Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Хочаце пачуць яшчэ і гэта? У таго, хто хоча быць справядлівым да канца, нават хлусня ператвараецца ў чалавекалюбнасць.
Як жа зрабіцца справядлівым да канца? Як аддаць кожнаму сваё! Мне будзе даволі, калі я аддам кожнаму маё.
І нарэшце, братове мае: сцеражыцеся ўнесправядлівіцца да пустэльніка! Як пустэльнік можа забыць? Чым адплаціць!
Пустэльнік падобны да глыбокага калодзежа. Лёгка кінуць камень у яго; але пойдзе ён на дно — і скажыце, хто з вас захоча дастаць яго зноў?
Сцеражыцеся скрыўдзіць пустэльніка. Але калі вы ўсё ж зрабілі гэта, тады яшчэ і забіце яго!»
Так сказаў Заратустра.
Пра дзіця і шлюб
Ёсць у мяне адно пытанне да цябе — і толькі да цябе, браце мой; як марскі лот, кідаю яго ў тваю душу, каб даведацца, наколькі яна глыбокая.
Ты малады і марыш пра дзіця і шлюб. І я пытаюся ў цябе: ці той ты чалавек, каб мець права жадаць дзіцяці?
Ці пераможца ты, ці адолеў самога сябе, ці кіруеш сваімі пачуццямі, ці гаспадар сваіх цнотаў? Пра гэта пытаюся я ў цябе.
Ці, можа, у жаданні тваім гаворыць жывёла і патрэба тваёй прыроды? Альбо адзінота? Альбо незадаволенасць сабою?
Я хачу, каб твае перамога і свабода прагнулі дзіцяці. Жывыя помнікі павінен ты ставіць перамозе і вызваленню.
Ты павінен будаваць вышэй і далей за сябе. Але перш збудуй самога сябе, суразмерна з душою і целам.
Расці ж не толькі ўшыркі, але і ўгору. Сад сужэнства хай дапаможа табе ў гэтым!
Ты павінен стварыць вышэйшае цела, першы рух, кола, якое круціцца самое: ты павінен стварыць творцу.
Шлюб: я так называю волю дваіх стварыць адзінае, большае за тых, што стварылі яго. Шлюб — гэта ўзаемная павага і шанаванне гэтай волі.
Хай гэта будзе сэнсам і праўдай твайго шлюбу. Але тое, што лічыцца шлюбам у процьмы людзей, ва ўсіх гэтых лішніх, — як гэта назваць?
О, гэтая ўбогасць душы на дваіх! О, гэты бруд душы на дваіх! Гэта нікчэмная асалода — быць удваіх!
Усё гэта называюць яны шлюбам і кажуць, што саюзы іх змацаваныя на нябёсах.
Тады не трэба мне такога неба лішніх людзей! Не, не трэба мне гэтых аблытаных нябеснаю сеткаю жывёл!
Хай не наблізіцца да мяне гэты Бог, які, крэкчучы, дабраслаўляе тое, чаго не злучаў!
Але не смейцеся з такіх шлюбаў! Якое дзіця не мае прычыны паплакаць па бацьках сваіх!
Годнасным здаваўся мне чалавек, сталым для сэнсу зямлі; але як убачыў ягоную жонку, свет здаўся мне домам вар'ятаў.
Так, я хацеў, каб зямля дрыжала ў курчах, калі паруюцца святы і гусь.
Адзін выйшаў шукаць праўды як герой, а здабыў у рукі маленькую разубраную хлусню. І называе гэта сваім шлюбам.
Другі быў амаль недаступны і выбіраў прыдзірліва. Але раз і назаўсёды сапсаваў сваё таварыства — і называе гэта сваім шлюбам.
А той шукаў служанку з цнотамі анёла. І вось — сам зрабіўся служанкаю ў жанчыны, і цяпер яму самому трэба стаць анёлам.
Часта я заўважаю, якія асцярожныя пакупнікі і якія хітрыя ў іх вочы. Але нават сама хітры з іх бярэ сабе жонку не гледзячы.
Каханнем называецца ў вас мноства пустых шаленстваў. А шлюб ваш як адна вялікая дурасць кладзе крэс гэтым пустым шаленствам.
Ваша каханне да жанчыны і каханне жанчыны да мужчыны — о, калі б было яно спагадаю да схаваных, пакутных божышчаў! Але часцей за ўсё толькі дзве жывёліны адгадваюць адна адну.
Нават найлепшае каханне ваша — толькі падабенства кахання і хваравіты запал; тым часам яно павінна быць паходняй, якая асвятляе дарогу ў вышыню.
Прыйдзе час, калі вам трэба будзе любіць звыш сябе! Дык навучыцеся ж спачатку кахаць! І таму давядзецца вам выпіць горкі келіх кахання.
Нават у келіху вышэйшай любові ёсць горыч; так нараджае яна імкненне да Звышчалавека, абуджаючы прагу тваю, творца!
Прага творчасці, страла, якая ляціць да Звышчалавека: скажы, браце мой, ці такая воля твая, што імкнецца да шлюбу?
Святыя для мяне такая воля і такі шлюб.
Так сказаў Заратустра.
Пра свабодную смерць
Многія паміраюць занадта позна, а некаторыя — занадта рана. Пакуль яшчэ здаецца дзіўнай запаведзь: «Памры ў свой час».
Памры ў свой час: так вучыць Заратустра. Канечне, як можа чалавек памерці ў свой час, калі ён жыў не ў свой? Лепей было б яму не радзіцца! — Так раю я ўсім лішнім.
Але і лепшыя ганарацца сваёй смерцю, і нават сама пусты арэх хоча, каб яго раскалолі.
Усе ставяцца да смерці сур'ёзна; але пакуль што яна святам не стала. Людзі яшчэ не навучыліся шанаваць светлыя святы.
Я вам паказваю смерць, у якой здабываецца поўнасць і закончанасць, — смерць, якая зробіцца ўсім жывым — джалам і святым зарокам.
Сваёю смерцю памірае той, хто прайшоў дарогу сваю, памірае пераможна сярод тых, хто поўны спадзяванняў і даў свой святы зарок.
Так паміраць трэба навучыцца; хай не будзе свята там, дзе той, хто памірае, не асвяціў прысягі тых, што застаюцца жыць!
Такая смерць — сама лепшая; а яшчэ лепшаю будзе — памерці ў змаганні і растраціць вялікую душу.
Але і змагарнік і пераможнік аднолькава ненавідзяць вашую смерць: ашчэрыўшы зубы, яна скрадваецца, як злодзей, а прыходзіць да вас як валадарка.
Сапраўды свабодную смерць я хвалю, тую смерць, што прыходзіць да мяне, бо я хачу яе. Калі ж памкнецца да смерці воля мая? — У каго ёсць мэта і пераемнік, той захоча смерці ў свой час, калі гэта зручна мэце і пераемніку.
З глыбокага шанавання мэты і пераемніка не павесіць ён сухіх вянкоў у святыні жыцця.
Сапраўды, я не хачу быць падобным да таго, хто сукае вяроўку: вяроўка даўжэе, а сам ён адступае назад.
Некаторыя робяцца надта старымі, каб перамагаць і знаходзіць ісціны; бяззубы рот ужо не мае права на ісціну.
Кожны спрагнены славы павінен загадзя развітацца з пашанаю і засвоіць цяжкае майстэрства: у свой час — сысці.
Не давайся, каб цябе елі тады, калі ты найбольш смачны; гэта ведаюць тыя, хто хоча, каб іх доўга любілі.
Бываюць, вядома, кіслыя яблыкі: іх доля — чакаць апошняга дня восені, і тады робяцца яны адначасова спелымі, жоўтымі і маршчыністымі.