ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Э. Вайніловіч (фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску і ўладальнік майнткаў Пузава і Савічы) у сваіх успамінах згадвае, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за дзяржаўную мяжу, вызначаную дамовай 12 кастрычніка 1920 г., ажно за Пузаў, пад Ёдчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за савю дэмаркацыйную лінію. Гэта было зроблена, каб даць магчымасць савецкім войскам разгарміць паўстанцаў. У наступных баях атрады паўстанцаў занялі Семежава, Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ, каб зліквідаваць узброенае паўстанне. У гэты ж дзень чырвонаармейцамі было адбіта мяст. Вызна. Паўстанцы пачалі адыходзіць на захад. 20 снежня яны былі выціснуты да р. Морач. У той жа дзень іх выбілі з Семежава. Па ўзгадненні расійскай савецкай і польскай дэлегацый на мірных перагаворах у Рызе войскам Чырвонай Арміі дазвалялася праследаваць паўстанцаў і ў нейтральнай зоне, нават на тэрыторыі Польшчы. Штаб Слуцкай брыгады Вымушаны быў перадыслацыравацца ў в. Заастравечча (Клецкі раён) каля р. Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся аддзелы паўстанцаў, якім было нанесена паражэнне. Рада Случчыны БНР прыняла рашэнне перайсці сваім вайсковым аддзелам раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 29 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада стральцоў БНР перайшла за р. Лань і была абяззброена і інтэрніравана польскімі вайсковымі ўладамі. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне і змагаліся яшчэ доўгі час. Камандаванне Чырвонай Арміі адзначала, што беларускія партызаны непакоілі савецкія вайсковыя адзінкі ў Слуцкім павеце ў студзені 1921 г., калі яшчэ вяліся канчатковыя перагаворы яб міры паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Камандаванне 16-й арміі адзначала сур’ёзны характар партызанскага руху, які «не лічыць сваю барацьбу супраць Савецкай Расіі скончанай» і намагаецца «стварэння незалежнай дэмакратычный Беларускай Рэспублікі». Таму тут і пакінулі «найбольш вопытных кіраўнікоў, старых партызанаў і зброю». 17–24 лютага 1921 г. на гэтым участку нейтральнай зоны была праведзена сумесная акцыя «расійскіх і польскіх атрадаў, кожны ў складзе не больш 400 штыкоў (г. зн. пехацінцаў. — А.Г.) пры 4 кулямётах і 60 шабляў (г. зн. коннікаў. — А.Г.)». Аднак гэтая аперацыя не дала вынікаў. Партызаны, якіх падтрымлівала сялянства, выйшлі з-пад удару савецкіх і польскіх вайсковых аддзелаў, пра што сведчаць вайсковыя паведамленні. Нейтральная зона ў раёне Капыля была занята Чырвонай Арміяй да савецка-польскай дзяржаўнай мяжы толькі пасля падпісання 18 сакавіка 1921 г. у Рызе канчатковага мірнага дагавора паміж РСФСР і Польшчай. у выніку якога тэрыторыя Беларусі была разрэзана амаль папалам. У 2-м артыкуле савецка-польскага мірнага дагавора 1921 г. так апісвалася лінія дзяржаўнай мяжы: «…далей да сярэдзіны дарогі паміж Нясвіжам і Цімкавічамі (на захад ад Кукавічаў) пакідаючы вёскі Свярынава, Кутец, Луніна, Язвіны Паўночныя, Белікі, Язвін, Рымашы і Кукавічы (усе тры) на баку Беларусі, а на баку Польшчы вёскі Куль, Бучнае, Дзвянопаль, Журавы, Пасекі, Юшэвічы, Лісуны Паўночныя і Паўднёвыя, Султанаўшчына і Пляшэвічы; далей да сярэдзіны дарогі паміж Клецкам і Цімкавічамі (паміж вёскамі Пузава і Праходы), пакідаючы на баку Беларусі вёскі Раёўка, Савічы, Заракаўцы і Пузава, а на баку Польшчы вёскі Марусін, Смолічы Усходнія, Ляцешын і Праходы; далей да Маскоўска-Варшаўскай шашы, перасякаючы яе на захад ад вёскі Філіпавічы Заходнія, пакідаючы вёску Цехава на баку Беларусі, а вёску Ёдчыцы на баку Польшчы…»

25 сакавіка 1921 г. было падпісана пагадненне польска-расійскай вайсковай камісіяй, якое ліквідавала нейтральную зону. Войскі 16-й арміі прасунуліся да лініі мяжы.

Такім чынам, ваенныя дзеянні на тэрыторыі Капыльскай і суседніх валасцей былі скончаны. На тэрыторыі ўсяго Слуцкага павета ўсталявалася савецкая ўлада.

ДАДАДЗЕНЫЯ АРТЫКУЛЫ

Вайсковыя традыцыі беларусаў у XVI–XVIII стст

Вайсковыя традыцыі народу — адзін з элементаў нацыянальнае культуры. Пра іх шмат пішуць у наш час, але толькі ў дачыненні да XX ст. Прытым больш увагі ўдзяляюць гэтаму пытанню прапагандысты ў вайсковых вучэльнях, чым гісторыкі. Амаль зусім не закранаюцца яны, калі адносяцца да больш далёкага часу.

Вайсковыя традыцыі беларусаў XVI–XVIII стст. развіваліся на падставе баявога досведу продкаў ранейшых стагодцзяў, часоў Полацкага княства й Беларускае-Літоўскае дзяржавы. Ужо адышлі ў мінулае змаганне супраць нямецкіх крыжакоў і крымскіх татараў. У шматлікіх бітвах беларускія вайскоўцы набывалі вопыт. Склаліся новыя формы вайсковай арганізацыі, змяняліся віды зброі, метады фармавання воінскіх адзінак, характар баявых дзеянняў. Адышло ў гісторыю ўсеагульнае апалчэнне мужчынаў племянной эпохі. Да XVI ст. вылучыліся людзі ваенна-служылага стану, асноўны абавязак якіх — абарона Радзімы ад нападаў ворагаў. Сяляне ўжо не ўдзельнічалі ў бітвах феадальнага перыяду больш позняга часу. Гэткі парадак захоўваўся да канца XVIII ст., пакуль Беларусь не была далучана да Расеі з яе рэкруцкаю павіннасцю.

Такім чынам, вайсковая справа ў XVI–XVIII стст. належала аднаму стану — шляхце. У XVI ст. яшчэ ў паходах удзельнічалі й іншыя ваенна-служылыя людзі — баяры панцырныя, баяры путныя, слугі путныя, блізкія сацыяльным станам да шляхты, але з цягам часу гэтая катэгорыя вайскоўцаў змяншаецца і ў XVII–XVIII стст. ужо не вылучаецца асобна, бо часткова ўвайшла ў шэрагі шляхты, часткова склала прамежкавую групу паміж шляхтай і сялянамі. Толькі ў баях на сваёй зямлі ўдзельнічалі гараджане й сяляне.

Гісторык XVII ст. Шымон Старавольскі ў сваёй кнізе пра Рэч Паспалітую, выдадзенай у 1632 г., пісаў: «Ніколі захопніцкіх войнаў з суседнімі народамі ня вядзём, калі толькі іх сілай спачатку нас не справакуюць, і то толькі, каб адпомсціць за крыўды і вярнуць захопленыя землі, а не для заняцця іх уладанняў і панавання над імі». Гаворачы пра ўсю Рэч Паспалітую, аўтар заўважыў: «Таму наша войска больш да абароны айчыны прыстасаванае, чым для здабывання гарадоў іншаземных… Таму таксама войска наша ў большасці складаецца з конніцы, амаль выключна са шляхты, і служыць для бітвы ў адкрытым полі, каб, ідучы наперад, супрацьстаяць непрыяцелю раней, чым ён прыйдзе да нашае граніцы».

Са старажытных часоў адной з вайсковых традыцыяў у беларусаў была конная атака. Таму з маленства шляхціцы рыхтаваліся да ваенных дзеянняў, пераважна ў конных шэрагах і ў паядынках на полі бою. Пачуццё годнасці выхоўвалася не толькі ў доме, але й на вайне. Валоданне тэхнікай блізкага бою, фехтаванне, уменне карыстацца агнястрэльнаю зброяй, тактыка коннага і пешага бою загартоўвалі шляхціца з маладых гадоў, развівалі пачуццё мужнасці, адказнасці, патрыятызму.

Менавіта гэтыя рысы беларускае шляхты й дапамагалі перамагаць колькасна большага ворага. Класічным прыкладам ёсць перамога беларускага войска на чале з гетманам найвышэйшым Канстанцінам Астрожскім над маскоўскімі ваяводамі й войскам у бітве пад Воршай 8 верасня 1514 г. У ёй і падчас уцёкаў маскоўскае войска страціла палову свайго складу — 40 тыс. чалавек з 80 тыс. А К. Астрожскі меў толькі 30 тыс. вайскоўцаў. У гэтай бітве праявілася маральная падрыхтоўка вайскоўцаў. Так, гетман найвышэйшы князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі вёў сваё войска ў бой са сцяжкамі-вымпеламі (на дзідах) бел-чырвона-белага колеру, пра што сведчыць першая батальная карціна ва Ўсходняй Еўропе пра Аршанскую бітву (1520). Такім чынам, беларускія вайскоўцы ішлі ў бой са старадаўнімі баявымі сцягамі нацыянальных колераў. Войска Беларускае-Літоўскае дзяржавы выступала паддзяржаўным чырвоным сцягам з сярэбранаю выявай Пагоні на адным баку і выявай Багародзіцы з дзіцяткам Ісусам — з другога. Побач быў і гетманскі сцяг блакітнага колеру. З аднаго боку на ім была Пагоня ў чырвоным полі, з другога — абраз святога Станіслава.

Як сведчыць гісторык XVI ст. М. Стрыйкоўскі, а 9 гадзіне раніцы ў пятніцу 8 верасня 1514 г., «на Рожество Пресвятыя Богородицы», князь К. Астрожскі паставіў войска ў баявых парадках. Як заўсёды тэта рабілася, праваслаўныя святары правялі багаслужбу за перамогу, бо бальшыню беларускага войска складалі праваслаўныя баяры-шляхта, але было нямала і каталікоў, то імшу служылі і ксяндзы.

Адзін з элементаў падрыхтоўкі — «гарцы» на пачатку бітвы. Гэта асобныя паядынкі паміж коннікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх вайскоўцаў да бою.

I, урэшце, перад наступам Канстанцін Астрожскі звярнуўся да свайго войска з заклікам ісці наперад. У адказны момант бою, калі войска Івана Чалядніна пайшло ў атаку й нечакана было расстраляна з гарматаў, пра якія не ведала, К. Астрожскі павёў войска ў контратаку. Скачучы на кані перад коннікамі, гетман звярнуўся да рыцараў: «Вось цяпер наперад, дзеці!» (яму было ўжо 54 гады). Ён казаў маладым рыцарам пра недалёкую перамогу і трыумф, што непрыяцель ужо «млее». Ён заклікаў «мілых братоў» аднавіць мужнасць у гэтай хвілі: «Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля паблыталіся ўжо. На нашым баку стаіць сам Бог і дадае нам з неба абарону». Астрожскі заклікаў усіх смела ісці ў бой за ім, бо ён першы ставіць сваю галаву ў ахвяру і першы ідзе ў атаку з шабляй у руцэ, каб яе акрывавіць. Ён напомніў рыцарам пра слаўныя бітвы продкаў і каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. Гэтая прамова славутага палкаводца псіхалагічна ўздзейнічала на беларускіх-літоўскіх вайскоўцаў, і яны рушылі ў пераможную атаку.

На наступны дзень пасля праваслаўнае багаслужбы ў «гонар святое Тройцы і на хвалу Госпада Бога» і каталіцкай імшы падчас урачыстага абеду, на які прывялі палонных, К. Астрожскі павіншаваў сваіх ваяводаў, ротмістраў і рыцараў з перамогай. Калі князь вярнуўся ў Вільню, ён зрабіў багатую фундацыю царкве Свята-Духаўскага праваслаўнага манастыра ў падзяку Богу за дараваную яму пад Воршай перамогу «над непрыяцелем і супастатам Праваслаўнае Царквы» — вялікім князем маскоўскім Васілём III. У памяць прымацавалі дошку з надпісам па-беларуску пра фундацыю К. Астрожскага.

Меншымі сіламі беларускія вайскоўцы выйгравалі й іншыя бітвы. Так, падчас Лівонскае вайны ў бітве на Іваньскіх палях над ракою Улай (на поўнач ад Чашнікаў), у сераду вечарам 26 студзеня 1564 г., гетман вялікі Мікалай Юр'евіч Радзівіл Руды са сваёю конніцай у 4 тыс. рыцараў і каля 6 тыс. казакоў і сялянаў напаў знянацку на лагер маскоўскага войска князя Пятра Шуйскага. Падчас бою загінулі 25 тыс. маскоўскіх вайскоўцаў, а 5 тыс. уцяклі ў Полацк. Ваяводу Пятра Шуйскага забіў сякерай просты селянін. У бітве пад Кірхгольмам (Саласпілсам) 26 верасня 1605 г. коннае войска гетмана вялікага Яна Караля Хадкевіча з 8 тыс., з іх 1 тыс. пяхоты, цалкам разграміла войска шведскага караля Карла IX з 14 тыс. чалавек. Пры гэтым вызначылася конніца Яна Пятра Сапегі на правым крыле. 9 тыс. шведаў загінулі, некалькі сотняў узялі ў палон. Перамога была дасягнута дзякуючы ўдарам у флангі й тыл шведскае пяхоты разам злабавой атакай. Яшчэ адзін прыклад перамогі малымі сіламі — гэта бітва пад Клушынам 4 ліпеня 1610 г., калі 35-тысячная армія няздатнага палкаводца князя Дзмітрыя Шуйскага (брата цара) пацярпела паразу ад арміі гетмана Станіслава Жулкеўскага, з амаль цалкам коннага войска з 6,5 тыс. чалавек, у якое ўваходзілі атрады польскае і беларускае шляхты і ўкраінскіх казакоў. У выніку ў Маскве адбыўся дзяржаўны пераварот. Дваране на чале з Захарам Ляпуновым скінулі са стальца цара Васіля Шуйскага, і ў Маскве ўсталявалася ўлада сямібаяршчыны на чале з князем Ф. Мсціслаўскім.

Поделиться с друзьями: