Страчаная спадчына
Шрифт:
У матывах складанага рэнесанснага абрамлення даследнікі прасочваюць галандскія ўплывы.
У сярэдзіне вежы была вінтавая лесвіца. Унутранае афармленне замка з прычыны яго каласальнага разбурэння ўявіць цяжка. Вядома, праўда, што на схіле жыцця гаспадар замка князь С. А. Сангушка загадаў распісаць пакоі карцінамі на рэлігійныя сюжэты, пераважна на тэмы смерці і забыцця.
Знешне ж замак меў рысы светлага, прыгожага палацавага збудавання, абкружанага вадою і мяккай зелянінай мурожных паплавоў.
Знаходзячыся блізка да ўсходніх рубяжоў Вялікага Княства Літоўскага, Смалянскі замак, як і ўсё наваколле, не раз перажываў ліхія часіны. Не прайшлі міма яго вайна 1654–1667 гг. і Паўночная вайна. Замак моцна пацярпеў, але быў, відаць, яшчэ не зусім разбураны.
З інвентара Смалянскага замка за 1739 і 1742 гг., калі ён належаў маршалку Вялікага Княства Літоўскага Паўлу Сангушку, вынікае, што «…замак мураваны на капцы», быў вакол «вадою абліты». Перад ім ляжаў стаў з мостам і парэнчамі. У мураванай замкавай браме вароты былі зроблены з добрых сасновых дошак, папрыбіваных вялікімі цвікамі і акаваных жалезнымі рэйкамі. Увайшоўшы на дзядзінец, злева можна было ўбачыць вялікі склеп. У пакоях стаялі печы з белай кафлі з гербам «Пагоня». Натуральна, што ў замку жылі толькі гаспадары з прыслугаю. Розныя падсобныя службы — «двор» — знаходзіліся за ставам.
Цікава выглядалі і самі Смаляны, у прыватнасці іх цэнтр. Пасярод «места» стаяла ратуша з добрага сасновага дрэва, з купалам над дахам, «пабітым гонтамі». На тым купале, па краях абабітым бляшанымі паясамі, узвышаўся дзяржаўны герб — «пагоня мядзяная, пазалочаная малярскім золатам». Паблізу ратушы знаходзілася двухпавярховая важніца, пры ёй высокі ганак з парэнчамі і точанымі балясінамі. Адсюль пачыналіся рады гандлёвых крам і хаты жыхароў з гародамі і гаспадарчымі пабудовамі.
Заняпад і разбурэнне Смалянскага замка пачаліся з канца XVІІІ ст., а давяршыліся ў сярэдзіне ХІХ ст., калі новы гаспадар Смалян сенатар Сямёнаў прадаў замак на цэглу.
Гальшаны
Паселішча Гальшаны з драўляным замкам, вядомае па летапісах з ХІІІ ст., узнікла на высокай самароднай гары па-над р. Карабель, на паўночны ўсход ад мястэчка Гальшаны. Князі Гальшанскія валодалі замкам да 1525 г., а потым, пасля шлюбу князёўны Алены Гальшанскай з Паўлам Сапегам, ён перайшоў ва ўладанні Сапегаў. Пры Сапегу рэзідэнцыю перанеслі на бераг р. Лусты (Жыганкі).
Гальшанскі мураваны замак, узведзены ў першай палове XVІІ ст., - наглядная ілюстрацыя тых значных змен у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагоддзя. Сваёй кампазіцыяй ён аддалена нягадвае Мірскі замак і ўяўляе сабой прамавугольны (88,6 х 95,6 м) замкнуты будынак. Жылыя карпусы з вежамі на вуглах утвараюць замкнёны квадратны двор. Аднак магутныя абарончыя сцены, характэрныя для замкавага будаўніцтва XVІ ст., у Гальшанах саступілі месца фасаду жылога дома. Тут ужо няма надбрамнай вежы, а нарожныя шасцікантовыя вежы сталі меншыя і больш стройныя. У іх размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Вежы яшчэ канчаткова не страцілі свайго абарончага значэння, аднак аснова абароны Гальшанскага замка перамясцілася ўжо на земляныя магугныя валы і вадзяныя равы, што абкружалі замак. Уязная брама размяшчалася па цэнтры аднаго з доўгіх фасадаў, які з гэтага боку вызначаецца манументальнай прастатой. Арачны партал абрамляўся архівольтам.
Насупраць замкавай брамы, на процілеглым баку падворка знаходзілася невялікая каплічка, убудаваная ў жылы корпус.
Кампазіцыя вонкавага фасада Гальшанскага замка нагадвае адначасныя галандскія замкі Бэсенштэен і Клейдаель пад Антверпенам.
Такое падабенства тлумачыцца тым, што Беларусь, знаходзячыся ў складзе Рэчы Паспалітай, адчувала моцны ўплыў галандска-фламандскай архітэктуры, які быў вынікам ажыўленых культурных і гандлёвых сувязей з краінамі Заходняй Эўропы. З канца XVІ і да пачатку XVІІІ ст. на землях Рэчы Паспалітай рэзідэнцыі магнатаў будаваліся з анфіладнай планіроўкай памяшканняў, з аркаднымі галерэямі і нарожнымі вежамі. Паводле такога прынцыпу, у прыватнасці, пабудаваны ў канцы XVІ — пачатку XVІІ ст. польскія замкі Баранаў, Красічын, Суха. Архітэктурная кампазіцыя, планіроўка і часткова іх памеры вельмі блізкія і падобныя да архітэктурна-планіровачных элементаў Гальшанскага замка.
Дрэнная захаванасць замка ў Гальшанах не дазваляе дастаткова поўна вызначыць яго планіроўку. Можна толькі сцвярджаць, што справа ад уваходу знаходзілася вялікая квадратная зала з чатырма калонамі, на якія абапіраліся крыжовыя скляпенні. Сцены залы даўней былі пакрыты багатым жывапісам.
Невялікія пакойчыкі ў вежах упрыгожваліся разнастайнаю лепкай. Пад замкам меліся вялікія скляпы.
Ужо ў XVІІ ст. Гальшанскі замак ад Сапегаў трапіў да іншых гаспадароў і на працягу стагоддзяў часта пераходзіў з рук у рукі. У 1880 г. уладальнік замка Гарбанёў пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваў на пабудову карчмы.
Замак патрабуе неадкладнай кансервацыі і рэстаўрацыі.
Слуцак
Да канца XVІІІ ст. умацаванні Слуцка лічыліся найлепшымі ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім.
Слуцак узнік у ХІ ст. Ён раскінуўся па абодва берагі р. Случ. У хуткім часе ён ператварыўся ў паселішча з магутнай сістэмай гарадской абароны. Ужо ў 1409 г. упамінаецца Верхні замак з драўлянымі сценамі і вежамі. Ён размяшчаўся ля сутокаў ручая Бычок і Случы. Абарончы роў з вадою аддзяляў умацаваны дзядзінец — Верхні замак ад Ніжняга замка і гарадскога пасада, які хутка разрастаўся пад сценамі цытадэлі. У 1444 г. Слуцку было дадзена магдэбургскае права, што спрыяла яго хуткаму эканамічнаму развіццю.
Гісторыя сярэдневяковага Слуцка значна адрозніваецца ад гісторыі другіх уладальніцкіх гарадоў Беларусі. Пасля ажыццяўлення ў пачатку XVІ ст. цэнтралізатарскай палітыкі вялікіх князёў і ліквідацыі ў дзяржаве ўдзельнай сістэмы ён да 1791 г. заставаўся цэнтрам адзінага ў Вялікім Княстве Літоўскім удзельнага Слуцкага княства. З 1395 па 1612 г. ім валодалі князі Алелькавічы, затым яно перайшло да Радзівілаў. Ужо ў 1442 г. Слуцак апынуўся ў паласе дзеянняў мяцежнага князя Свідрыгайлы.
На пачатку XVІ ст. горад неаднаразова станавіўся аб'ектам нападаў крымскіх татараў. Летам 1502 г. слуцкае апалчэнне двойчы адбівала іх напады, спачатку разбіўшы адзін з татарскіх загонаў на р. Вушы, за Бабруйскам, затым у жніўні вытрымала аблогу іх шасцітысячнага войска. У 1503 г. татарскі трохтысячны атрад быў адкінуты ад Слуцка за Прыпяць і разбіты каля Давыд-Гарадка. У сярэдзіне жніўня 1505 г. войска крымскага царэвіча Біці-Гірэя зноў апынулася пад сценамі горада. Яго жыхары, атрымаўшы звесткі пра паход татараў, добра падрыхтаваліся да абароны. Яны адбілі некалькі штурмаў. Татары рабілі падкопы, спрабавалі ўзарваць умацаванні і падпаліць горад, але жыхары мужна абараняліся. Як адзначалася ў Іпацьеўскім летапісу, «и хотяху Татаре взяти Слуцак и не могоша, биша бо их из града крепко».
У 1506 г. перакопскія царэвічы Біці-Гірэй і Бурнаш зноў з дваццацітысячным войскам аблажылі горад, абарону якога ўзначаліла ўдовая княгіня Анастасія. Татары не раз хадзілі на штурм, «подметы чынечи и огонь подкладаючи», аднак вымушаны былі адступіць, панёсшы вялікія страты. Затым іх разграмілі пад Клецкам.
У 1508 г. непадалёку ад Слуцка адзін з загонаў татараў зноў быў разбіты. У апошні раз набег крымскіх татараў зафіксаваны ў 1521 г. Акрамя таго, двойчы горад без поспеху брала ў аблогу войска мяцежнага М. Глінскага.
Да канца XVІ ст. Слуцак ператварыўся ў вялікі горад з развітымі рамяством і гандлем. Ён меў надзейную сістэму абароны. Магутныя ўмацаванні меліся ў старажытнай частцы горада, так званым Старым Слуцку, дзе размяшчаўся Верхні (Горны) і Ніжні (Дольны) замкі з іх фартыфікацыйнымі комплексамі. Кварталы старога горада таксама былі абнесены магутным земляным валам з бастыёнамі якія з'явіліся тут у апошняй чвэрці XVІ ст.
Другая частка горада ляжала на левым беразе р. Случы і ўжо ў XVІ ст. называлася Новым Слуцкам, ці Новым месцам. Яна таксама мела лінію бастыённых умацаванняў з абарончым ровам, у якую ўключаўся Новы замак, збудаваны яшчэ ў часы князёў Алелькавічаў. Кальцо ўмацаванняў вакол Старога і Новага Слуцка перарывалася толькі водамі р. Случы, якія запаўнялі роў перад земляным валам.
Па-за ўмацаваннямі знаходзіліся два неўмацаваныя прадмесці — з паўночнага ўсходу Востраў і з поўдня — Трайчаны, якія сфармаваліся каля Траецкага манастыра.
Маскоўскі дзяк Трыфан Карабеннікаў, які ў 1593 г. праязджаў праз Слуцак, зафіксаваў тут «около городка острог на городовое дело… а града в воротах и у острогу, — заўважыў назіральны падарожнік, — стоят воротники и стрельцы ружьямн (ручницами), а в острог иноземца не сказав, не пустят».
У горадзе мелася значная колькасць агнястрэльнай зброі. Большая яго частка ў 1595 г. трапіла да казакоў атрада Севярына Налівайкі, які захапіў горад восенню і вывез адсюль з сабою 12 лепшых гармат, 80 гакаўніц, 700 рушніц. Акрамя таго, С. Налівайка загадаў сабраць для яго 5000 коп грошаў літоўскіх, г. зн. каля 384 кг срэбра.