Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Сваю частку ваенна-будаўнічых работ выконвала замкавая воласць. У прыватнасці, пад яе наглядам знаходзіўся рамонт моста праз ручай Бычок, які вёў ад рынка ў Ніжні замак, свая доля земляных валоў з парканам на іх у выглядзе гародняў. І горад, і воласць строга трымаліся «старины», выконваючы сваю частку фартыфікацыйных работ.

Дагляд і рамонт умацаванняў у Слуцку вяліся практычна круглы год. Адны работы змяняліся другімі. Прадбачыўшы якія-небудзь работы, жыхары часта загадзя рыхтавалі будаўнічыя матэрыялы альбо да марозаў капалі ровікі на вале, каб можна было ставіць палісад і зімою. Паколькі вадзяныя равы з'яўляліся сур'ёзнай перашкодай на шляху праціўніка, за іх станам сачылі нават зімою, вызвалялі ад лёду значную частку прасторы. Як толькі пачыналася пара ледаставу, магістрат штодзённа выдзяляў людзей, якія «лёд секлі каля Новай фартэцыі» і ў розных месцах каля Старога і Новага горада. За працу плацілі кожны тыдзень. Пры гэтым улічваліся ставы, зробленыя на Случы. Акрамя таго, рэгулярна прызначалася група работнікаў, якія «снег з валу скідалі».

Паступова самі жыхары, аб'яднаныя ў сотні, усё радзей прымалі непасрэдны ўдзел у ваенна-фартыфікацыйных работах, пераважна замест гэтага ўносілі грошы, за якія магістрат наймаў кваліфікаваных «цесляў-дойлідаў», «капачэй», «муралёў» і іншых будаўнікоў. Акрамя іх «на вал» пасылалі ўсіх парушальнікаў законаў унутрыгарадскога і ўнутрыцэхавага жыцця. Так, у 1666 г. рамеснікі-«партачы» і тыя, хто не выканаў у тэрмін заказы альбо рамонты якіх-небудзь рэчаў (абутку, адзення і г.д.), караліся «валовай работай» на час адтэрміноўкі выканання заказу. Той рамеснік, які браў задатак і не выканаў заказ альбо падсунуў заказчыку чужы тавар, караўся месячнай работай «на вале». Караліся і другія парушальнікі цэхавых рамесных статутаў, аб'яднаныя тэрмінам «свавольныя рамеснікі». «На вал» пасылалі вазіць тачкамі зямлю злодзеяў, віна якіх была даказана, а таксама мяшчан, што не маглі выплаціць «падымнае». Магістрат загадаў строга караць жанчын лёгкіх паводзін — «непачцівых жанчын, распуст», якія канцэнтраваліся ў корчмах. Такіх загадана было браць пад арышт і пасылаць на сама брудныя работы — чэрпаць твань з абарончых равоў, чысціць вуліцы і інш.

Сіла і магутнасць горада таго часу базаваліся не толькі на яго ўмацаваннях і ўзброеным мяшчанстве. Не меншае значэнне мела забяспечанасць гараджан на выпадак асады правіянтам і вадою. Водазабеспячэнне ў Слуцку вырашалася лёгка: р. Случ падзяляла горад папалам, запаўняла да таго ж вадзяныя абарончыя равы. Аснову правіянту складала зерне. Хлеб збіралі ў асобым складзе — гарадскім «правіянтхаўзе». Кожная сям'я прапарцыянальна колькасці членаў здавала сюды штогод пэўную колькасць карцоў зерня. Акрамя таго, мяшчане мелі таксама запас хлеба дома. Ведалі гарадскім хлебасховішчам, сачылі за станам зерня, прасушваючы і праветрываючы яго, два прызначаных магістратам «правіянтмейсцеры». Вясной запасы хлеба аднаўляліся: стары хлеб прадавалі і куплялі новы на выручаныя грошы.

Рэгулярна правяралася колькасць зерня з недатыкальнага запасу ў мяшчан. Кожны карэц зерня, якога не хапала да прызначанай колькасці, абкладаўся штрафам, які ў 1666 г. дасягнуў аднаго злотага. Пры адсутнасці наяўнага хлеба дазвалялася рабіць грашовыя запасы, узгадняючы суму з рыначнай цаной хлеба. Ва ўмовах ваеннай пагрозы ўся «жыўнасць» залічвалася на разраду «амуніцый». Па ўсіх брамах пільна сачылі, каб з горада не вывозіліся не толькі порах, волава, сера і салетра, але таксама зерне, саланіна і іншыя прадукты харчавання.

Нормай запасу правіянту на аднаго чалавека лічыўся запас, які дазваляў вытрымаць асаду працягласцю ў год. Толькі на такіх умовах прымалі ў Слуцак шляхту з чэляддзю, мяшчан з іншых гарадоў, магчыма, сялян, якія беглі ад вайны. Тых, хто не меў неабходнай колькасці правіянту, з горада выганялі. Выключэнне складалі «людзі ўбогія» — калекі, адзінокія старыя і іншыя, якія знаходзіліся на ўтрыманні гарадской абшчыны. У пачатку аблогі хлеб «з правіянтхаўза» раздаваўся жыхарам згодна рэестру. Частку хлеба выдавалі гарадскім пекарам, якія прадавалі спечаны хлеб толькі мясцовым жыхарам.

У поўнай адпаведнасці з нормамі магдэбургскага права захоўвалася ў Слуцку супрацьпажарная бяспека. У сярэдневяковым горадзе добра ведалі, што такое спусташальны пажар. Магістрат Слуцка ў XVІІ ст. прыняў і здзейсніў шэраг пастаноў, накіраваных на ўзмацненне супрацьпажарнай бяспекі, асабліва ва ўмовах ваеннага часу. У магістраце меліся выбарныя пасады двух ці трох «стражнікаў ад агню», якія мелі пад сваім наглядам пэўныя ўчасткі горада — уласна «места», падзамак, Новае месца. Ім былі падпарадкаваны спецыяльныя памочнікі — «коміннікі» — трубачысты, якія сачылі за станам комінаў у дамах гараджан, брамах, кузнях і саладоўнях. Калі ўладальнікі печаў не слухаліся «комінніка», ён паведамляў аб гэтым «стражніку агню». Апошні прымаў адпаведныя меры супраць парушальніка. Справа канчалася галоўным чынам штрафам і тым, што вінаваты вымушаны быў падпарадкавацца. Акрамя таго, у час, спрыяльны для пажараў, па горадзе хадзілі «клікуны», якія напаміналі гараджанам пра неабходнасць перасцерагацца ад пажару. Кожны гаспадар абавязаны быў трымаць у двары вялікую бочку з вадою. Кожны дзесятак абавязваўся мець драбіну, зробленую такім чынам, што на кожнай перакладзіне мог стаяць чалавек. Драбіны захоўваліся ля вуглавых дамоў і вешаліся на сцяну так, каб іх можна было хутка зняць. Кожныя два дзесяткі мелі бусак, які захоўваў дзесятнік. У выпадку пажару было забаронена з'яўляцца на пажар з пустымі рукамі. Прыбягалі з бусаком, сякерай альбо з вядром. Пажар тушыць абавязаны былі ўсе. Тых, хто ўхіляўся ад барацьбы з агнём, маглі пагнаць на пажар сілаю альбо бізуном. Выключэннем былі пажары ў час аблогі, калі мужчыны, што знаходзіліся на абарончым вале, не мелі права пакідаць свае месцы. Гэта не датычылася толькі сотні, на тэрыторыі якой узнікаў пажар. У час аблогі пажар тушыць абавязаны былі жанчыны.

Калі пажар пачынаўся з-за недагляду ўладальнікаў дамоў, яны караліся штрафам у 10 коп грошаў альбо шасцімесячным зняволеннем у астрозе. Наўмысных падпальшчыкаў, згодна артыкулам магдэбургскага права, каралі жудаснай смерцю — палілі іх жыўцом.

Кожную нядзелю магістрат праводзіў агляд супрацьпажарнага інвентару — бочак з вадою, бусакоў — «гакаў», драбін, вёдраў, вяровак, канатаў і інш. Частку інвентару набывалі і майстравалі за кошт магістрата. Па чарзе кожны мяшчанскі полк і рота выдзялялі дазорную варту, якая пастаянна дзяжурыла на званіцах цэркваў Спаскай, Уваскрасенскай, Юр'еўскай, Раждзественскай і на яўрэйскай школе. Кожную гадзіну ў вячэрні і начны час, як толькі пачынаў адбіваць замкавы гадзіннік, пажарныя дазорцы абавязаны былі адазвацца гукам труб ці пішчалак. Раз на год праводзіўся генеральны агляд пажарнага інвентару.

Мяшчан заклікалі да асцярожнага абыходжання з агнём. Уладальнікам крам забаранялася насіць агонь па вуліцы пад пагрозай кары. Гандлярам порахам забаранялася мець у краме больш за тры фунты пораху. Як і ў іншых гарадах Беларусі, у Слуцку закрываліся гарадскія лазні, тушыўся агонь у печках, кузнях, саладоўнях, у іншых месцах па сігналу спецыяльнага звону. На захадзе сонца брамнік Капыльскай брамы званіў праз кожную чвэрць гадзіны і жыхары гасілі агонь у дзесяць гадзін вечара. Аднак тым, хто займаўся рамяством, дазвалялася карыстацца святлом каганцоў і свечак. У корчмах гаспадары абавязаны былі тушыць святло і выпраўляць наведвальнікаў. Калі ў якога-небудзь карчмара пасля сігналу яны заставаліся, то ўладальнік плаціў штраф па аднаму злотаму за чалавека, а п'яніц адпраўлялі начаваць у астрог і назаўтра цэлы дзень прымушалі працаваць на вале альбо на грэблі.

У сувязі з вайною ў горадзе прымаліся меры па барацьбе з нябачным праціўнікам — эпідэмічнымі захворваннямі, якія былі спрадвечнымі спадарожнікамі працяглых войнаў. Так, у жніўні 1655 г. па ўсіх брамах Слуцка былі пастаўлены спецыяльныя вартаўнікі. Яны мелі задачу не пускаць у горад чужых людзей, а ў мясцовых жыхароў, што вярталіся ў горад, дазнацца ў прысутнасці каменданта, куды яны ездзілі і праз якія мясцовасці ехалі. Калі выяўлялася, што шлях пралягаў праз заражаныя эпідэміяй мясцовасці, такіх людзей у горад не пускалі. Ахоўныя эпідэміялагічныя кардоны былі ў Слуцку яшчэ ў 1660 г. Тады забаранялася пускаць у горад мяшчан, якія адсутнічалі ў горадзе 10 тыдняў, у кожным асобным выпадку праводзілася дазнанне пра шляхі, якімі чалавек дабіраўся да Слуцка. Няма сумнення, што магістрат быў добра дасведчаны пра месцы, у якіх лютавалі эпідэміі. Дзякуючы прынятым мерам у Слуцку заразныя хваробы не выяўляліся на працягу ўсёй вайны 1654–1667 гг.

Са студзеня 1654 г. у горадзе дзейнічаў асобы статут, які рэгуляваў правілы паводзін узброенага мяшчанства ў час трывог і аблог: па першаму ж загаду неабходна было мець напагатове ў сваім доме зброю, порах і кулі; ні ў адзін звон ніхто не меў права званіць пад страхам смерці; біць у гарадскія бубны і збірацца ў групы без дазволу губернатара забаранялася, а калі была якая-небудзь трывога, ніводзін мешчанін не меў права выходзіць з дома са зброяй, пакуль не стрэліць з Вышняга замка гармата, у гэты ж час павінны былі ўдарыць у мясцовыя бубны, кожны мешчанін станавіўся да свайго сотніка (калі абставіны не крытычныя, сотнікі з людзьмі павінны з'явіцца да палкоўніка), калі была тэрміновая неабходнасць, кожная сотня бегла на валы ў прызначанае месца; калі якая трывога здаралася ноччу, мяшчане павінны былі весці сябе таксама, як і днём, а свечы альбо святло выстаўляліся ў вокнах; у час штурму ні гукам, ні крыкам, ні словам давалі адпор праціўніку, а толькі мужным змаганнем, да таго ж у гэтым быў сэнс яшчэ і таму, што афіцэры маглі камандаваць, мяркуючы па абставінах, трэба было без крыку і канфузіі альбо трывогі рабіць тое, што пры крыках зроблена быць не можа; забаранялася страляць у непрыяцеля, давалі яму падступіцца на блізкі стрэл; тыя, хто пры гакоўніцах стаяў, абавязаны былі ўсе рэчы мець напагатове і ўсё, што патрабуецца, каб потым ніякімі адгаворкамі не прыкрывацца; каб на валах стаялі ўперамешку тыя, у каго ручная халодная зброя і агнястрэльная, а хто ручной зброі не меў, павінен быў прынесці з сабой на вал пяць камянёў памерамі з кулак; забаранялася ў час пажарнай трывогі пакідаць сваё месца і бегчы да агню без дазволу, хіба толькі той сотні, на «кватэры» якой гарэла; агонь павінны былі тушыць жанчыны вёдрамі з вадой.

Добра адладжаная сістэма абароны Слуцка неаднаразова ўздзейнічала на ход ваенных дзеянняў XVІІ-XVІІІ стст. Так, у жніўні 1648 г. двухтысячны атрад украінскіх казакоў і беларускіх сялян не змог узяць у час аблогі і штурмаў гарадскіх умацаванняў. Паўстанцы панеслі вялікія страты, а пазней ля в. Пагост былі разгромлены.

З 2 па 6 верасня 1655 г. горад без поспеху трымала ў аблозе дваццацітысячнае войска маскоўскага ваяводы А. Н. Трубяцкога. З 27 па 30 верасня аблога паўтарылася, прычым да ваяводы падышло падмацаванне ў пяць тысяч казакоў на чале з І.Залатарэнкам. Аднак горад узяць не ўдалося. Трубяцкі адступіў, спаліўшы прадмесце Слуцка і навакольныя сёлы. У ходзе вайны 1654–1667 гг. горад ні разу не быў узяты войскамі праціўніка.

Поделиться с друзьями: