Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Тамара Габрусь

Сядзібы. Па колішніх маёнтках

Беларускі архітэктурны краявід неад'емна звязаны з разлеглымі палацава- і сядзібна-паркавымі ансамблямі колішніх буйных магнатаў і заможнай шляхты. На працягу XVIII–XIX стст. краіна пакрылася густой сеткай манументальна-рэпрэзентацыйных панскіх рэзідэнцый, якія не толькі мелі значныя мастацка-эстэтычныя якасці, але часта з'яўляліся культурна-асветніцкімі асяродкамі. Аднак час і ліхалецці значна спустошылі скрыню нацыянальнага архітэктурна-мастацкага набытку народа.

Гэты раздзел кнігі — спроба стварыць своеасаблівы пантэон страчаных помнікаў палацава-сядзібнага дойлідства, збор звестак пра тыя архітэктурна-паркавыя каштоўнасці, што калісьці ўпрыгожвалі нашу зямлю, узбагачалі нацыянальную мастацкую і духоўную культуру.

У адрозненне ад замкаў і культавых збудаванняў, якія найбольш зазналі на гістарычным шляху глабальныя разбурэнні, творы палацава-сядзібнай архітэктуры па прычыне сваёй утылітарнасці, практычнай мэтазгоднасці, «апалітычнасці», пазарэлігійнасці падпалі ў асноўным пад знішчэнне толькі часам.

Але і войны не абміналі сваёй усёзнішчальнай хваляй гэтыя мірныя, утульныя і прывабныя куточкі краіны. Напалеонаўская навала 1812 г. знішчыла «беларускі Версаль» — палацава-паркавы ансамбль стылю ракако «Альба», загарадную рэзідэнцыю некаранаванага нясвіжскага караля Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Французамі знішчаны палацавы комплекс у Лахве (цяпер Лунінецкі р-н), спалены палац Бжастоўскіх у Міхалішках (Астравецкі р-н), сядзіба Тукалаў у Асцюковічах (Вілейскі р-н) і інш.

Секвестрацыя расейскім урадам мноства маёнткаў пасля паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гг. не адбілася ракавым чынам на мастацкім стане парадна-рэпрэзентацыйных комплексаў. Але шэраг сядзіб, былыя ўладальнікі якіх нейкім чынам далучыліся да паўстанняў, значна пацярпелі. У 1831 г. быў секвестраваны абшырны сядзібна-паркавы комплекс графа Людвіка Паца ў Гарадзішчах (Баранавіцкі р-н), пасля чаго прыйшоў у заняпад і згінуў. Пры ліквідацыі паўстання 1863 г., адным з кіраўнікоў якога быў Свентаржэцкі — багацейшы землеўладальнік на Ігуменшчыне, яго палац у Багушэвічах (Бярэзінскі р-н) быў спалены па загаду самога Мураўёва. Згарэлі ў 1863 г. палацы Горватаў у Прылуках (Менскі р-н) і Каменьскіх у Міневічах (Мастоўскі р-н).

Катаклізмы XX стагоддзя, як ніякога іншага, нанеслі ўрон палацава-сядзібнай архітэктуры. Моцны разбуральны ўдар па гэтай адметнай галіне беларускага дойлідства прыпаў на першую сусветную вайну, якая пагібельным смерчам пранеслася па старасвецкіх маёнтках. Шматлікія панскія сядзібы пераўтвараліся ў казармы, палявыя штабы, шпіталі, часам і проста станавіліся мішэнямі для гарматаў. Маляўнічыя прысядзібныя паркі былі перарыты акопамі, знявечаны бліндажамі. У выніку ваенных дзеянняў у 1914 г. згарэў адзін з буйнейшых у Беларусі палацаў — рэзідэнцыя магнатаў Сапегаў у Ружанах (Пружанскі р-н). Разруха і спусташэнні панавалі паўсюдна. У заходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, знішчалася ўсё, што толькі было магчыма знішчыць, астатняе вывозілася. На панскія сядзібы ляглі вярыгі кантрыбуцыі. Усходнія землі пад кантролем царскіх войскаў апусцелі як ад пагалоўнай мабілізаці, так і ад поўнага гаспадарчага хаосу. У 1914 г. была спалена цудоўная загарадная сядзіба апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Аўгустове пад Горадняй. Сам горад у 1915 г. страціў цудоўны барочны палац А. Тызенгаўза, які вызначаў галоўны парадны ансамбль Гарадніцы. Не менш выдатны помнік барочна-класіцыстычнай архітэктуры — палац Храптовіча ў Шчорсах (Наваградскі р-н) таксама зруйнаваны ў 1914 г. У будынку размяшчаўся нямецкі бліндаж, які быў знішчаны разам з палацам. Між іншым на франтоне палаца меўся лацінскі надпіс «Мір і свабода». У гады вайны разбураны палацы ў Асвеі (Верхнядзвінскі р-н) і Дабраўлянах (Мядзельскі р-н). Цудоўная сядзіба Яблонскай у вёсцы Востраў (Мядзельскі р-н) знішчана з-за праходзячых па яе тэрыторыі нямецкіх і расейскіх акопаў. Пасля ваенных дзеянняў ад цудоўнай сядзібы Верашчакаў у Тугановічах (Баранавіцкі р-н), якая трапіла ў прыфрантавую паласу, засталіся замшэлыя фундаменты былых будынкаў, жахлівыя фрагменты пейзажнага парку. Адначасова разам з сядзібай загінула гістарычная мясціна, звязаная з імем паэта А.Міцкевіча. У час першай сусветнай вайны праз вёску Пясечна (Пінскі р-н) таксама праходзілі нямецкія акопы. У выніку жорсткіх баёў быў знішчаны адзін з буйнейшых на Палессі сядзібна-паркавых ансамбляў, заснаваны яшчэ ў XVIII ст. Друцка-Любецкімі. У імперыялістычную вайну былі значна пашкоджаны сядзіба Віславухаў у Пярковічах (Драгічынскі р-н) і палацава-паркавы ансамбль Агінскага «Паўночныя Афіны» ў Залессі (Смаргонскі р-н); знішчаны сядзібы Плятараў у Дунілавічах (Пастаўскі р-н), Стржалкоўскіх у Міневічах (Мастоўскі р-н), Тадэвуша Агінскага ў Гануце (Вілейскі р-н), палац Марыяны і Ежы Абрамовічаў у Варнянах (Астравецкі р-н). Падчас першай сусветнай вайны пашкоджаны палац у Манькавічах (Столінскі р-н) — цудоўная архітэктурная фантазія пачатку XX ст. на тэму Нясвіжскага замка, які неўзабаве і сам пацярпеў (згарэў пабудаваны ў ім Святаполк-Мірскі палац).

Не паспеўшы ачуцца ад ліхалецця імперыялістычнай вайны, дваранскія гнёзды нападкала наступная трагічная падзея: рэвалюцыя 1917 г. Працэс руйнавання панскіх сядзіб распаляўся яшчэ ў першую расейскую рэвалюцыю 1905 г. Мясцовыя памешчыкі з наваколля Краснаполля тэлеграфавалі міністру ўнутраных спраў: «Сяляне знішчаюць маёнткі, вінакурныя заводы, сякуць лес, збіраюцца на мітынгі, паліцыя бяссільная». Калі па Расеі была разгромлена кожная пятнаццатая памешчыцкая сядзіба, то каля Краснаполля — кожная другая. Летам 1906 г. сяляне спалілі сядзібу памешчыкаў Бекмана ў вёсцы Яноўка, Блюмгера ў Малюшыне і шэраг іншых. Лозунг «Мір хацінам, вайна — палацам» рэвалюцыйнай масай быў успрыняты літаральна. Заклік «Паразітам-памешчыкам смерць, усім паразітам-памешчыкам усяго свету!», натуральна, адносіўся і да іх маёмасці. Маёнткі памешчыка Скірмунта ў Пінскім павеце (Парэчча, Моладава і інш.) як старшыні створанага ў сакавіку 1917 г. контррэвалюцыйнага Беларускага нацыянальнага камітэта былі разгромлены сялянамі і салдатамі. Вялікія выпрабаванні выпалі на долю Гомельскага палаца — у час контррэвалюцыйнага мяцяжу ў сакавіку 1919 г. у ім узнік пажар, у выніку якога згарэла шмат памяшканняў.

Цудоўны барочны палац Бжастоўскіх у Мосары (Глыбоцкі р-н) разбураны бальшавікамі ў 1917 г.; паўстаўшымі сялянамі была спалена сядзіба Міхала Карыбута Дашкевіча ў Горках (Гарадзенскі р-н). Рэвалюцыйна-бальшавіцкая стыхія сцёрла з зямлі цудоўны палац графа Манузі ў Бяльмонтах (Браслаўскі р-н). У сакавіку 1918 г. быў спалены сядзібны дом Храпавіцкіх у Каханавічах (Верхнядзвінскі р-н); разам з ім знішчана ўсё яго абсталяванне і зборы твораў мастацтва. Уладальнік сядзібы ў Дзям'янках (Добрушскі р-н), адстаўны расейскі генерал-губернатар М. Герард, падчас рэвалюцыі эміграваў за мяжу, а рэвалюцыйныя масы непаправіма пашкодзілі палац. Разрабаванню панскіх сядзіб пасадзейнічала дэкларацыя Народнага сходу Заходняй Беларусі 1939 г. аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель.

У Другую сусветную вайну разам з мноствам вёсак з твару беларускай зямлі зніклі прыгожыя плацава- і сядзібна-паркавыя ансамблі. У 1943 г. у выніку ваенных дзеянняў зруйнаваны цудоўны помнік архітэктуры класіцызму — палац Пуслоўскіх у Старых Песках (Бярозаўскі р-н). Падчас вайны знішчаны буйны палацава-паркавы комплекс памешчыка Скірмунта ў Моладаве (Іванаўскі р-н), барочныя архітэктурна-паркавыя комплексы ў вёсках Дубай (Пінскі р-н) і Гародна (Воранаўскі р-н), палац губернатара ў Віцебску, сядзіба выдатнага мастака І.Рэпіна ў Здраўнёве (Віцебскі р-н), палац Лявона Ашторпа ў Дудзічах (Пухавіцкі р-н), часткова разбураны сядзібны дом памешчыка Лубінскага ў Межаве (Варшанскі р-н). Гітлераўскія варвары пры адыходзе з Горадні ў 1944 г. падпалілі шэдэўр архітэктуры ракако — Новы замак, ад якога засталіся толькі сцены. Вялікія страты прынесла вайна Гомельскаму палацу, па-варварску разбуранаму фашысцкімі акупантамі. Пад канец вайны адыходзячы нямецка-фашысцкія захопнікі ўзарвалі палац Чапскіх у Прылуках (Менскі р-н). У гады вайны парушана сіметрычна-восевая цэласнасць буйнога палацавага комплексу памешчыка Э. Булгака ў Жылічах (Кіраўскі р-н) — страчана паўднёвае крыло аранжарэі і вуглавы флігель. Тады ж быў цалкам зруйнаваны манументальны класіцыстычны палац Тышкевічаў у Лагойску — культурны асяродак Міншчыны. Пры глабальным разбурэнні Менска ў гады вайны знік і палац магната Сапегі, у якім бываў Петр I у 1706 г.

У пасляваенныя гады панскія сядзібы хаця і не разбураліся мэтанакіравана, але прыходзілі ў заняпад ад бязлітаснай эксплуатацыі і нерацыянальнага выкарыстання. Напрыклад, цудоўны сядзібны дом у Радзівілімонтах (Клецкі р-н), які шмат дзесяцігоддзяў не толькі служыў вяскоўцам жыллём, але і выконваў ролю культурнага цэнтра, з пабудовай побач жалезабетоннага Дома культуры быў аддадзены забыццю і зараз мае варты жалю выгляд, знаходзіцца на мяжы поўнага разбурэння. З-за няшчаднай эксплуатацыі праіснавала толькі да 1953 г. сядзіба Замбрвіцкіх у Вязыні (Маладэчанскі р-н).

Мноства палацаў і сядзіб будавалася з дрэва — матэрыяла недоўгатрывалага, гаручага. Будынкі часта гарэлі, трухлелі ці замяняліся мураванымі. Так да нас не дайшлі палацы Кацярыны II у Мсціславе, Чартарыйскіх у Воўчыне (Камянецкі р-н), Радзівілаў у Чарнаўчыцах (Берасцейскі р-н), былога фаварыта Кацярыны II графа Зорыча ў Шклове і шмат іншых.

І толькі ў апошняе дзесяцігоддзе прымаюцца пэўныя намаганні па аднаўленню непаўторнай чароўнасці старасвецкіх маёнткаў — тых, што яшчэ захавалі сваю архітэктурна-планіровачную аснову. Але такіх засталося няшмат. Максімальнае захаванне сядзібна-паркавага асяроддзя, мэтанакіраванае культурна-масавае выкарыстанне гэтага тыпу архітэктурных помнікаў неабходна для захавання духоўнага здароўя грамадзяніна, для гарманічнага культурна-эстэтычнага развіцця асобы і народа наогул.

Каб атрымаць дакладнае ўяўленне аб страчаных магнацкіх палацах і шляхецкіх сядзібах, аднавіць іх сапраўдны вобраз, аўтару спатрэбілася здзейсніць шматлікія натуральныя даследаванні, правесці аналіз мноства літаратурна-архіўных крыніц. Асаблівую дапамогу ў гэтай справе аказала кніга Р. Афтаназі «Матэрыялы да гісторыі рэзідэнцый», з якой запазычана мноства гістарычных звестак, звязаных з лёсам памешчыцкіх маёнткаў, іх уладальнікамі. Візуальнае ўяўленне аб страчаных помніках дазваляюць скласці шматлікі іканаграфічны матэрыял, асабліва малюнкі мастака-краязнаўца XIX ст. Н. Орды, і архіўныя фотаздымкі.

Аляшэвіцкая сядзіба

Маёнтак Аляшэвічы (Шчучынскі р-н Гарадзенскай вобл.) у другой палове XVIII ст. з'яўляўся ўласнасцю рода Барановічаў. Яны заснавалі тут сядзібную рэзідэнцыю. Пасля маёнтак выкупіў Ян Незабытоўскі — фундатар фарнага касцёла ў Свіслачы (Гарадзенская вобл.). Ад яго ўладанне атрымаў у спадчыну сын Крыштаф — падкаморы наваградскі, а потым унук Канстанцін, чалавек багаты і адукаваны, які шанаваў мастацка-паэтычную эліту, заўзяты вандроўнік (наведаў Італію ў 1846–1848 гг.). Апошнім уладальнікам-мужчынам быў старэйшы з трох сыноў Канстанціна — Караль Станіслаў Незабытоўскі (1865–1952), вядомы грамадска-палітычны дзеяч, пасол у Расейскім дзяржаўным савеце, а потым міністр сельскай гаспадаркі і сенатар Польшчы. У 1920 г. у выніку фамільнага падзелу Аляшэвічы дасталіся малодшай дачцэ Караля Станіслава Ірыне (нар. 1907). Яна стала апошняй уладальніцай маёнтка, якім валодала да 1939 г. Пасля першай сусветнай вайны часткова разбураны і разрабаваны палац застаўся без дагляду. Да 1939 г. яго сцены яшчэ існавалі, але потым былі разабраны дашчэнту.

Поделиться с друзьями: