Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Апошнія гады жыцця
У апошнія гады жыцця Уладзіслава Вазы характар знешняй палітыкі змяняецца з паўночнага напрамку н а паўднёвы. Пад уплывам сваёй жонкі Людвікі Марыі Ганзага, а таксама канцлера вялікага кароннага Ежы (Юрыя) Асалінскага і венецыянскага пасла Цьепала кароль Уладзіслаў задумаў план вялікай вайны з Турцыяй у саюзе з Венецыяй. Кароль хацеў адцягнуць турэцкую пагрозу ад польскіх і ўкраінскіх зямель, спыніць вельмі частыя напады крымскіх татараў на ўкраінскія землі, якія ўваходзілі тады ў склад Кароны.
Трэба было шукаць новых саюзнікаў У 1647 г. падпісана пагадненне з Расіяй аб сумеснай барацьбе супраць набегаў крымскіх татараў на ўкраінскія і рускія землі. Адначасова становіцца больш лагоднай палітыка караля ў дачыненні да ўкраінскіх казакоў.
У 1646 г. у Варшаву прыехала дэлегацыя ўкраінскіх казакоў каб узгадніць умовы, паводле якіх казакі разам з польскім войскам удзельнічалі б у вайне супраць Турцыі. У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі казацкай старшыны і рэестравых казакоў. Казакі прапанавалі войска колькасцю 50 тысяч чалавек, у тым ліку з сялян, якіх запішуць у казакі. Але кароль абяцаў залічыць у рэестр — гэта значыць, у вольныя казакі — толькі 20 тысяч, а таксама выдзеліць на Украіне аўтаномную тэрыторыю для казакоў. Кароль пачаў таксама збіраць войска для вайны з Турцыяй.
Незадаволеныя магчымым узмацненнем каралеўскай улады магнаты і заможная шляхта выступілі супраць планаў караля. «Бой» быў дадзены на сойме 1646 г., дзе дэпутаты (паслы) ад шляхты рашуча выступілі супраць задумак караля, абвінаваціўшы яго ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Уладзіславу было выстаўлена патрабаванне распусціць набраныя войскі і больш не збіраць атрады без дазволу сойма. Дэпутаты пагражалі каралю, што калі ён не пагодзіцца на іх умовы, то ўся шляхта, узброіўшыся, выступіць супраць яго. Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад сваіх планаў распачаць вайну супраць Турцыі.
Аднак запарожскае казацтва не спынілася і працягвала рыхтавацца да вайны. Вайна гэтая была скіраваная не супраць Турцыі і яе васала — Крымскага ханства, а супраць польскіх шляхцічаў — найпершых прыгнятальнікаў украінскага сялянства. Кіраўнік будучага паўстання Багдан Хмяльніцкі быў моцна пакрыўджаны чыгірынскім падстаростаю Д. Чаплінскім, які, наехаўшы на хутар Хмяльніцкага, забраў каханую жанчыну ад Хмяльніцкага да сябе (праўда, не з найлепшай рэпутацыяй), закатаваў хлопчыка, сына Хмяльніцкага, і судова паставіў пад сумненне правы Б. Хмяльніцкага на маёнтак. Хмяльніцкі едзе ў Варшаву да караля, бо ведаў яго асабіста (разам ваявалі).
Кароль, які пацярпеў паражэнне ад магнатаў і шляхты на сойме, мог толькі паспачуваць Хмяльніцкаму: «А ці мала прыгажунь у Рэчы Паспалітай? Выбірай, якую хочаш, і ажаніся з ёю!» А на просьбу дапамагчы кароль адказаў: «Ты сам шляхціч, маеш зброю і ведаеш, як ёю карыстацца».
На Украіне рыхтавалася паўстанне. Кароль яшчэ дачакаўся яго пачатку. Хворы Уладзіслаў знаходзіўся ў мястэчку Мерач (на Нёмане, у Троцкім ваяводстве, на поўнач ад Горадні). Смерць настала 20 мая 1648 г. Ён паспеў даведацца аб першай перамозе казацкага (на чале з Б. Хмяльніцкім) і татарскага войскаў над польскім войскам ля Жоўтых Вод. Смерць Уладзіслава Вазы супала з пачаткам вялікага палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай. Вырашалася пытанне існаваць далей гэтай дзяржаве ці не.
Ян Казімір Ваза (1609–1672)
Ян Казімір, сын караля Польшчы, вялікага князя літоўскага і караля Швецыі Жыгімонта Вазы, не з'яўляўся кандыдатам на каралеўскі пасад. Ён быў малодшым сынам караля ад другога шлюбу і малодшым братам каралевіча Уладзіслава, слыннага прэтэндэнта на маскоўскі трон. Маці Яна Казіміра — аўстрыйская эрцгерцагіня Канстанцыя, малодшая сястра першай жонкі караля Жыгімонта Вазы і германскага імператара Фердынанда II.
Ян Казімір Ваза (літаграфія Лессэра, адбіта ў тыпаграфіі Дзванкоўскага)
Маладосць
Нарадзіўся Ян Казімір 22 сакавіка 1609 г. у Кракаве і гадаваўся пры двары. Навучыўся некалькім мовам. Акрамя польскай, добра ведаў лацінскую, нямецкую, італьянскую і французскую. Звестак пра навучанне беларускай мове няма. Але паколькі дзяржаўнай мовай Беларускай-Літоўскай дзяржавы была беларуская, то, хутчэй за ўсё, пэўнае веданне мовы было, бо потым яму давялося — і шмат — займацца афіцыйнымі актамі дзяржавы.
Жыццё Яна Казіміра было неспакойным, напоўнена рознымі падзеямі і прыгодамі. У 1633–1634 гг. ён разам з братам Уладзіславам удзельнічаў у Смаленскай вайне, у якой расійская армія баярына Шэіна са згоды цара вымушана была капітуляваць, аддаўшы саюзным польскім і беларускім-літоўскім войскам усю артылерыю. Потым, у 1635 г., Ян Казімір браў удзел у Трыццацігадовай вайне, будучы палкоўнікам у аўстрыйскім войску. У 1637 г. кароль Уладзіслаў накіраваў брата ў Вену з дыпламатычнай місіяй — прывезці каралю жонку, эрцгерцагіню Цэцылію Рэнату, дачку імператара Фердынанда II Габсбурга, па сутнасці, стрыечную сястру Уладзіслава. Ян Казімір зблізіўся з венскім дваром і Габсбургамі і ў 1638 г. паехаў у Іспанію. Мэтаю было атрымаць там ад караля Іспаніі Філіпа IV Габсбурга чын іспанскага адмірала і пасаду віцэкараля Партугаліі (Партугалія ў 1581–1640 гг. была ў складзе валоданняў іспанскай кароны).
Падчас марскога падарожжа легкадумна затрымліваўся на стаянках у міжземнаморскіх партах Францыі. Якраз у гэты час Францыя ваявала з Іспаніяй. Па загаду прэм'ер-міністра Францыі ўсёмагутнага кардынала Рышэлье ў маі 1638 г. Ян Казімір быў затрыманы ў адным з партоў, арыштаваны і кінуты ў вязенне. Толькі праз два гады па просьбе кіраўніцтва Рэчы Паспалітай у лютым 1640 г. каралевіч быў вызвалены і вярнуўся дадому.
У маі 1643 г. Ян Казімір Ваза зноў едзе ў Еўропу. На гэты раз у Італію. Там насуперак волі караля, свайго брата, нечакана ўступае ў ордэн езуітаў. Але года толькі хапіла каралевічу вытрымаць манастырскія патрабаванні. I хоць кароль Уладзіслаў ужо пагадзіўся з абраным духоўным лёсам свайго брата, Ян Казімір неспадзявана выйшаў з ордэна езуітаў і неўзабаве атрымаў сан кардынала. Але адзенне насіў свецкае, вярнуўся ў Польшчу і нават пачаў думаць пра жаніцьбу. Усё гэта складвала пра яго меркаванне як пра чалавека няпэўных, зменлівых пазіцый і жаданняў.
І кароль, і князь
Кароль Уладзіслаў Ваза памёр 20 мая 1648 г. Гэта супала з пачаткам вялікага казацка-сялянскага паўстання на Украіне на чале з гетманам Багданам Хмяльніцкім. У Рэчы Паспалітай пачалася падрыхтоўка да выбараў новага караля. Дзве групоўкі магнатаў і шляхты вылучылі двух кандыдатаў на трон. Адным быў самы малодшы брат нябожчыка-караля Караль Фердынанд Ваза, каталіцкі біскуп. Яго падтрымлівала тая групоўка, якая патрабавала рашучай вайны супраць украінскіх казакоў і жорсткага задушэння паўстання. Другая групоўка дамагалася пагаднення з казакамі, каб потым пачаць вайну хрысціянскіх дзяржаў супраць мусульманскай Турцыі і яе васала — Крымскага ханства. На чале гэтай групоўкі былі вялікі канцлер каронны Ежы Асалінскі і каралева-ўдава Марыя Людвіка Ганзага-Мантуанская, другая жонка караля Уладзіслава Вазы, за якой стаяла Францыя.
Ян Казімір Ваза (малюнак Яна Матэйки)
Кандыдатуру Яна Казіміра падтрымалі імператарскія і папскія дыпламаты. Караль Фердынанд адмовіўся ад высокае пасады, і 20 лістапада 1648 г. на сойме шляхта абрала каралём Яна Казіміра. Так ён стаў каралём польскім і вялікім князем Беларускага-Літоўскага гаспадарства. Адначасова аўтаматычна атрымаў тытул караля Швецыі (хаця ім ніколі не быў). Яго бацька Жыгімонт Ваза ў свой час з'яўляўся каралём Швецыі, але быў скінуты з трона родным дзядзькам. Прадстаўнікі беларуска-польскай галіны дынастыі Вазаў не адмаўляліся ад шведскага трона, часам нават вялі войны са шведскай галіной роду. Усе свае акты, якія Ян Казімір цяпер падпісваў ён пазначаў не толькі агульнапрынятай датай, але і гадамі свайго панавання як караля польскага і «караля шведаў і готаў».