Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
25 сакавіка 1921 г. урад Беларускай Народнай Рэспублікі (за мяжой) прыняў зварот «Усяму культурнаму свету», у якой Рыжскі мірны дагавор характарызаваўся як ганебны. Урад БНР не прызнаў яго. Супраць Рыжскай дамовы выступілі дэлегаты першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (1921 г.), а таксама і другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне (1925 гг.). Беларускі народ, у адрозненне ад яго бальшавіцкага кіраўніцтва, не прызнаў гэты падзел Беларусі. Рыжскі мірны дагавор 1921 г. увайшоў у гісторыю як акт падзелу тэрыторыі Беларусі суседнімі дзяржавамі, як трагічная падзея ў гісторыі беларускага народа.
Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі
Пад час мірных перагавораў у сталіцы Латвіі Рызе паміж савецкай расійска-ўкраінскай дэлегацыяй, з аднаго боку, і польскай, з другога, вызначаўся лёс Беларусі і савецка-польскай граніцы. Прапанова кіраўніка савецкай дэлегацыі А. А. Іофэ ўступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да р. Бярэзіны) за тэрытарыяльныя ўступкі на Украіне не была прынята польскім бокам, бо улады баяліся аб’яднання ўсіх беларусаў у складзе Польскай дзяржавы. У выніку перагавораў 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе было падпісана не толькі перамір’е, але і дагавор аб прэлімінарных (папярэдніх) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога. Польшча прызнавала абедзве савецкія рэспублікі - Украінскую і Беларускую (тэрыторыя якой тады заканчвалася за Барысавым і Бабруйскам). Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь прызнаваліся польскай тэрыторыяй. Да падпісання канчатковага міру ўстанаўлівалася нейтральная зона. Чырвоная Армія адыходзіла на адлегласць «не бліжэй 15 км ад зафіксаванага да моманту спынення ваенных дзеянняў польскага фронту». Польскія войскі на поўнач ад Нясвіжа спыняліся на лініі граніцы, а на поўдзень — на лініі свайго найбольшага прасоўвання. Толькі пасля ратыфікацыі гэтага дагавора войскі абодвух бакоў павінны былі паступова адводзіцца за межы сваёй тэрыторыі і размяшчацца не бліжэй 15 км па абодвух баках граніцы. Ад гэтага часу ўстанаўлівалася нейтральная зона шырынёй 30 км.
Гэта азначала, што ў бліжэйшы час, пасля ратыфікацыі прэлімінарнага мірнага дагавора, польскія войскі адыдуць за савецка-польскую мяжу з тэрыторыі Слуцкага павета. У выніку дагавора заходняя частка Слуцкага павета станавілася тэрыторыяй Польскай дзяржавы (Ляхавічы, Нясвіж, Клецк), а Капыль і Капыльская воласць — памежнай тэрыторыяй.
Слуцк і Слуцкі павет у перыяд так званай другой польскай акупацыі ў кастрычніку-лістападзе 1920 г. з’яўляліся месцам канцэнтрацыі 11-й і 16-й польскіх пяхотных дывізій. Тут жа ў кастрычніку 1920 г. фарміраваліся гусарскі, уланскі і Тульскі драгунскі палкі Саюзнай народнай добраахвотніцкай арміі беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Армія фарміравалася з беларускіх і рускіх палкоў.
У Слуцку і Слуцкім павеце моцныя пазіцыі займала партыя эсэраў, якая абапіралася на беларускае сялянства і пад час савецка-польскай вайны разам з партыяй бальшавікоў вяла партызанскую барацьбу супраць польскай акупацыі. Пасля абвяшчэння БССР у другі раз, 31 ліпеня 1920 г., партыя беларускіх эсэраў (як саюзнік Кампартыі Беларусі) заставалася легальнай, хаця бальшавікі ўладай з ёй не падзяліліся. Эсэры па-ранейшаму стаялі за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, займалі антыпольскія пазіцыі, былі таксам праціўнікамі вайскова-палітычнага саюзу з Савецкай Расіяй або далучэння да Расіі. Рыхтуючыся да адыходу, польскія вайсковыя ўлады ў пачатку лістапада 1920 г. перадалі ўсю цывільную ўладу беларускім дзеячам.
Пасля заняцця Слуцка польскімі войскамі ў кастрычніку 1920 г. у павятовым цэнтры ўзнавіў сваю дзейнасць Беларускі Нацыянальны Камітэт, створаны яшчэ ў 1918 г. У ім дзейнічалі дзве групоўкі: прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча, якія супрацоўнічалі з польскімі ўладамі, і беларускія эсэры, прыхільнікі незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Эсэры прапанавалі склікаць з’езд Случчыны (у пераважнай большасці з сялянства), каб вырашыць пытанні ўлады. У валасцях павета, у тым ліку і на Капыльшчыне, былі створаны абраныя мясцовымі сялянамі на чале з эсэрамі Беларускія нацыянальныя камітэты як органы народнай улады. Парадак падтрымлівала народная міліцыя з жыхароў мястэчкаў і воласці, і снаваў і рэзерв народнай міліцыі з добраахвотнікаў. Адміністрацыю ў Слуцку і гаспадарчую дзейнасць узначальвалі мясцовыя беларускія дзеячы. За некалькі дзён замест войтаў у валасцях і солтысаў у вёсках былі дэмакратычна абраны Беларускія нацыянальныя камітэты як органы мясцовай улады.
14–15 ліпеня 1920 г. у Слуцку адбыўся Першы беларускі з’езд Случчыны (з’езд сялянства Случчыны) з дэлегатамі ад горада і 15 валасцей, у тым ліку і Капыльскай. З’езд праходзіў пад уплывам беларускіх эсэраў, прыняў рэзалюцыю аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку і выбраў Беларускую Раду Случчыны з 17 сябраў у якасці выканаўчага і распарадчага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі. Паколькі з’езд прыняў пастанову аб падрыхтоўцы збройнага змагання, пасля яго закрыцця некалькі дэлегатаў выехалі ў вёскі Капыльскай, Цімкавіцкай, Грозаўскай, Быстрыцкай і іншых валасцей, каб рыхтаваць узброеныя атрады і заклікаць жыхароў да змагання.
Пры падтрымцы сялянства і гаражан Слуцкая рада за тры дні сфармавала з добраахвотнікаў 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага, прызначыла камандаванне брыгадай, палкамі, займалася забеспячэннем войска зброяй і харчаваннем.
2-гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў Слуцку, мястэчках Грозаве і Семежаве з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. У Грозаве добраахвотнікі, сялянскія хлопцы, збіраліся ў памешчыцкім доме, адтуль і пашлі на фронт. Грозаўскі полк складаўся з 2 батальёнаў, а яны падзяляліся на роты. Камандзір палка — капітан Лука Семянюк (былы камандзір 1-га беларускага партызанскага атрада), намеснік камандзіра палка — капітан Гнароўскі, камандзіры батальёнаў — капітан Антон Самусевіч і штабс-капітан Мацэля. Пасля фарміравання (апроч рэзерву) у 2-м Грозаўскім палку было каля 2 тыс. чалавек. Узбраеннем (вінтоўкі і некалькі кулямётаў) была забяспечана толькі чвэрць асабовага саставу; за кошт трафеяў і дапамогі Беларускай вайсковай камісіі пазней была ўзброена палова жаўнераў палка. У пачатку паўстання полк займаў фронт у 60 км у нейтральнай зоне савецка-польскай граніцы на поўнач ад лініі фронту 1-га Слуцкага палка (лінія Грозаў — Капыль — Цімкавічы — Семежава) і рабіў напады на палявыя каравулы Чырвонай Арміі. Маючы дрэнныя разведвальныя звесткі, камандаванне Чырвонай Арміі спачатку прыняло жаўнераў Слуцкай брыгады за атрады генерала Булак-Балаховіча. Так, у аператыўнай зводцы палявога штаба Чырвонай Арміі ад 2 снежня 1920 г. гаварылася:
«У Слуцкім раёне ў 20 вярстах на паўночны захад (раён паміж Капылём і Грозавам. — А. Г.) і ў 25 вярстах на паўднёвы захад ад Слуцка (раён Вызны. — А. Г.) адбываюцца сутычкі з дробнымі вандроўнымі атрадамі балахоўцаў».
Баі вяліся ў раёне в. Быстрыца, ля мяст. Капыль і ў іншых населеных пунктах. У гэтых баях паўстанцы наносілі страты, бралі палонных, адбівалі населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расійскіх сялян, сілай мабілізаваных у Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся у палон або пераходзілі са зброяй.
У баі ля мяст. Капыль жаўнеры Грозаўскага палка захапілі ў палон роту чырвонаармейцаў з канцылярыяй і ўсёй амуніцыяй. Былі захоплены ў палон і сябры рэўкама, створанага савецкім камандаваннем. Пасля гэтага бою аддзелы 2-га Грозаўскага палка выцяснілі чырвоныя падраздзяленні з Цімкавічаў на ўсход.
Камандаванне 16-й арміі савецкіх войск вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход 4 снежня савецкіх войск (8-й і 17-й стралковых дывізій) у нейтральную зону на тры дні, выказаўшы сваё адмоўнае стаўленне да паўстанцаў. Аднак камандаване Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкай насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войск. Баі вяліся зноў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны. Толькі ў раёне Семежава частка атрадаў паўстанцаў была разбіта і 7 снежня перайшла польскую мяжу. Польскія ваенныя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў. 9 снежня штаб Слуцкай брыгады прызнаў, што пасля баёў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны аддзелы паўстанцаў адступілі да мяжы і дзве роты адышлі на польскую тэрыторыю, дзе былі раззброены польскімі ўладамі.
Штаб Слуцкай брыгады пасля адступлення знаходзіўся ў в. Грыцэвічы, у 2 км ад р. Лань, у нейтральнай зоне, але на тэрыторыі, якая паводле папярэдняга мірнага дагавора адышла да Польшчы. Перагрупіраваўшыся, паўстанцы зноў перайшлі ў наступ. У ноч на 10 снежня яны занялі вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, а потым в. Старынь. Жаўнеры брыгады зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонай Арміі з занятых пазіцый. Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна. У ноч на 13 снежня паўстанцы адбілі Семежава, дзе захапілі многа боепрыпасаў. Асаблівую адвагу выказалі жаўнеры 2-й роты 1-га Слуцкага палка на чале з паручнікам А. Курыловічам. Аднак савецкія падраздзяленні зноў адбілі ў паўстанцаў Семежава.
Э. Вайніловіч (фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску і ўладальнік маёнткаў Пузава і Савічы) у сваіх успамінах згадвае, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за дзяржаўную мяжу, вызначаную дамовай 12 кастрычніка 1920 г., ажно за Пузаў, пад Ёдчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за савю дэмаркацыйную лінію. Гэта было зроблена, каб даць магчымасць савецкім войскам разгарміць паўстанцаў. У наступных баях атрады паўстанцаў занялі Семежава, Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.