ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Але нежанатаму Баторыю, якому было 44 гады, сойм паставіў абавязкам ажаніцца з каралеўнай Ганнай, дачкой караля і вялікага князя Жыгімонта Старога і сястрой апошняга з роду Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста. Такім чынам як бы законна працягвалася панаванне дынастыі Ягелонаў. Баторый вымушаны быў прыняць гэтыя цяжкія ўмовы.

Ганна Ягелонка ніколі не была замужам, а ёй было ажно 54 гады. Але карона так вабіла Баторыя, што ён згадзіўся. Вядома, чакаць дзяцей ад гэтага шлюбу было дарэмна.

Стафан Баторый перад ад'ездам у Кракаў пераканаў трансільванскі сойм выбраць новым князем Трансільваніі ягонага старэйшага брата Крыстофа. Пасля гэтага ён назаўсёды пакінуў радзіму.

Баторый у Польшчы і Вялікім Княстве

Баторый прыехаў у тагачасную сталіцу Польшчы Кракаў. 29 красавіка 1576 г. ён быў каранаваны ў каралеўскім замку Вавель, а 1 мая ажаніўся з Ганнай. Але акрамя гэтай асалоды — каранацыі, трэба было яшчэ замацаваць сваё панаванне. Яшчэ шмат месяцаў у Польшчы ішла збройная барацьба з апазіцыяй, прыхільнікамі імператара Максіміліяна II. Супраціўленне аказаў і горад Гданьск. Толькі ў 1577 г. пасля паразы атрадаў, нанятых багатымі гараджанамі Гданьска, улада караля была прызнана апазіцыяй.

Пасля гэтага Стафан Баторый мусіў звярнуць увагу на адносіны з Маскоўскай дзяржавай. Іван IV Жахлівы, выкарыстаўшы палітычнае становішча ў Рэчы Паспалітай, занятай выбарамі караля, пачаў новы наступ у Лівоніі, авалодаў тэрыторыяй ад ваколіц Рыгі да Дынабурга (Даўгаўпілса) — усёй усходняй часткай цяперашняй Латвіі і паўднёвай часткай Эстоніі. Новая пагроза навісла над Вялікім Княствам Літоўскім. Сабраўшы войска і атрымаўшы грошы на вядзенне вайны, Стафан Баторый вырашыў спачатку вызваліць Полацк ад расійскай акупацыі. Кароль старанна падрыхтаваў паход на Полацк і Пскоў, каб адрэзаць рускія войскі ў Лівоніі ад Расіі. Апошняя нарада перад паходам адбылася ў Свіры. У ліпені 1579 г. вялікае войска Стафана Баторыя рушыла на Полацк. Яно складалася з беларускага-літоўскага войска і польскага, бо ў Рэчы Паспалітай кожная з дзвюх дзяржаў мела свае вайсковыя фармаванні. У войску былі таксама венгерскія атрады і наёмнікі-немцы. Разам армія Баторыя налічвала 40 тысяч чалавек. Яна накіравалася цераз Дзвіну да Полацка. Адначасова беларускія-літоўскія перадавыя атрады гетмана вялікага літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога і яго сына гетмана польнага літоўскага Крыштафа Радзівіла занялі замкі Казяны, Сітна і Краснае, выбіўшы адтуль і знішчыўшы расійскія гарнізоны.

4 жніўня 1579 г. пачалася аблога Полацка. Спроба Івана Жахлівага прыслаць пяць тысяч коннікаў на дапамогу расійскаму гарнізону ў Полацку на чале з Барысам Шэіным і Фёдарам Шарамецевым скончылася няўдачай. Гэтае войска вымушана было схавацца ў крэпасці Сокал за 20 кіламетраў ад Полацка. Асаджаны ў Полацку, у крэпасці, абнесенай дубовымі сценамі, расійскі гарнізон на чале з ваяводамі Васіліем Целяцеўскім і Пятром Валынскім трымаўся больш за тры тыдні. Цяжка было і войску Баторыя, бо ўсе ваколіцы Полацка былі цалкам спустошаны яшчэ раней царскімі войскамі. Урэшце 30 жніўня 1579 г. драўляныя сцены крэпасці паддаліся агню, і гарнізон горада капітуляваў. 4 верасня штурмам была ўзята крэпасць Сокал, а праз месяц і Суша. Вызваленне Полацка адвяло бяду ад беларускай зямлі. Баторыя на Беларусі называлі Сцяпан Батура.

Наступную кампанію 1580 г. Стафан Баторый праводзіў ужо на расійскай тэрыторыі, там, дзе яго не чакалі. Рускі цар раскідаў свае вайсковыя сілы ўздоўж мяжы з Лівоніяй і Беларуссю. Войскі Баторыя займалі крэпасці і гарады Усвят, Веліж; восенню 1580 г. былі ўзяты моцныя крэпасці Вялікія Лукі і Невель, заняты Завалочча і Езярышча, а ў канцы года — Холм і Старая Руса. Войскі Рэчы Паспалітай былі недалёка ад Ноўгарада, рускія войскі ў Лівоніі былі адрэзаны ад асноўных камунікацый Расіі.

< image l:href="#"/>

Стафан Баторый пад Псковам (малюнак Яна Матэйкі)

У вайсковай кампаніі 1581 г. Баторый пайшоў на Пскоў. Але ў гэты час феадальны парламент Рэчы Паспалітай адмовіў каралю ў павелічэнні грашовых сродкаў на вядзенне вайны. Гэта скарыстаў Іван IV і кінуў свае войскі на Беларусь. І хаця яны былі адбітыя на сваю тэрыторыю, аднак ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава, і так пацярпелыя раней, былі зноў спустошаны расійцамі. У верасні 1581 г. войскі Баторыя, падыходзячы з поўдня і з усходу, асадзілі Пскоў. Беларускія-літоўскія атрады Крыштафа Радзівіла, Філона Кміты, зрабіўшы глыбокі рэйд на Волгу, часова занялі Старыцу і Ржэў, не дайшоўшы 50 кіламетраў да Цвяры. Гэты рэйд вельмі напужаў Івана IV. Адтуль праз Таропец і Старую Русу яны пайшлі на Пскоў і далучыліся да Стафана Баторыя. Штурмы Пскова пры яго аблозе не далі вынікаў, але і гарнізон гэтай крэпасці ўжо не мог трымацца далей. 15 студзеня 1582 г. Расія і Рэч Паспалітая падпісалі 10-гадовае замірэнне. Расія адмаўлялася ад Прыбалтыкі (Лівоніі) і ад Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала ёй заваяваныя крэпасці на расійскай тэрыторыі. 24-гадовая Лівонская вайна скончылася. Паколькі Баторый не быў задаволены яе вынікам, ён пачаў рыхтавацца да новай вайны, але не паспеў яе пачаць.

Перамогі войска, якім камандаваў Стафан Баторый, уратавалі Вялікае Княства Літоўскае ад спусташэння і зруйнавання, ад жахлівай царскай акупацыі, ад жахаў унутранай палітыкі Івана Жахлівага — апрычніны са знішчэннем не толькі баяраў, але і іншых груп насельніцтва, уключаючы і сялян. Для беларускай шляхты перамога над Расіяй азначала не толькі захаванне свайго жыцця і маёмасці, але і мясцовага самакіравання, заканадаўчага прадстаўніцтва, Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г., асабістых правоў з правам асабістай недатыкальнасці. Гэтага, безумоўна, не было ў расійскай дзяржаве. На гэты раз незалежнасць Беларусі была выратавана перш за ўсё дзякуючы патрыятызму і мужнасці беларускага-літоўскага войска.

Баторый-рэфарматар

Стафан Баторый увайшоў у гісторыю як рашучы рэфарматар. Ён намагаўся ўзмацніць дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай. Ягоныя рэформы былі скіраваныя на ўзмацненне пазіцый сярэдне- і дробнамаянтковай шляхты і на аслабленне пазіцый магнатаў у дзяржаве. Ён таксама быў прыхільнікам узмацнення цэнтральнай улады, і перадусім каралеўскай. 3 найбольш важных ягоных рэформаў трэба адзначыць утварэнне галоўных судоў — Трыбунала Кароннага ў Польшчы і Галоўнага Трыбунала Літоўскага ў Беларускай-Літоўскай дзяржаве, склад якіх выбіраўся з шляхецкіх дэпутатаў, а не прызначаўся якім-небудзь органам улады. Нягледзячы на прыбыццё ў Вільню і потым у іншыя гарады краіны прадстаўнікоў Ордэна езуітаў на хвалі контррэфармацыі і адваявання пазіцый, страчаных раней каталіцкай царквой, Стафан Баторый заставаўся прыхільнікам рэлігійнай талеранцыі. На нашай зямлі не палалі вогнішчы інквізіцыі.

Вялікім крокам у пашырэнні адукацыі ў нашым краі было ўтварэнне Баторыем 1 красавіка 1579 г. Віленскай акадэміі — вышэйшай навучальнай установы, роўнай у правах Ягелонскаму універсітэту ў Кракаве. У гэтай акадэміі вучыліся сотні студэнтаў з Беларусі, Літвы і іншых зямель на працягу больш чым 250 гадоў.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стафан Баторый(малюнак Яна Матэйкі)

Каб мець пастаяннае войска не з наёмнікаў, а з мясцовых ураджэнцаў у дадатак да шляхецкай апалчэнскай конніцы (якая збіралася падчас вайны), Стафан Баторый правёў вайсковую рэформу. Паводле ўзору венгерскай пяхоты («хайдукоў», «хайдутаў»), якая набіралася з вольных людзей, пераважна з сялян, Баторый стварыў атрады выбранцаў — салдат-пехацінцаў у 1578 г. у Польшчы, а пазней у Вялікім Княстве Літоўскім. Гэтыя атрады таксама складаліся пераважна з сялян каралеўскіх (дзяржаўных) маёнткаў, якія за сваю вайсковую службу мелі льготы і вызваленне ад усялякіх павіннасцяў а таксама ўчасткі зямлі з 1–1,5 валокі (без падаткаў). Прывілеі выбранцаў распаўсюджваліся на іх нашчадкаў. Услед за каралём і магнаты пачалі ствараць свае выбранецкія атрады з сялян і шляхты. Выбранцы захаваліся як асобная група насельніцтва да XX ст. толькі на Случчыне — у Радзівілаў з такой жа назвай (аўтар гэтых радкоў сам з'яўляецца спадчынным выбранцам). Выбранцы ўдзельнічалі ва ўсіх войнах Рэчы Паспалітай у складзе польскага і беларускага-літоўскага войскаў. Так, у 1612–1615 гг. у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы з 12 выбранецкіх рот войска Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічала 10 рот беларускіх выбранцаў.

Стафан Баторый памёр 12 снежня 1586 г. у Гародні, у каралеўскім замку. Упершыню ў Беларусі было праведзена медыцынскае ўскрыццё цела памёрлага караля, каб зрабіць патолагаанатамічныя высновы хваробы і прычыны смерці. Раней царква не дазваляла гэтага. Але пры каралеўскім двары былі людзі з еўрапейскай адукацыяй, і дазвол быў атрыманы. Пытаннем было, ці правільна лячылі Баторыя, бо ён памёр даволі хутка пасля таго, як вярнуўся з палявання ў лясах каля Гародні. Хутчэй за ўсё, Баторый прастудзіўся, захварэў на пнеўманію і памёр ад гэтай хваробы і сардэчнай недастатковасці. Ад таго часу на Беларусі пачаліся патолагаанатамічныя ўскрыцці памёрлых. А было тады Сцяпану Батуру 55 гадоў. Ягоным імем названы ў Польшчы таварыствы, карабель, да 1939 г. называўся Віленскі універсітэт.

Жыгімонт Ваза (1566–1632)

Адной з гістарычных асобаў, што актыўна ўплывалі на палітычнае жыццё федэратыўнай Рэчы Паспалітай, а значыць і Беларускай-Літоўскай дзяржавы, з'яўляецца Жыгімонт Ваза, больш вядомы з падручнікаў гісторыі як кароль Жыгімонт (Сігізмунд, Зыгмунт) III Ваза.

Жыгімонт Ваза. Малюнак Яна Матэйкі (1861).

Пад такім нумарам ён вядомы як польскі кароль. Так лічаць польскія гісторыкі, а з імі і расійскія. У гэтым праявілася свядомая няўвага да гісторыі Беларусі. На самай справе гэты кароль быў вялікім князем літоўскім і рускім пад нумарам IV (бо ў XV ст. вялікім князем у нас быў Жыгімонт Кейстутавіч, яшчэ да Жыгімонта Старога — першага польскага караля). Так што для Беларусі і Літвы яго трэба лічыць Жыгімонтам IV. Каралём Рэчы Паспалітай ён быў 45 гадоў.

Поделиться с друзьями: