ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

У абарончых войнах бралі ўдзел і гараджане. Беларускія гарады апаясвалі моцныя фартыфікацыі, якія вытрымлівалі абарону на працягу некалькіх месяцаў. Для абароны выкарыстоўваліся гарнізоны з вайсковых людзей і наёмнае пяхоты. У буйных гарадах з мяшчанаў ствараліся палкі, якія баранілі вызначаныя ўчасткі гарадское сцяны й бліжэйшыя кварталы падчас штурму. Палкі падзяляліся на сотні й дзесяткі. Мяшчане ўзбройваліся мушкетамі, пісталетамі, бердышамі, шаблямі, а бедныя рыхтавалі і кідалі на штурмуючых вялікія камяні. Падчас штурму забаранялася крычаць і лаяць ворага, а трэба моўчкі змагацца, слухаючы каманды прыкамандзіраваных да апалчэння афіцэраў. У мірны час для гараджанаў ладзіліся вучэбныя стрэльбы з вызначэннем пераможцаў і ўзнагародамі для іх (напрыклад, вызваленне на год ад усіх падаткаў). Пераможцам спартовыя суддзі выдавалі адмысловыя атэстаты. Такія спаборніцтвы праводзілі рэгулярна (устава Слуцка 1621 г., у Нясвіжы згодна дэкрэту Міхала Казімера Радзівіла Рыбанькі ў 1731 г., у Быхаве ў XVIII ст. і г.д.) 11. Асабліва актыўна гараджане абаранялі гарады падчас вайны паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Калі гарады захопліваў вораг, то гараджане паўставалі і знішчалі варожыя гарнізоны (у 1661 г. у Магілеве, Дзісне й Себежы).

Падчас ваенных дзеянняў, якія суправаджаліся рабаваннем і масавым знішчэннем насельніцтва, супраць ворага паўставалі звычайна ціхія й паслухмяныя сяляне. Так, ужо з першых месяцаў вайны 1654–1667 гг. маскоўскім ваяводам прыйшлося ліквідаваць сялянскія паўстанцкія атрады, якія дзейнічалі партызанскімі метадамі (паводле расейскай тэрміналогіі — «шышы»). Гэтыя атрады часта аб'ядноўваліся з шляхоцкімі атрадамі й рабавалі й білі тую частку шляхты, якая падчас вайны прыняла прысягу на імя Аляксея Міхайлавіча. Яны дзейнічалі разам з казакамі, асабліва пасля Гадзяцкае вуніі 1658 г. 12 Некаторыя камандзіры сялянскіх атрадаў тады ж атрымалі ад сойму Рэчы Паспалітае шляхоцтва, напрыклад, браты Дзяніс і Андрэй Мурашкі, Карпелій і Яўдоксій Драні (у шляхоцтве — Дранеўскія)13.

У другой палове XVIII ст. войскі Вялікага Княства Літоўскага паступова прымаюць тактыку й арганізацыю, уласцівую іншым еўрапейскім краінам, нават вайсковая форма ў гэты час таксама падобная да вайсковага адзення еўрапейскіх арміяў. Баявыя традыцыі захоўваліся, што праяўлялася падчас войнаў гэтага перыяду, падчас шляхоцкіх канфедэрацыяў і падчас паўстання 1794 г.

Беларуская шляхта

Паводле спавешчаньня на Устаноўчым Сойме Згуртаваньня Беларускае Шляхты 1 лістапада 1992 года.

Шляхта Беларусі мае сваю доўгую й славутую гісторыю. Шляхецкае саслоўе (стан) адыгрывала вялікую ролю ў гісторыі Беларускага-Літоўскага гаспадарства (Вялікага Княства Літоўскага і Рускага) у XIV–XVI стст. і потым да канца XVIII ст. у фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай. Яна заўсёды займала выразна патрыятычную пазыцыю, якая асабліва праявілася падчас змаганьня за адраджэньне дзяржавы ў шляхецкіх паўстаньнях 1794, 1831 I 1863 гг. на Беларусі побач з братамі-паўстанцамі з польскай і літоўскай шляхты. На працягу вялікага пэрыяду беларускае гісторыі шляхта займала кіраўнічае становішча ва ўсіх галінах дзейнасьці сваёй дзяржавы і асабліва ў абароне Бацькаўшчыны, бо беларускае-літоўскае войска складалася пераважна са шляхты. Стагодзьдзямі шляхта мела значны ўплыў на разьвіцьцё беларускае культуры і сацыяльна-эканамічнае жыцьцё краіны. Вялікую ролю яна адыгрывала ў Адраджэньні XVI і канца XIX — пачатку XX ст., ва ўсталяваньні хрысьціянскіх і агульначалавечых каштоўнасьцяў. У адрозьненьне ад іншых саслоўяў беларуская шляхта ніколі ня мела комплексу непаўнацэннасьці, a заўсёды выступала з годнасьцю, гонарам і зь незалежніцкіх патрыятычных пазыцыяў.

У XIV–XVI стст. у Беларускім-Літоўскім гаспадарстве канчаткова аформілася са сваімі правамі й прывілеямі вайскова-служылае саслоўе, у якога быў толькі адзін абавязак: выступаць у паход, бараніць Бацькаўшчыну, выганяць ворага са сваёй роднай зямлі туды, адкуль прыйшоў (Пагоня). Гэта былі нашчадкі родавых старэйшынаў, пляменных князёў і — у большасці — удалых ваяроў паспалітага рушэньня (апалчэньня). Слова «шляхта» паходзіць ад нямецкага schlagen — біць, a нямецкае слова Schlacht азначае «бітва». Даслоўны пераклад слова «шляхта» азначае: людзі бою, ваякі, ваяры. Есьць і другое, навуковае вызначэньне паходжаньня гэтага слова. Яно прыйшло ў беларускую мову праз польскую ад старажытнаверхненямецкага slahte, што азначае «род, паходжаньне, парода».

Асноўную масу беларускіх фэадалаў складалі нашчадкі ўдзельных князёў Полацкага, Тураўскага й Смаленскага княстваў, баяраў і дружыньнікаў гэтых княстваў, да якіх у XIV ст. далучыліся літоўскія (а ў XV ст. і жамойцкія) нобілі й дружыньнікі. Heкаторая частка апошніх асела ў адміністрацыйных цэнтрах Беларусі ды атрымала тут маёнткі. Ужо да канца XIV ст. асноўная маса фэадалаў (за выняткам князёў) у Беларускім-Літоўскім гаспадарстве называлася баярамі. Гэтая назва захавалася да XVI ст. Сэнс беларускага тэрміну «баяры» цалкам адрозьніваўся ад сэнсу гэтага ж слова ў Маскоўскім княстве.

Пачынаючы ад Гарадзельскага прывілею 1413 г., у дзяржаўных актах разам з назвай «баяры» ўсё часьцей сустракаецца «баяры-шляхта» або «шляхта» (паводле польскага ўзору). У XV–XVI стст. у Берасьцейскай зямлі й на Падляшшы фэадалы таксама называліся «зямяне», зноў жа паводле польскае тэрміналёгіі. Гэтая назва ўжываецца ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. для фэадалаў усёй дзяржавы, таксама як і «баяры», і «шляхта». Але з другой чвэрці XVI ст. назва «шляхта» стала займае месца ў дзяржаўных актах для вызначэньня фэадальнага саслоўя.

У XVI ст. 80 працэнтаў фэадалаў на Беларусі былі беларускага этнічнага паходжаньня, 19 працэнтаў — літоўскага, 1 працэнт — іншага. Аднак якіх-небудзь вялікіх супярэчнасьцяў на этнічнай аснове тут не было. Уся шляхта разам бараніла сваю дзяржаву, выступала як адзінае саслоўе, зыходзячы ня толькі з карпаратыўных але і зь дзяржаўных інтарэсаў. Адзінства шляхты, яе правоў і прывілеяў выявілася ў фэадальных кодэксах Беларускага гаспадарства — Статутах Вялікага Княства ЛІтоўскага, Рускага і Жамойцкага 1529, 1566 і 1588 гг.

Шляхецкія саслоўныя правы роду пераходзілі нашчадкам-мужчынам ды іхным нашчадкам у мужчынскім родзе, a таксама дочкам (але ня іхным дзецям, бо гэта быў ужо іншы род). Калі жанчына выходзіла замуж за няшляхціца, яна захоўвала шляхецтва, але не перадавала яго мужу й дзецям. Жанчына простага стану, выходзячы замуж за шляхціца, станавілася шляхцянкай пажыцьцёва, нават калі другі ці трэці раз выходзіла за няшляхціца. Шляхецтва можна было атрымаць ад вялікага князя літоўскага й рускага, a таксама ад гетмана на полі бою за мужнасьць. Ад Люблінскай уніі 1569 г. шляхецтва надаваў Сойм Рэчы Паспалітай (набілітацыя). Сойм прызнаваў шляхецкі тытул і іншаземным дваранам. Шляхецтва можна было атрымаць і ўсынаўленьнем, абвешчаным у судзе (адопцыя).

Да XVI ст. уся шляхта дзяржавы, у тым ліку вялікія князі літоўскія (яны ж звычайна й каралі польскія), карысталася беларускай мовай — і як дзяржаўнай, і ў побыце. Нават на тэрыторыі Жамойці ў судох і гарадох беларуская мова ўжывалася паўсюдна. I толькі з XVI ст. у асяродзьдзе магнатаў паступова ўваходзіць польская мова, асабліва пасьля Люблінскай уніі 1569 г., калі Польшча і Беларуская-Літоўская дзяржава ўтварылі фэдэратыўную Рэч Паспалітую.

Толькі ў XVII ст. шляхта пачынае ўжываць і польскую мову, але драбнейшая шляхта карысталася беларускай заўсёды.

З рэлігійнага гледзішча таксама спачатку розьніцы не было. Беларускія й літоўскія баяры на Беларусі ў XIV ст. былі праваслаўныя. Пасьля хрышчэньня язычнікаў-літоўцаў у 1387 г. паступова займае пазыцыі на Беларусі каталіцкая царква, перадусім у шляхецкім асяродзьдзі. У XVI ст. значная частка беларускай шляхты як з каталікоў, так і з праваслаўных, падчас рэфармацыі пераходзіць у кальвінізм (на чале з Радзівіламі) і ў іншыя пратэстанцкія плыні, але ў апошняй чвэрці XVI і пачатку XVII ст. пад уплывам Контррэфармацыі пераходзіць у каталіцызм. Да канца XVIII ст. й далучэньня Беларусі да Paceі амаль уся шляхта Беларусі была ўжо каталіцкай, прычым пераважна лацінскага a ня грэка-каталіцкага абраду, у адрозьненьне ад астатняга насельніцтва Беларусі. Але захавалася і праваслаўная шляхта (пінская, давыд-гарадоцкая, ля Слуцка, Магілева), і кальвінісцкая. Такім чынам, працяглы час і ў шляхецкім асяродзьдзі захоўвалася шматканфэсійнасьць і талерантнасьць. Гэта, дарэчы, адбілася на разнастайнасьці элемэнтаў шляхецкай культуры. Верацярпімасьць грунтавалася на пастанове Сойму Рэчы Паспалітай 1573 г.

Поделиться с друзьями: