ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Але ты глыбокі і глыбока пакутуеш нават ад нікчэмных ран; і вось, не паспееш ты вылечыцца — зноў паўзе чарвяк па тваёй руцэ.

Але ты занадта горды, каб узяць і раздушыць гэтых ласуноў; дык сцеражыся, каб не сталася доляй тваёй цярпець ад іх ядавітай нахабнасці.

І, хвалячы, брунжаць яны вакол цябе: настырнасць — вось што такое іхнія пахвалы! Быць бліжэй да скуры і да крыві тваёй — гэтага прагнуць яны.

Яны ліслівяць табе, як Богу ці д'яблу; яны вішчаць перад табою, быццам перад Богам альбо д'яблам. Што з таго! Яны лісліўцы, пахлебцы і не больш за тое.

Бываюць яны ласкавыя і запабеглівыя з табою. Але такая была заўсёды разумнасць у баязліўцаў. Так, баязліўцы — разумныя!

Сваёй нікчэмнай душой яны шмат думаюць пра цябе: ты заўсёды ім падазроны. Усё, пра што яны думаюць, робіцца падазроным.

Яны караюць цябе за ўсе твае цноты. А даруюць — затое цалкам — толькі памылкі твае.

Бо ты, паблажлівы і справядлівы, кажаш: «Не вінаватыя яны ў сваім гаротным існаванні». А іх дробная душа думае: «Віна на ўсякім вялікім існаванні».

Калі ты паблажлівы, яны ўсё адно адчуваюць тваю пагарду і вяртаюць табе дабрадзейства тваё, джалячы патаемна.

Твая маўклівая гордасць заўсёды ім не даспадобы; але яны трыумфуюць, калі ты бываеш настолькі сціплы, каб стаць славалюбным.

Тое, што пазнаём мы ў чалавеку, успалымняем мы ў ім. Сцеражыся ж малых!

Перад табой яны адчуваюць сябе нікчэмнымі, і нікчэмнасць іх тлее і разгараецца ў нябачную помсту.

Хіба ты не заўважаў, як часта яны змаўкалі, калі ты падыходзіў да іх, і як сіла пакідала іх, быццам з вогнішча, якое тухне?

Так, дружа мой, дакор сумлення ты блізкім тваім; бо не вартыя яны цябе. Таму яны і ненавідзяць цябе і гатовыя смактаць тваю кроў.

Блізкія твае заўсёды застануцца табе ядавітымі мухамі; сама веліч твая робіць іх такімі ядавітымі і падобнымі на мух.

Дружа мой, уцякай у свой зацішак, туды, дзе вее свежы сіберны вецер. Не твая гэта доля — аганяцца ад мух.

Так сказаў Заратустра.

Пра цноту

Я люблю лес. У горадзе жыць блага: занадта багата палкіх людзей там.

Ці не лепей дацца ў рукі забойцу, чым у мару палкай жанчыне?

Вы толькі гляньце на гэтых мужчын: іх вочы кажуць, што яны не ведаюць нічога лепшага на зямлі, чым спаць з жанчынай.

Бруд на дне душы ў іх; і бяда, калі толькі ў бруду гэтага ёсць яшчэ і дух.

О, калі б вы былі дасканалыя, прынамсі, гэтаксама, як звяры! Але звярам уласцівая нявіннасць.

Хіба я заклікаю забіваць свае пачуцці? Я заклікаю да нявіннасці пачуццяў.

Хіба да цноты я заклікаю вас? У некаторых цнота — дабрадзейнасць, у многіх — амаль загана.

Яны, магчыма, і стрымліваюцца, але сабака пачуццёвасці зайздросліва выглядвае з усіх іхніх учынкаў.

Да вышыняў іх дабрадзейнасці, аж да сферы духу, дзе пануе холад, гоніць іх гэтая жывёліна, якая нясе з сабою варожасць.

І як вынаходліва сабака пачуццёвасці ўмее маліць за каліўца духу, калі яму адмоўлена ў целе!

Вы любіце трагедыі і ўсё, што кроіць вам сэрца, але я не давяраю вашаму сабаку.

У вас надта жорсткія вочы: надта пажадліва гледзіце вы на пакутнікаў. Ці не пераапранулася пажадлівасць ваша, якая называе сябе цяпер спагадлівасцю?

І яшчэ такое параўнанне дам вам: многія, што хацелі выгнаць свайго змушчальніка, ператварыліся ў свіней.

Каму цнота заважае, таму яе не варта раіць: каб не сталася яна дарогаю ў апраметную, каб не ператварылася ў бруд і пахацінства душы.

Няўжо я кажу пра нешта бруднае? А ўсё ж гэта — яшчэ не сама благое.

Той, хто спазнае, неахвотна ідзе ў ваду ісціны не тады, калі яна брудная, а калі яна плыткая.

Сапраўды, ёсць цнатлівыя да глыбіні душы: яны паблажлівыя і смяюцца вельмі ахвотна і весялей за вас.

Яны смяюцца і з цноты і пытаюцца: «Што такое цнота?

Ці не дурасць гэта? Але гэтая дурасць сама прыйшла да нас, а не мы да яе.

Вельмі гасцінна прытулілі мы гэтую госцю ў нашым сэрцы: цяпер яна жыве ў нас, хай застаецца колькі хоча!»

Так сказаў Заратустра.

Пра сябра

«Сам-насам з сабою, — думае адлюднік, — гэта ўжо не адзін, гэта ўжо зашмат. Заўсёды адзін ды адзін — гэта надоўга — два!»

«Я» і «Мяне» не знаюць меры ў гутарцы: як гэта вытрываць, калі б не было сябра?

Сябар адлюдніку — гэта заўсёды трэці, гэта каранец, які заважае гутарцы двух заглыбляцца.

Ах, як многа безданяў у адлюдніка. Вось чаму так палка прагне ён сябра і вышыні ягонай.

Нашая вера ў іншых выдае, у што б мы хацелі верыць у саміх сабе. Наша палкае жаданне здабыць сябра — гэта наш прадажнік.

І часта праз каханне хочуць усяго толькі пераскочыць зайздрасць. І часта нападаюць і робяць сабе ворага толькі на тое, каб прыхаваць сваю слабасць.

«Будзь, прынамсі, маім ворагам!» — кажа сапраўдная пачцівасць, якая не адважваецца прасіць сяброўства.

Калі ты хочаш мець сябра, ты павінен быць гатовы весці за яго вайну; а каб весці вайну, трэба ўмець быць ворагам.

У сваім сябры трэба шанаваць яшчэ і ворага. Хіба можаш ты падысці да свайго сябра, не падступіўшыся да яго?

Хай будзе твой сябар сама годным ворагам тваім. Будзь сама блізкі да сэрца ягонага, супраціўляючыся яму.

Ты не хочаш перад сваім сябрам насіць вопратку? Ты робіш гонар яму, паказваючыся такім, які ты ёсць? Але за гэта ён пасылае цябе к чорту!

Хто не маскуе сябе, той абурае: у вас аж столькі падстаў баяцца сваёй галізны! Былі б вы багамі, тады вы саромеліся б сваёй вопраткі!

Не прыхарошвайся дзеля сябра, бо стралой і парывам да Звышчалавека маеш ты быць яму.

Ці глядзеў ты на сябра, калі ён спіць, каб убачыць, які ён тады? Што такое твар твайго сябра? Гэта — сама твой твар, але ў грубым і недасканалым люстры.

Ці бачыў ты сябра свайго, калі ён спіць? Ці не спалохаўся ты яго выгляду? О, чалавек ёсць нешта такое, што трэба пераадолець.

Поделиться с друзьями: