Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Супраць вуніі з Польшчай выступіла частка паноў-рады на чале зь Мікалаем Янавічам Радзівілам, віленскім ваяводам, канцлерам і маршалкам земскім. Такім чынам, беларуская і ўкраінская шляхта была за вунію, а магнаты ― супраць фэдэрацыі, за захаваньне цалкам незалежнай дзяржавы. Некалькі гадоў барацьбы, абмеркаваньне пытаньня на розных соймах урэшце прывялі да абвешчаньня ў Любліне дзяржаўнай вуніі ды стварэньня фэдэрацыі ― Рэчы Паспалітае.
Падчас паседжаньняў сойму ўкраінскія ваяводзтвы й Падляшша, на жаданьне тамтэйшае шляхты, увайшлі ў склад Польшчы. Украінская шляхта ратавалася ў Польшчы ня гэтулькі ад маскоўскай, колькі ад турэцка-татарскай пагрозы. Толькі шляхта Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва не захацела далучацца да Польшчы й засталася ў Беларускім-Літоўскім гаспадарстве, а Мазырскі павет з таго часу ўвайшоў у склад Менскага ваяводзтва.
Акт Люблінскай вуніі прынялі 1 ліпеня 1569 г. Кароль падпісаў яго 4 ліпеня. 11 жніўня абвесьцілі дадатковы акт («зацьверджаньне вуніі»), паводле якога вызначаўся склад сэнату й парадак месцаў у ім, Абедзьве дзяржавы, якія ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай, захавалі асобную дзяржаўную адміністрацыю (з асобнымі кіроўнымі пасадамі), войскі, скарб і права біць аднолькавую манэту, адміністрацыйны й судовы апарат, свае законы, сваю мытную сыстэму і, натуральна, свае дзяржаўныя гербы ды сьцягі. Калі да Люблінскай вуніі польскім аддзелам падчас вайны трэба было плаціць грошы зь літоўскага скарбу, дык пасьля яе гэтыя войскі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ваявалі ўжо за свой кошт. Сойм Рэчы Паспалітай прымаў асобныя законы для абедзьвюх частак фэдэрацыі. Агульных законаў не было. Захоўваліся і свае дзяржаўныя мовы: у Польшчы ― лацінская, Беларускай-Літоўскай дзяржаве ― беларуская.
Асобным актам 3 жніўня герцагства Курляндыя было абвешчана васалам Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага. Ліфляндыя (Інфлянты) сталася іхным агульным валоданьнем (кандамініум). Цяпер Беларуская-Літоўская дзяржава мела агульную з Польшчай зьнешнюю палітыку. У сувязі з гэтым наша краіна пашырае свае геапалітычныя інтарэсы, больш актыўна выходзіць у Заходнюю Эўропу, уключаецца ў дыпляматыю балтыйскіх і нямецкіх дзяржаваў. Разам з тым для яе па-ранейшаму важнымі застаюцца ўсходні і паўднёвы кірункі зьнешняй палітыкі. І ўсё ж трэба зазначыць, што зьнешняяпалітыка вялася цяпер з Варшавы, у значнай меры з улікам польскіх інтарэсаў.
Посьпехі і няўдачы ўсходняй палітыкі
Увесь пэрыяд XVI―XVIII стст. зь зьнешнепалітычнага гледзішча можна падзяліць на два этапы: другая палова XVI ―сярэдзіна XVII ст. і другая палова XVII―XVIII стст. Іхны рубеж―гэта вайна 1654―1667 гг. паміж Расеяй і Рэччу Паспалітаю.
Да сярэдзіны XVII ст. усходняяпалітыка Рэчы Паспалітай вызначалася настойлівымі спробамі ня толькі захаваць бясьпеку іхных межаў, але й аднавіць тэрытарыяльныя страты, якія панесла раней Беларускае-Літоўскае гаспадарства ў войнах з Масковіяй.
Гэта нашай фэдэратыўнай дзяржаве ўдалося. Усходняя палітыка Рэчы Паспалітай была таксама шчыльна зьвязаная зь яе прыбалтыйскаю палітыкай.
Пасьля Лівонска-Полацкай вайны да канца XVI ст. пэўны час захоўваліся мірныя дачыненьні з Маскоўскаю дзяржаваю. Тым ня менш яшчэ кароль Стэфан Баторы зьбіраўся пачаць новую вайну з Масквою, вярнуць Смаленск і Северскую зямлю. Аднак зьдзейсьніць свой плян не пасьпеў, бо памёр у Горадні ў сьнежні 1586 г.
На выбарчым сойме 1587 г. каралём польскім і вялікім князем Літоўскім быў абраны 20-гадовы спадкаемны прынц Швэцыі Жыгімонт Ваза, плямень нік апошняга Ягайлавіча ― Жыгімонта Аўгуста, ультракатолік.
Пасьля сьмерці бацькі ў 1592 г. ён стаўся і каралём Швэцыі. У 1599 г. швэдзкія дваране-пратэстанты на сойме дэтранізавалі Жыгімонта, а ў 1604 г. абвесьцілі ягонага дзядзьку каралём Карлам IX. Цяпер Жыгімонт Ваза рабіў намаганьні, каб вярнуць сабе швэдзкую карону. У 1600 г. ён пачаў вайну з Швэцыяй, якая доўжылася ― пераважна ў Латвіі ды Эстоніі―да 1611 г. У вайну была ўцягнутая і Беларуская-Літоўская дзяржава, яе войска, якое на чале з гетманам вялікім Янам Каралем Хадкевічам здабыло бліскучую перамогу над швэдзкім — 27 верасьня 1605 г. ля Кірхгольма (Саласьпілса), за 15 км ад Рыгі. Аднак выкарыстаць перамогу Жыгімонт ня здолеў. Вайсковыя дзеяньні ў гэтым раёне сьціхлі.
Новы паварот ва ўсходняй палітыцы адбываецца на рубяжы XVI і XVII стст. Пасольства на чале зь Левам Сапегам, адпраўленае ў 1600 г. у Маскву, прапанавала расейскаму ўраду цара Барыса Гадун ова заключыць «вечны мір» і шчыльны саюз паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй на аснове палітычнай вуніі, з супольнаю зьнешняю палітыкай і шырокімі сувязямі паміж людзьмі, нават з правам узаемна выслужваць вотчыны й маёнткі ў кожнай зь дзяржаваў, з дазволам узаемна пашыраць каталіцкую і праваслаўную канфэсіі, з агульным вайсковым флётам, з правам спадчыннасьці тронаў, зь вяртаньнем Смаленска, Северскай зямлі і трох цьвердзяў, што належалі Полацку, Вялікаму Княству Літоўскаму. Гэты плян стаўся праграмаю паступовага аб'яднаньня славянскіх дзяржаваў пад эгідаю Варшавы й Вільні. Маскоўскі цар адхіліў прапанову.
Пасьля гэтага кароль Жыгімонт і група магнатаў ды шляхты прапанавалі далучыць Маскоўскае царства да Рэчы Паспалітай як трэцяга ўдзельніка фэдэрацыі, побач з Польшчаю і Беларускаю-Літоўскаю дзяржаваю. У крайнім выпадку яны згаджаліся на зьвяз з Масквою, але з царом, які быў бы абавязаны ім тронам, або з каралевічам польскім у якасьці цара.
Беларускія магнаты й шляхта пераважна падтрымалі кандыдатаў на маскоўскі трон Ілжэдзімітрыя І ды Ілжэдзімітрыя II, выхадца зь Беларусі (ці то з Магілева, ці то са Шклова). Урэшце, у 1609 г., Жыгімонт распачаў вайну з Маскоўскаю дзяржаваю, бо цар Васіль Шуйскі запрасіў у Расею для барацьбы з тушынцамі, прыхільнікамі Ілжэдзімітрыя ІІ, швэдзкі корпус Я. Дэлягардзі. Гэта быў акт супраць Жыгімонта Вазы, які ўперад меў тытул і караля Швэцыі.
Дэтранізаваны сваім дзядзькам Карлам IX і лютаранскім дваранствам, ён працягваў барацьбу за швэдзкі пасад. Вайна прывяла да заваёвы Смаленска й Северскай зямлі ды часовага абвешчаньня (1610―1612 гг.) Жыгімонтавага сына каралевіча Ўладзіслава маскоўскім царом. Яму прысягнулі ўрад у Маскве («сямібаяршчына»), жыхары Масквы ды іншых гарадоў. Аднак беларуска-польскі гарнізон у Маскве стаяў толькі два гады, і ў 1612 г. Маскву заняло другое апалчэньне на чале з К. Мініным і князем Дз. Пажарскім. Спроба польска-беларускага войска каралевіча Ўладзіслава на чале з гетманам Янам Каралем Хадкевічам разам з украінскім казацкім войскам атамана Пятра Канашэвіча Сагайдачнага заняць Маскву ў 1617―1618 гг. скончылася няўдачай. 11 сьнежня 1618 г. было заключана Дзявулінскае замірэньне на 14 з паловай гадоў. Да ВКЛ адыходзілі адвечныя беларускія землі Смаленшчыны (апроч Вязьмы) з гарадамі Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаў, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы ― Чарнігава-Северская зямля. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Русі», але ж і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.
Іншыя кірункі зьнешняе палітыкі да сярэдзіны XVII ст
Прычыны няўдалых паходаў на Расею ― ня толькі ў нягнуткай палітыцы да Масквы, але і заўсёдная занятасьць на поўдні краю ― дачыненьні з Аўстрыяй, Малдовай, Крымам. Жыгімонт Ваза дзеля свайго ўльтракаталіцызму падтрымліваў германскага імпэратара ў яго барацьбе супраць Чэхіі й Трансыльваніі.
Якраз у першым пэрыядзе Трыццацігадовай вайны ў Эўропе (1618―1648 гг.) адбывалася чэскае паўстаньне супраць Габзбургаў, імпэратараў Германіі і ўладароў Аўстрыі. Жыгімонт Ваза падтрымаў імпэратара, хаця гэта не адпавядала стратэгічным інтарэсам дзяржавы. Варожае стаўленьне да князя Трансыльваніі Габрыеля Баторага (Габара Батары) прывяло да пагаршэнньня дачыненьняў з Турцыяй. Паколькі Габрыель Баторы меў падтрымку турэцкага султана, то на Ўкраіну і паўднёвыя ваяводзтвы Польшчы пачалі нападаць крымскія татары. Урэшце пачалася вайна з Турцыяй. У 1620 г. у бітве ля Цацоры (цяпер Тутора ў Румыніі, недалёка ад Ясаў) польскае войска разьбілі туркі. Наступным годам пад Хоцімам (цяпер Чарнавіцкая вобласьць Украіны) адбыўся рэванш. Тут дзейнічалі польскія, беларускія-літоўскія войскі і ўкраінскія казакі пад агульнаю камандаю гетмана Яна Караля Хадкевіча. Але і гэтую перамогу кароль Жыгімонт таксама ня выкарыстаў ― дзеля сваёй нерашучасьці.
У 1621―1629 гг. адбылася чарговая вайна паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй. Ваенныя дзеяньні ішлі ў Прыбалтыцы ― на тэрыторыі Ліфляндыі, Курляндыі й Прусіі. У іх брала ўдзел і беларускае-літоўскае войска з гетманам польным літоўскім Крыштафам Радзівілам. У 1622 г. яно адбіла ў швэдаў Мітаву (цяпер Ёлгава). Швэдзкі кароль Густаў II Адольф у 1625 г. нават захапіў цьвердзь Біржы, а потым і Літву. Беларускае-літоўскае войска ўзначаліў гетман вялікі літоўскі Леў Сапега.
17 студзеня 1626 г. ля Вальмойзы (паміж Мітавай і Кокенгаўзэнам) Станіслаў Сапега, гетманаў сын, прайграў бітву каралю Густаву Адольфу. У 1627 г. было заключана замірэньне, а 26 верасьня 1629 г. і мір у Альтмарку. Тэрыторыя Ліфляндыі з Рыгай адышла да Швэцыі. У Рэчы Паспалітай засталася Латгалія (Інфлянты) і васальная Курляндыя.