда ды гора…
— Сам Янка вінаваты, — прамовіў Васіль, разумеючы, што не вельмі суцешвае Яніну, а яшчэ болей дадае ёй пакут. — Не ўцякаў бы — дык i не было б ніякай мітрэнгі. Можа, быў бы i шчаслівы — абмінула б куля, абмінуў бы i асколак…
Яніна маўчала, моўчкі плакала. Канечне, яна, кабета, сястра, вастрэй, балюча адчувала трывогу, пакуту як за брата, так i за маці: Янкаў учынак ніколечкі не ўсцешыць i тую, не прынясе радасці.
«Дзе ён цяпер можа быць? — падумаў Васіль пра швагра. — У ружэвіцкім лесе ці тут, у нашым? Хто ж яго ведае. Паспрабуй знайсці іголку ў стозе сена ды яшчэ такою неспрыяльнаю часінаю. Колькі ні сноўдай, можаш не напаткаць, а вось нарвацца на ліха, сам скласці галаву можаш лёгка i незваротна…»
Васіль моўчкі падняўся i зноў апусціўся ў яміну — колькі ні адчайвайся, ні пакутуй, а жыць, дбаць пра прытулак усё роўна трэба. Дзеўбануў рыдлёўкаю — яна заскрыгітала, адкалупнула толькі са жменьку рудаватага, лічы, ужо гліністага пяску.
Неўзабаве, наплакаўшыся, апусцілася ў яміну i Яніна, таксама пачала дзяўбаць рыдлёўкаю рудую цвердзь i выкідаць яе на насып.
5
Янінін i Васілёў лёс рашыўся сёлета ўвесну, калі пацяплелі ночы, пырснула маладзенькая, кволая зелянота на дрэвах.
У адзін з такіх позніх майскіх вечароў яны сядзелі на лаўцы каля Янінінага гаспадара і, як у ранейшыя вечары, шапталіся, па-маладому гарэзавалі. Абое аж уздрыгнулі, калі нечакана з ганка пачулі строгі голас Янінінай маці, старой Чапроўскай:
— Яня, ідзі ў хату! I ты, Вацік, зайдзі…
Паслухалі. Сціхлыя, наструненыя, пайшлі на кліч. Васіль тупаў з насцярогаю: ён, прызнацца, пабойваўся Янінінай маці — невысокай, худой, кульгавай старой кабеты. Яму які ўжо час i тады, калі хадзіў разам з Янінаю ў Янковічы ў старую, польскую, школу i, бывала, крыўдзіў яе, дробненькую, паглядную дзяўчынку (крыўдзіў нават па невядомай яму самому прычыне), i цяпер, калі прыйшлося разам ратавацца, шукаць прытулку ў Ружэвічах, паразумецца — здавалася: старая Чапроўская (хоць якая яна была старая?! Ёй ішоў яшчэ ўсяго толькі сорак другі год!) недалюблівае яго, зыркае спадылба, нібы на воўка, стараецца ні сустрэцца з ім, ні загаварыць. A калі спаткае выпадкова на дарозе ці мусіць пры людзях сказаць слова, дык не пазірае ў вочы, буркне нешта толькі для адчэпнага. Пагэтаму i ён намагаўся не трапляць ёй на вочы, не заходзіў у хату, дзе кватаравалі Чапроўскія. Хоць яна, старая, канечне, ведала, што яе Яніна «любіцца», як казалі ў Ружэвічах, з маладым бежанцам, сваім земляком. Цяпер Чапроўская, відаць, клікала ix на нейкі суд.
Яніна i Васіль зайшлі ў невялікую, на адзін пакой, хату, дзе на вокнах віселі цёмныя фіранкі, а на камінку тлела лучына. Чапроўская сядзела ўжо пры стале, абапіраючыся на гладкую ядлоўцавую кавеньку; на другі бок стала прымайстраваўся светлавалосы Янка; на тапчане сядзелі гаспадары, Кажушкі.
— Садзіцеся, галубэ, — не то сярдзіта, не то лагодна прамовіла Чапроўская i паказала ім месца на лаве — паблізу сябе.
Яны паслухмяна селі. Нібы вінаватыя ці нібы сапраўды на нейкім судзе.
— Скажыце вы мне: праўда гэта ці не, што людзі гавораць? — рашуча запытала Чапроўская. — Што вы хадзілі да ксяндза i дамаўляліся, каб ён даў вам шлюб?
Васіль з трывогаю апусціў галаву: Чапроўская супраць таго, што яны «любяцца», думаюць пажаніцца? Па-другое, чаму яна пытаецца пра гэта не ў адной Яніны, але i ў яго? Што надумала яна? Разлучыць?
— Хадзілі, гаварылі…— нечакана смела прызналася Яніна.
Яе маці, бадай, разгубілася i з адчаем зірнула на ix абаіх. Васіль не падымаў галавы, але душою адчуваў гэты гіільны разгублены i адчайны позірк. Калі ж на міг асмеліўся падняць вочы, дык аж здзівіўся: сярдзітая кабета была цяпер зусім не сярдзітая, а разгубленая i нібы хацела заплакаць, чамусьці найбольш пазіраючы на яго рукі. Ён, бянтэжачыся, нібы які рабаўнік, не ведйў, дзе дзець ix, гэтыя свае рукі — вялізныя, з шырокімі, па лапаце, далоньмі ды з ёмкімі пальцамі. Ад ix, таксама i ад шырозных плячэй ён здаваўся здаравідлам, мядзведзем, a Яніна побач з ім выглядала зусім дробная, кволая, як лань. Аж сцяўся ад адчування гэтай сваёй велічы, дужасці і, здаецца, няўклюднасці ды ад Янінінай кволасці. Адчуваў: з-за гэтай жа прычыны, мусіць, хоча цяпер i заплакаць Чапроўская, — бачыце, на яе дзіцятка квапіцца гэткі велікан.
— Каб не такі час, дык я не замінала б, не стаяла на вашай дарозе… — урэшце ціха i чулліва i, галоўнае, здаецца, сапраўды лагодна да Васіля сказала Чапроўская. — Няхай бы сыходзіліся i жылі сабе на здароўе, калі ўпадабалі адно аднаго. Я пра цябе, хлопец, нічога благога не скажу…
Ён, пачуўшы гэта, усцешыўся, здзівіўся: няўжо гэтая, як здавалася, вельмі строгая кабеціна не вастрыла i не вострыць на яго зуб?
— Як не скажу нічога благога ні пра тваіх дзеда i бабу, пра бацьку-нябожчыка. Гаспадарлівыя, талковыя, паважаныя ў вёсцы былі людзі. I на маці ні злосці, ні крыўды не маю. Гаротніца яна. На далёкім свеце цяпер недзе з дзецьмі пакутуе… Але ж… — гаворачы, Чапроўская адну руку пакінула на кавеньцы, другую прыклала да ўпалых грудзей, — Хіба цяпер, дзеці мае, думаць пра вяселле? Кажуць жа, скора Саветы наступаць пачнуць, будзе непадалёку вялікая бітва… Хоць бы жывымі застацца… Людзі янкоўскія вывезеныя, вёска спаленая, пустая, дзікая… Мы яшчэ тут… Ці да галавы, кажу, ігрышча?! — I, бачачы, што нішто ix, моладзь, не палохае, папрасіла: — Пачакайце хоць крыху, дзеці мае, няхай усё ўтрасецца, уляжацца. Бо цяпер я вам i вяселля ніякага не зраблю. I няма з чаго, i няма дзе…
— Не трэба нам вяселля, — абзыўнулася Яніна, — Шлюб возьмем — i ўсё, жыць будзем…
— Што ты гаворыш, дачка?! — усклікнула маці.— Як жыць без вяселля?
Чапроўская з надзеяю i з мальбою зірнула на Янку: ты ж, сын, за гаспадара ў нас, дык памажы! Але той, малады, Васілёў сябрук, яшчэ ніжэй угнуў галаву, відаць, не ведаючы, што парадзіць у такой важнай справе.
— Яны, пані Зося, яшчэ не думаюць пра тое, пра што вы ўжо са сваёю мудрасцю талкуеце, — уставіў слова гаспадар, лысы, таўсматы, спагадны, але жартаўлівы, часамi нават кплівы чалавек. — У ix пра іншае думкі. Маладому з маладою маладое ў галаве…