ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

ДАДАДЗЕНЫЯ АРТЫКУЛЫ

Гісторыя геапалітыкі Беларусі

І. Геапалітыка Вялікага княства Літоўскага у XIII–XVI стст

Першыя фэадальныя дзяржавы беларусаў ад самага пачатку мусілі весьці самастойную палітычную лінію ў дачыненьнях між сабой і суседзямі, блізкімі і больш далёкімі, такімі як Візантыя. Асабліва актыўную палітыку ў XI-XII стст. праводзіла Полацкае княства, Самая моцная беларуская дзяржава ў той час. Зьнешняя палітыка Полацка была перадусім накіраваная на адстойваньне незалежнасьці ў барацьбе з Кіеўскім княствам, а таксама на ўрэгуляваньне адносінаў з Ноўгарадам і суседзямі, у тым ліку зь літоўскімі, латгальскімі, ліўскімі і эсцкімі плямёнамі ў Прыбалтыцы. Латгалы і лівы ўвайшлі ў дзяржаўныя дачыненьні з Полацкім княствам, сталіся ягонымі васаламі. На тэрыторыі латгалаў былі ўтвораныя васальныя княствы Герцыке і Кукенойс з князямі полацкае дынастыі Ізяславічаў.

Напачатку XIII ст. Полацкае княства вымушана было распачаць барацьбу зь нямецкімі рыцарамі Ордэну мечаносцаў (Братоў Хрыстовага ваярства), які ў 1237 г. быў пераўтвораны ў Лівонскі ордэн у складзе Тэўтонскага.

Першыя дзяржавы беларусаў, як і іншыя тагачасныя эўрапейскія дзяржавы, часам вялі мірную палітыку, а часам ваявалі. Але ўсё ж гаварыць пра геапалітычныя дачыненьні беларускіх княстваў у гэты пэрыяд зарана. Іхная палітыка была абмежаваная рамкамі ўсходнеславянскага рэгіёну і толькі пачала выходзіць за ягоныя межы. Тым ня менш, зыходзячы з геаграфічнага становішча беларускіх дзяржаваў, вызначыліся кірункі актыўнасьці: дачыненьні з Кіеўскай Русьсю, з Прыбалтыкай, зь Візантыяй і нямецкімі ордэнамі.

Вялікае княства Літоўскае - зьбіральнік усходнеславянскіх земляў

Новыя абставіны склаліся ў сярэдзіне XIII ст., калі ўтварылася Літоўскае-Беларускае гаспадарства з сталіцай у Наваградку. Ад самага пачатку існаваньня нашай гістарычнай дзяржавы яе ўладарамі, пачынаючы ад Міндоўга, і кіруючымі коламі праводзіцца актыўная зьнешняя палітыка на некалькіх кірунках. Калі нашыя землі аб'ядналіся ў адной дзяржаве, ва Ўсходняй Эўропе склалася новая геапалітычная сытуацыя.

Да 80-х гг. XIV ст. скончыўся працэс уключэньня асноўных беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (як яно называлася да сярэдзіны XV ст., калі дадалося і «Жамойцкага», бо жамойцкая зямля ўвайшла ў склад дзяржавы на правох аўтаноміі). У 1358 г. была далучаная Мсьціслаўская зямля, у 60-я гг., пасьля перамогі літоўскага-беларускага войска пад Сінімі Водамі, - Кіеўская зямля, а разам зь ёю Мазырская і Брагінская воласьці, каля 1358 г.
– Бранскае княства, у 60–70-х гг. XIV ст. - Чарнігава-Северскія землі. Урэшце, у 1395 г. падпарадкавалася Смаленскае княства, якое ў 1404 г. канчаткова ўвайшло ў склад ВКЛ.

Увесь гэты час - ад сярэдзіны XIII да канца XIV ст. - ішоў ня толькі працэс аб'яднаньня беларускіх земляў у адной дзяржаве, але і адбывалася ўмацаваньне ейных рубяжоў, заключаліся саюзы зь іншымі дзяржавамі, вяліся войны.

Адным з галоўных кірункаў зьнешняе палітыкі Вялікага Княства Літоўскага быў усходні. У ХІV ст., як ужо нагадвалася, галоўнаю мэтай яго сталася аб'яднаньне беларускіх земляў у адной нацыянальнай дзяржаве. А затым - вызваленьне земляў Русі з-пад татарскае няволі ды ўключэньне іх у склад новай дзяржавы з сталіцаю ў Вільні. На працягу XIV ст. Вільня была цэнтрам аб'яднаньня ўсіх усходнеславянскіх земляў. Пры гэтым яна мела супернікам спачатку Галіцка-Валынскую Русь (але нядоўга), а потым - Маскоўскае вялікае княства, якое пачало ўзмацняцца.

У XIV ст. ідзе палітычная барацьба за прамежкавыя княствы - Кіеў, Цьвер, Ноўгарад, Пскоў. У другой палове стагодзьдзя пачынаецца вайсковае змаганьне Вільні і Масквы за землі Русі. Ноўгарад, Пскоў і Цьверскае вялікае княства шукалі падтрымкі супраць Масквы ў вялікіх князёў літоўскіх.

Да гэтага часу адносяцца тры паходы вялікага князя Альгерда на Маскву. У 1368 г. ён заключыў саюз зь цьверскім князем Міхаілам Аляксандравічам і двойчы (1368 і 1370 гг.) падыходзіў да Маскоўскага Крамля (горад быў узяты). Толькі каменныя муры Крамля, пабудаваныя ў 1367 г., выратавалі маскоўскага князя. У Хроніцы Быхаўца гаворыцца:

«I на самую Пасху раніцаю рана князь вялікі (Дзьмітры Іванавіч - А. Г.) з баярамі і князямі ішоў з ютрані з царквы, а князь вялікі Альгерд з усімі сваімі сіламі, распусьціўшы сьцягі свае, паказаўся на Паклоннай гары.

І пабачыўшы гэта, вялікі князь Маскоўскі моцна спужаўся і жахнуўся, убачыўшы вялікага князя Альгерда зь ягонаю вялікаю сілаю, які прыйшоў да яго такім магутным. I, ня маючы сілаў даць яму адпор, паслаў да яго паслоў, просячы яго аб міры і абяцаючы даць яму вялікія падарункі, просячы яго, каб яго з вотчыны яго Масквы ня выгнаў… І князь вялікі Альгерд пашкадаваў яго… і не здабываў яго з Масквы, і заключыў зь ім мір».

У 1372 г., пасьля новага паходу Альгерда на Маскву, каля Любуцка быў заключаны канчатковы мір з маскоўскім вялікім князем.

Становішча на ўсходзе пагоршылася для Літоўскай-Беларускай дзяржавы пасьля сьмерці Альгерда ў 1377 г. і барацьбы за ўладу паміж Ягайлам і Кейстутам. Пасьля перамогі маскоўскага князя Дзьмітрыя Іванавіча ў 1380 г. на Куліковым полі над татарамі ў Маскву выехаў праваслаўны мітрапаліт літоўскі Кіпрыян, што паўплывала на настрой часткі насельніцтва дзяржавы. Спроба вялікага князя Ягайлы заключыць саюз з Масквой супраць татараў і крыжакоў (план жаніцьбы яго з дачкою Дзьмітрыя Данскога) скончылася няўдачай, бо літоўскія-беларускія князі і баяры лічылі, што больш страцяць, чым атрымаюць ад ваенна-палітычнага саюзу з Масковіяй, якая выкарыстае яго, каб павялічыць сваю тэрыторыю і на ўсходзе і на захадзе (таксама і за кошт саюзьніка), ужыўшы пры гэтым літоўскія-беларускія палкі.

Менавіта таму і быў тады прыняты план саюзу з Польшчай, найперш супраць крыжакоў. Гэта было аформлена Крэўскай вуніяй 1385 г., шлюбам Ягайлы з польскай каралевай Ядзьвігай і каранаваньнем яго на караля Польшчы.

Усходняя палітыка Вітаўта

Але барацьба за гегемонію ў рускіх землях паміж вялікімі княствамі Літоўскім і Маскоўскім працягвалася. У канцы XIV - першай палове XV ст. усходняя палітыка Літоўскай-Беларускай дзяржавы, акрамя ціску на Маскоўскае княства, прадугледжвала пашырэньне ўплыву на іншыя княствы, у тым ліку на Разанскае і Цьверскае вялікія княствы, бо яны займалі важнае стратэгічнае становішча ў дачыненьні да Маскоўскага княства, Залатой Арды, Ноўгарада й Пскова.

Зь сярэдзіны 20-х гг. XV ст. Вітаўт узнавіў актыўную палітыку на ўсходзе, спрабуючы падпарадкаваць Ноўгарад і Пскоў. Адначасова вялася палітыка, каб далучыць да саюзу зь Вільняй іншыя рускія княствы. У 1427 г. адбылася вялікая вайсковая экспэдыцыя Вітаўта ў Суздальскую зямлю. У выніку гэтага паходу княствы Разанскае, Пераяслаўскае, Пронскае, Навасільскае, Адоеўскае і Варатынскае прызналі зьверхняе апекаваньне з боку Вітаўта. Так, вялікі князь разанскі Іван Фёдаравіч даў Вітаўту грамату на вернасьць і падданства ды заверыў яе прысягаю, што як «господину господарю» свайму абяцае дапамогу супраць кожнага праціўніка, у тым ліку і супраць Масквы. У 1427 г. вялікі князь цьверскі Барыс Аляксандравіч заключыў дамову аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе зь Вітаўтам, «з своим господином з дедом, з великим князем Витовтом, Литовским и многих Русских земель господарем».

Дачыненьні Вітаўта з Масквою мелі зьменны характар. Яшчэ ў 1391 г. Вітаўт выдаў сваю адзіную дачку замуж за маскоўскага князя Васіля І Дзьмітравіча. Аднак працягваліся і вайсковыя канфлікты. Тым ня менш Васіль І Маскоўскі зьвяртаўся да Вітаўта: «Господин великий князь Витовт. Ты мне как отец…»

У сваёй духоўнай грамаце (тастаманце) 1423 г. вялікі князь Васіль I, які памёр у 1425 г., даручыў Вітаўту ўзяць пад сваю апеку ўнука - малалетняга князя Васіля II і Маскоўскую дзяржаву. Тады ж у Смаленску адбылася сустрэча Вітаўта зь вялікаю княгіняю маскоўскаю Соф'яй Вітаўтаўнай, сваім унукам Васілём і маскоўскім мітрапалітам Фоціем, якія прадстаўлялі інтарэсы Васіля I. Яшчэ пры жыцьці свайго зяця Вітаўт Вялікі праз паслоў патрабаваў ад Ноўгарада і Пскова, каб прызналі яго сваім гасударам і давалі выхад (г. зн. дань), гаворачы:

«Вы даяцё выхад зяцю майму Васілю Маскоўскаму, які зьяўляецца маім васалам, а мне, уроджанаму гаспадару, даваць ня хочаце».

Пасьля гэтага Вітаўт пайшоў паходам на Наўгародзкую зямлю. Такім чынам, у першай трэці XV ст. рускія княствы знаходзіліся ў палітычнай залежнасьці ад Літоўскай-Беларускай дзяржавы.

Але посьпех на Ўсходзе быў часовы. Палітычныя падзеі пасьля сьмерці Вітаўта і фэадальная вайна паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Сьвідрыгайлам рэзка зьнізілі ўплыў Літоўскага-Беларускага гаспадарства ў маскоўскіх землях. У 1449 г. Казімір Ягайлавіч і Васіль II заключылі дамову аб сяброўстве і ненападзе. Абодва князі абавязаліся не прэтэндаваць на тэрыторыі кожнай зь дзьвюх дзяржаваў. Прадугледжваўся падзел сфэраў уплыву. У зону ўплыву Вялікага Княства Літоўскага ўваходзілі Цьвер і Вярхоўскія княствы, а ў сфэру ўплыву Масквы - Ноўгарад, Пскоў, Разань. Праўда, дамова не вытрымлівалася, хаця і вайны між абедзьвюма дзяржавамі не было. Сярэдзіна XV ст. сталася пэўным рубяжом у дачыненьнях Вільні ды Масквы. Дагэтуль існавала адносная раўнавага між двума цэнтрамі аб'яднаньня Русі.

Поделиться с друзьями: