Страчаная спадчына
Шрифт:
Правае прасла сцяны вяло ад Пасадскай вежы да паўночнага краю гары і змыкалася ў паўночна-заходнім куце замкавага вала з драўлянымі ўмацаваннямі, якія ішлі да Шчытоўкі. Гэты адзіны ўчастак драўляных умацаванняў існаваў тут, як сведчаць археалагічныя матэрыялы, аж да канца XV ст. Чым жа растлумачыць такую з'яву. Прычыну трэба шукаць перш за ўсё ў стратэгічна выгадным размяшчэнні дадзенага ўчастка абароны замка. Справа, з усходу, гэты пяцідзесяціметровы адрэзак землянога вала, які, дарэчы, месцам дасягае і цяпер 5 м вышыні, надзейна бараніўся Шчытоўкай. Вежа свабодна фланкіравала яго любога роду зброі. З поўначы ён бараніўся ніжнім, падэшвенным, валам, перадзамкавым ровам і схілам гары. Апошні, дарэчы, мае тут найбольшую вышыню — звыш 27 м, вялікую стромкасць і працягласць у 50 м. Калі ж да гэтага дадаць моц высокіх драўляных сцен-горадняў, то прычым на такой прыхільнасці да традыцыйных драўляных умацаванняў стане зразумелай. Нарэшце, трэба ўлічыць яшчэ і эканамічны фактар. Мураванае будаўніцтва было ўсё ж вельмі дарагім. З гэтай прычыны там, дзе не патрабавалі абставіны, драўляныя абарончыя збудаванні добра суіснавалі з каменнымі. Вядома, што крэпасць Пскоўскай зямлі Велье ў ХІV-XVІ стст., якая згадваецца ў Пскоўскіх летапісах, таксама мела ўмацаванні і драўляныя і мураваныя.
На жаль, да нашага часу абарончыя сцены Наваградскага замка на поўную вышыню не захаваліся. Праўда, на фотаздымку 1900 г. адзін фрагмент сцяны левага прасла Шчытоўкі бачны прыблізна да вышыні другога паверха, г. зн. каля 8 м. На нашу думку, вышэйшай сцяна і не была. Знешняя паверхня ніжняй зоны сцен замка, мяркуючы па ўцалелых фрагментах і рэштках веж, была зроблена са змяшанай бутацаглянай муроўкі. У верхніх зонах сцен, як у Лідскім і Крэўскім замках, абліцоўка была цаглянай. Цаглянымі, несумненна, былі і завяршэнне сцен і праёмы байніц, прыстасаваных для абстрэлу з тагачаснай зброі.
Узвядзеннем сцен і веж закончыўся першы будаўнічы этап на Наваградскім замку, які, на нашу думку, датуецца канцом ХІV ст.
Другі этап узвядзення ўмацаванняў Наваградскага замка прыпадае на пачатак XV ст. Ён звязаны з пабудовай ля асновы замкавай гары Калодзежнай вежы і яшчэ аднаго прасла сцяны.
Праблема водазабеспячэння — адна з важнейшых задач, якая заўсёды стаяла перад будаўнікамі сярэдневяковых гарадоў і замкаў. У Наваградскім замку, размешчаным на высокай гары, калодзежа не было, але вада мелася ля падножжа, дзе на ўсходнім схіле білі моцныя крыніцы. Над адной з іх і была пастаўлена патаемная Калодзежная вежа, якая праслам сцяны злучалася з замкам.
Калодзежная вежа ў плане мае форму квадрата 8 х 8 м. Тэхніка муроўкі сцен лусковая. Ад самага цокаля фундамента вежа абліцавана велікамернай брусковай цэглай. Таўшчыня цагляных «шчок» 35 см. Забутоўка сцен зроблена з сярэдніх памераў камянёў і вапнавага раствору. Муроўка «балтыйская» з чаргаваннем двух лажкоў і аднаго тычка. Падмурак Калодзежнай вежы вышынёй каля 2,5 м складзены з камянёў грубай чоскі на вапне. Шчыліны паміж камянямі старанна замазаны растворам.
Калодзежная вежа злучаецца з замкам праслам сцяны таўшчынёй 2 м, даўжынёй 21 м. Унутры яе меўся скрыты праход да вады. Шырыня праходу 1,06 м, прыступкі каменныя шырынёй 30 см са спускам на 15 см. Вышыню гэтага, несумненна, скляпеністага праходу вызначыць нельга з прычыны поўнага разбурэння сцяны. Аднак само прасла мае амаль паўтараметровы каменны падмурак, па тэхніцы муроўкі падобны да падмурка вежы. Прасла сцяны прыкладзена да верхніх замкавых муроў, прычым назіраецца вялікі перапад узроўняў залягання фундаментаў. Гэта яскрава сведчыць аб розначасовасці іх узвядзення.
Чарговы этап умацавання Наваградскага замка прыпадае, як паказваюць даследаванні, на канец XV — пачатак XVІ ст. Ён быў выкліканы хутчэй за ўсё частымі нападамі перакопскіх татар на беларускія землі. У 1505 г. Наваградскі замак вытрымаў аблогу татарскіх войскаў, якія ўзначальваў султан Біці-Гірэй. Абаронай замка тады кіравалі ваявода В. Гаштольд і гараднічы Маскевіч. Моцнай стральбой з замка жыхары нанеслі вялікія страты татарам. Напад паўтарыўся ў 1506 г., калі татары дасягнулі раёна Ліды.
Тады, у пачатку XVІ ст., у паўночна-заходнім куце Наваградскага замка была ўзведзена магутная мураваная вежа Дазорца памерамі 14 х 14 м. Археалагічнае вывучэнне яе рэштак паказала, што канструкцынна яна не звязана з правым праслам Пасадскай вежы і з'яўляецца самастойным будынкам больш позняга часу. У адрозненне ад іншых веж замка чатырохметровы падмурак Дазорцы мае ганкападобную форму. У якасці падушкі выкарыстаны палявы камень сярэдняга памеру, пакладзены насуха. Сам падмурак узведзены на вапнавым растворы з каменю і цэглы ў традыцыйнай тэхніцы паласатай муроўкі.
Аблічча вежы можна рэканструяваць па гравюры мастака А. Аляшчынскага, зробленай з натуры ў першай трэці ХІХ ст. На ёй мы бачым вежу з квадратным аснаваннем, якая вышэй падмурка пераходзіць у васьмярык. У ніжняй частцы меліся байніцы для гармат. Вежа Дазорца вельмі нагадвае нарожныя вежы Мірскага замка, узведзенага ў пачатку XVІ ст. Мяркуючы па значных памерах фундамента, новая вежа Наваградскага замка была даволі высокай. Параўноўваючы яе з вежамі Мірскага замка, можна дапусціць, што яна мела вышыню, блізкую да 30 м.
Адначасова з новай вежай узвялі прасла сцяны паміж ёю і Шчытоўкай, якое замкнула, такім чынам, кальцо замкавых муроў. Сцяна мае даўжыню 51 м і таўшчыню 2 м. Падмурак сцяны па магутнасці і глыбіні залягання не ідзе ў параўнанне ні з адным участкам сцен. Ён мае вышыню 1,5 м, у той час як прасла сцяны, што злучае Шчытоўку і Касцельную вежу, — трохметровы падмурак. Як устаноўлена, новай мураванай сцяне папярэднічалі драўляныя ўмацаванні, якія датуюцца ХІV-XVІ стст.
Хуткае развіццё атрылерыі і ўдасканаленне тактыкі асады на працягу XV і XVІ стст. зрабілі Малую браму замка, якая звязвала яго з «местам», не зусім надзейнай. Калодзежная вежа, хаця і фланкіравала падыходы да замкавай брамы, але ў новых умовах гэтага было ўжо недастаткова. Між тым брама па-ранейшаму заставалася найбольш важным і адказным участкам абароны замка. Гэта прымусіла ў пачатку XVІ ст. распачаць будаўніцтва дадатковай вежы ля паўднёва-ўсходняга схілу гары, якая бараніла з боку «места» подступы да ўваходу ў замак. Злучыўшыся прасламі сцен з Калодзежнай і Малой брамай, новая Меская вежа-брама стала цэнтрам своеасаблівага мураванага бастыёна — «форбурга». Гэтыя дадатковыя ўмацаванні значна павысілі фартыфікацыйныя якасці Наваградскага замка. Толькі прайшоўшы праз браму, можна было трапіць на тэрыторыю форбурга, пад аховай якога цяпер знаходзілася дарога ў замак.
Сёмая вежа знойдзена ў 1970 г. Сцены вежы зроблены з добра абчасаных камянёў, прамежкі паміж якімі старанна замураваны кавалкамі цэглы і вапнавым растворам. Вызначыць сапраўдныя памеры сёмай вежы з прычыны шчыльнай забудовы тэрыторыі цяпер немагчыма.
Меская вежа звязана праслам мураванай сцяны з Калодзежнай. Даўжыня сцяны крыху больш за 50 м, таўшчыня 3 м. Муроўка цаглянай сцяны гатычная (чаргаванне аднаго лажка і аднаго тычка). Другое прасла — да малой уваходнай вежы на замку — дэталёва не вывучана. Шурфоўкай толькі вызначаны яго агульны напрамак. Выказваліся думкі, што фарны касцёл, размешчаны ля падэшвы Замкавай гары, на рубяжы XVІ-XVІІ стст. уваходзіў у агульную сістэму ўмацаванняў замка.
У XVІ ст. Наваградскі замак меў 7 веж і быў адным з магутнейшых у Беларусі.
Узбраенне гарнізона замка ў 1551 г. складалася з гакаўніц, гармат сярэдняга калібру. Дакументы канца XVІ ст. паведамляюць, што тут меліся фальканет вялікі двухфунтовік, фальканет сярэдні з ядрамі ў 1 фунт і серпянтына, якая страляла паўфунтовымі ядрамі. Каменныя ядры розных памераў знойдзены аўтарам пры раскопках у вежы Шчытоўцы. У 20-ыя гады 27 ядраў знайшлі польскія археолагі.
Пад час вайны 1654–1667 гг. маскоўскія войскі двойчы бралі Наваградак. У 1655 г., у пачатку верасня, яго занялі казакі І.Залатарэнкі. Пры гэтым замак і горад вельмі пацярпелі пад час асады. Часткова ўзноўлены ў 1660 г. замак зноў быў заняты войскамі князя А.І.Хаванскага — на гэты раз без бою: наёмны гарнізон, які не атрымаў своечасова плату за службу, адчыніў браму ворагу. Вежы замка Меская, Калодзежная, Малая брама і Пасадская, а таксама праслы сцен былі разбураны да падмуркаў. Канчаткова ўдар па замкавых мурах нанеслі шведы ў час Паўночнай вайны.
З прычыны моцных разбурэнняў і спусташэння Наваградка сойм Рэчы Паспалітай у 1661 г. вызваліў горад ад падаткаў на 4 гады.
У царскай Расеі не клапаціліся аб ахове старажытных помнікаў ваеннага дойлідства. Аб гэтым сведчыць цікавы факт, які датычыцца Наваградскага замка. У 1802 г. гарадзенскі губернатар Бенігсан даў дазвол наваградскаму гараднічаму Скалону разабраць рэшткі замкавых веж з умовай, што каменнем з іх вымасцяць вуліцы горада. Відаць, работа ішла марудна, бо ў 1828 г. у данясенні Літоўска-Гарадзенскаму губернскаму праўленню паведамлялася, што ў Наваградскім старажытным замку яшчэ ёсць «две башни довольно… крепкие, немного вверху поврежденные, состоящие в ведомстве Новогрудской экономии».