Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Дзяцінства і юнацтва Жыгімонта Вазы
Жыгімонт Ваза нарадзіўся ў Швецыі 20 чэрвеня 1566 г. у Грыпсгольме ў сям'і шведскага прынца Яна (па-шведску Юхана), другога сына шведскага караля Густава I, заснавальніка каралеўскай дынастыі Вазаў брата шведскага караля Эрыка XIV. Бацька Жыгімонта меў тытул герцага фінляндскага і кіраваў Фінляндыяй (тады Фінляндыя ўваходзіла ў склад Шведскага каралеўства). А маці Жыгімонта — Кацярына Ягелонка (1526–1583) — была дачкою караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога і Боны Сфорцы. Яна была старэйшая за мужа на 11 гадоў. Сын ад гэтага шлюбу быў названы ў гонар дзеда і меў усе падставы, каб потым прэтэндаваць на троны ў Кракаве і Вільні.
У гэты час у Швецыі вялася шматгадовая міжусобная барацьба паміж двума братамі — Эрыкам XIV і герцагам фінляндскім Юханам. Часова перамог кароль, які ўмацоўваў каралеўскую ўладу і абмяжоўваў уладу герцагаў, сваіх братоў на месцах. Юхан разам з жонкаю апынуўся ў замку, зняволены па загаду брата. Тут, у няволі, і нарадзіўся Жыгімонт. Але неўзабаве лёс палоннікаў змяніўся. Юхан вызваліўся і разам са сваімі прыхільнікамі атрымаў перамогу над каралём. Рыксдаг (парламент) скінуў Эрыка з трона і ў 1568 г. абвясціў каралём Швецыі Юхана III. Эрык быў у сваю чаргу зняволены пажыццёва і ў 1577 г. памёр у вязенні.
Маленькі Жыгімонт стаў кронпрынцам Швецыі, нашчадкам свайго бацькі-католіка. Маці і езуіты выхоўвалі яго ў каталіцкай веры, якой ён застаўся адданы на ўсё жыццё. Але гэта ўскладняла яго становішча ў пратэстанцкай Швецыі. Жыгімонт атрымаў добрую адукацыю. Размаўляў па-шведску, па-польску, па-беларуску, ведаў лацінскую, італьянскую, нямецкую мовы.
У 1586 г. у Гародні, на Беларусі, памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стафан Баторый. Удава караля, родная цётка Жыгімонта — Ганна Ягелонка — прапанавала кандыдатуру пляменніка на трон, аргументуючы гэта паходжаннем Жыгімонта Вазы па жаночай лініі ад Жыгімонта Старога. Кандыдатуру Жыгімонта падтрымаў уплывовы магнат, канцлер вялікі каронны і гетман вялікі каронны Ян Замойскі і сярэднемаянтковая шляхта. Яны былі супраць кандыдатуры другога прэтэндэнта — эрцгерцага аўстрыйскага Максіміліяна, брата германскага імператара. Частка шляхты падтрымала эрцгерцага. На выбарчым сойме 1587 г., дзе амаль не было прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, Жыгімонт Ваза быў абраны каралём у Рэчы Паспалітай — гэта значыць каралём польскім і вялікім князем літоўскім.
Частка польскай шляхты абрала каралём Максіміліяна, які з вайсковымі атрадамі ўступіў на тэрыторыю Польшчы і нават асадзіў Кракаў, але быў адбіты, а потым разбіты і ўзяты Я. Замойскім у палон. Ён мусіў адмовіцца ад кароны і быў адпушчаны ў Аўстрыю.
Жыгімонт Ваза ўсё ж пачуваўся на троне Рэчы Паспалітай няпэўна. Ён імкнуўся атрымаць падтрымку беларускіх-літоўскіх магнатаў і шляхты. Таму адным з першых крокаў ягонай палітыкі было выданне ў Кракаве 28 студзеня 1588 г. прывілея, які зацвярджаў III Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Статут падкрэсліваў самастойнасць гэтае дзяржавы («панства»), як і да Люблінскай уніі 1569 г. А польская шляхта прызнавалася «суседзямі», «чужаземцамі» і не мела права набываць і атрымліваць у Вялікім Княстве маёнткі і дзяржаўныя пасады. За шляхтай замацоўваліся шматлікія прывілеі. Тым самым Жыгімонту была гарантаваная падтрымка Беларускага-Літоўскага гаспадарства.
Але ў самой Польшчы, дзе амаль увесь час знаходзіўся Жыгімонт, малады кароль не толькі не з'яднаў шляхты, але даволі хутка паспеў сапсаваць стасункі з Янам Замойскім і большасцю шляхты. Гэтаму спрыяла ягоная палітыка збліжэння з Габсбургамі і Германскай імперыяй. Нават двойчы (1592 і 1605 гг.) ён ажаніўся з аўстрыйскімі эрцгерцагінямі, дарэчы, сёстрамі. Да таго ж Жыгімонт абкружыў сябе езуітамі, чужаземцамі і вузкім колам магнатаў, што не вельмі падабалася вольналюбівым палякам. Не падабалася ім і тое, што кароль не выканаў перадвыбарчых абяцанняў — не перадаў Эстонію, што была ў складзе Швецыі, у склад Рэчы Паспалітай.
Жыгімонт — кароль Швецыі
У 1592 г. памёр бацька Жыгімонта кароль Швецыі Юхан III, і Жыгімонт заняў і шведскі трон. На Балтыйскім моры яго валоданні займалі большую частку зямель — ад Гданьска да нарвежскай мяжы са Швецыяй. Але Жыгімонт не выкарыстаў магчымасцяў, каб аб'яднаць свае каралеўствы і Вялікае Княства Літоўскае. Гэта быў ганарлівы, упарты і флегматычны чалавек, нерашучы і схільны да парадаў сваіх прыдворных.
Галоўнай сваёй мэтай ён паставіў знішчыць у Рэчы Паспалітай рэфармацыю і вярнуць былыя пазіцыі каталіцкай царкве пры падтрымцы ордэна езуітаў. Такая палітыка толькі раз'ядноўвала грамадства і жаданых усеагульных поспехаў не мела. Цалкам правалілася яна ў Швецыі. Другой ягонай мэтай было ўмацаванне каралеўскай улады, а гэта ў Рэчы Паспалітай сустракала жорсткі адпор з боку шляхты і магнатаў.
З дазволу сойма Жыгімонт паехаў у Швецыю, каб прыняць уладу і каранавацца, аднак, ад'язджаючы назад у Кракаў, вымушаны быў пакінуць рэгенцтва (кіраванне замест сябе) свайму роднаму дзядзьку Карлу, герцагу сёдэрманландскаму, пратэстанту, а не католіку, як неўзабаве высветлілася, кіраўніку апазіцыі каралю. Яшчэ адна паездка ў Швецыю толькі падштурхнула выбух. У 1599 г. шведскія дваране-пратэстанты на сойме скінулі Жыгімонта з трона, а ў 1604 г. абвясцілі ягонага дзядзьку, рэгента, каралём Карлам IX. Цяпер Жыгімонт рабіў намаганні, каб вярнуць сабе шведскую карону. Ён пачаў рыхтаваць вайну, якая праходзіла потым на тэрыторыі Прыбалтыкі.
Жыгімонт падтрымаў у 1596 г. падчас абвяшчэння Берасцейскай царкоўнай уніі іерархію і царкоўны сабор уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне, аднак не дапусціў епіскапаў гэтай канфесіі ў склад сената Рэчы Паспалітай. Як шчыры католік Жыгімонт усяляк падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі і дапамагаў яе праводзіць, але як палітык і галава дзяржавы вымушаны быў зыходзіць з рэальнага становішча ў Рэчы Паспалітай, а таксама дбаць аб яе знешнепалітычных інтарэсах. Таму кароль, заступнік езуітаў, прычыніўся да пастаноў сойма Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631 гг., якія гарантавалі правы праваслаўных.
Вайна з Масквой
Не толькі кароль Жыгімонт Ваза, але і група магнатаў і шляхты прапанавалі здзейсніць план далучэння Маскоўскага царства да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі, побач з Польшчай і Беларускай-Літоўскай дзяржавай. Жыгімонт і кіруючыя колы Рэчы Паспалітай разлічвалі таксама на правядзенне царкоўнай уніі ў Маскоўскай дзяржаве. У крайнім выпадку згаджаліся на саюз з Масквой, але з царом, які быў бы абавязаны трону, або з каралевічам польскім у якасці цара.
Жыгімонт падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, даў яму дапамогу і дазволіў вербаваць у сваё войска польскую, беларускую і ўкраінскую шляхту. Калі ж Ілжэдзмітрый I быў забіты, а самазванец Ілжэдзмітрый II (дарэчы, выхадзец з Беларусі) не здолеў узяць Маскву і стаў лагерам каля яе ў сяле Тушына, Жыгімонт пачаў дзейнічаць самастойна.
Ужо з 1600 г. ён вёў вайну са Швецыяй. У 1605 г. польскае і беларуске-літоўскае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Янам Каралем Хадкевічам нанесла смяротны ўдар шведскім войскам каля Кірхгольма (Саласпілс), на поўдзень ад Рыгі. Шведскае войска мела трохразовую колькасную перавагу, але не вытрымала ўдараў конніцы, асабліва палка Яна Пятра Сапегі. Падчас бітвы ў Хадкевіча было 2400 коннікаў і 1000 пехацінцаў. У шведаў — 10 800 салдат, у тым ліку 5000 коннікаў. Кароль Карл IX мусіў з нязначнай колькасцю пяхоты адплыць у Швецыю, а рэшткі конніцы адышлі ў Пярну (Эстонія). Аднак выкарыстаць вынікі перамогі Жыгімонт не змог.
Па просьбе маскоўскага цара Васіля Шуйскага кароль Швецыі Карл IX у 1609 г. падпісаў дамову аб дапамозе цару ў ягонай барацьбе з Ілжэдзмітрыем II. Корпус шведскага генерала Я. Дэлагардзі з баямі прасоўваўся да Масквы. Саюз Масквы са Швецыяй і ўступленне шведскіх войскаў на расійскую тэрыторыю сталі зачэпкай для пачатку вайны Рэчы Паспалітай супраць Расіі.
Вайна была абвешчана ў верасні 1609 г. Сам кароль Жыгімонт узначаліў войска, да якога далучыліся польскія, беларускія-літоўскія і ўкраінскія атрады з-пад Тушына.