Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
21 верасня 1609 г. Жыгімонт асадзіў Смаленск і затрымаўся тут надоўга: горад быў узяты толькі 3 чэрвеня 1611 г. Аднак за гэты час войска кароннага гетмана С. Жулкеўскага, якое складалася з польскай і беларускай-літоўскай конніцы і ўкраінскіх казакоў нягледзячы на вялікую перавагу ў людзях расійскай арміі князя Дз. Шуйскага, цалкам разграміла ворага ля вёскі Клушына 24 чэрвеня 1610 г.
Пасля гэтае перамогі войска С. Жулкеўскага падышло да Масквы. Там якраз адбыўся пераварот. Цар Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, і баярская рада як часовы ўрад Расіі запрасіла ў Маскву на трон 15-гадовага сына караля — Уладзіслава, які быў абвешчаны царом Расіі. У верасні 1610 г. польскае і беларускае-літоўскае войска заняло Маскву. У гэтым паходзе ўдзельнічала не толькі беларуская шляхта, але і іншыя ваенна-служылыя людзі. Так, з 12 рот беларускіх выбранцаў 10 бралі ўдзел у аблозе расійскай сталіцы.
Кароль Жыгімонт Ваза не адпусціў сына ў Маскву. Ён больш схіляўся да дзяржаўнай уніі Рэчы Паспалітай і Расіі. Дзеля гэтага ў Варшаву былі высланы ўсе магчымыя прэтэндэнты на маскоўскі трон, уключна з Васілём Шуйскім і мітрапалітам Філарэтам (з баярскага роду Раманавых). Толькі барацьба другога апалчэння пад кіраўніцтвам К. Мініна і Дз. Пажарскага перакрэсліла гэтыя планы, калі ў 1612 г. Масква была занята апалчэннем, а пазней, у лютым 1613 г., земскі сабор абраў на царства Міхаіла Раманава, заснавальніка царскай дынастыі Раманавых.
У наступныя гады Жыгімонт сам ужо не прэтэндаваў на маскоўскае царства, а дапамагаў сыну, каралевічу Уладзіславу, як «маскоўскаму цару» заваёўваць землі на ўсходзе. Вайна скончылася замірэннем ў сяле Дэуліне (1618 г.), паводле якога Смаленская і Северская землі адышлі да Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.
Легальны мяцеж
Намаганні караля ўвесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля пажыццёва), зменшыць ролю палаты дэпутатаў («пасольскай ізбы») выклікала моцнае супраціўленне часткі магнатаў і шляхты, якія на сваіх з'ездах у красавіку і чэрвені 1606 г. выступілі за пазбаўленне Жыгімонта Вазы трона. У жніўні 1606 г. быў абвешчаны рокаш — легальны мяцеж шляхты супраць злоўжывання ўладаю каралём і сенатам.
Мяцеж узначаліў Мікалай Зэбжыдоўскі, ваявода кракаўскі і гетман надворны польскі, уплывовы магнат, які займаў трэцюю дзяржаўную пасаду ў Польшчы. Сярод правадыроў ракашан быў і Януш Радзівіл, муж апошняй слуцкай княгіні з роду Алелькавічаў — Соф'і, а пасля яе смерці ў 1612 г. — уладальнік Слуцкага і Капыльскага княстваў. Ракашане сабралі свае атрады, каб дэтранізаваць Жыгімонта Вазу і пасадзіць на трон трансільванскага князя Габрыэля Баторыя (раней яны прапанавалі кандыдатуру Ілжэдзмітрыя I, з якім многія хадзілі паходам на Маскву, але Ілжэдзмітрый быў забіты ў Маскве ў маі 1606 г.). Удзельнікі рокашу Зэбжыдоўскага — католікі, кальвіністы, лютэране, праваслаўныя — дамагаліся рэлігійнай талеранцыі, анулявання Берасцейскай царкоўнай уніі, правядзення нацыянальнай палітыкі, разрыву саюзу з Германскай імперыяй.
У ліпені 1607 г. бітва каля Гузава скончылася паражэннем ракашан, бо перавага была на баку прыхільнікаў караля на чале з С. Жулкеўскім і Я. К. Хадкевічам. Справу аб рокашы разглядаў сойм Рэчы Паспалітай на пачатку 1609 г. Для правядзення больш актыўнай палітыкі на ўсходзе Жыгімонту патрабавалася хаця б вонкавае адзінства шляхты, і ён пайшоў на кампраміс. З гэтае прычыны сойм абвясціў амністыю ракашан, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў ля караля дзеля кантролю за ягонымі дзеяннямі.
Палітыка Жыгімонта на паўднёвым напрамку
Адной з прычын няўдалага паходу на Расію была не толькі нягнуткая палітыка ў дачыненні да расійцаў, але і пастаянная занятасць справамі на поўдні краю — дачыненні з Аўстрыяй, Малдавіяй, Крымам. Жыгімонт, зыходзячы са свайго ультракаталіцызму, падтрымліваў імператара ў ягонай барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі. А паколькі Габрыэль Баторый меў падтрымку турэцкага султана, то на Украіну і паўднёвыя ваяводствы Польшчы пачалі пастаянна нападаць крымскія татары, хан якіх быў васалам султана. Урэшце пачалася вайна з Турцыяй. У 1620 г. польскае войска было разбіта туркамі ля Цацоры, дзе загінуў гетман С. Жулкеўскі. На наступны год пад Хоцінам быў узяты рэванш. Але і тут перамога не была выкарыстана з-за нерашучай палітыкі караля.
Падчас барацьбы з Турцыяй і Крымам узмацніліся пазіцыі казакоў на Украіне. У Хоцінскай вайне 1621 г. удзельнічалі 40 тысяч казакоў. Казацкі гетман Пётр Канашэвіч-Сагайдачны дамогся ўзнаўлення праваслаўнай мітраполіі ў Кіеве ў 1620 г. (канчаткова зацверджана ў 1632 г.). Наступныя гады чаргаваліся пагадненнямі з казакамі і ціскам на іх, на што казакі адказвалі паўстаннямі.
Напрыканцы жыцця Жыгімонт быў вымушаны прызнаць няўдачу сваіх планаў як унутры дзяржавы, так і ў знешніх адносінах. Шмат у чым палітыка Жыгімонта Вазы вызначыла далейшы заняпад дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, яе паражэнні ў войнах сярэдзіны XVII ст. і змяншэнне яе вагі ў еўрапейскім палітычным жыцці. Лёс усёй дзяржавы падзяліла і Беларусь.
Памёр Жыгімонт у Варшаве 30 красавіка 1632 г.
Уладзіслаў Ваза (1595–1648)
Кароль па паходжанні
Уладзіслаў Ваза, якога, дарэчы, нават у Польшчы называлі паводле старажытнага беларускага звычаю Уладзіславам Зыгмунтавічам, нарадзіўся 9 чэрвеня 1595 г. у Лобзаве, каля Кракава. Ён належаў да шведскага каралеўскага роду і быў старэйшым сынам Жыгімонта Вазы — караля Польшчы, вялікага князя Беларускай-Літоўскай дзяржавы і караля Швецыі, у склад якой уваходзілі Фінляндыя і паўночная частка Эстоніі.
Валоданні Вазаў займалі ўсё паўночнае, усходняе і значную частку паўднёвага ўзбярэжжа Балтыкі. Але калі Уладзіслаў быў яшчэ хлопчыкам, бацька страціў шведскі трон і доўгі час, як і сын, намагаўся яго адваяваць. Гэтая акалічнасць уздзейнічала на ўсю палітыку ў балтыйскім рэгіёне на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Уладзіслаў працягваў ужываць тытул шведскага караля, хоць ніколі не валодаў шведскім тронам.
Маці Уладзіслава — Ганна — была дачкою аўстрыйскага эрцгерцага Карла Габсбурга, а яе брат — Фердынанд II — потым стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі. Калі хлопчыку было тры гады, у часе родаў (пятых, дарэчы) маці памерла, бо медыцынская дапамога была яшчэ недасканалая, і жанчыны, нават у каралеўскіх палацах, часта паміралі пры родах. Праз некалькі гадоў бацька ажаніўся з малодшай сястрой маці.
Уладзіслаў Ваза. Малюнак Пітэра Паўла Рубенса. XVII ст.
Нягледзячы на тое, што кароль Рэчы Паспалітай выбіраўся пажыццёва, а не атрымліваў трон у спадчыну, пэўныя колы шляхты бачылі ва Уладзіславе караля-наступніка. Ён і сам рыхтаваўся да ролі гаспадара дзяржавы. Старанна вучыўся не толькі розным навукам, але і вайсковай справе.
На троне маскоўскім
Падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй на пачатку XVII ст., калі кароль Жыгімонт Ваза аблажыў Смаленск, для спынення вайны «тушынцы», былыя прыхільнікі Ілжэдзмітрыя II і ворагі цара Васіля Шуйскага, вылучылі новую кандыдатуру на царскі трон. Адным з ініцыятараў гэтага палітычнага кроку быў лідэр тушынскай групоўкі — тушынскі (альтэрнатыўны) патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Філарэт, бацька Міхаіла Раманава, заснавальніка царскай дынастыі Раманавых у Расіі.
Дэлегацыя баяраў і дваранскіх тушынцаў прыбыла пад Смаленск і 4 (14) лютага 1610 г. падпісала дагавор з каралём. Паводле дагавора, кароль згаджаўся адпусціць Уладзіслава Зыгмунтавіча на маскоўскі трон, і там, у Маскве, каралевіча мусіў каранаваць патрыярх. Дагавор замацоўваў пануючае становішча ў дзяржаве баяраў і дваран, забяспечваў ім ды купцам свабодныя паездкі за мяжу, перш за ўсё ў Рэч Паспалітую. У Маскве дазвалялася пабудаваць касцёл, але схіляць да каталіцкага веравызнання рускіх людзей забаранялася. Палітычны сэнс дагавора заключаўся ў тым, што кандыдатура Уладзіслава на цараванне афіцыйна была зацверджана, хаця кароль свайго сына ў Маскву так і не адпусціў.