ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Вы не трываеце сябе і недастаткова сябе любіце: і вось вы хочаце спакусіць блізкага свайго на любоў да вас і пазалаціць сябе ягонымі аблудамі.

Я хацеў бы, каб вы не трывалі ўсіх гэтых блізкіх і суддзяў іхніх; тады вы мусімеце стварыць з саміх сябе сябра з перапоўненым сэрцам.

Вы запрашаеце сведку, калі хочаце, каб вас пахвалілі; і калі вы пераканалі яго думаць пра вас добра, тады і самі пачынаеце думаць пра сябе добра.

Хлусіць не толькі той, хто гаворыць насуперак таму, што ён ведае, а найперш той, хто гаворыць насуперак свайму няведанню. Менавіта так вы стасункуецеся паміж сабою, уводзячы наконт сябе ў зман сваіх суседзяў.

Неразумны гаворыць пра сябе так: «Стасункі з людзьмі псуюць характар, асабліва калі яго няма».

Адзін ідзе да блізкага, бо шукае сябе, а другі — бо хоча страціць сябе. Ваша неразумная любоў да сябе ператварае вашу адзіноту ў турму.

Далёкія расплачваюцца за вашу любоў да блізкага; і кожны раз, калі вы зберацеся ўпяцёх, шосты павінен памерці.

Я не люблю вашых святаў: надта багата актораў сустракаю я там, і нават гледачы часта прыкідваюцца акторамі.

Не пра блізкага я вучу вас, а пра сябра. Хай будзе сябар вам святам зямлі і прадчуваннем Звышчалавека.

Я вучу вас пра сябра і поўніцу сэрца ягонага. Але трэба ўмець быць губкай, калі хочаш, каб цябе любілі ад поўніцы сэрца.

Я вучу вас пра сябра, пра шалю дабра, на якой свет стаіць, дасканалы і завершаны; я вучу вас пра стваральнага сябра, які заўсёды гатовы адарыць такім светам.

І як гэты свет разгортваецца перад ім, так, згортваючыся, зноў вяртаецца да яго, падобна да станаўлення дабра праз зло, падобна да станаўлення мэты праз выпадак.

Хай будзе табе будучае і далёкае прычынаю твайго сённяшняга: у сябру сваім любі Звышчалавека, як прычыну сваю любі.

Братове мае, любіць блізкага не запрашаю я вас, я заклікаю вас любіць далёкага».

Так сказаў Заратустра.

Пра дарогу стваральніка

«Браце мой, ты хочаш асамотніцца? Хочаш шукаць дарогі да самога сябе? Пацярпі крыху і выслухай мяне.

«Хто шукае, той лёгка губляе сябе. Усякае асамотненне ёсць грэх» — так кажа статак. А ты доўга быў у статку.

І голас ягоны яшчэ доўга будзе гучаць у табе. І калі ты скажаш: «У мяне ўжо не адно сумленне з вамі», — гэта будзе скарга і боль.

Бачыш, гэты самы боль народжаны ў табе адным сумленнем: апошнім водбліскам гэтае сумленне яшчэ ўспыхвае на смутку тваім.

Але ты хочаш ісці дарогаю смутку, бо гэта дарога да цябе самога? Тады пакажы, што маеш на гэта і права, і новую сілу!

А ці ёсць ты новае права і новая сіла? Першы рух? Кола, якое круціцца само сабою? Ці можаш ты прымусіць зоркі абарочвацца вакол цябе?

О, як многа любацерпцаў за вышыню! І тых, каму яна курчамі славалюбства выходзіць! Пакажы мне, што ты не любацерпец і славалюбец!

О, як многа вялікіх ідэй, дзеянне якіх падобнае да кавальскіх мяхоў: ад іх чалавек надзімаецца і робіцца яшчэ пусцейшы.

Ты сябе лічыш свабодным? Я хачу пачуць тваю галоўную думку, а не тое, што ты ўцёк з-пад ярма.

Ці з тых ты, хто меў права скінуць ярмо? Ёсць і такія, што пазбыліся сваёй апошняй вартасці, адкінуўшы паслужлівасць.

Свабодны ад чаго? Што Заратустры да гэтага! Але позірк твой павінен сказаць мне: дзеля чаго ты свабодны?

Ці можаш ты стварыць сабе сам дабро і зло? І ўцвердзіць над сабою волю сваю як закон? І быць самому сабе помснікам і суддзёю закону свайго.

Страшна быць сам-насам з такім суддзёю і помснікам. Так кінута зорка ў пустую прастору і ў ледзяное дыханне адзіноты.

Сёння ты яшчэ пакутуеш ад людскога мноства, ты самотны; пакуль яшчэ з табою ўся твая мужнасць і ўсе твае надзеі.

Але прыйдзе час, і ты стомішся ад самотнасці, і сагнецца твая ганарыстасць, і заскрыгоча зубамі твая мужнасць, і ты крыкнеш: «Я адзінокі!»

Настане час, і не ўбачыш ты больш сваёй вышыні, а ўсё тваё нізкае будзе блізка; узнёслае тваё будзе палохаць цябе, быццам прывід, і ты крыкнеш тады: «Усё — ашуканства!»

Ёсць пачуцці, якія могуць забіць самотніка; калі ж гэта ім не ўдаецца, яны павінны памерці самі! Але ці здолееш ты зрабіцца забойцам?

Браце мой, ці вядомае табе слова «пагарда». І пакуты справядлівасці — быць справядлівым з тымі, хто пагарджае табою?

Многіх ты прымушаеш мяняць думку пра цябе: за гэта яны жорстка адпомсцяць. Бо ты ж наблізіўся да іх і ўсё-такі прайшоў міма: гэтага яны табе ніколі не прапусцяць.

Ты ўздымаешся над імі; але чым вышэй падымаешся, тым меншым ты здаешся воку зайздрасці. А найбольш ненавідзяць таго, хто здольны лётаць.

«Як вы хочаце быць справядлівымі са мною? — павінен ты казаць. — Я выбіраю вашую несправядлівасць як вызначаную мне долю».

Несправядлівасць і бруд кідаюць услед самотнаму; але, браце мой, калі ты хочаш зрабіцца зоркай, ты ўсё адно павінен свяціць ім!

Сцеражыся добрых і праведных! Яны любяць крыжаваць кожнага, хто сам стварыў сабе цноту: яны ненавідзяць самотнага.

Пільнуйся таксама святой прастаты! Усё, што не проста, не святое ў яе; яна таксама любіць бавіцца з агнём — з агнём вогнішча.

Бойся прыпадкаў сваёй любові! Надта ж бо хутка падае самотнік руку першаму лепшаму.

Сяму-таму-іншаму ты павінен падаць не руку, а толькі даць лапу; і я хачу, каб у лапы тваёй былі пазуры.

Але сама небяспечны вораг, які табе можа заступіць дарогу, — гэта ты сам: ты сам цікуеш сябе ў пячорах і ў нетрах.

Самотны, ты ў дарозе да самога сябе! І на гэтай дарозе ты абмінаеш самога сябе і пройдзеш міма сямі сваіх засмуціцеляў!

Ты будзеш сам сабе ерэтыком, і чарадзеем, і вешчуном, і шаленцам, і скептыкам, і бязбожнікам, і ліхадзеем.

Ты мусіш спаліць сябе ў сваім полымі, як бы інакш ты хацеў абнавіцца, не абярнуўшыся спачатку ў попел!

Самотны, ты ідзеш дарогаю стваральніка: ты хочаш стварыць Бога з тых сямі змусціцеляў-засмуціцеляў!

Самотнік, ты ідзеш дарогаю любові: самога сябе ты любіш і таму пагарджаеш сабою, як пагарджаюць толькі тыя, што любяць.

Тварыць хоча хай, хто любіць, бо ён пагарджае! Што ведае пра любоў той, хто не пагарджаў тым, што любіў!

Поделиться с друзьями: