Страчаная спадчына
Шрифт:
У канцы ХІХ ст. на тэрыторыю замчышча праз пралом у мурах пачалі звозіць з усяго Наваградка смецце, якое пакрыла больш як двухметровым пластам руіны старажытных пабудоў.
У 1906 г. рухнула Касцельная вежа. Дзякуючы намаганням мясцовага аматара старажытнасцей Т. Корзана рэшткі вежы былі падпёрты двума эскарпамі. У гады першай сусветнай вайны абвалілася паўднёвая сцяна Шчытоўкі.
Толькі ў 1921 г. Наваградскі замак быў нарэшце ўзят пад ахову, а ў наступныя 1922–1930 гг. праведзена частковая кансервацыя ўцалелых рэшткаў веж. Прычым сцены Касцельнай вежы былі фактычна складзены нанава.
Наваградскі замак, як і іншыя замкі, цяпер зноў патрабуе кансервацыі.
Крэва
Замак-кастэль у Крэве (Смаргонскі р-н Гарадзенскай вобл.) ляжыць у даліне паміж высокіх пагоркаў, што расцягнуліся ланцугом абапал рачулкі Крэвянкі. Тут, на нізкім поплаве, у сутоках ракі Крэвянкі і ручая Шляхцянкі і быў у 20-ыя гады ХІV ст. пабудаваны мураваны замак.
Крэва было сталіцаю ўдзельнага княства, якое ў 1338 г. Гедзімін аддаў свайму сыну Альгерду. Крэўскі замак у плане нагадвае няправільную трапецыю, звернутую большым аснаваннем у напольны бок. З усходу, поўдня, часткова захаду і поўначы замак бараніўся водамі рачулак, падпёртых плацінаю. Тут былі ўсяго дзве вежы, размешчаныя па дыяганалі. Аднак Крэўскаму замку ўласцівы некаторыя асаблівасці. Ён меў адну вялікую — Княжацкую — вежу («вежа Кейстута») памерамі 18,65 х 17 м, якая выступала ў паўночна-заходнім куце за перыметр замкавых муроў, фланкіруючы заходнюю і паўночную з брамай сцены. Тут было не менш трох паверхаў і склеп-турма. У вежы жылі князь, яго чэлядзь і начальнік замкавай варты. Княжацкія пакоі размяшчаліся на другім паверсе, дзе вокны значна больш і шырэй, чым на астатніх паверхах. Трэці паверх выконваў абарончыя функцыі. Над ім, відаць, меўся яшчэ адзін ярус бою. Аб гэтым сведчаць існаваўшыя яшчэ ў ХІХ ст. рэшткі каменнай лесвіцы ў тоўшчы вежавай сцяны, якая вяла наверх. Гэта маглі быць або яшчэ адзін паверх, або баявыя пляцоўкі, размешчаныя на самым версе вежы. Вежа пры таўшчыні сцен 3 м унізе і 2,5–2,6 м на ўзроўні трэцяга паверха мела вышыню больш 25 м, таму што сёння ўцалелыя рэшткі яе дасягаюць вышыні каля 17,5 м.
Вялікая вежа мае падмурак вышынёю ў 3 м, складзены з вялікіх камянёў грубай чоскі, пакладзеных на вапнавым растворы. Асабліва вялікія вуглавыя камяні, якія дасягаюць памераў 1–1,3 м. Падмурак мае паўметровую падушку з дробнага камення і гліны, пад якія падасланы дубовыя і сасновыя лаўжы і галлё.
Аснаванне вежы на вышыню 3 м ад цяперашняй паверхні вымуравана з каменю. Вышэй ідзе лусковая муроўка з велікамернай цэглы. Таўшчыня цагляных «шчок» каля 0,7 м. Вышыня колішніх паверхаў вежы дасягала 4,8–5 м. Перакрыцці паміж імі былі зроблены на бэльках 30 х 30 см.
Унутры вежавых сцен бачны каналы ад драўляных брусоў памерамі 40 х 40 см. Брусы закладаліся для ўмацавання сцен, прадухілення нераўнамернасці асадкі і іншых дынамічных уздзеянняў.
Княжацкія пакоі былі, відаць, распісаны фрэскамі. Ва ўсякім разе, яшчэ ў мінулым стагоддзі аконныя ліштвы захоўвалі сляды тынкоўкі з фрэскавым жывапісам.
Сцены Крэўскага замка розныя па памерах Паўночная сцяна, размешчаная з прыступнага боку, мела даўжыню 85 м; усходняя сцяна найбольшая — 108,5 м, паўднёвая — 71,6 м і заходняя, якая перад вялікай вежай мае невялікае адхіленне ад асноўнай трасы, — 97,2 м.
Таўшчыня замкавых муроў дасягае 2,75 м. Яны маюць двухметровы падмурак з 30-сантыметровым цокалем. Падмурак зроблены на вапне з камянёў сярэдняй велічыні і ляжыць на дубовых і сасновых лаўжах.
Замкавыя сцены да вышыні 4 м складзены з каменю. Вышэй, з вонкавага боку, ідзе 65-сантыметровая цагляная абліцоўка. У заходняй сцяне выяўлены адтуліны ад брусоў унутранай драўлянай сувязі, аналагічныя тым, што маюцца ў Княжацкай вежы. Яны ішлі ўнутры муру паралельна яго трасе.
Раней сцены Крэўскага замка дасягалі вышыні 12–13 м. Цяпер толькі асобныя фрагменты паўночнай сцяны маюць вышыню каля 10 м. На вышыні 10 м уздоўж іх па ўсяму перыметру на драўляных бэльках ішла баявая галерэя-памост. Сляды гэтых бэлек яшчэ выразна былі відаць у ХІХ ст. Абарона замка вялася праз байніцы, размешчаныя ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. Форму і абрысы байніц выявіць нельга, паколькі верх сцен разбураны. На стыку ўсходняй і паўднёван сцен, знутры замкавага двара, стаяла яшчэ адна вежа памерамі 11 х 10,65 м. Яна прыбудавана да сцен і адрозніваецца ад іх глыбінёй залягання фундаментаў. Аб яе больш познім узвядзенні сведчыць той факт, што сцены гэтай вежы закрылі частку бэлечных адтулін галерэі-памосту для воінаў.
У канцы ХІХ ст. вежа яшчэ ўзвышалася над замкавымі сценамі. Цяпер яе вышыня дасягае толькі 6,6 м. Яна таксама, як і Княжацкая вежа, мела перакрыцці па бэльках, ад якіх захаваліся ў сценах адтуліны памерамі 30 х 30 см. Вышыня колішняга першага паверха раўнялася 3,5 м, другога — 2,3, трэцяга — не менш 3 м. Існаваў, несумненна, яшчэ адзін, чацвёрты, паверх, аднак аб ім мы нічога не ведаем. Унутры вежа, відаць, была абмуравана цэглай.
У паўднёвай сцяне Крэўскага замка меўся запасны выхад-праём. Цяпер ён не існуе, паколькі сцяна ў гэтым месцы абвалілася. Але на фотаздымках і малюнках канца ХІХ — пачатку XX ст. ён добра бачны. Яго памеры — 4,26 х 2,84 м.
Заходнюю сцяну ля самага долу праразае яшчэ адзін праём спічастай формы, які мае вышыню каля 2,5 м і шырыню 2,25 м. Некаторыя даследнікі лічаць яго адтулінай для ўпуску вады ў замкавы стаў — сажалку. На нашу думку, тут была запасная брама замка.
Археалагічныя даследаванні, зробленыя на тэрыторыі Крэўскага замчышча, паказалі, што культурны слой тут нязначны. Яго таўшчыня 0,5–0,7 м. Кераміка позняя — ХІV-XVІ стст. Сустракаюцца кавалкі паліванай і непаліванай кафлі, шкло. У шурфах каля веж знойдзена чарапіца, якой пакрывалі дах. У Крэве не ўвесь замкавы двор выкладзены каменем. Толькі ад уваходнай брамы, якая праразала тоўшчу паўночнай сцяны, ішла да малой паўднёва-ўсходняй вежы выбрукаваная дарога шырынёй каля 8 м. Паколькі паўднёва-ўсходні ўчастак замкавага двара быў балоцістым і мокрым, дарогу «забралі» ў каркас з бярвення вышынёй 80 см. Справа ад гэтай дарогі, у паўднёва-заходнім куце двара, верагодна, знаходзілася тая сажалка, аб якой пісалі даследнікі і гісторыкі ХІХ ст.
На замкавым падворку ёсць толькі два ўзвышэнні. Адно прылягае да вялікай вежы, займаючы паўночна-заходні кут двара плошчай 50 х 35 м. Пясчаная выспа забрукавана. Тут, верагодна, стаялі княжацкія гаспадарчыя службы.
На другім пясчаным узвышэнні, насыпаным нізкім паўднёва-ўсходнім куце двара, была пастаўлена пазнейшая малая вежа. Увогуле ўвесь усходні ўчастак тэрыторыі, які прымыкае да ўсходняй сцяны, крыху падвышаны. Асабліва гэта прыкметна з вуліцы. Невялікі вонкавы адхон тут забрукаваны, каб яго не размывала вада става, які з гэтага боку падступаў да самых муроў.
За сваю гісторыю Крэўскі замак быў сведкам многіх гістарычных падзей. У 1382 г. тут, у падзямеллі Княжацкай вежы, быў задушаны па загаду Ягайлы яго дзядзька князь Кейстут, асноўны прэтэндэнт на велікакняжацкі прастол, галоўны праціўнік Ягайлы. У 1385 г. у Крэўскім замку былі прыняты ўмовы аб'яднання Літвы і Польшчы пад уладай Ягайлы (вядомае ў гісторыі як Крэўская вунія). У 1443 г. замак быў узяты войскамі князя Свідрыгайлы, які ваяваў за велікакняжацкі прастол з князем Жыгімонтам. У 1503–1506 гг. замак абкладалі і значна разбурылі войскі перакопскіх татараў. Пазней тут, у Княжацкай вежы, жыў беглы князь Андрэй Курбскі. Аднак ужо ў XVІ ст. вядомы дыпламат Сігізмунд Герберштэйн адзначаў, што Крэва — горад «з пакінутым замкам».
Замак паступова страціў сваё значэнне як абарончы пункт. У XVІІІ ст. значна была разбурана вялікая вежа, дах і перакрыцці праламіліся, абвалілася частка ўсходнян сцяны.
У сярэдзіне ХІХ ст. Крэўскі замак замаляваў мастак Н. Орда. Асабліва пацярпеў замак у час першай сусветнай вайны. Больш за 3 гады Крэва было фактычна на лініі фронту. Замак апынуўся на нямецкім баку абароны. Тут былі пароблены бетонныя сховішчы (у малой вежы і ля паўднёвай сцяны), назіральныя пункты, у час абстрэлу якіх сцены замка і вялікая вежа дужа пацярпелі. Шмат дзе цагляная абліцоўка сцен адслаілася, а месцамі нават паабвальвалася. Паўночная сцяна замка нахілілася да 10 градусаў. У 1929 г. яе ўмацавалі контрфорсам шырынёй у 2 м і закансервавалі. Абліцоўку галоўнай вежы звязалі жалезнымі зацяжкамі, а шчыліны залілі вапнай. Тады ж падмуравалі рэшткі паўночна-ўсходняй сцяны, умацаваныя эскарпам. Правялі шэраг іншых кансервацыйных работ, якія палепшылі стан замка. Дарэчы, некаторыя сучасныя даследнікі Крэўскага замка памылкова лічаць прымураваны ў 1915 г. да паўдневай сцяны нямецкі бункер за яшчэ адну старажытную замкавую вежу. Так гэты бункер трактуецца ў шэрагу апублікаваных прац, падаецца на некаторых сучасных планах замка і нават у рэканструкцыях. Цяпер устаноўлена, што гэтая прыбудова складзена з камянёў, павыбіваных з замкавых муроў снарадамі, прытым на цэментавым, а не на вапнавым растворы. Да таго ж тут выкарыстаны жалезабетонныя канструкцыі, якія да ХІV ст. не маюць ніякага дачынення. Пасля Другой сусветнай вайны стан замкавых муроў значна пагоршыўся. Помнік патрабуе неадкладнай растаўрацыі і кансервацыі.
Геранёны
Паселішча Геранёны згадваецца ў пісьмовых крыніцах пачынаючы з першай паловы XV ст. У 1433 г. Жыгімонт Кейстутавіч, вялікі князь літоўскі, падараваў Геранёны разам з Дзявенішкамі, Меднікамі і Тыкоцінам Яну Гаштольду.
У 1493 г. вялікі князь Аляксандар пацвердзіў прывілеі на права валодаць Геранёнамі Войцаху Гаштольду, тагачаснаму канцлеру Вялікага Княства Літоўскага і віленскаму ваяводу. Мяркуецца, што на рубяжы XV — пачатку XVІ ст. і быў пабудаваны мураваны замак.