Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. у Paceі пазбавіла дваранскія арганізацыі ў губэрнях і паветах палітычнага ўплыву. У заходняй частцы Беларусі, акупаванай у верасьні — кастрычніку 1915 г. нямецкім войскам, яны таксама ня дзейнічалі. Пасьля паразы змовы генэрала Л. Г. Карнілава і абвешчаньня 1 верасьня 1917 г. Расеі дэмакратычнай рэспублікай наступілі зьмены і ў становішчы дваранскіх арганізацыяў. Міністэрства нутраных справаў Расеі цыркулярам ад 5 верасьня 1917 г. паведаміла пра хуткае скасаваньне дваранскага саслоўя і зьліквідаваньне дваранскіх установаў (праўда, гэтага зрабіць не пасьпела). У кастрычніку 1917 г. у Менскай губэрні быў створаны «Зьвяз асобаў, запісаных у радаводныя кнігі Менскай губэрні» са старшынёй Георгіем Эмэрыкавічам Чапскім, уладальнікам Станькава (каля Койданава). Сход маршалкаў і дэпутатаў дваранства Менскай губэрні 16 кастрычніка 1917 г. перадаў гэтаму зьвязу ўсю маёмасьць, капіталы, архіў і радаводныя кнігі, a таксама будынак Менскага губэрскага дваранскага сходу і дваранскі клюб. Даходы ад маёмасьці й капіталаў мелі йсьці на культурна-асьветніцкую й дабрачынную дзейнасьць дзеля запісаных у радаводныя кнігі. 11 (24) лістапада 1917 г., пасьля кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе і ўстанаўленьня савецкае ўлады, ЦВК і Савет народных камісараў дэкрэтам скасавалі дваранскае саслоўе і ягоныя карпаратыўныя арганізацыі ў губэрнях і паветах. У Менску, напрыклад, за 100 дзён (да пачатку нямецкай акупацыі ў лютым 1918 г.) мясцовыя органы савецкае ўлады на чале з бальшавікамі спынілі дзейнасьць дваранскіх арганізацыяў. Але толькі фармальна, бо на большае ў іх пакуль што не хапіла часу: арганізацыі не былі зьліквідаваныя, маёмасьць не канфіскавалі.
Таму 16 красавіка 1918 г. дзейнасьць дваранскіх установаў у Менскай губэрні была ўзноўлена на сходзе маршалкаў і дэпутатаў дваранства губэрні на чале з выканаўцам чыннасьці маршалка менскага дваранства барысаўскім павятовым маршалкам дваранства М. Н. Бурнашавым. Галоўнакамандуючы X нямецкай арміі генэрал ад інфантэрыі фон Фалькенган 14 ліпеня 1918 г. дазволіў узнавіць дзейнасьць дваранскага сходу ў Менскай губэрні, але толькі ў справах, непасрэдна датычных дваранства. Ніякаю палітычнаю дзейнасьцю дваранскаму сходу займацца не было дазволена. 29 верасьня 1918 г. на паседжаньні Менскага губэрскага дваранскага сходу, на якім прысутнічала 117 чалавек, былі выбраныя новыя кіраўнічыя асобы. Губэрскім маршалкам дваранства з 3-х кандыдатаў быў абраны граф Г. Чапскі. Ягонымі канкурэнтамі былі Эдуард Адамавіч Вайніловіч (што пабудаваў Чырвоны касьцёл у Менску) і Леў Львовіч Ваньковіч. Дзейнасьць дваранскай арганізацыі была зноў спынена ў сьнежні 1918 г., пасьля адыходу германскай арміі зь Беларусі, прыходу чырвоных і ўзнаўленьня савецкае ўлады. Але пасьля заняцьця ў жніўні 1919 г. большае часткі тэрыторыі Беларусі польскім войскам дваранскія ўстановы Менскай губэрні на чале з графам Г. Чапскім зноў дзейнічалі. Менскі губэрскі дваранскі сход быў фармальна самараспушчаны пасьля падпісаньня Рыскае мірнае дамовы ў сакавіку 1921 г. у Польшчы. Тады пасьля заканчэньня расейска-польскае вайны 1919–1920 гг. здолела пераехаць увосень 1920 г. частка сяброў сходу. Прычынамі самароспуску былі немагчымасьць і немэтазгоднасьць далейшай дзейнасьці шляхецкіх установаў.
Падчас рэвалюцыі й грамадзянскае вайны беларускае дваранства — шляхта панесла вялікія страты ад тэрору бальшавікоў. Гэтыя страты ўзмацніліся ў першыя дзесяцігодзьдзі савецкае ўлады, a для заходняй часткі Беларусі ў 1939–1941 гг. і пасьля вайны. Фактычна можна гаварыць пра генацыд дваранскага саслоўя і страту генафонду аднаго з саслоўяў беларускага народу. Тыя з дваранаў-памешчыкаў, хто не пасьпеў падчас грамадзянскае вайны пераехаць у Польшчу, былі зьліквідаваныя, a ў наступныя гады такі ж лёс падзялілі іншыя шматлікія дваране. Аднак з-за таго, што на Беларусі была й маса бедных дваранаў-шляхты, якія мала розьніліся побытам ад сялянаў ці гараджанаў, то шмат людзей і выжыла, працуючы, як усе. У Заходняй Беларусі яны займаліся гаспадарчай і культурнай дзейнасьцю. Шляхта падзяліла лёс народу і ў час другой сусьветнай вайны. I таму яе гісторыя ў гэтыя 70 гадоў неаддзельная ад гісторыі ўсяго беларускага народу.
Нарэшце, пасьля доўгага — сямідзесяцігадовага — перапынку, арганізацыя й органы самакіраваньня беларускае шляхты ўзнаўляюць дзейнасьць. Арганізацыйная Рада Згуртаваньня Беларускае Шляхты склікала Ўстаноўчы Сойм аб'яднаньня. Аднаўленьне арганізацыі беларускае шляхты павінна адыграць значную ролю ў адраджэньні Беларусі й нашых патрыятычных традыцыяў.
Гісторыя геапалітыкі Беларусі
І. Геапалітыка Вялікага княства Літоўскага у XIII–XVI стст
Першыя фэадальныя дзяржавы беларусаў ад самага пачатку мусілі весьці самастойную палітычную лінію ў дачыненьнях між сабой і суседзямі, блізкімі і больш далёкімі, такімі як Візантыя. Асабліва актыўную палітыку ў XI―XII стст. праводзіла Полацкае княства, Самая моцная беларуская дзяржава ў той час. Зьнешняяпалітыка Полацка была перадусім накіраваная на адстойваньне незалежнасьці ў барацьбе з Кіеўскім княствам, а таксама на ўрэгуляваньне адносінаў з Ноўгарадам і суседзямі, у тым ліку зь літоўскімі, латгальскімі, ліўскімі і эсцкімі плямёнамі ў Прыбалтыцы. Латгалы і лівы ўвайшлі ў дзяржаўныя дачыненьні з Полацкім княствам, сталіся ягонымі васаламі. На тэрыторыі латгалаў былі ўтвораныя васальныя княствы Герцыке і Кукенойс з князямі полацкае дынастыі Ізяславічаў.
Напачатку XIII ст. Полацкае княства вымушана было распачаць барацьбу зь нямецкімі рыцарамі Ордэну мечаносцаў (Братоў Хрыстовага ваярства), які ў 1237 г. быў пераўтвораны ў Лівонскі ордэн у складзе Тэўтонскага. Першыя дзяржавы беларусаў, як і іншыя тагачасныя эўрапейскія дзяржавы, часам вялі мірную палітыку, а часам ваявалі. Але ўсё ж гаварыць пра геапалітычныя дачыненьні беларускіх княстваў у гэты пэрыяд зарана. Іхная палітыка была абмежаваная рамкамі ўсходнеславянскага рэгіёну і толькі пачала выходзіць за ягоныя межы. Тым ня менш, зыходзячы з геаграфічнага становішча беларускіх дзяржаваў, вызначыліся кірункі актыўнасьці: дачыненьні з Кіеўскай Русьсю, з Прыбалтыкай, зь Візантыяй і нямецкімі ордэнамі.
Вялікае княства Літоўскае ― зьбіральнік усходнеславянскіх земляў
Новыя абставіны склаліся ў сярэдзіне XIII ст., калі ўтварылася Беларускае-Літоўскае гаспадарства з сталіцай у Наваградку. Ад самага пачатку існаваньня нашай гістарычнай дзяржавы яе ўладарамі, пачынаючы ад Міндоўга, і кіруючымі коламі праводзіцца актыўная зьнешняяпалітыка на некалькіх кірунках. Калі беларускія землі аб'ядналіся ў адной дзяржаве, ва Ўсходняй Эўропе склалася новая геапалітычная сытуацыя.
Да 80-х гг. XIV ст. скончыўся працэс уключэньня асноўных беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (як яно называлася да сярэдзіны XV ст., калі дадалося і «Жамойцкага», бо жамойцкая зямля ўвайшла ў склад дзяржавы на правох аўтаноміі). У 1358 г. была далучаная Мсьціслаўская зямля, у 60-я гг., пасьля перамогі беларускага войска пад Сінімі Водамі, ― Кіеўская зямля, а разам зь ёю Мазырская і Брагінская воласьці, каля 1358 г. ― Бранскае княства, у 60–70-х гг. XIV ст. ― Чарнігава-Северскія землі. Урэшце, у 1395 г. падпарадкавалася Смаленскае княства, якое ў 1404 г. канчаткова ўвайшло ў склад Беларускага-Літоўскага гаспадарства.
Увесь гэты час―ад сярэдзіны XIII да канца XIV ст.―ішоў ня толькі працэс аб'яднаньня беларускіх земляў у адной дзяржаве, але і адбывалася ўмацаваньне ейных рубяжоў, заключаліся саюзы зь іншымі дзяржавамі, вяліся войны.
Адным з галоўных кірункаў зьнешняе палітыкі Вялікага Княства Літоўскага быў усходні. УХІУ ст., як ужо нагадвалася, галоўнаю мэтай яго сталася аб'яднаньне беларускіх земляў у адной нацыянальнай дзяржаве. А затым ― вызваленьне земляў Русі з-пад татарскае няволі ды ўключэньне іх у склад новай дзяржавы з сталіцаю ў Вільні. На працягу XIV ст. Вільня была цэнтрам аб'яднаньня ўсіх усходнеславянскіх земляў. Пры гэтым яна мела супернікам спачатку Галіцка-Валынскую Русь (але нядоўга), а потым ― Маскоўскае вялікае княства, якое пачало ўзмацняцца.
У XIV ст. ідзе палітычная барацьба за прамежкавыя княствы―Кіеў, Цьвер, Ноўгарад, Пскоў. У другой палове стагодзьдзя пачынаецца вайсковае змаганьне Вільні і Масквы за землі Русі. Ноўгарад, Пскоў і Цьверскае вялікае княства шукалі падтрымкі супраць Масквы ў вялікіх князёў літоўскіх.
Да гэтага часу адносяцца тры паходы вялікага князя Альгерда на Маскву. У 1368 г. ён заключыў саюз зь цьверскім князем Міхаілам Аляксандравічам і двойчы (1368 і 1370 гг.) падыходзіў да Маскоўскага Крамля (горад быў узяты). Толькі каменныя муры Крамля, пабудаваныя ў 1367 г., выратавалі маскоўскага князя. У Хроніцы Быхаўца гаворыцца: «I на самую Пасху раніцаю рана князь вялікі (Дзьмітры Іванавіч.―А. Г.) з баярамі і князямі ішоў з ютрані з царквы, а князь вялікі Альгерд з усімі сваімі сіламі, распусьціўшы сьцягі свае, паказаўся на Паклоннай гары.
І пабачыўшы гэта, вялікі князь Маскоўскі моцна спужаўся і жахнуўся, убачыўшы вялікага князя Альгерда зь ягонаю вялікаю сілаю, які прыйшоў да яго такім магутным. I, ня маючы сілаў даць яму адпор, паслаў да яго паслоў, просячы яго аб міры і абяцаючы даць яму вялікія падарункі, просячы яго, каб яго з вотчыны яго Масквы ня выгнаў… І князь вялікі Альгерд пашкадаваў яго… і не здабываў яго з Масквы, і заключыў зь ім мір».
У 1372 г., пасьля новага паходу Альгерда на Маскву, каля Любуцка быў заключаны канчатковы мір з маскоўскім вялікім князем.