ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

У ліпені 1610 г. цар Васіль Шуйскі быў скінуты з трона. Тым часам польска-літоўскае і ўкраінскае войска падышло да Масквы з аднаго боку, а Ілжэдзмітрыя II — з другога.

Новы маскоўскі ўрад — «сямібаяршчына» — праз месяц заключае новы дагавор (на аснове лютаўскага) з каралём і абвяшчае Уладзіслава, ужо ў другі раз, царом Расіі. Дарэчы, у дарэвалюцыйных школьных падручніках, якія адпавядалі афіцыйнаму пункту погляду на гістарычныя падзеі, Уладзіслаў лічыўся ажно два гады, з 1610 да 1612 г. (да другога апалчэння пад кіраўніцтвам К. Мініна і Дз. Пажарскага), царом Расіі ў пераліку рускіх цароў.

I хоць пасля жнівеньскага дагавора 1610 г. Масква прызнала Уладзіслава царом, а жыхары прынеслі яму прысягу на вернасць, бацька і на гэты раз не адпусціў 15-гадовага сына на царства. Тым не менш маскоўскі ўрад кіраваў дзяржавай ад імя Уладзіслава. Каб падтрымаць маскоўскі ўрад і заняць трон, 17-гадовы Уладзіслаў разам з войскам, якое ўзначаліў гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч, падступіў да Масквы, але быў адбіты войскамі другога рускага апалчэння і казакамі князя Дз. Трубяцкога.

Маскоўскі баярскі ўрад спыніў сваё існаванне ўвосень 1612 г. — пасля заняцця Масквы войскам Мініна і Пажарскага і капітуляцыі Крамля, дзе знаходзіўся польска-літоўскі гарнізон і прыхільнікі ўрада Уладзіслава. Сярод іх, дарэчы, быў і Міхаіл Раманаў які неўзабаве на Земскім саборы 1613 г. быў абраны царом.

У 1617–1618 гг. нарэшце малады каралевіч Уладзіслаў, які меў у дадатак тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі, ужо сам узначаліў паход на Маскву, каб вярнуць свой трон. Праз Беларусь польска-беларускае войска Уладзіслава на чале з гетманам Хадкевічам зноў пайшло на Маскву. З поўдня на дапамогу Уладзіславу паспяшаліся ўкраінскія казакі на чале з гетманам П. Сагайдачным. Падтрымалі Уладзіслава і данскія казакі, і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў часоў паўстання Івана Балотнікава. Такая іх пазіцыя падмацоўвалася шматлікімі дарчымі граматамі цара Уладзіслава розным групам насельніцтва (з пэўнымі ільготамі), а гэта вельмі напалохала дваранскі ўрад Міхаіла Раманава, хаця, між іншым, ён складаўся з людзей, якія раней цесна супрацоўнічалі з польска-літоўскімі інтэрвентамі. Урад спешна пачаў рыхтаваць войскі.

Маскоўскія ваяводы здавалі Уладзіславу і Хадкевічу гарады. Здаўся Дарагабуж, потым Вязьма. У 1618 г. ваенныя дзеі адбываліся каля Масквы. Вычарпаныя баявыя рэсурсы і значныя страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перамовы. Недалёка ад Масквы, у вёсцы Троіцка-Сергіеўскага манастыра Дэуліне 1 (11) снежня 1618 г. было заключана замірэнне тэрмінам больш як на 14 гадоў. Умовы Дэулінскага замірэння былі цяжкія для Расіі. Да Беларускай-Літоўскай дзяржавы (была ў складзе Рэчы Паспалітай) фармальна адыходзілі адвечныя беларускія землі Смалешчыны (за выключэннем Вязьмы) з гарадамі Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаў, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Глухаў Лебядын і Ахтырка на Украіне. Каралевіч захаваў тытул рускага цара, але і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.

У наступныя гады Уладзіслаў удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай з Турцыяй (1621), у вайне са Швецыяй (1626–1629), у якіх удасканальваў сваё вайсковае майстэрства і навуку камандавання. Відаць, ваенная справа была яму даспадобы. Нават у часе падарожжаў па краінах Еўропы ён цікавіўся вайсковымі справамі…

Кароль, але не цар

30 красавіка 1632 г. памёр кароль Жыгімонт Ваза. Аўтарытэт Уладзіслава Зыгмунтавіча сярод шляхецкай масы быў вялікі, і на выбарчым сойме Рэчы Паспалітай 8 лістапада таго ж года ён аднагалосна быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім.

Пачатак яго панавання быў незайздросны. Карыстаючыся бескаралеўем, Міхаіл Раманаў распачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай. На Смаленск накіравалася армія пад кіраўніцтвам баярына М. Шэіна, які яшчэ ў 1609–1611 гг. узначальваў абарону Смаленска. Шэін ўзяў Дарагабуж і аблажыў Смаленск. З невялікімі сіламі гетман польны літоўскі Крыштаф Радзівіл здолеў двойчы ў сакавіку 1633 г. прарваць аблогу і падмацаваць смаленскі гарнізон атрадамі пяхоты і боепрыпасамі. Армія Шэіна затрымалася ля Смаленска. Абстрэл горада цяжкімі гарматамі і штурм вынікаў не далі.

30 жніўня 1633 г. ля Смаленска са сваім войскам з'явіўся кароль і цар Уладзіслаў. Маскоўскае войска было акружана польскім і беларускім-літоўскім войскамі, а таксама ўкраінскімі казакамі. Спроба Шэіна выйсці з акружэння не ўдалася, у ягоным лагеры не хапала ежы. Дваране, даведаўшыся, што конніца крымскага хана рабуе і паліць іхнія маёнткі ў Расіі, пачалі ўцякаць з войска. Нарэшце расійцы капітулявалі (з дазволу цара Міхаіла Раманава) — з умовай вольнага адыходу з лагера са сцягамі і ручной зброяй. Але ўсю артылерыю давялося пакінуць пераможцам. Палянаўскі мір у чэрвені 1634 г. зацвердзіў умовы Дэулінскага замірэння, замацаваўшы Смаленшчыну ў складзе Беларускай-Літоўскай дзяржавы.

Аднак Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад тытула расійскага цара і вярнуць Расіі арыгінал крыжацалавальнай граматы 1610 г. маскоўскіх баяраў аб яго абранні царом.

Манета 1648 г. з выявая Уладзіслава IV Ваза.

Падчас свайго панавання ў Рэчы Паспалітай Уладзіслаў праводзіў знешнюю палітыку, скіраваную на забеспячэнне інтарэсаў сваёй дынастыі, а не краіны. Пачалі праяўляцца і ягоныя супярэчнасці з магнатамі (асабліва на Украіне), якія сталі моцнай апазіцыяй каралю і нават атрымалі мянушку «каралевяты» — з-за амаль самастойнай улады ў іх шырокіх латыфундыях.

На соймах таксама пачаліся спрэчкі паміж фанатычнымі прыхільнікамі каталіцызму, з аднаго боку, і некатолікамі і католікамі — прыхільнікамі рэлігійнай талеранцыі, з другога, якія стаялі на пазіцыях роўнасці хрысціянскіх веравызнанняў. Уладзіслаў прыняў бок апошніх, збіраў прадстаўнікоў пратэстантаў намагаючыся дасягнуць згоды з каталіцкай царквой. Ён спрыяў пагадненню паміж уніяцкай і праваслаўнай цэрквамі, і шмат цэркваў было вернута праваслаўным.

Больш памяркоўную палітыку, праўда, непаслядоўна, ён праводзіў і ў дачыненні да ўкраінскіх казакоў. У 1632 г. кароль прызнаў іерархію праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай на чале з кіеўскім мітрапалітам, якая была ўзноўлена ў 1620 г. пасля Берасцейскай царкоўнай уніі. У той жа час казацкія паўстанні на Украіне жорстка здушаліся. Перыяд з 1638 да 1648 г., калі паўстанняў не было, называўся гадамі «залатога спакою».

У сваёй знешняй палітыцы Уладзіслаў па-ранейшаму імкнуўся завалодаць шведскім тронам, асабліва пасля смерці караля Густава II Адольфа. Таму падчас Трыццацігадовай вайны, якая ахапіла ўсю цэнтральную частку Еўропы, кароль падтрымліваў непапулярны сярод шляхты саюз з германскім імператарам. Дзеля гэтага Уладзіслаў Зыгмунтавіч у свае 42 гады першы раз ажаніўся. Жонкай стала непрыгожая і некаханая 26-гадовая эрцгерцагіня Цэцылія Рэната, дачка імператара Фердынанда II. Гэта была стрыечная сястра караля, якая памерла праз сем гадоў нарадзіўшы яму дваіх дзяцей: сына Жыгімонта Казіміра, які пражыў усяго сем гадоў і смерць якога нанесла бацьку цяжкую душэўную траўму, і дачку, якая памерла праз месяц пасля нараджэння.

Не быў кароль шчаслівы і са сваёй другой жонкай, з якой ажаніўся ў 1646 г., - Людвікай Марыяй Ганзага, дачкой герцага Мантуі. З ёй ён пражыў два гады і дзяцей не меў. Сапраўды ж кароль Уладзіслаў кахаў толькі сваю палюбоўніцу Ядвігу Лушкоўскую, але мусіў выдаліць яе з двара і аддаць замуж за свайго прыдворнага Выпыскага. Пазней ён шукаў і знаходзіў уцеху з іншымі жанчынамі. У караля быў пазашлюбны сын, граф Уладзіслаў Вазенаў які служыў капітанам гвардыі шведскай каралевы Крысціны, калі тая пасля адмовы ад шведскай кароны жыла ў Рыме.

Поделиться с друзьями: