Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
III. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX―XX стст. Беларусь ― стратэгічнае перадпольле Расейскай імпэрыі
Захоп Расейскаю імпэрыяй амаль усяе тэрыторыі Беларусі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795 гг.) і далучэньне да Расеі ў 1807 г. Беласточчыны паводле француска-расейскага Тыльзыцкага міру стварылі новую геапалітычную сытуацыю. Цяпер Беларускае-Літоўскае гаспадарства ў складзе Рэчы Паспалітай страціла незалежнасьць, і Беларусь сталася памежным краем магутнай тады Расейскай дзяржавы. Такім чынам, Беларусь становіцца аб'ектам (а не суб'ектам) міжнароднай палітыкі і цалкам выкарыстоўваецца расейскім царызмам у ягонай эўрапейскай палітыцы.
Тэрыторыя Беларусі ад канца XVIII ст. стаецца стратэгічным пляцдармам для войнаў у Эўропе, месцам сталага разьмяшчэньня вялікіх кантынгентаў расейскай арміі і адначасова перадпольлем на выпадак наступальнай вайны з боку праціўніка, каб затрымаць тут варожую для Расеі армію і пазьбегнуць матэрыяльных і людзкіх стратаў на тэрыторыі Расеі. У сувязі з гэтым на Беларусі ў XIX ст. будуюцца моцныя Берасьцейская й Бабруйская фартэцыі ды іншыя фартыфікацыйныя ўмацаваньні.
Адначасова выкарыстоўваюцца і людзкія рэсурсы Беларусі. Тутэйшае сялянства дагэтуль ня ведала вайсковай службы, бо ў беларускім-літоўскім войску не служыла. Расейскі ўрад адразу пачаў праводзіць у Беларусі рэкруцкія наборы сялянаў у армію з доўгатэрміновай (да 25 гадоў) салдацкай службай. Беларускую шляхту набіралі ў юнкеры і афіцэры расейскага войска. Яны служылі імпэратару і фактычна выконвалі ролю ляндскнэхтаў у імпэрыі заваёўнікаў. Такім чынам, беларусы ўдзельнічалі ў войнах, змагаючыся дзеля чужых інтарэсаў і мэтаў. Пасьля захопу Беларусь сталася крыніцай узбагачэньня ўладароў Расеі за кошт падаткаў з насельніцтва і выкарыстаньня ейнай эканомікі, але перадусім была вельмі важным стратэгічным аб'ектам, што прыкрываў кірункі на абедзьве сталіцы Расеі ― Санкт-Пецярбург і Маскву.
Гэтае становішча Беларусі царызм падмацаваў нутраной палітыкай, узяўшы курс у першыя дзесяцігодзьдзі свайго панаваньня на падтрымку тутэйшых памешчыкаў, дагэтуль амаль цалкам апалячаных. Каб захаваць у краі спакой, на іх распаўсюдзілі правы і прывілеі расейскага дваранства з усімі наступствамі.
Былі захаваныя ранейшыя навучальныя ўстановы на чале зь Віленскім унівэрсытэтам (з польскай мовай навучаньня ў іх). Захавалася таксама справаводзтва на польскай мове ва ўрадавых установах, і толькі некаторыя дакуманты, якія падпісвалі губэрнатары ды іншыя вышэйшыя чыноўнікі, прыежджыя з Расеі, ды справаздачы, што ішлі ў Пецярбург, пісаліся па-расейску.
1812 г. на некалькі месяцаў зьмяніў сытуацыю. Падчас француска-расейскай вайны тэрыторыю Беларусі (за выняткам паўднёвай часткі) у другой палове 1812 г. занялі войскі «Вялікай арміі» імпэратара Напалеона I. Дэкрэтам Напалеона ад 1 ліпеня 1812 г. было ўзноўлена Вялікае Княства Літоўскае ў складзе Віленскага, Менскага, Горадзенскага дэпартамэнтаў (губэрняў), а «ўласна беларускія» губэрні ―Віцебская і Магілеўская ― атрымалі сваё асобнае кіраваньне кожная. Гэтыя губэрні не далучылі да Вялікага Княства Літоўскага, каб падчас эвэнтуальных мірных перамоваў з расейскім імпэратарам Аляксандрам І іх можна было б саступіць Расеі ўзамен за прызнаньне ёю Вялікага Княства Літоўскага.
Урадавыя і мясцовыя органы былі складзены з тутэйшых памешчыкаў. Ураду Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні, урадавым камісіям у Віцебску і Магілеве, мясцовым органам кіраваньня пастанаўлялася набіраць дабрахвотнікаў у польскія злучэньні Напалеонавай арміі, ставіць коней для кавалерыі й абозаў, зьбіраць прадукты й фураж для францускай арміі. Сытуацыя давала магчымасьць аднавіць Беларускую-Літоўскую дзяржаву. Але Напалеон ня выкарыстаў гэтага, а таксама не дазволіў Вялікім Княствам Варшаўскаму і Літоўскаму зноў аб'яднацца ў Рэч Паспалітую. Рэальнай улады мясцовае насельніцтва ня мела. Таму бальшыня тутэйшых памешчыкаў і шляхты не падтрымала Напалеона. Не падтрымалі і сяляне. Шанц адрадзіць Беларускую дзяржаву быў страчаны. Перамога Расейскай імпэрыі ў гэтай вайне перакрэсьліла ўсе пляны стварэньня самастойнага ці ў фэдэрацыі з Польшчай Вялікага Княства Літоўскага. Беларусь па-ранейшаму засталася падзеленай на губэрні пад кантролем расейскага ўраду.
Пасьля перамогі Расеі ў вайне з Францыяй і далучэньня да Расеі паводле пастановы Венскага кангрэсу ў 1815 г. большай часткі Польшчы (Каралеўства Польскага) на правох аўтаноміі перадавыя рубяжы былі перанесеныя на мяжу з Прусіяй і Аўстрыяй ― у раёны Каліша, Чанстаховы і Сандаміра, але для імпэрскага ўраду Расеі тэрыторыя Беларусі ня страціла свайго стратэгічнага значэньня. Яна і ў XIX ― пачатку XX ст. заставалася блізкім перадпольлем, дзе пастаянна знаходзілася вялікая колькасьць расейскіх войскаў.
Дзяржаўныя праекты XIX ст
Цяпер, калі Расейская імпэрыя тут замацавалася, былі адкінутыя спробы лібэралізацыі рэжыму, флірту з тутэйшаю шляхтаю й магнатамі. Пасьля задушэньня паўстаньняў 1831 г. і асабліва 1863 г. пачалася палітыка жорсткай русыфікацыі нашай краіны. Яшчэ раней, у 1811 г., цар Аляксандар І адхіліў праект вядомага палітычнага дзеяча канца XVIII ― першай чвэрці XIX ст. Міхала Клеафаса Агінскага (вядомы цяпер больш як кампазытар і аўтар палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай»). Агінскі дарэмна спрабаваў пераканаць імпэратара ўзнавіць на тэрыторыі Беларусі, Літвы й Правабярэжнай Украіны былую Беларускую-Літоўскую дзяржаву з адным з братоў імпэратара на чале. Ён прапанаваў плян утварэньня такой дзяржавы з урадам з тутэйшых ураджэнцаў. Аляксандар І у 1813 г. адхіліў таксама праект князя Адама Юрыя Чартарыскага аб'яднаць Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае на чале з братам Аляксандра I. Імпэратар заявіў А. Чартарыскаму, што расейцы «ніколі не дапусьцілі б, каб Літва (г. зн. Беларусь.― А. Г.), Валынь і Падолія зноў адышлі да Польшчы». Такім чынам, Расея разглядала Беларусь як сваю неад'емную здабычу.
У гэтым сэнсе яшчэ далей пайшлі дзекабрысты. Кіраўнік «Паўднёвага таварыства» П. Песьцель распрацаваў асноўныя палажэньні грамадзкага й дзяржаўнага ладу Расеі ў праграмным дакуманце «Руская праўда», зацьверджаным «Паўднёвым таварыствам». Ен быў ворагам фэдэратыўнага ладу і выступаў за адзіную ды непадзельную Расею. 4-ы разьдзел «Рускай праўды» так і завецца: «Расея ёсьць Дзяржава Адзіная і Непадзельная». Як вядома, лёзунг «Единая и неделимая Россия» шырока выкарыстоўваўся падчас грамадзянскай вайны расейскімі белагвардзейцамі, якія былі супраць самастойных нацыянальных дзяржаўных утварэньняў на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі.
Песьцель пералічваў народы і краіны, далучаныя да Расеі, і сярод іх згадаў Беларусь. Згадвае ён і беларусаў (як частку расейскага народу), што насяляюць Віцебскую і Магілеўскую губэрні. Але не гаворыць пра беларусаў у іншых губэрнях, бо гэтыя губэрні меркавалася, паводле пагадненьня з польскім Патрыятычным таварыствам, пасьля супольнай перамогі над царызмам перадаць у склад Польшчы. Песьцель адмаўляў ім у праве на самастойнасьць, бо беларусы «з-за слабасьці сваёй ніколі ня могуць складаць асобных Дзяржаваў, а з-за гэтага ўсе яны… павінны адмовіцца ад права асобнай Народнасьці».
16-ы разьдзел «Рускай праўды» меў праграмны загаловак «Усе плямёны павінны зьлітымі быць у адзін Народ». У гэтыт разьдзеле ставіцца задача: «…У адну агульную масу зьліць так, каб масельнікі цэлай прасторы Расейскай Дзяржавы ўсе былі Рускія». Дзеля гэтага трэба, каб «на цэлай прасторы Расекскай Дзяржавы панавала адзіная толькі мова расейская: усе зносіны тым самыім надзвычайным чынам палягчэюць)», Песьцель таксама прапанаваў скасаваць заканадаўчым шляхам назвы нерасейскіх народаў і ўсіх назваць рускімі. Расейска-польская мяжа паводле «Рускай праўды»… «павінна ісьці ад Палангена (Палангі) самаю простаю рысаю на Дынабург (Дзьвінск або Даўгаўпілс). Ад Дынабурга Дзьвіною да Полацка. Ад Полацка па рацэ Ўшачы да Бярэзіны. Адсюль лініяй Бярэзінскаю ў кірунку да Прыпяці. Потым балотамі Прыпяцкімі ў кірунку да горада Астрога Валынскай губэрні. Ад Астрога да Карпацкіх гор». Такім чынам, уся Горадзенская й Віленская губэрні ды большая частка Менскай адыходзілі б да Польшчы. У Менскай губэрні ад Барысава мяжа йшла проста на поўдзень, па Птычы, пакідаючы ў Польшчы Ігумен і Слуцак. П. Песьцель ды іншыя дзекабрысты дзялілі зямлю Беларусі з польскімі шляхоцкімі рэвалюцыянэрамі, не пытаючыся, натуральна, беларускага народу.
Паўстаньні беларускай шляхты разам з польскай і літоўскай у 1831 і 1863 гг. не зьмянілі геапалітычнага становішча Беларусі. Паўстанцкія ўлады бачылі ў будучыні Беларусь і Літву адзіным дзяржаўным утварэньнем з Польшчай, з цэнтрам у Варшаве, але з пэўнаю палітычнаю аўтаноміяй ці ў палітычным саюзе з Польшчай, як гэта прапаноўваў урад Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага. Мяжою будучай вызваленай ад царызму дзяржавы паўстанцы лічылі мяжу Рэчы Паспалітай з Расеяй перад першым падзелам 1772 г. Значыцца, у XIX ст. польскія, літоўскія і беларускія шляхоцкія патрыёты мелі альтэрнатыўны ў параўнаньні з расейскаю палітыкай дзяржаўны падыход да будучага ўзноўленага гаспадарства, дзе прадугледжвалася пэўная адасобленасьць Беларускага-Літоўскага краю.