Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
«… немцы 18 лютага 1918 г. перапынілі мірныя перагаворы і перайшлі ў наступ на ўсім фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора.
Наступаючы па тэрыторыю Вялікаросіі і Беларусі, немцы, нідзе не сустракаючы супраціўлення старой арміі, якая ўжо зусім разлажылася, лёгка дасягнулі лініі Нарва-Пскоў-Полацк-Орша-Магілёў.
Наступ германцаў прымусіў Савецкі ўрад падпісаць мір, і 3 сакавіка 1918 г. ён быў урэшце падпісаны».
Аднак у 1930 г. М. Я. Какурын быў арыштаваны, потым асуджаны і памёр у Яраслаўскім палітізалятары у 1936 г. (праз 20 гадоў рэабілітаваны), а кніга яго была забаронена, і чытачы пра яе доўгі час не ведалі, ажно да 1990 г., бо яна абвяргала версію савецкіх гісторыкаў пра грамадзянскую вайну.
Першым у савецкі час афіцыйную версію пра падзеі 23 лютага 1918 г. самі таго не жадаючы, паставіў пад сумнеў чалавек пабочны. У 1951 г. пісьменнік А. М. Сцяпанаў (1892–1965 г). лаўрэат Сталінскай прэміі за раман «Порт-Артур» у 1946 г. Працуючы над раманам «Сям'я Званаровых» пра далейшы лёс сваіх персанажаў, ён зацікавіўся абставінамі першых баёў Чырвонай Арміі і ўстанавіў бясспрэчны факт: 23 лютага 1918 г. баёў пад Нарвай і Псковам не адбывалася.
Як сведчыць генерал-маёр, прафесар С. Ф. Найда («Военно-исторический журнал», 1964, № 5) у сваім артыкуле «Чаму дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту святкуецца 23 лютага?», пісьменнік А. М. Сцяпанаў звярнуўся з лістом да Сталіна па гэтым пытанні. Сталін пераслаў ліст пісьменніка ў сакратарыят галоўнай рэдакцыі «Гісторыі грамадзянскай вайны ў СССР», які ўзначальваў С. Ф. Найда. Праверыўшы архіўныя дакументы і газеты за люты - сакавік 1918 г. С. Ф. Найда і яго супрацоўнікі падцвердзілі выснову А. Сцяпанава: сапраўды, пад Псковам і Нарвай ніякіх баёў не было.
Звернемся да яшчэ аднаго сведкі. Гэта генерал-лейтэнант царскай арміі, а потым генерал-лейтэнант Савецкай Арміі Міхаіл Дзмітрыевіч Бонч-Бруевіч (1870–1956 гг) «бальшавіцкі генерал», як яго ахарактарызаваў у сваіх мемуарах А. І. Дзянікін. Дарэчы, генерал А. І. Дзянікін меў рацыю. Генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў старэйшым братам вядомага бальшавіка Уладзіміра Дзмітрыевіча Бонч-Бруевіча (1871–1955 гг), блізкага супрацоўніка Леніна, кіраўніка спраў Саўнаркома РСФСР у 1917–1920 гг. У лістападзе 1917 г. генерал-лейтэнанта М. Д. Бонч-Бруевіча, адукаванага і дасведчанага вайскоўца, прызначылі начальнікам штаба савецкага Вярхоўнага Галоўнакамандуючага прапаршчыка М. В. Крыленкі. Раней генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў галоўнакамануючым Паўночным фронтам. Стаўка М. В. Крыленкі знаходзілася у гэты час у Магілёве. Па загаду Ул. Леніна 19 лютага 1918 г. генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў выкліканы ў Петраград. Толькі вечарам 22 лютага 1918 г., праехаўшы цягніком дзве ночы і дзень, ён дабраўся да Смольнага на нараду да Леніна. Як успамінае М. Д. Бонч-Бруевіч («Вся власть Советам», М., Воениздат, 1964 г.) Ленін заявіў некалькім былым царскім генералам, што ў савецкага ўрада няма ніякіх войскаў для абароны Петраграда і што трэба іх фармаваць.
У той жа дзень, 22 лютага газеты апублікавалі прыняты напярэдадні дэкрэт Савета народных камісараў «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». У гэтым дакуменце нічога не гаварылася аб усеагульнай прымусовай мабілізацыі. Дэкрэт абавязваў «усе сілы і сродкі краіны» перадаць «на справу рэвалюцыйнай абароны».
М. Бонч-Бруевіч і яго супрацоўнікі ўжо 23 лютага стварылі выведгрупы, якія былі накіраваныя насустрач нямецкім войскам, што наступалі на Нарву і Пскоў і далей маглі пайсці на Петраград. У той жа дзень, 23 лютага 1918 г. у Петраградзе прайшлі мітынгі пад лозунгам «Абарона сацыялістычнай айчыны», фармаваліся аддзелы Чырвонай Арміі з дабраахвотнікаў. Аднак ніякіх баёў у гэты дзень не было, бо аддзелы Чырвонай Арміі яшчэ не былі сфармаваныя. Наадварот, як раз у гэты дзень германскае камандаванне аддало загад прыпыніць наступ (але пра гэта ў Петраградзе не ведалі). Узяцце Петраграда патрабавала б значных стратаў, а дагэтуль нямецкія войскі ішлі наперад трыумфальным маршам, часта ў цягніках, або ў аўтамабілях па шашы. Немцы без бою падыйшлі да Нарвы, але далей не пайшлі, высылаючы на ўсход ад Нарвы толькі выведвальныя кавалерыйскія раз'езды.
Пад Нарву М. Д. Бонч-Бруевіч накіраваў аддзел матросаў Балтыйскага флоту пад камандаваннем П. Я. Дыбенкі (былога старшыні Цэнтрабалту) з камісарам А. Р. Жалязняковым (тым самым, што быў начальнікам варты таўрычаскага палаца і сказаў дэпутатам пры разгоне Устаноўчага сходу: «Варта стамілася, пакіньце памяшканне!»).
Аддзел Дыбенкі, як сведчыць М. Д. Бонч-Бруевіч, адразу адступіў на бліжэйшую станцыю, як толькі матросы падышлі да Нарвы і ўбачылі ў полі нямецкі кавалерыйскі раз'езд — дзесятак коннікаў. Як піша М. Д. Бонч-Бруевіч:
«Замест барацьбы з немцамі разбэшчаныя матросы заняліся бочкай са спіртам, якую здабылі па дарозе».
Так скончылася «баявая аперацыя» пад Нарвай. Камандзіра і камісара аддзелу ваенна-рэвалюцыйны трыбунал прыгаварыў да расстрэлу, аднак, улічваючы іх рэвалюцыйныя заслугі, замяніў пакараннем адпраўкай на фронт. Аддзел матросаў быў расфармаваны. Такой была сапраўдная «перамога» пад Нарвай.
У Пскове, паводле звестак, змешчаных у «Правде», 22 лютага 1918 г., прайшоў мітынг пскоўскай залогі. «З вялікім уздымам» яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю даць рашучы адпор нямецкім захопнікам. Аднак вечарам 24 лютага 1918 г.
«Пскоў быў заняты невялікімі сіламі немцаў. Горад удалося б адстаяць, калі б быў аказаны супраціў. На жаль, салдаты ў першы момант паддаліся паніцы і не прынялі ніякіх крокаў да адпору».
Так паведамляла бальшавіцкая газета. Нямецкая матацыклетная рота панесла страты ў 4 чалавекі (аўтамабіль наехаў на міну). Салдаты палка, што стаяў у Пскове разбегліся, і полк спыніў сваё існаванне. Такой была другая «перамога», на гэты раз «пад Псковам».
Такім чынам, свята Чырвонай (потым Савецкай) Арміі, а цяпер Узброеных сілаў Расіі мае міфічныя падставы прыдуманых перамог, у 30–80-я гады распрапагандаваных савец-кімі гісторыкамі і камуністычнай прапагандай.
Што тычыцца Беларусі, дык тут 23 лютага 1918 г. тым больш ніякіх гераічных падзей не адбывалася. Гэтая дата не мае аніякага дачынення да беларускай вайсковай гісторыі. На тэрыторыі Беларусі, дзе знаходзіўся фронт па лініі Дзвінск - возера Нарач - Смаргонь - Крэва - Карэлічы - Баранавічы - Пінск, як толькі салдаты «Расійскай рэвалюцыйнай арміі» (афіцыйная назва старой арміі) даведаліся аб ультыматыме германскага камандавання ад 16 лютага 1918 г., што нямецкія войскі пачнуць наступ, кінуліся наўцёк перад наступаючымі нямецкімі войскамі, рабуючы па дарозе панскія маёнткі. Пра гэта ёсць мноства сведчанняў, напрыклад, мемуары фундатара Чырвонага Касцёла ў Менску Э. Вайніловіча.
21 лютага 1918 г. у 3 гадзіны дня першы нямецкі цягнік прыбыў у Менск. 25 лютага немцы занялі Барысаў. Гэтым падзеям папярэднічалі ўцёкі з Менска ў Смаленск бальшавіцкага кіраўніцтва Заходняй вобласці і Заходняга фронту на чале з А. Мясніковым. Тут таксама можна прывесці дакументальныя сведчанні: Напрыклад, газета «Известия» ў нумары ад 26 (13) лютага 1918 г. (№ 34) прыводзіла звесткі з Менска ад 19 лютага з абласнога Савета народных камісараў (са спазненнем):
«На экстранным паседжанні Савета Народных Камісараў было пастаноўлена эвакуяваць абласны Савет» і «ў 4 гадзіны дня Савета ўжо не было».
Ніякіх баёў з нямецкімі войскамі ў Беларусі не было. Хто мог, уцякаў ад немцаў.
Мы бачым, што дата 23 лютага 1918 г. да Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь ніякага дачынення ўвогуле не мае.
Аднак воляю лёсу менавіта на гэты дзень прыпадае яшчэ адна дата — прычым таксама звязаная з пэўнай вайсковай сілай. 23 лютага 1944 г. паводле загада генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга пачала стварацца Беларуская Краёвая Абарона (БКА) — вайсковае фармаванне для барацьбы супраць бальшавізму.
Зразумела, кожны вырашае сам, што адзначаць 23 лютага — ці чарговую гадавіну стварэння БКА, ці памяць пра міфічныя перамогі Чырвонай Арміі Савецкай Расіі, ці неафіцыйнае «свята мужчынаў» (ёсць лішняя нагода падняць чарку і закусіць скваркай). Аднак варта было б узгадаць яшчэ адну падзею, якая, насамрэч, больш за ўсе іншыя нагадвае аб нашай вайсковай славе.
Падчас уздыму адраджэнскага руху ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўпершыню была адзначана сапраўды гераічная старонка нашай айчыннай гісторыі — гадавіна Аршанскай бітвы, калі 30-тысячнае войска К. Астрожскага цалкам разграміла 80-тысячную армію Маскоўскага вялікага княства. Адбылося гэта 8 верасня 1514 г. Вось чаму менавіта 8 верасня і адзначаецца беларускімі патрыётамі як наша нацыянальнае вайсковае свята — Дзень беларускай вайсковай славы.