Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

Кабеты збянтэжыліся. Засаромеўся i Васіль. 3-за свайго жаніхоўства. Нехта іншы, падумалася цяпер яму, нават маладзейшы, хірлявы, жаніўся да вайны ці ў вайну — рабіў усё па-чалавечаму, як i трэба, а вось падумаў ён пра жаніцьбу напрыканцы калатнечы — усё нібы дачасна, сорамна. Быццам спяшаецца, адно толькі грэшнае мае ў галаве.

— Божа ж мой! — пахітала сіваватаю галавой Чапроўская, — Hi двара ні кала, а думаюць сыходзіцца, жыць, сям’ю новую ладзіць…

— Можа, i не варта, пані Зося, баяцца ды наракаць, — зноў сказаў гаспадар. Але ўжо сур’ёзна, без кпінаў,— Абое маладыя, здаровыя, змалку навучаныя да работы. Па-другое, не такі ўжо i галец ваш зяць. Прыблукаў сюды летась з пустымі рукамі, голы як бізун. А цяпер мае свае калёсы, плуг, пілу, сякеру, косы. Мае каня. Не прапаў, адным словам, без бацькі ды маткі. Сам па сабе на ногі стаў. Малайчына! Парабкаваў, лічы, у Дошчачкі-скнары, быў малатабойцам у каваля, але сабраў, кажу, усё для гаспадаркі. Ca сваёй долі, што зарабіў за восень i зіму, увесну пшаніцу пасеяў, картофлю пасадзіў… Сталы ўжо, адным словам, гаспадар. Не прападзе i сам, i дачка ваша за ім не загібее… — Не вытрываў, усміхнуўся. — Праўда, я думаў: да багацейкі, да гаспадаровай Данусі-мілусі, прылепіцца ў прымы. Крышку касавокая, гугнявая, але затое вунь з якім загуменнем, адна ў бацькоў, з добрым пасагам. Дошчачка, гешэфтуючы з волаг. цю, за вайну яшчэ болей абжыўся… А ён, кажу, выбраў такую, як i сам — бежанку, сірату…

Усе змаўчалі. Можа, i з-за зразумелай усім няёмкасці: Дошчачка, можа, i меў нейкія скрытный намеры, калі браў Васіля-бежанца на кватэру, i тая Дануся-гультайка, здаецца, была б рада, каб малады кватарант хіліўся да яе, але вось Васіль выбраў іншую.

— Бог сірот любіць, але шчасця, долі не дае, — праз хвіліну-другую ўздыхнула Чапроўская.

— Не бойцеся, не бядуйце, кажу, нані Зося. Абое спраўныя, не прападуць, — супакоіў Кажушка. — Харошая

пара, аж люба паглядзець: ён — багатыр, а яна — каралеўна… Можа, усё i добра будзе. А шчасце, я вам скажу, само i не даецца, за яго трэба нямала папакутаваць…

— Шчасце ці бяда, пане мой, можа, яшчэ вызначана кожнаму на родзе… — зноў цяжка ўздыхнула Чапроўская. — Я дык бяды колькі хочаш пазнала, а шчасця, як вы кажаце, лічы, i не бачыла яшчэ.

Назаўтра, калі ўжо ўсе ў Ружэвічах ведалі, што будуць браць шлюб маладыя бежанцы, Дошчачкі пасварыліся.

Васіль не чуў, за што тыя не паладзілі, колькі i што сказалі адно аднаму, але, падыходзячы пад полудзень да двара з канём (абганяў дагэтуль гаспадарову бульбу), залавіў толькі з-за сянец апошнія Дошчачкавы словы: «…гэта вы, баб’ё, такога спраўнага хлопца ўпусцілі. Ты, старая скнара, баялася лішняй лыжкі смятаны ці лішнюю лусту хлеба даць, вечна наракала, што ён жарэ не ў сябе, а ты, маладая, дурная. Падкацілася б, прыгрэла — дык i быў бы твой… Звязала б рукі ды ногі — нідзе не дзеўся б…»

Янініны i Васілёвы бацькі некалі былі ў налібацкай парафіі, але Яніна i Васіль шлюб узялі ў тутэйшым, ружэвіцкім, касцёле (налібацкі касцёл разбурылі яшчэ летась, калі ішоў у Налібаках бой між партызанамі i нямецкім гарнізонам).

З халоднага касцёла i з-за строгай шэрай касцельнай агароджы Яніна i Васіль выйшлі на сонечны, цёплы i прасторны двор жонкаю i мужам. Урачыстыя, аспакайнелыя (скончыліся многія хваляванні), радыя, толькі крышку збянтэжаныя.

Спусціліся з касцельнай горкі, пайшлі па тупкай сцяжыне каля сухіх старых платоў, зялёных гародаў, садоў з густой крамянай завяззю i ціхіх, прымлелых ад яркага ліпеньскага сонца хат. Апроч дзяцей, лічы, нідзе нікога не было, але на ix, маладых, адхінуўшы фіранкі, пазіралі з кожнага акна. Гаспадыні, старыя дзяды i бабуль I, мабыць, усе яны не толькі здзіўляліся, што яны ў такую часіну ўзялі шлюб, але заўважалі, што на ім, Васілю, пазычаныя ў гаспадара хромавыя боты, гаспадаровага сына i чорны суконны касцюм — калі Васіль уцякаў у блакаду з абозу, што гналі немцы i ўласаўцы ў Стоўбцы да чыгункі, дык, як i казаў Кажушка, пабег у чым стаіць. Здаецца, не пазіралі на ix толькі з тых акон у канцы вёскі, дзе замест шыб у некаторых хатах была фанера — шыбы павыбівала ад узрываў упалых тут падбітых самалётаў.

Лічы, у самым канцы вёскі на іхняй дарозе была высокая i доўгая драўляная будыніна, накрытая чырвонаю чарапіцаю. Тут за панамі была гміна, у нямецкую акупацыю — воласць. Цяпер, пасля адыходу немцаў, трэці ўжо дзень тут быў сельсавет. Над дзвярыма сельсавета, сведчачы пра новую ўладу, віселі неварухлівыя ад спякоты два сцягі — чырвоны i чырвона-зялёны. Праўда, самі сельсаветчыкі ўдзень былі ў сельсавеце, а нанач (мусіць, да прыходу чырвонаармейцаў) ішлі ў лес. Цяпер на ганку сельсавета стаяў вартавы, з сярэдзіны чуўся вясёлы гоман.

Неспадзявана ў расчыненае акно высунуўся светлавалосы, рыжаваты камісар Васюкоў, махнуў ім рукою: зайдзіце сюды! I пасля, калі яны зайшлі ў пакой, дзе Васюкоў сядзеў са сваімі таварышамі, пачулі прысаромліванне:

— Эх, Васіль! Эх, Яніна! Усё па-старому, па-даўнейшаму робіце. A ў нас тут ужо, як бачыце, новая, Савецкая, улада. Нават да прыходу Чырвонай Арміі. Дык i трэба ўжо рабіць усё па-новаму. Тут, у сельсавеце.

Тут, у старшынёўскім пакоі, абабітым выцвілымі, яшчэ нямецкімі бела-рудымі, у палосачкі сям-там ададранымі шпалерамі, але ўжо не ca старым, а з новым партрэтам на сцяне (з партрэтам Сталіна), стаяў моцны дубовы стол, накрыты зялёным сукном i шклом, абапал сцен прыхінуліся крэслы з зялёнымі, сцёртымі сядзеннямі. На бліжэйшым да стала крэсле сядзеў таварыш Васюкова, Казлоў.

— Зараз мы вас абчалавечым як след, — усміхнуўся Васюкоў, дастаў з верхняй шуфляды стала тоўсты сшытак з цвёрдымі сінімі вокладкамі, закрэсліў на верхняй вокладцы нейкі нямецкі надпіс, пасля вырваў у сшытку некалькі спісаных першых старонак, сунуў ix у адну з шуфляд. — Назавём так: «Кніга рэгістрацыі грамадзянскіх шлюбаў». Так, пры сведках, — назваў сваё i таварышава прозвішча, — 5 ліпеня 1944 года пад нумарам адзін зарэгістраваны шлюб грамадзян Ружэвіцкага сельсавета Грыгарцэвіча Васіля Уладзіслававіча i Чапроўскап Яніны Іосіфаўны, — а пасля, калі запісаў год, месца, дзе яны нарадзіліся, колькі скончылі класаў школы, іхнюю нацыянальнасць, новае Янініна прозвішча i павіншаваў ix з «законным шлюбам», усміхнуўся Казлову: — Федзька, давай марш Мендэльсона.

Спакойны, нават марудлівы, русявы масквіч Казлоў дастаў з кішэні афіцэрскіх штаноў новенькі, белы, з карычневым дрэвам трафейны губны гармонік, прыклаў да вуснаў i зайграў. Незвычайна ўрачыста, лічы, у прывыклых да нямецкіх маршаў i адвыклых за вайну ад сваёй ці вось такой музыкі вушах пачулася гэтая незнаемая, але шчырая, узнёслая мелодыя, здаецца, запаланіла, узвысіла ўсіх, i ў Васіля ў гэты момант аж сціснулася ў горле ад нахлынутай радасці i затоенай трывогі. Яніна, як заўважыў, не вытрывала, моўчкі заплакала.

— Сапраўды, аж усё ў душы перавярнулася… — калі аціхла музыка (праўда, узнёслы дух яе па-ранейшаму быў у пакоі), усхвалявана прамовіў Васюкоў. Відаць, гэты нечакана мірны, пасляваенны ўжо, сціплы i ў той жа час велічны абрад таксама ўразіў, расчуліў яго мужнае сэрца, што абнемагло ўжо ад вайны i яе суровага жыцця. — Усё будзе добра. Нашы вызвалілі ўжо Мінск. На днях будуць тут. Дык i правільна, трэба дбаць пра жыццё, пра будучыню…

Паціснуў ім рукі, пацалаваў у шчокі.

— Віншую! — усміхнуўся i — мужчына, баец — не выцерпеў, сцёр даланёю буйную слязу, што выплыла i хутка пакацілася па выгаленай шчацэ. Стукнуў кулаком у сцяну, гукнуў: — Вольга! Нясі свае ягады.

Тут жа зайшла сюды радыстка Савельева — высокая, светлавалосая, у зялёнай спадніцы i гімнасцёрцы, падпяразаная салдацкім рэменем маладая дзябёлая дзяўчына. Перад сабою несла поўны кацялок спелых суніц. Высыпала ix на стале, на падрыхтаваным Васюковым чыстым лісце паперы. Суніцы запахлі лесам, сонцам, гарэлі на белым лісце чырвоным цяплом дабрыні i сардэчнасці.

Васюкоў у гэты час дастаў з-пад стала нямецкую паўтарачку з ромам, з ніжняй шуфляды — зялёныя кубкі.

— Грэх не замачыць такую падзею, — усміхнуўся, наліваючы пакрысе пітво ў пасуду. — Падарунак, праўда, уручыць цяпер не можам. Не ўдасца выставіць i шчодрых ласункаў. Затое шчыра, ад усёй душы пажадаем хуткага заканчэння вайны, міру, трывалай сям’і, любові, шчасця! — Патрымаў міг кубак з пітвом у руцэ, а пасля сказаў усміхаючыся: — Горка!

Услед за ім, ляскаючы далоньмі, загаркавалі i ўзнёслыя Казлоў ды Савельева. Яніна i Васіль злёгку пацалаваліся.

Яніна дагэтуль яшчэ не піла ні гарэлкі, ні віна, дык памачыла толькі вусны, зморшчылася; Васіль пасля хваробы-жаўтухі таксама не ўжываў ніякага спіртнога пітва, але цяпер не мог ад яго адмовіцца.

Ром быў цёплы, адмыслова, не зусім прыемна, пахнуў, дык піўся з неахвотаю. Але Васхль, уздрыгваючы, лічы, пакрываючыся пупырышкамі, нібы ад холаду, апаражніў усё, адчуваючы, як апякло горла, нутро, пайшла па жылах цеплыня i сёння — ці не без прывычкі — тут жа шыбнула ў галаву лёгкім хмелем.

Поделиться с друзьями: