Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ, каб зліквідаваць узброенае паўстанне. У гэты ж дзень чырвонаармейцамі было адбіта мяст. Вызна. Паўстанцы пачалі адыходзіць на захад. 20 снежня яны былі выціснуты да р. Морач. У той жа дзень іх выбілі з Семежава. Па ўзгадненні расійскай савецкай і польскай дэлегацый на мірных перагаворах у Рызе войскам Чырвонай Арміі дазвалялася праследаваць паўстанцаў і ў нейтральнай зоне, нават на тэрыторыі Польшчы. Штаб Слуцкай брыгады Вымушаны быў перадыслацыравацца ў в. Заастравечча (Клецкі раён) каля р. Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся аддзелы паўстанцаў, якім было нанесена паражэнне. Рада Случчыны БНР прыняла рашэнне перайсці сваім вайсковым аддзелам раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 29 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада стральцоў БНР перайшла за р. Лань і была абяззброена і інтэрніравана польскімі вайсковымі ўладамі. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне і змагаліся яшчэ доўгі час. Камандаванне Чырвонай Арміі адзначала, што беларускія партызаны непакоілі савецкія вайсковыя адзінкі ў Слуцкім павеце ў студзені 1921 г., калі яшчэ вяліся канчатковыя перагаворы яб міры паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Камандаванне 16-й арміі адзначала сур’ёзны характар партызанскага руху, які «не лічыць сваю барацьбу супраць Савецкай Расіі скончанай» і намагаецца «стварэння незалежнай дэмакратычнай Беларускай Рэспублікі». Таму тут і пакінулі «найбольш вопытных кіраўнікоў, старых партызанаў і зброю». 17–24 лютага 1921 г. на гэтым участку нейтральнай зоны была праведзена сумесная акцыя «расійскіх і польскіх атрадаў, кожны ў складзе не больш 400 штыкоў (г. зн. пехацінцаў. — А. Г.) пры 4 кулямётах і 60 шабляў (г. зн. коннікаў. — А. Г.)». Аднак гэтая аперацыя не дала вынікаў. Партызаны, якіх падтрымлівала сялянства, выйшлі з-пад удару савецкіх і польскіх вайсковых аддзелаў, пра што сведчаць вайсковыя паведамленні. Нейтральная зона ў раёне Капыля была занята Чырвонай Арміяй да савецка-польскай дзяржаўнай мяжы толькі пасля падпісання 18 сакавіка 1921 г. у Рызе канчатковага мірнага дагавора паміж РСФСР і Польшчай, у выніку якога тэрыторыя Беларусі была разрэзана амаль папалам. У 2-м артыкуле савецка-польскага мірнага дагавора 1921 г. так апісвалася лінія дзяржаўнай мяжы:
«…далей да сярэдзіны дарогі паміж Нясвіжам і Цімкавічамі (на захад ад Кукавічаў) пакідаючы вёскі Свярынава, Кутец, Луніна, Язвіны Паўночныя, Белікі, Язвін, Рымашы і Кукавічы (усе тры) на баку Беларусі, а на баку Польшчы вёскі Куль, Бучнае, Дзвянопаль, Журавы, Пасекі, Юшэвічы, Лісуны Паўночныя і Паўднёвыя, Султанаўшчына і Пляшэвічы; далей да сярэдзіны дарогі паміж Клецкам і Цімкавічамі (паміж вёскамі Пузава і Праходы), пакідаючы на баку Беларусі вёскі Раёўка, Савічы, Заракаўцы і Пузава, а на баку Польшчы вёскі Марусін, Смолічы Усходнія, Ляцешын і Праходы; далей да Маскоўска-Варшаўскай шашы, перасякаючы яе на захад ад вёскі Філіпавічы Заходнія, пакідаючы вёску Цехава на баку Беларусі, а вёску Ёдчыцы на баку Польшчы…»
25 сакавіка 1921 г. было падпісана пагадненне польска-расійскай вайсковай камісіяй, якое ліквідавала нейтральную зону. Войскі 16-й арміі прасунуліся да лініі мяжы.
Такім чынам, ваенныя дзеянні на тэрыторыі Капыльскай і суседніх валасцей былі скончаны. На тэрыторыі ўсяго Слуцкага павета ўсталявалася савецкая ўлада.
Дзень 23 лютага і гісторыя гэтага свята
Дзень 23 лютага афіцыйна з'яўляецца святам вайскоўцаў — Днём Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь. Неафіцыйна лічыцца ўвогуле днём мужчынаў, бо неўзабаве адзначаецца Жаночы дзень. Мала хто (ці амаль ніхто) ведае, ад якога часу пачала адзначацца гэтая дата. Хаця большасць дарослага насельніцтва нашай краіны ведае, што гэта свята Савецкай Арміі, а раней Чырвонай Арміі. Якое ж яно мае дачыненне да Беларусі?
Ва ўсіх даведніках 70-х гадоў мінулага стагоддзя (Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, Савецкай Гістарычнай Энцыклапедыі, Савецкай Ваеннай Энцыклапедыі) пра гэтую дату гаворыцца агульа і ў той жа час канкрэтна. Паўсюды адны і тыя ж словы:
«У азнаменаванне ўсеагульнай мабілізацыі рэвалюцыйных сіл, масавага ўздыму народа па абарону сацыялістычнай Айчыны, а таксама мужнага супраціўлення першых аддзелаў Чырвонай Арміі германскім захопнікам 23 лютага штогод адзначаецца як усенароднае свята Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту».
Пачала адзначацца гэтая дата з 1919 года. Спачатку святкаванне Дня Чырвонай Арміі было прызначана ў першую гадавіну дэкрэту Саўнаркому ад 15 (28) студзеня 1918 г. аб стварэнні на дабраахвотніцкай аснове Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ў Савецкай Расіі. Аднак святкаванне па нейкіх бюракратычных прычынах (пакуль мерапрыемства ўзгаднялася) аднеслі на люты 1919 г. і выбралі першую дату, якая трапілася пад руку: 23 лютага.
Спачатку самі бальшавіцкія кіраўнікі не ведалі, як адказаць, чаму менавіта гэты дзень яны звязваюць з народзінамі свайго войска. Напрыклад, вось што пісаў у сваім артыкуле «15 год Чырвонай Арміі» ў газеце «Правда» 5 сакавіка 1933 г. народны камісар па ваенных і марскіх справах СССР К. Я. Варашылаў:
«Дарэчы, прымеркаванне святкавання гадавіны РСЧА (Рабоча-Сялянскай Чырвонай арміі — А. Г.) да 23 лютага носіць даволі выпадковы і цяжка вытумачальны характар і не супадае з гістарычнымі датамі».
Клімент Варашылаў меў на ўвазе дату дэкрэта Савета Народных Камісараў Савецкай Расіі ад 15 (28) студзеня 1918 г. аб стварэнні Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі на добрахвотнай аснове ўзамен старой расійскай арміі, якая да таго часу, хоць насіла назву «Рэвалюцыйная», але ўжо амаль цалкам развалілася з-за масавага маштабнага дэзерцірства з арміі, як на фронце, так і ў тыле.
Трэба таксама адзначыць, што адразу пасля дэкрэту ад 28 студзеня 1918 г. Чырвоная армія арганізавана не была. Знаходзілася мала ахвотнікаў запісвацца ў яе шэрагі, пра што сведчаць тэлеграмы з губерняў у Петраград. Так, у Ніжнім Ноўгарадзе пайшлі служыць у Чырвоную армію 174 чалавекі, у Іркуцку — 350, у Царыцыне — 375. З Іванава-Вазнясенска паведамлялі, што «арганізацыя Чырвонай Арміі ідзе вяла», з Вязьмы — што «арганізацыя Чырвонай Арміі ідзе марудна». Бальшавіцкія агітатары на вакзалах буйных гарадоў звярталіся да ўцекачоў з фронту: «Таварышы дэзерціры! Мы не павінны кідаць вінтоўку! Рэвалюцыя ў небяспецы!» Бывалі выпадкі, што пад выглядам дабраахвотнікаў у армію запісваліся звычайныя марадзёры і крымінальнікі, якія рабавалі насельніцтва. Так, у сакавіку 1918 г. у Маскве была сфармавана «армія Пятрова» з больш чым 2 тысячаў чалавек. Пад Палтавай гэтая армія «займалася толькі рабаваннем, чым настроіла супраць Савецкай улады ўсё насельніцтва», а пры першай жа сутычцы з нямецкімі і ўкраінскімі войскамі «армія Пятрова» ўцякла ў Варонеж, дзе працягвала рабаваць людзей. Прыйшлося новым воінскім часткам яе раззброіць, а бальшавіцкім уладам яе распусціць.
У лютым 1918 г. Чырвонай Арміі яшчэ не было. Фактычна Савецкі ўрад Ул. Леніна ў сваім распараджэнні меў асобныя аддзелы матросаў, чырвонагвардзейцаў-рабочых і невялікія рэшткі старой арміі.
Больш канкрэтна дата нараджэння Чырвонай Арміі была ўстаноўлена ў 1938 г., у разгар масавых рэпрэсій, падчас якіх была вынішчана большасць сапраўдных стваральнікаў савецкіх войскаў. Была прыдумана і прычына для святкавання дня 23 лютага. У «Кароткім курсе гісторыі ВКП(б)» (с. 207), які асабіста рэдагаваў І. Сталін, сцвярджалася, што дзень адпору савецкіх войск нямецкім войскам (падчас наступу немцаў з 18 лютага 1918 г. на ўсім фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора) якраз прыпадае на 23 лютага 1918 г. — маўляў, менавіта тады маладая Чырвоная Армія нанесла паражэнні нямецкім войскам у баях пад Нарвай і Псковам. Паколькі кніга гэтая была адрэдагавана Сталіным, то яна стала абавязковай для вывучэння на палітінфармацыях і палітзанятках савецкімі грамадзянамі ва ўсіх установах і калгасах, так бы мовіць, падручнік па савецкай ідэалогіі.
Так узнік міф пра першыя перамогі Чырвонай Арміі, а святкаванне 23 лютага атрымала «навуковае» абгрунтаванне. Потым савецкія гісторыкі распісвалі гэтыя перамогі, а адзін з мастакоў нават атрымаў Сталінскую (з 1956 г. - Дзяржаўную) прэмію за карціну пра разгром немцаў. Гэты міф пра 23 лютага надоўга і трывала ўвайшоў ва ўсведамленне пакаленняў савецкіх людзей. Такім чынам, была канчаткова замацавана дзяржаўнае вайсковае свята сталінскага гатунку. У Вялікай Савецкай Энцыклапедыі (2-е выд.) у томе 35-м 1955 г., на с. 257–258 быў змешчаны артыкул. «Пскоўска-нарваўскія баі», дзе адзначалася, што гэта «першыя баі маладых частак Чырвонай Арміі, што фармаваліся, сумесна з аддзеламі Чырвонай гвардыі, рэвалюцыйных матросаў і салдатаў былой царскай арміі 18 лютага (4 сакавіка) 1918 г. у раёне Пскова і Нарвы супраць войскаў кайзераўскай Нямеччыны». Спасылкі ў гэтым артыкуле ёсць па артыкулы Ул. Леніна ў прэсе 1918 г. і на два сціплых зборнікі дакументаў і матэрыялаў, у якіх цмяна гаворыцца аб падзеях. Да таго, нямецкія войскі пачалі наступ на фронце апоўдні 18 лютага, і ў той жа дзень з-пад Рыгі да Нарвы і Пскова яшчэ не дайшлі.
Савецкія гісторыкі нават у 80-х гадах мінулага стагоддзя працягвалі распісваць ваенныя дзеянні, зразумела з перамогай Чырвонай Арміі. Праўда, у Савецкай Ваеннай Энцыклапедыі (том 5, 1978, с. 493) у артыкуле «Нарва» гаворыцца:
«У лютым 1918 аддзелы Чырвонай Арміі пад Нарвай уступілі ў бой з кайзераўскім войскам».
А ў томе 6 (1978, с. 621) у артыкуле «Пскоў»:
«У лютым 1918 у пачатку Грамадзянскай вайны пад Псковам і Нарвай аддзелы маладой Чырвонай Арміі ўступілі ў бой з германскімі інтэрвентамі».
Нават у сучасных падручніках па гісторыі Расіі, што выдаюцца ў Маскве, захавалася фраза «Чырвоная Армія спыніла немцаў пад Псковам». Такім чынам, захоўвацца версія з «Кароткага курсу гісторыі ВКП(б)» 1938 году.
Але ці былі ў лютым 1918 г. баі пад Нарвай і Псковам? Савецкі вайсковы гісторык М. Я. Какурын (1883–1936 гг.), былы палкоўнік царскай арміі, а потым камандуючы 3-й чырвонай арміяй (у кастрычніку-снежні 1920 г.) на Заходнім фронце і потым выкладчык Вайсковай акадэміі РСЧА, пазней рэпрэсаваны, у сваёй капітальнай працы «Як змагалася рэвалюцыя» (т. 1, 1925, перавыдадзенай ў 1990 г.) на с. 176 адзначае: