Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Мы з табою — па-за дабром і па-за ліхам і не творым ні таго ні другога. Па той бок дабра і зла знайшлі мы выспу сваю і зялёны луг — мы двое, толькі я і ты! Таму мы павінны жыць у спакоі і згодзе!
А калі мы не любім адно аднаго ад шчырага сэрца, ці варта праз гэта гневацца?
Ты ж ведаеш, што хораша стаўлюся я да цябе, а часта нават залішне хораша: і ўсё таму, што раўную цябе да тваёй мудрасці. Ах, гэтая мудрасць, старая бязглуздая дурніца!
Але калі мудрасць твая возьме дый кіне цябе, тады і любоў мая нядоўга прабудзе з табою».
Тут Жыццё задуменна азірнулася і ціха сказала: «О Заратустра, ты не надта верны мне!
Ты даўно ўжо любіш мяне не так моцна, як кажаш: ведаю, ты збіраешся неўзабаве пакінуць мяне.
Бо ёсць стары, цяжкі-цяжкі, гулкі звон — да самай пячоры тваёй далятаюць уначы ягоныя ўдары:
— І калі чуеш ты, як апоўначы б'е гадзіннік, ты думаеш паміж першым і апошнім — дванаццатым ударам
— думаеш пра тое, о Заратустра, што неўзабаве пакінеш мяне, — я ведаю гэта».
«Ведаю, — вагаючыся, адказаў я, — але ты ведаеш таксама…» — І я сказаў Жыццю нешта на вуха, шэптам, пра залатыя пасмы яго скудлачаных, вар'яцкіх валасоў.
«Ты ведаеш гэта, о Заратустра? Гэтага не ведае ніхто».
І глядзелі мы адно на аднога, і пазіралі на зялёны луг, на які клаўся вечаровы халадок, і галасілі. І гэтым разам Жыццё было мне мілейшае, чым калі-небудзь мудрасць мая».
Так сказаў Заратустра.
Сем пячатак, альбо Песня сцвярджэння і праўды
Калі я прарок і калі ўжо я поўны таго прарочага духу, які лунае над горным перавалам паміж двума морамі,
цяжкаю хмараю блукаючы над мінулым і будучым; варожы душным нізінам і ўсяму стомленаму, што не можа ні жыць, ні памерці,
гатовы кідаць маланкі з цёмных грудзей і прамяні святла, якія збаўляюць; цяжарны маланкамі, якія ўсклікаюць «Так!»; у чыім смеху гучыць «Так!»; гатовы разліць святло прароцтваў:
— але шчасны той, хто носіць гэта ва ўлонні сваім! І праўда, доўга ён будзе цяжкаю хмараю навісаць над скалою, той, хто калісьці мае запаліць святло будучыні!
О, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю, бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Калі свайго часу мой гнеў разбураў магілы, перастаўляў пагранічныя камяні і скідаў у прорвы старыя разбітыя скрыжалі;
калі кпіны мае, быццам бура, змяталі парахно сатлелых слоў, і быў я памялом усім павукам-крыжакам і ачышчальным ветрам старым задушлівым скляпам:
— калі я сядзеў, радуючыся, каля мясцінаў супакаення старых божышчаў, дабраслаўляючы і любячы свет каля помнікаў былым паклёпнікам на яго:
— бо люблю я нават цэрквы і магілы божышчаў, калі праз разбураныя купалы глядзіць сонца сваім ясным вокам; і быццам травы і чырвоныя макі, люблю я руіны храмаў:
— о, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Калі раней да мяне прыходзіла натхненне, якое брала пачатак ад таго жыватворнага дыхання, ад той нябеснай неабходнасці, што нават выпадковасці прымушае зорна карагодзіцца;
калі я смяяўся калісьці смехам стваральнай маланкі, за якою грозна, але непакорліва ідзе гром дзеяў;
калі колісь сядзеў з божышчамі за гульнёвым сталом зямлі і гуляў з імі ў косці, так што зямля дрыжала і пакрывалася шчылінамі, вырыгаючы ў прастору патокі агню:
— бо зямля — гэта стол божышчаў, які ўздрыгвае ад іх гульнёвых касцей і новых творчых размоваў:
— о, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Калі за адзін глыток выпіваў я калісьці пеністы моцны трунак з кубка, у якім была прыгатаваная сумесь усіх рэчаў:
калі рука мая змешвала разам далёкае і блізкае дадаючы агню ў дух, да цярпенняў — радасць, да благога — добрае;
калі я сам — драбінка той выбаўляльнай солі, чыёй сілай у тым кубку нараджаецца добрая сумесь:
— бо ёсць соль, якая звязвае дабро са злом, і нават самое зло будзе добрай прыправай і шумавіннем лішку, што б'е цераз край:
— о, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую хахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Калі я люблю мора і ўсё, што роднаснае мору, асабліва калі яно гнеўна супярэчыць мне;
калі ёсць ува мне тая радасць пошуку, што імкне ветразі насустрач нязведанаму, калі ёсць у радасці маёй радасць марака;
калі колісь радасць мая ўсклікала: «Бераг знік з вачэй — сёння апалі з мяне апошнія путы,
— бясконцасць бушуе навокал, дзесьці там, далёка, вабна ззяе прастора і час, наперад! Мацуйся, старое сэрца!»:
— о, як не імкнуцца мне палымяна да Вечнасці і да шлюбнага пярсцёнка над усімі пярсцёнкамі — да Пярсцёнка Вяртання!
Ніколі яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!