ЖАНРЫ

Стасевы прыгоды (на белорусском языке)

Прус Болеслав

Шрифт:

Часамi хлопец станавiўся на галаве, аднак неўзабаве ўцямiў, што гэта нязручна i што хадзiць чалавеку найбольш адпаведна на карачках. Дзякуючы такой хадзе ён пераканаўся, што сцены, крэслы i печ не сядзяць у яго воку, але дзесьцi навонкi, значна далей, чым на даўжыню рукi.

Магутна ўзрасталi мускульныя сiлы, што прымушала яго да пэўнай працы. Часцей за ўсё гэта датычылася пераварочвання зэдлiка, бiцця лыжкай па падлозе i пагойдвання калыскi. А таму, што нейкi час яны спалi ў ёй з Куртам, шчанюк, убачыўшы пагойдванне, ускокваў на сяннiчок i лажыўся сабе, як граф! Гэтае нахабнае злоўжыванне правамi даводзiла Стася да зайздрасцi, i ён крычаў датуль, пакуль сабаку не праганялi i самога яго не клалi ў калыску.

Пасля яго пачалi вучыць вельмi нялёгкаму майстэрству - хадзiць. Хлопца забаўляла тое, што ён так высока ўздымаецца над зямлёй; але ж разумеў ён i спалучаную з гэтым небяспеку i вельмi рэдка рызыкаваў iсцi без дапамогi старэйшых. Тады ён спачатку станавiўся, потым падымаў левую руку i правую нагу, выгiнаў яе ўсярэдзiну i правым краем ступнi - плясь аб зямлю! Тады паднiмаў правую руку i левую нагу, выгiнаў яе ўсярэдзiну, падкручваў пальцы i левым краем ступнi - плясь аб зямлю! Зрабiўшы некалькi такiх складаных рухаў, ён анi на крок не кранаўся з месца, затое галава ў яго кружылася i хлопец падаў. У той час думалася яму, што хоць хада на дзвюх нагах i даспадобы чалавечаму самалюбству, толькi поўзанне на карачках мае практычнае значэнне. Убачыўшы, як хтосьцi ходзiць на дзвюх нагах, ён адчуваў нешта падобнае да таго, што адчувае сур'ёзны чалавек, апынуўшыся сярод тых, што ходзяць па канаце. З гэтай прычыны ён вельмi шанаваў Курту, якi карыстаўся ўсiмi чатырма канечнасцямi, i марыў хлопец толькi пра тое, каб дараўнаць свайму сябру ў беганнi.

Бачачы незвычайнае развiццё духоўных i фiзiчных уласцiвасцей малога, бацькi пачалi думаць пра яго адукацыю. Навучылi яго гаварыць "тата", "мама" i "Курта", якi нейкi час называўся таксама як "тата"; купiлi яму высокае крэселка з папярэчынай i падарылi прыгожую лiпавую лыжку, якою Стась з бяды мог бы i галаву накрываць. Бацька, ва ўсiм пераймаючы мацi, хацеў таксама зрабiць свайму першынцу падарунак i з гэтай мэтай прынёс аднойчы цудоўную нагаечку на казiнай ножцы. Калi Стась узяў у рукi гэты каштоўны падарунак i пачаў абгрызаць чорны раздвоены капыцiк, мацi спыталася ў бацькi:

– Навошта ты, Юзiк, прынёс гэта?

– А на Стасiка.

– Як гэта? Ты яго будзеш лупцаваць?

– А чаму не, калi ён будзе такi самы свавольнiк, як я.

– Вы бачылi яго!
– закрычала мацi, атульваючы сына.
– Адкуль жа ты ведаеш, што ён будзе свавольнiк?..

– Няхай толькi не будзе... я б яму тады паказаў!..
– адказаў дабрадушна каваль.

А таму, што якраз цяпер Стась пачаў крычаць, мама ўзлавалася i схiлiлася да татавай думкi. Бацькi ўжо больш не спрачалiся - павесiлi нагайку на сцяне, памiж святым Фларыянам, якi з немаведама якога часу тушыў нейкi пажар, i гадзiннiкам, якi ўжо дваццаць год дарма намагаўся добра iсцi.

* * *

Незалежна ад першых прынцыпаў маральнасцi, што апiралася на казiнай ножцы, каваль пачаў старацца сыну настаўнiка. Праўда, у вёсцы быў стары настаўнiк, але той займаўся больш пiсаннем даносаў i дэгустацыяй моцных напiткаў, чым букваром i дзецьмi. Сяляне i жыды пагарджалi iм, а што ўжо казаць пра Шарака, якi i не думаў нагружаць настаўнiка вучобай свайго сына, а адразу звярнуўся да арганiста.

"Цяпер Стасiку пятнаццаць месяцаў, - думаў каваль, - гады праз тры мацi навучыць яго чытаць, а праз чатыры - трэба яго аддаць арганiсту..."

Толькi чатыры гады!.. Трэба ўжо сёння пастарацца пра ласку ў божага слугi, якi галiўся, як ксёндз, насiў доўгi чорны сурдут, гаварыў гартанна, сяды-тады ўжываючы лацiнскiх слоў з касцельнай службы.

Не зацягваючы справы, Шарак аднойчы запрасiў арганiста да Шулiма на мядок. Напоўнены павагай, касцельны маэстра высмаркаўся ў клятчастую хустку, адкашляўся i, з выглядам чалавека, якi хоча выступiць з пропаведдзю супраць алкагольных напiткаў, сказаў Шараку, што сёння, i заўтра, i ва векi вякоў гатоў хадзiць з iм да Шулiма на чарку.

Арганiст быў ганарлiвы, лёгка раздражняўся, а перш за ўсё - са слабой галавою. Ужо пры першай бутэльцы пачаў штосьцi бэрсаць, а пры другой расчулiўся i паведамiў Шараку, што лiчыць яго амаль роўняю.

– Яно, ты бачыш... Божа моцны!.. Яно так. Мне, арганiсту, мехам надзiмаць, i табе, кавалю... божа моцны!.. таксама мехам... Дык вось... ты ўжо i ведаеш, што я хачу сказаць? Ды тое, што каваль i арганiст - браты... Ха, ха!.. Браты!.. Я, арганiст, i ты - капцюх!.. Misereatur tui omnipotens Deus!*

* Няхай над табой злiтуецца ўсемагутны бог! (лац.)

Шарак, заўсёды вясёлы, за чаркай рабiўся панурым. Ён не змог ацанiць камплiменты свайго сабутэльнiка i адказаў так гучна, што i Шулiм i яшчэ дзядзькоў некалькi пачулi:

Браты - не браты!.. Каваль - ён хутчэй да слесара падобны, а арганiст... вядома ж, арганiст - да старца!..

– Што?.. Я - да старца?
– закрычаў абражаны арганiст, пранiзваючы позiркам каваля.

– Ды яно так!.. Вы ж i молiцеся за грошы, i граеце прыгажэй, калi вам хто...

Шарак не дакончыў, бо ў гэты момант атрымаў бутэлькаю па цеменi, ажно асколкi шкла пырснулi ў столь, а лiпкая медавуха разлiлася па твары i святочным адзеннi каваля.

– Дзяржы яго!
– гукнуў пакрыўджаны, не ведаючы, цi абцiрацца, цi даганяць арганiста, якi драпануў па лiнii, як яму здавалася, найкарацейшай, аднак жа i звiлiстай.

Прысутныя кiнулiся разбараняць. Выкiнулi за дзверы арганiста, а каваля пачалi разважаць, бо ён ажно калацiўся са злосцi.

– Я пакажу табе, божая дудачка!
– крычаў Шарак, убачыўшы праз акно фiзiяномiю арганiста, больш чым заўсёды ўрачыстую.

– Юзэф!.. Кум!.. Пане каваль!..
– сунiмалi яго пасрэднiкi.
– Пакiньце вы! Што вам злавацца на п'янага?.. Ён жа дурны, сам не ведае, што робiць...

– Я яго задушу, разбойнiка!..

– Пакiньце, пане Шарак!.. Што там душыць?.. Душыць не кожнага можна... Ён жа асоба духоўная, першы адразу ж пасля ксяндза!.. Яшчэ вас бог за гэта пакарае...

– Нiчога мне не будзе!
– адказаў каваль.

– Вам, можа, i нiчога... Ды ў вас жа жонка, малое!..

Апошнiя словы паўплывалi цудоўна. Падумаўшы пра жонку i дзiця, раз'юшаны каваль супакоiўся i нават намагаўся прыглушыць у сабе жаданне помсты. Што праўда, дык праўда, - арганiст iдзе адразу пасля ксяндза; а што, калi адлупцуеш яго, а пан бог узлуецца i на жонцы або на дзiцяцi адплоцiць за крыўду?..

Выйшаў ён з карчмы страшэнна сумны.

"Ох, гэтыя дзецi, - думаў, - колькi з iмi клопату!.. У мяне ж толькi адзiн, а ўжо трэба галаву марочыць, шукаць настаўнiка, на чарку трацiцца... Ды яшчэ мяне за гэта на людзях ганьбяць, а я не магу адплацiць, бо за дзiця баюся... Ой, Стах, Стах!.. Каб ты ўжо хоць ведаў потым, колькi я за цябе адпакутаваў!.. Дай бог, каб хоць ужо баба не лаяла!

Дома без крыку не абышлося, але з таго часу Шарак яшчэ больш любiў свайго сына, пра адукацыю якога думаў так рана, з-за чаго вось i пляшку мёду на галаве расхвасталi. Прастадушны каваль за некалькi месяцаў забыўся пра сваю крыўду, але ж надта прыкра было, што пасварылiся з арганiстам, вучоным мужам, якi адзiн мог пакiраваць выхаваннем сынка, што ўжо сам хадзiў, мог гаварыць i наогул выказваў незвычайныя здольнасцi.

Поделиться с друзьями: