Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

«Заставайцеся верныя зямлі, братове мае, з усёй уладаю вашае цноты! Ваша любоў, якая дорыць, і ваша пазнанне, хай паслужацца яны сэнсу зямлі! Так прашу я і заклінаю вас.

Не дазваляйце цноце вашай адляцець ад зямнога і біцца крыламі аб вечныя сцены! О, як шмат цноты адляцела заўчасна!

Вярніце — як зрабіў гэта я, — вярніце адляцелую цноту назад, на зямлю, зноў да цела і жыцця: хай аддае яна зямлі свой сэнс, сэнс чалавечы!

Сотні разоў ляцелі ўпрочкі і збіваліся з тропу дух і цнота. І дагэтуль жывуць у нашым целе ўсе гэтыя мроі і аблуды: яны сталіся нашай воляй і плоццю.

Сотні разоў маніліся вырвацца і памыляліся дух і цнота. Праўда, якраз чалавек і быў іх спробаю вырвацца! О, колькі невуцтва і аблудаў сталася ў нас плоццю!

Не толькі розум тысячагоддзяў, але і іхняя неразумнасць выяўляюцца ў нас. Небяспечна быць спадчынай.

Ідучы крок за крокам, мы змагаемся з волатам-выпадкам, і над чалавецтвам да сённяга яшчэ навісае неразумнасць і бязглуздасць.

Хай паслужацца вашыя дух і цнота зямлі, братове мае: хай будзе каштоўнасць усіх рэчаў зноў устаноўлена вамі! Дзеля гэтага павінны вы змагацца. Дзеля гэтага — ствараць!

Спазнаючы — ачышчаецца цела; набываючы вопыт ведання, узвышаецца яно; у спазнаўца ачышчаюцца ўсе яго памкненні; душа радуецца ў таго, хто ўзвысіўся.

Лекар, ацалі сябе сам, тады вылечыш ты і свайго хворага. Найлепшым ацаленнем яму будзе, калі ён на свае вочы ўгледзіць таго, хто сам сябе ацаліў.

Ёсць тысячы сцежак, якімі ніхто яшчэ не хадзіў, і тысячы здароўяў і схаваных выспаў жыцця. Яшчэ не адкрытыя і не даследаваныя чалавек і яго зямля.

Чувайце і слухайце, самотнікі! Таямнічыя вятры веюць на крылах будучыні; і да чуйнага вуха далятае добрая вестка.

Вы, сённяшнія самотнікі, вы, што адлюдніліся, вы яшчэ станеце народам: ад вас, што выбралі самі сябе, павінен пайсці народ выбраны, а ад яго — Звышчалавек.

Сапраўды, зямля яшчэ будзе мясцінай ацалення! І ўжо веюць вакол вас новыя пахошчы, якія нясуць ацаленне — і новую надзею!»

3

Сказаўшы гэта, Заратустра змоўк, як чалавек, які яшчэ не сказаў апошняга слова; доўга нерашуча пакручваў ён сваім кіем. Нарэшце сказаў, і голас ягоны перамяніўся:

«Адзін пайду я цяпер, вучні мае! Ідзіце і вы, і таксама адныя! Так хачу я.

Сапраўды, я вас заклікаю: ідзіце ад мяне і супраціўляйцеся Заратустру! А яшчэ лепей — саромейцеся яго! Бо, можа, ён ашукваў вас.

Чалавек пазнання павінен не толькі любіць ворагаў сваіх, але і ўмець ненавідзець сяброў.

Благая аддзяка настаўніку, калі вучні ягоныя так і застаюцца вучнямі. І чаму вы не хочаце абскубці вянок мой?

Вы шануеце мяне; што, калі раптам зруйнуецца вашая шаноўля? Пільнуйцеся, каб слуп з ідалам не забіў вас!

Вы кажаце, што верыце ў Заратустру? Але што ў тым Заратустры? Вы вернікі мае — але што з тых усіх вернікаў?

Вы яшчэ не шукалі сябе — а ўжо здабылі мяне. Так бывае з усімі вернікамі; і таму так мала значыць любая вера.

Цяпер я заклікаю вас пакінуць мяне і знайсці сябе; і толькі тады, калі вы адкінеце мяне, я вярнуся да вас.

Сапраўды, братове мае, іначай шукацьмуць вас, страчаных мною, мае вочы; іншай любоўю тады любіцьму я вас.

І ў свой час вы павінны будзеце стацца сябрамі маімі і дзецьмі адной надзеі; тады буду я з вамі трэці раз, каб адсвяткаваць Вялікі Полудзень з вамі.

Вялікі Полудзень — гэта калі чалавек на паўдарозе ад жывёлы да Звышчалавека святкуе пачатак свайго вечара як сваю найвышэйшую надзею; бо гэта ёсць дарога да новай раніцы.

І тады дабрасловіць сябе той, хто гіне, хто ідзе дарогай захаду, бо так пераходзіць ён да таго, што па той бок; і сонца яго пазнання будзе ў зеніце.

«Памерлі ўсе багі; сёння мы хочам, каб жыў Звышчалавек», — хай гэта будзе ў Вялікі Полудзень наша апошняя воля!..»

Так сказаў Заратустра.

Другая частка

«…і толькі тады, калі вы адкінеце мяне, я вярнуся да вас. Сапраўды, братове мае, іначай шукацьмуць вас, страчаных мною, мае вочы; іншай любоўю тады любіцьму я вас».

Заратустра. Пра цноту, якая адорвае

Дзіця з люстэркам

Пасля гэтага Заратустра зноў адышоў у горы, у самотнасць пячоры сваёй, у адлюдненасць: так чакае сейбіт, пасеяўшы сваё насенне. А яго душа была ўся ў нецярплівасці і палкай тузе па тых, каго ён палюбіў, бо шмат чаго яшчэ было ў яго, каб даць ім. А гэта цяжэй за ўсё: з любові паціскаць адкрытую руку і, адараючы, захоўваць сарамлівасць.

Так праходзілі ў самотніка месяцы і гады; а мудрасць яго ўсё расла і прыносіла яму пакуты ад сваёй поўніцы.

Аднойчы ён прачнуўся на досвітку, доўга нешта ўспамінаў, седзячы на ложку, і нарэшце так сказаў свайму сэрцу:

«Што ж так напалохала мяне ў сне, што я аж прачнуўся? Ці не падышло да мяне дзіця з люстэркам?

«Заратустра, — сказала дзіця мне, — зірні на сябе ў люстэрку!»

Але паглядзеўшы ў люстэрка, я ўскрыкнуў, і сэрца маё скаланулася: не сябе я пабачыў у ім, а д'ябальскую морду і з'едлівы смех.

Сапраўды, я ясна разумею азнаку майго сну і перасцярогу: маё вучэнне ў небяспецы, жыціца хоча звацца жытам!

Мае ворагі ўмацаваліся і знявечылі вобраз майго вучэння, так што мае любасныя вучні пасаромеліся дарункаў, якія ім даў я.

Я страціў сяброў сваіх; настала часіна шукаць, каго я страціў».

З гэтымі словамі Заратустра ўскочыў, але не так, як, задыхаючыся, ускокваюць у страху, а як прарок і спявак, калі ён ахоплены натхненнем. Са здзіўленнем глядзелі на яго арол і змяя, бо, як ранішняя зара, на яго твары заззяла будучае шчасце.

«Што са мной сталася, звяры мае? — сказаў Заратустра. — Ці не перамяніўся я? Ці не наведала мяне, як подых буры, шчасце?

Неразумнае шчасце маё, і неразумнае ўсё, што пачне выказваць яно: занадта яшчэ маладое маё шчасце — будзьце ж паблажлівыя да яго.

Я паранены сваім шчасцем: усе пакутнікі няхай стануць маімі гаіцелямі!

Зноў я змагу сысці да сваіх сяброў, а таксама і да ворагаў! Заратустра зноў будзе гаварыць, і дарыць, і тварыць любоў любасным!

Мая нецярплівая любоў патокамі выліваецца з вышыняў у даліну, да ўзыходжання і падзення. З маўклівых гор і з навальнічных хмар болю бурліва ападае яна ўніз, у даліны.

Поделиться с друзьями: