Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Паўстаньне 1831 г. у Беларусі, узьнятае сьледам за паўстаньнем у Польшчы (лістапад 1830 г.), прыцягнула ўвагу дыпляматыі эўрапейскіх дзяржаваў. Англія, Францыя, Прусія і Аўстрыя кожная пасвойму паставіліся да паўстаньня, якое лічылі «агульнапольскім». Справа паўстанцаў у міжнародных дачыненьнях аслаблялася тым, што Польшча была аўтаномным каралеўствам, а Беларусь і Літва лічыліся «рускімі губэрнямі» і ў дыпляматычны разьлік увогуле ня браліся. Эўропа не цікавілася іхным лёсам. Паўстанцкі сойм у Польшчы 25 студзеня 1831 г. дэтранізаваў імпэратара Мікалая І як караля Польшчы і з гледзішча эўрапейскай дыпляматыі страціў легітымнасьць, хаця сам Мікалай І безупынна парушаў канстытуцыю 1815 г. і паступова ліквідаваў незалежнасьць Польшчы. Англія пасьля дэтранізацыі Мікалая І наагул спыніла кантакты з дыпляматычнай місіяй паўстанцаў. Аўстрыя й Прусія занялі варожую пазыцыю да паўстаньня, бо баяліся страціць свае тэрытарыяльныя захопы ў Польшчы й Заходняй Украіне. У Францыі за некалькі месяцаў да паўстаньня адбылася рэвалюцыя, рэжым Бурбонаў быў заменены лібэральным урадам караля Люі-Філіпа з малодшай, Арлеанскай галіны каралеўскай дынастыі, і гэтая краіна сама толькі выходзіла зь ізаляцыі. Такім чынам, паўстанцы і Польшчы, і ― найперш ― Беларусі былі кінутыя на волю лёсу. Паўстаньне скончылася паразаю.
Аналягічная сытуацыя паўтарылася ў 1863 г. Зноў на паўстаньне ў Беларусі эўрапейская дыпляматыя не зважала: ейная ўвага была прыцягнутая да паўстаньня ў Польшчы. Але пасьля паразы Расеі ў Крымскай вайне 1853 ― 1856 гг. Англія, Францыя і Аўстрыя выкарысталі слабасьць імпэрыі ды паспрабавалі кожная па-рознаму займець з паўстаньня карысьць. Меркавалася разгледзець на міжнародным кангрэсе пытаньне аб паўстаньні і запатрабаваць ад Расеі ўзнавіць канстытуцыю Польшчы 1815 г., а таксама аднавіць Рэч Паспалітую ў межах да 1772 г. Асабліва актыўна падтрымліваў гэтую ідэю францускі імпэратар Напалеон III. Аднак рознагалосьсі ў патрабаваньнях і зьмена сытуацыі (расейскія войскі ўжо душылі паўстаньне) дазволілі расейскай дыпляматыі адбіць націск эўрапейскіх дзяржаваў.
Першая Сусьветная вайна і незалежнасьць Беларусі
Геапалітычнае становішча Беларусі не зьмянілася да пачатку XX ст. Новая сытуацыя для нашай краіны склалася падчас першай сусьветнай вайны. Ваенныя дзеяньні на фронце паміж германскімі й расейскімі войскамі ў 1914 г. адбываліся на тэрыторыі Польшчы. Улетку 1915 г. фронт пачаў набліжацца да Беларусі.
Германскае камандаваньне зьбіралася абкружыць групоўку расейскіх войскаў у Польшчы і такім чынам пераможна скончыць вайну. Аднак расейскае камандаваньне пастанавіла вывесьці свае войскі з аблогі і выраўнаць лінію фронту ад Нарава да Берасьця й Ковеля. Асноўнаю задачаю Заходняга фронту расейскай арміі было замацавацца ў раёнах Горадні, Беластока і да Берасьця, а таксама прыкрываць шляхі на Беларусь. Аднак на пачатку верасьня 1915 г. германскія войскі перайшлі ў наступ, прарвалі лінію на стыку Паўночнага і Заходняга франтоў і ўдарылі на Сьвянцяны (Сьвянцянскі прарыў), куды кінулі стратэгічную коньніцу, У выніку далейшага германскага наступу і адступленьня расейскіх арміяў апошнія ў кастрычніку 1915 г. замацаваліся на лініі Дзьвінск ― Вялейка ― Баранавічы ― Пінск і далей на Валыні. Гэтая лінія фронту заставалася амаль нязьменная да лютага 1918 г., падзяліўшы Беларусь на зону, акупаваную германскімі войскамі, і на ўсходнюю частку, якая сталася бліжэйшаю і далейшаю прыфрантавою паласою расейскіх арміяў. Тым самым тэрыторыя Беларусі зноўтакі адыгрывала ролю стратэгічнага перадпольля для расейскіх губэрняў імпэрыі.
У адрозьненьне ад расейскай прыфрантавой зоны зь яе ваенна-паліцэйскім рэжымам, у нямецкай зоне акупацыі была дазволеная дзейнасьць нацыянальных грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку беларускіх, што паўплывала на далейшае разьвіцьцё беларускага адраджэнцкага руху. Нямеччына, зыходзячы ня толькі з задачаў сваёй усходняй палітыкі падтрымкі нацыянальных рухаў пад нямецкім кантролем, але і з мэтаю аслабіць праціўніка, абмежавана падтрымала і беларускі нацыянальны рух. не даючы яму ані тэрытарыяльнага самакіраваньня, ані якіх-небудзь палітычных абяцанак.
Становішча зьмянілася ў выніку падпісаньня Берасьцейскае мірнае дамовы 3 сакавнка 1918 г. Не зважаючы на спробы Беларускага нацыянальнага сакратарыяту ўзяць удзел у берасьцейскіх мірных перамовінах, абодва бакі ― і расейскі, і германа-аўстрыйскі з саюзьнікамі ― не прызналі за прадстаўнікамі беларускага народу права на самавызначэньне і не прынялі беларускую дэлегацыю.
Паводле ўмоваў Берасьцейскага мірнага пагадненьня, Расея адмаўлялася ад вярхоўнай улады над тэрыторыямі на захад ад абумоўленай лініі (артыкул 3). У дамове пісалася: «Расея адмаўляецца ад усялякага ўмяшаньня ў нутраныя справы гэтых абшараў. Германія і Аўстра-Вугоршчына маюць намер вызначыць наступны лёс гэтых абшараў пасьля кансультацыі зь іхным насельніцтвам». Новая расейская мяжа ішла па Дзьвіне да Друі, пакідаючы з расейскага боку Друю, Браслаў, Відзы, Паставы, Ашмяны, Дзевянішкі, потым па Нёмане на захад ад Наваградка, на захад ад Слоніма, Ружанаў, Пружанаў і на поўнач ад Берасьця, дзе мяжа абрывалася, бо далей ішла ўжо тэрыторыя Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. Усталёўвалася таксама ўсходняямяжа Эстляндыі й Ліфляндыі. Такім чынам, самую заходнюю частку Беларусі зь Вільняй, Горадняй, Лідай, Ваўкавыскам і Беластокам Расея аддала Германіі і Аўстра-Вугоршчыне для далейшага вызначэньня ейнай дзяржаўнай прыналежнасьці. Значная ж частка тэрыторыі Беларусі была захопленая нямецкімі войскамі падчас наступу з 18 лютага 1918 г. і да падпісаньня дамовы. Яна сталася зонаю часовай нямецкай акупацыі да заключэньня ўсеагульнага міру (г. зн. да сканчэньня сусьветнай вайны) і канчатковай расейскай дэмабілізацыі (артыкул 4-ы).
На акупаваных землях знаходзіліся Полацак, Ворша, Магілеў, Гомель. І толькі ў расейска-германскай дадатковай дамове ад 27 жніўня 1918 г. гаварылася, што «Германія ачысьціць яшчэ да заключэньня ўсеагульнага міру занятую на ўсход ад Бярэзіны тэрыторыю паралельна наяўным складкам, якія Расея мае плаціць паводле артыкула 2-га расейска-германскага фінансавага пагадненьня», г. зн. з пачатку выплаты Германіі 6 мільярдаў марак рэпарацыяў. Нямецкія войскі пачалі адступаць у кастрычніку 1918 г. ад Магілева і Воршы.
Аднак у Нямеччыне адбылася Лістападаўская рэвалюцыя 1918 г., і Ленін, скарыстаўшы гэта, правёў пастанову УЦВК (ВЦМК) аб ануляваньні БрэстЛітоўскае дамовы. Такім спосабам узнавілася расейская юрысдыкцыя над аддадзенымі Нямеччыне тэрыторыямі. Расейскі савецкі ўрад не прызнаў Беларускае Народнае Рэспублікі і па-ранейшаму ўважаў гэтыя землі за свае.
Утварэньне БССР на тэрыторыі Заходняй Камуны на зьезьдзе Кампартыі Беларусі было вымушаным крокам. 3 аднаго боку, з 25 сакавіка 1918 г. існавала Беларуская Народная Рэспубліка; з другога ― беларусы-камуністы, што знаходзіліся на тэрыторыі Расеі, патрабавалі стварэньня Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі накшталт іншых нацыянальных савецкіх рэспублік, у тым ліку і ў Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне. І зьезд КП(б)Б вызначыў тэрыторыю навастворанай БССР у межах Менскай, Магілеўскай і Горадзенскай губэрняў, большай часткі Віцебскай губэрні (бяз трох латгальскіх паветаў), Смаленскай губэрні (без чатырох усходніх паветаў), частку Нова-Аляксандраўскага павету Ковенскай губэрні, а таксама Вялейскі, частку Сьвянцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай губэрні і чатыры паветы Чарнігаўскай: Сураскі, Мглінскі, Старадубскі й Навазыбкаўскі.
Гэтая савецкая рэспубліка праіснавала ў сваіх вялікіх межах, улучна са Смаленскаю й часткаю Чарнігаўскай губэрняў, толькі два тыдні.
16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) на чале зь Леніным прыняў рашэньне вылучыць са складу БССР тэрыторыю Смаленскай, Віцебскай і Магілеўскай губэрняў, пакінуўшы толькі дзьве ― Менскую і Горадзенскую. Цэнтральнае Бюро Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі 22 студзеня дало згоду на зьмену мяжы з РСФСР. 3 лютага 1919 г. усходнія тэрыторыі ― Віцебская, Магілеўская і Смаленская губэрні ― адным росчыркам пяра былі забраныя ў склад РСФСР, а 28 лютага 1919 г. астатняятэрыторыя БССР сумесным рашэньнем ЦВК Літвы й Беларусі аб'ядноўвалася з маленькаю тэрыторыяй Літоўскай ССР; утварылася новая марыянэткавая дзяржава ― Літоўска-Беларуская ССР (ЛітБел), у складзе якой быў толькі самы ўсходні акрайчык літоўскай тэрыторыі, г. зн. той, дзе стаялі аддзелы Чырвонай Арміі. Амаль уся Літва была пад юрысдыкцыяй дэмакратычнага ўраду незалежнай Літвы.
Абвешчаньне савецкіх нацыянальных рэспублік праходзіла без усялякіх кансультацыяў з насельніцтвам і было чыста фармальным актам. Абвешчаньне БССР адбылося наагул на партыйным зьезьдзе адной толькі партыі ― бальшавіцкай, а не на зьезьдзе Саветаў. Такім чынам, нават фармальнасьць не захоўвалася. Гэтая рэспубліка стваралася як буфэрная, каб пазьбегнуць непасрэдных канфліктаў паміж РСФСР і ўзноўленаю Польшчай.
Такім жа чынам, імгненна, як узьнікалі, гэтак і ліквідоўваліся нацыянальныя савецкія рэспублікі ― рашэньнем Леніна, ЦК РКП(б) і ўраду РСФСР, якія ён узначальваў. Незаўважна перастала існаваць і ЛітБел, калі падчас савецка — польскай вайны 1919―1920 гг. Бела русь захапілі польскія войскі, якія ў жніўні 1919 г. занялі прастору да Бярэзіны. Літоўскія войскі акупавалі паўночны захад гэтай тэрыторыі. Апарат ураду ЛітБел быў ліквідаваны бальшавіцкімі ўладамі, а сама рэспубліка скасаваная безь якога-небудзь заканадаўчага акту. ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі сваёй назвы не зьмяніў і пераехаў у Смаленск. Яму было даручана празь Бюро нелегальнай работы пры ЦК кіраваць на тэрыторыі Беларусі барацьбою чырвоных (камуністычных) партызанаў супраць польскіх уладаў і войскаў. І ЛітБел таксама стваралася як буфэрная рэспубліка паміж РСФСР і Польшчай; калі ж яна адыграла сваю ролю, была ліквідаваная кіраўніцтвам кампартыі і ўраду РСФСР.
У 1919―1920 гг. нашая краіна заставалася аб'ектам геапалітыкі суседніх (і ня толькі суседніх) дзяржаваў. Урад РСФСР пасьля ліквідацыі ЛітБел лічыў тэрыторыю Беларусі расейскаю. Пра гэта сьведчаць шматлікія штампы й пячаткі рэўкамаў на дакумантах, падрыхтаваныя ў штабе Заходняга фронту ў Смаленску. Рэўкамы былі часоваю савецкаю ўладаю пасьля заняцьця Беларусі. Яны прызначаліся камандаваньнем Чырвонай арміі. Усе штампы й пячаткі мелі надпісы, напрыклад, «Борисовский ревком Минской губернии РСФСР» ці «Новогрудский ревком Минской губернии РСФСР» і г. д. Урад Леніна лічыў тэрыторыю Беларусі расейскаю (пра БССР ужо забыліся) падчас мірных перамовінаў з урадам Літоўскай рэспублікі ў Коўне. Каб перацягнуць Літву і яе дзьве дывізіі на свой бок ды скіраваць супраць Польшчы, урад РСФСР 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову зь Літвой, аддаючы ёй значную частку беларускіх земляў. Так, у 2-м артыкуле дамовы вызначалася «дзяржаўная мяжа паміж Расеяй і Літвой», што ішла на поўдзень ад Аўгустова, у 30 км ад Горадні (якая перадавалася Літве), потым Нёманам да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградка й Любчы), потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расейскім баку(прычым мяжа йшла па ўскраінных вуліцах Маладэчна), і далей на поўнач. Вялейка, Новы Мядзел, Шаркаўшчына й Друя заставаліся на расейскім баку. Менавіта гэтую расейска-літоўскую мяжу паказваюць апошнімі гадамі на шматлікіх мапах у Літве.
Гэтаксама без удзелу ўраду зноў створанай 31 ліпеня 1920 г. БССР на мірных перамовінах у Рызе ў 1920―1921 гг. была ўсталяваная дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і БССР. Хоць А. Чарвякоў і прысутнічаў у Рызе як экспэрт расейскай дэлегацыі (і, такім чынам, не прадстаўляў БССР), але да 19 лістапада кіраўнік савецкай дэлегацыі Іофэ не дапускаў яго да ўдзелу ў перамовінах. Пад папярэднюю расейска-ўкраінска-польскаю дамоваю 12 кастрычніка 1920 г. стаяць подпісы чатырох членаў савецкай дэлегацыі: А. Іофэ, С. Кірава, Дз. Мануільскага і Л. Абаленскага. Пад мірнаю дамоваю 18 сакавіка 1921 г. паміж Расеяй і Ўкраінай, з аднаго боку, і Польшчай ― з другога, што вызначыла канчатковую дзяржаўную мяжу Польшчы з БССР і ЎССР,― подпісы пяці сяброў савецкай расейска — ўкраінскай дэлегацыі ― А. Іофэ, Я. Ганецкага, Э. Квірынга, Ю. Кацюбінскага і Л. Абаленскага. Праўда, у ёй гаворыцца, што ўрад РСФСР упаўнаважыў дэлегацыю падпісаць дамову за сябе і за ўрад БССР.