Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Падмурак вежы з вялікіх валуноў і бітай цэглы на вапне запушчаны ў дол на 3 м. Знутры памяшкання знаходзілася вязніца. Першапачаткова гэтая вежа, відаць, была адзінай каменнай вежай у драўляным замку. Згодна інвентару ад 2 ліпеня 1601 г., варотная вежа Любчанскага замка мела наверсе «светлицу» і сховішча для «стрельбы», «баню», пакрытую «железом белым», а таксама «звон на зегар завешаны». Злева ад вежы стаяла кухня, зруб з чэсанага дрэва і далей, над Нёманам, другая «башта троха недамурованая». Вокны ў ёй былі закрачаныя, месцамі ўжо выламаныя, дзверы таксама пазніманыя. На ўсім памяшканні адбітак запусцення, выкліканага спыненнем будаўнічых работ. З апісання відаць, што вежу вывелі толькі на вышыню двух паверхаў. Была яна васьмівугольнай.

Далей, па краю замкавага ўзвышша, стаялі розныя жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы: вялікі дом на склепе высокім мураваным, клець, другі склеп меншага памеру, хата сталовая з некалькімі каморамі і святліцамі, дзе меліся кафляныя печы, «каморка патрэбная», туалет, падклет з чатырма вярхамі, піўніца. На чацвёртай дзялянцы знаходзілася вуглавая паўднёва-ўсходняя каменная вежа. У аснове вежы закладзены квадрат 8,9 х 8,9 м. Яна была трох'яруснай. На першым паверсе мелася чатыры байніцы для стрэльбаў, на другім — чатыры гарматныя, на трэцім — 12 байніц для стрэльбаў. Цокальны паверх вежы ў 1601 г. займала піўніца з драўлянымі дзвярыма на завесах і жалезнай кратай. Паверх, які знаходзіўся вышэй, тады выконваў ролю склепа. Ён закрываўся абабітымі жалезам дзвярыма. Вокны былі закрытыя жалезнымі кратамі. На ўчастку ад гэтай вежы і да ўязной брамы стаяў «дом на падклеце», тры «гмахі» і «дварэц», дзе жылі ўраднікі, а побач — замкавы бровар. Згодна інвентароў і графічных матэрыялаў XVІ ст., у Любчанскім замку было чатыры вежы, кожную з якіх упрыгожвалі флюгеры з гербамі Радзівілаў.

Мястэчка Любча таксама было абаронена парканам, мела ўязныя вароты «прускага муру», г. зн. фахверкавай канструкцыі з дрэва і цэглы, якія стаялі ля ўезду з боку Наваградка і Сенніцы.

У 1655 г. Любчу ўзялі казакі І.Залатарэнкі, яна моцна пацярпела. Па апісаннях замка за 1813 г., у ім мелася толькі дзве вежы. Замак злучаўся двума мастамі з мястэчкам і замкавым фальваркам, размешчаным на ўсход ад замка.

Ляхавічы

Шмат выпрабаванняў у XVІ-XVІІІ стст. выпала на долю Ляхавіцкага замка. Ляхавічы, вядомыя з XV ст., доўгі час мелі драўляныя абарончыя збудаванні. Замак спачатку адносіўся да дзяржаўных уладанняў. У 1572 г. Ляхавічы, паводле дзённіка Ф.Еўлашэўскага, перайшлі да буйнога магната Яна Хадкевіча, які ў 1605 г. разбіў шведаў пад Кірхгольмам і ў 1621 г. — турак пад Хоцінам. Відаць, пры ім і пабудавалі магутны бастыённы замак, які лічыўся сама моцным з падобных збудаванняў не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Толькі зімою 1595/96 г. яго чатыры разы беспаспяхова штурмавалі казацкія загоны Налівайкі і Шаўлы. Затым замак яшчэ чатыры разы вытрымліваў аблогі.

З 1621 г. гаспадаром замка стаў гетман Вялікага Княства Літоўскага Павел Сапега.

На гравюры невядомага мастака, які паказаў Ляхавіцкі замак у час адной з асад у 1660 г., добра бачны яго размяшчэнне і планіровачныя асаблівасці. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка з чатырма вялікімі бастыёнамі развітай канфігурацыі і брустверамі, у якіх былі байніцы для гармат і стралкоў. Ён знаходзіўся на левым беразе р. Ведзьмы, на высокім пагорку. Дзякуючы сістэме равоў і рацэ, вада ў якіх падымалася спецыяльнай плацінай, замак фактычна быў астраўным.

Паводле гістарычных звестак, земляныя ўмацаванні замка былі абмураваны каменем і цэглай.

На гравюры відаць, што траплялі ўнутр замка па разводным мосце, перакінутым цераз вадзяны роў, і затым праз мураваную абарончую браму, на версе якой знаходзілася гадзіннікавая вежа. У глыбіні двара, насупраць брамы, стаяў двухпавярховы каменны палац, пабудаваны ў форме літары П. Злева і справа ад брамы, уздоўж курцін, размяшчаліся розныя гаспадарчыя службы.

Па гравюры цяжка вызначыць, з чаго былі зроблены брустверы на бастыёнах і курцінах. Толькі на бастыёнах, звернутых у бок горада, выразна відаць байнічныя праёмы бруствераў, разлічаныя на стральбу з гармат, што дае падставы лічыць, што яны былі мураванымі. Але маглі быць і драўлянымі. Гэта не пярэчыць фактам, вядомым з гісторыі. Дрэва-земляныя ўмацаванні ў XVІІ і XVІІІ стст. былі шырока распаўсюджаны на польскіх і беларускіх землях. Прычым ролю бруствераў часта выконвалі парканы.

Ляхавіцкі замак за час свайго існавання неаднаразова трапляў у аблогу. Ужо ў самым пачатку вайны 1654–1667 гг., у 1654 г., атрады маскоўскіх войскаў «…заходили к городу Ляховичам, и посады и слободы около Ляхович пожгли, которых литовских людей застали в посаде и слободах, тех побили и языков поимали». Аднак да аблогі магутнага замка войска не прыступіла. Думаецца, галоўная прычына ў тым, што тады ў Ляхавіцкай фартэцыі быў значны гарнізон, які меў добрае ўзбраенне, у тым ліку нямала гармат. З інвентара замка за 1658 г. вынікае, што на бастыёнах стаяла 30 гармат. На «бульверку ад саду» размяшчалася 8 гармат розных калібраў — ад 1,5 да 24 фунтаў. Прычым кожная з іх мела сваю назву: Пярун, Малпа, Кіт, Сокал, Воўк, Спявак і інш. На «бульверку Водным» мелася таксама 8 гармат калібрам ад 1 да 24 фунтаў; на «бульверку пры кавальеры Рынковым» — 9 гармат; на апошнім бастыёне, які лепш за іншыя быў абаронен прыродаю, стаяла толькі 5 гармат — Пелікан, Пішчык, Бурнікель, Шведскае, Маленькае. Нямала было ручной вогнестрэльнай зброі — гакаўніц, шмыгаўніц, мушкетаў, «янычарак» і інш., а таксама значных запасаў ваеннага рыштунку.

У пачатку 1660 г. войскі князя А.І.Хаванскага пачалі асаду замка, якая зацягнулася на шэсць месяцаў. У канцы чэрвеня 1660 г. на дапамогу гарнізону падышлі войскі гетмана П. Сапегі і ваяводы С. Чарнецкага, якія разбілі асаджаўшых і захапілі вялізны абоз з ваенным рыштункам. Пасля гэтага Ляхавічы, вызваленыя на 9 гадоў ад усіх падаткаў спецыяльнай пастановай сойма 1661 г., аж да пачатку XVІІІ ст. не ведалі войнаў. Тым не менш сойм Рэчы Паспалітай дазволіў Сапегу за кошт дзяржавы трымаць гарнізон у 200 чалавек. Частку гармат, 19 штук, перавезлі ў 1703 г. у Слуцкі замак. Толькі ў 1706 г. у Ляхавічах зноў загрымелі гарматы: войскі Пятра І, што заселі ў замку, адбівалі шалёныя штурмы войск шведскіх генералаў Траўтфэтэра і Крэйца. У 1709 г. расейскія войскі аблажылі Ляхавіцкі замак, дзе сядзеў гетман Мазепа. У 1775 г. сойм Рэчы Паспалітай адабраў замак у віленскага біскупа І.Масальскага і вярнуў дзяржаве па прычыне яго вялікага значэння для абароны. Апынуўшыся ў складзе Расейскай імперыі, Ляхавіцкі замак страціў сваё ранейшае стратэгічнае значэнне. У першай палове ХІХ ст. яго прадалі гандлярам, якія разабралі абмуроўку замка і мураваныя пабудовы. Цяпер ад яго захаваліся толькі сляды былых валаў ды заплыўшыя равы, якія дасягаюць 15 м шырыні.

Планава-кампазіцыйны і структурны аналіз Ляхавіцкага замка дазваляе нам сцвярджаць, што гэта помнік новаітальянскай сістэмы ўмацаванняў.

Несумненна, узвядзенне ў Заслаўі, Нясвіжы і Ляхавічах замкаў з умацаваннямі новага тыпу было заўважана і ацэнена іншымі беларускімі магнатамі, якія па сваіх багаццях не ўступалі Глябовічам, Хадкевічам і Радзівілам. Аднак перш чым іншыя феадалы пачалі будаўніцтва новых замкаў, у эўрапейскай ваеннай фартыфікацыі адбыліся значныя змены, у выніку чаго карэнным чынам змянілася структура бастыённых умацаванняў. Бясспрэчныя перавагі галандскай сістэмы ўмацаванняў, у першую чаргу высокая таннасць і скарачэнне тэрміну пабудовы, здабылі ёй паўсюдны аўтарытэт. У Нідэрланды начынаюць спецыяльна ездзіць вучыцца з многіх краін Эўропы, у тым ліку і з Беларусі. Напрыклад, Януш Радзівіл вучыўся ў вядомага матэматыка і фартыфікатара Адама Фрэйтага і нават прымаў удзел у асадзе горада Геды. Галандскіх архітэктараў сталі запрашаць да сябе. Вядома, што ў канцы XVІ — пачатку XVІІ ст. у Беларусі і Летуве працавалі галандцы Ван Лаер, Нонхард, Голанд, Валон, Дандзен і інш.

У пачатку XVІІ ст. у Беларусі з'явіліся прыватнаўласніцкія замкі, пабудаваныя на прынцыпах старагаландскай фартыфікацыйнай сістэмы. Сярод іх трэба адзначыць замкі Жаберскі князя Чартарыйскага, Новы замак у Слуцку і інш.

Смаляны

Замак знаходзіцца ў Аршанскім раёне ля в. Смаляны і займае нізкі забалочаны ўчастак на левым беразе р. Адроўкі.

Замак быў пабудаваны ў другім дзесяцігоддзі XVІІ ст. паводле загаду князя Сямёна Сангушкі.

Традыцыі мясцовага дойлідства паўплывалі і на выбар будаўнічага матэрыялу, на планава-кампазіцыйнае размяшчэнне будынкаў замка, арыентаваных на розныя бакі. Гэта заўседы і раўнамерна давала святло ўсім пакоям і залам.

Замак быў звычайным для зямель Беларусі прамавугольным у плане збудаваннем. Архітэктурныя аб'ёмы яго, абгароджаныя вонкавай замкавай сцяной, выходзілі ва ўнутраны двор. Унутраныя карпусы Смалянскага замка былі трохпавярховыя. Папярочныя перагародкі падзялялі іх на асобныя памяшканні з вялікімі аконнымі праёмамі, што выразна выяўляе велікасвецкі характар будынка.

Руіны замка сведчаць, што ён меў увогуле традыцыйную на тыя часы арачную браму-ўезд вежападобнай формы, па вышыні роўную жылым карпусам замка.

На кожным рагу комплексу стаялі нарожныя вежы, якія тады выконвалі ўжо ролю звычайных жылых памяшканняў, пра што сведчаць вялікія вокны.

Высотнай дамінантай Смалянскага замка была пяціпавярховая вежа, што стаяла блізка ля ўваходнай брамы. Пяцівугольная ў плане, яна, як, верагодна, і ўсе вежы замка, вызначалася вытанчаным рэльефным дэкорам, які мякка кантраставаў з гладкімі паверхнямі сцен. Арнамент аконных праёмаў і плоская ордэрная размацоўка вежаў сведчаць пра стылістычную сувязь з заходнеэўрапейскай архітэктурай. Асабліва прыгожа выглядае рамка-картуш усходняй грані пяціпавярховай вежы.

Поделиться с друзьями: