ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

У 1717 г., калі ў Рэчы Паспалітай стаялі 60 тысячаў расейскіх штыхоў, адбыўся «Нямы сойм» («нямы» ― бо бяз спрэчак і абмеркаваньняў). Ён на прапанову дыпляматаў Пятра І абмежаваў уладу гетманаў, скараціў польскую армію да 18, а беларускую-літоўскую ― да 6 тысячаў чалавек. Пад націскам Пятра I, які жадаў умацаваць уладу свайго саюзьніка Аўгуста II, на сойме 1717 г. былі абмежаваныя палітычныя правы некаталіцкай, у тым ліку і праваслаўнай шляхты (гэтак званых дысыдэнтаў), а ў 1733 г. і скасаваныя ― некаталіцкай шляхце не дазвалялася займаць дзяржаўныя пасады, выбіраць дэпутатаў у сойм і ўдзельнічаць у працы Галоўнага Літоўскага трыбуналу. Але, калі гэта было на карысьць Расеі, Кацярына II у 1766 г., наадварот, патрабавала зраўнаць правы каталіцкай і некаталіцкай шляхты. «Вечны мір» 1686 г. (дарэчы, зацьверджаны соймам генэральнай канфэдэрацыі, саюзьнікамі расейскага цара, толькі ў 1710 г. пад націскам Пятра I) дазваляў цару апекавацца праваслаўнымі жыхарамі Беларусі, Украіны, Літвы й Польшчы. Спасылаючыся на гэта, Кацярына выступіла ў ролі заступніцы ня толькі праваслаўных, але й пратэстантаў (на што ня мела аніякіх правоў). У 1767 г. царскі ўрад арганізаваў дзьве шляхоцкія канфэдэрацыі (узброеныя часовыя палітычныя зьвязы шляхты): у Торуні ― польскіх лютаранаў і кальвіністаў, а ў Слуцку ― кальвіністаў, лютаранаў і праваслаўных Вялікага Княства Літоўскага, якія патрабавалі зраўнаньня правоў з каталіцкаю шляхтаю. Пад актамі гэтых канфэдэрацыяў толькі 573 подпісы, прычым расьпісваліся і за адсутных. Тым ня менш Кацярына II абвесьціла, што абараняе Інтарэсы шостай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай, і падтрымала абедзьве канфэдэрацыі. Між тым, паводле падлікаў гісторыка Т. Корзана, у 1771 г. у Рэчы Паспалітай праваслаўныя складалі 5 % ад усяго насельніцтва дзяржавы. У Рэч Паспалітую былі зноў уведзеныя расейскія войскі, якія разам з канфэдэратамі пайшлі на Варшаву й дамагліся ад сойму зраўнаньня дысыдэнцкае шляхты ў правох з каталіцкаю, а да таго ж ― зацьверджаньня анархічнага дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітае (1768 г.). Гэта было галоўнаю мэтаю, дзеля якой выкарыстоўвалі дысыдэнцкую шляхту.

Бесцырымонна ўводзіліся расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі, каб вярнуць у Расею тых, хто ўцёк ад жорсткага прыгону і рэпрэсіяў супраць старавераў-раскольнікаў, якія даўно ўжо пасяліліся ў слабодах Веткі ды ейных ваколіцах. У красавіку 1735 г. пяць расейскіх палкоў на чале з палкоўнікам Я. Сыціным «вывелі» зь Веткі й суседніх слабодаў 13 294 жыхароў, а ўсе будынкі, з манастырскімі ўлучна, былі спаленыя. Паколькі ўцёкі на Беларусь з Расеі працягваліся, дык на загад Кацярыны II генэрал-маёр Маслаў з двума палкамі зноў зрабіў налёт на Ветку («другая веткаўская выгонка») і вывеў у Расею новых пасяленцаў ― да 20 тысячаў душ, якія былі высланыя ў Сібір. Адначасова расейскі ўрад рыхтаваў далучэньне часткі тэрыторыі Беларусі да Расейскай імпэрыі. Неўзабаве пасьля ўступленьня на трон Кацярына II у рэскрыпце расейскаму пасланьніку ў Варшаве Кейзерлінгу (8 лютага 1763 г.) у сувязі з чуткамі пра хваробу і магчымую сьмерць караля Аўгуста III пастанавіла выбраць караля, цалкам ёй падпарадкаванага. Царыца загадала патрабаваць ад кандыдата ў каралі за ейную падтрымку перадачы Расеі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, выдачы «многіх тысячаў сялянаў-уцекачоў, гарантыі рэлігійнае свабоды праваслаўным «абывацелям».

6 кастрычніка 1763 г., наступным днём па сьмерці караля Аўгуста III, на нарадзе ў Кацярыны і І гэтыя патрабаваньні былі пацьверджаныя. Праект па тэрытарыяльным пытаньні вызначаў абшары, якія мелі адысьці да Расеі. Прапанаваная дзяржаўная мяжа цалкам супадала з будучаю мяжою паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай пасьля першага разбору 1772 г. Гэтыя патрабаваньні былі прад'яўленыя ад імя царыцы ў канцы 1763 г. кандыдату ў каралі Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Такім чынам, у 1763 г. Кацярына II першая паставіла пытаньне пра далучэньне часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай да Расеі. Пры гэтым царызм выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай зь іншымі дзяржавамі, бо лічыў, што лепш мець слабога і цалкам залежнага ад сябе суседа на сваёй заходняй мяжы.

Кацярына II нават патрабавала, каб расейскія войскі на Беларусі, Украіне й Польшчы ўтрымліваліся за кошт скарбу Рэчы Паспалітай; імпэратрыца прымусіла сойм прыняць дамову аб карды нальных правох (1768 г.), якая захавала анархічны дзяржаўны лад. У адказ на адкрытае ўмяшаньне Расеі ў Рэчы Паспалітай пачаўся вызвольны рух. У лютым 1768 г. у Бары (на Ўкраіне) утварылася шляхоцкая канфэдэрацыя на чале зь Юзафам Пуласкім. У Беларусі таксама ўзьнік канфэдэрацкі рух. Пачалася барацьба з расейскімі войскамі, якія акупавалі краіну.

У Беларусі да Барскай канфэдэрацыі далучылася частка шляхты зь Берасьцейскага й Мсьціслаўскага ваяводзтваў, Ашмянскага, Ваўкавыскага, Аршанскага й Браслаўскага паветаў. У кастрычніку 1768 г. расейскія войскі разьбілі канфэдэратаў пад Дзярэчынам і занялі Нясьвіскую й Слуцкую фартэцыі. У 1769 г. аддзел берасьцейскіх канфэдэратаў на чале з Пуласкім здабыў перамогі ў баёх пад Бераставіцай, Слонімам, Мышшу. Найбольшы размах канфэдэрацкі рух у Беларусі дасягнуў у 1770―1771 гг. Ад чэрвеня 1770 г. аддзел Сымона Касакоўскага, які складаўся пераважна з дробнай шляхты, дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашкавічаў, Менска. Зноў узьнялася шляхта ў Ашмянскім і Браслаўскім паветах, Полацкім і Мсьціслаўскім ваяводзтвах. Неўзабаве аддзел Касакоўскага, які папаўняўся сялянамі й іншым нешляхоцкім элемэнтам пацярпеў паразу пад Наваградкам. У верасьні 1771 г. на бок канфэдэратаў перайшоў гетман вялікі літоўскі Міхал Казімер Агінскі, але ягоны 3-тысячны аддзел быў разьбіты А. Суворавым пад Стваловічамі. У 1772 г. канфэдэрацкі рух быў задушаны.

Разборы Рэчы Паспалітай. Страта незалежнасці

Разгром барскіх канфэдэратаў у Польшчы супаў з пачаткам першага разбору Рэчы Паспалітай. Яшчэ ўлетку 1771 г. пачаліся перамовы пра яе падзел паміж Прусіяй і Расеяй, зьвязанымі вайсковапалітычным саюзам. Кароль Прусіі Фрыдрых ІІ дамагаўся атрымаць частку польскай тэрыторыі, каб злучыць Усходнюю Прусію зь іншымі ягонымі ўладаньнямі. Аднак бяз згоды Расеі гэта было немагчыма. У сувязі са складанымі для Расеі абставінамі ў часе расейска-турэцкай вайны 1768―1774 гг., расейскі ўрад згадзіўся прыняць прапанову Фрыдрыха 11 пра падзел Рэчы Паспалітай. Пазьней да іх далучылася Аўстрыя.

5 жніўня (25 ліпеня) 1772 г. у Пецярбурзе паміж гэтымі краінамі была падпісаная канвэнцыя. Расея далучыла да сваёй тэрыторыі Інфлянцкае ваяводзтва, большую частку Полацкага, амаль усё Віцебскае, усё Мсьціслаўскае і ўсходнюю частку Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. Кацярына аддала Аўстрыі паўднёвую частку Польшчы й Заходнюю Ўкраіну. Прусія атрымала паморскія землі Польшчы.

Пасьля першага разбору Рэчы Паспалітай на яе тэрыторыі не засталося праваслаўных эпархіяў. Георгі Каніскі і расейскі пасланьнік у Варшаве Штакельбэрг запрапанавалі прызначыць для ўсіх праваслаўных у дзяржаве асобнага біскупа, які жыў бы ў Слуцку і быў бы таксама архімандрытам Слуцкага Траецкага (Трайчанскага) манастыра. Кацярына II згадзілася, і ў чэрвені 1785 г. у Кіеве ў сан біскупа пераяслаўскага (з рэзыдэнцыяй у Слуцку), вікарыя мітрапаліта кіеўскага, быў пасьвячоны Віктар Садкоўскі, расейскі падданы, выхаванец Кіеўскай духоўнай акадэміі, ад 1738 г. архімандрыт Трайчанскага манастыра, а да таго сьвятар царквы пры расейскім пасольстве ў Варшаве, падпарадкаваны сыноду Рускай праваслаўнай царквы.

У канцы 80 ― пачатку 90-х гадоў XVIII ст. у Рэчы Паспалітай адбываліся прагрэсіўныя зьмены. Ішлі рэформы, мацаваліся і павялічваліся польская і беларуская-літоўская арміі, была прынятая канстытуцыя 1791 г., якая стварыла больш спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця капіталістычных дачыненьняў. Варожа настроеная да рэформаў і ўмацаваньня незалежнасьці групоўка магнатаў і шляхты дзеля захаваньня прывілеяванага становішча вырашыла зьвярнуцца па дапамогу да Кацярыны II. Пад наглядам царыцы ўклалі акт канфэдэрацыі. Да ўсходніх рубяжоў Беларусі і Ўкраіны падцягнуліся расейскія войскі, якія на загад Кацярыны перайшлі мяжу. Акт канфэдэрацыі быў падпісаны ў памежным мястэчку Таргавіца (на Ўкраіне) 14 траўня 1792 г. Прусія ўвяла свае войскі ў Польшчу. Вайна цягнулася да канца ліпеня. Літоўскае войска адступіла за Буг. Да канфэдэрацыі далучыўся кароль.

Улады Таргавіцкай канфэдэрацыі скасавалі рэформы. У Пецярбурзе 23 (12) студзеня 1793 г. Расея й Прусія падпісалі канвэнцыю пра другі разбор Рэчы Паспалітай. Паводле канвэнцыі Расея ў залік выдаткаў на «падтрыманьне парадку» у Рэчы Паспалітай (а фактычна за акупацыю краіны) забірала сабе цэнтральную частку Беларусі з гарадамі Менск, Барысаў, Слуцак, Пінск, Бабруйск і Мазыр, а таксама большую частку Правабярэжнай Украіны.

А Прусія атрымала заходнюю частку Польшчы. Горадзенскі сойм 1793 г. маўкліва зацьвердзіў захоп Расеяй беларускіх ды ўкраінскіх земляў і пад націскам царскага пасла, у акружэньні салдатаў расейскага войска, згадзіўся на перадачу Прусіі заходніх польскіх земляў.

Нацыянальна-вызвольны рух у Польшчы, Літве й Беларусі, паўстаньне 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касьцюшкі, задушанае расейскімі й прускімі войскамі, выклікалі трывогу Кацярыны II, прускага караля і аўстрыйскага імпэратара. Яны вельмі баяліся ўплыву рэвалюцыйнай Францыі на ўсходзе Эўропы. Таму ва ўмовах расейска-прускай акупацыі праведзены трэці разбор Рэчы Паспалітай. 24 (13) кастрычніка 1795 г. зноў у Пецярбурзе, зноў пад асабістым наглядам Кацярыны II паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй была падпісаная канвэнцыя. Расея забірала сабе Курляндыю, Літву (без Занямоньня), Заходнюю Беларусь (безь Беласточчыны) і Валынь. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу зь Люблінам, Сандамірам, Кракавам і Міньскам-Мазавецкім. Прусія ― Варшаву, большую частку Мазовіі, Беласточчыну й літоўскае Занямоньне. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25 лістапада 1795 г. зрокся трону на карысьць Кацярыны II.

На гэтым гісторыя незалежнай Рэчы Паспалітай скончылася. Тым самым была зьліквідаваная і незалежная Беларуская-Літоўская дзяржава. Амаль уся (акрамя Беласточчыны) тэрыторыя Беларусі была гвалтоўна ўлучаная ў склад Расейскай імпэрыі. Падчас напалеонаўскіх войнаў, паводле Тыльзыцкае мірнае дамовы 1807 г. паміж Расеяй і Францыяй, Беластоцкая акруга перадавалася Расеі. Такім чынам, праз 12 гадоў усе беларускія землі апынуліся пад уладаю расейскага царызму.

Пачалася новая эпоха ў гісторыі Беларусі, у гісторыі беларускага народу. Эпоха гвалтоўнай русыфікацыі, пазбаўленьня й выкараненьня нацыянальнай адметнасьці ды гістарычнай памяці, але і эпоха нацыянальна-вызвольнага руху, паўстаньняў, а потым ― і Адраджэньня.

Поделиться с друзьями: