ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Дайце нам часу і нядоўгага шлюбу, каб мы пабачылі, ці вартыя мы на вялікі шлюб! Вялікая рэч — быць заўсёды ўдваіх!»

Так я раю ўсім шчырым; і чым была б мая любоў да Звышчалавека і да ўсяго, што набліжаецца, калі б я гаварыў і раіў інакш!

Расці не толькі ўшыркі, але і ўгору — у гэтым, о братове мае, хай паможа вам сад шлюбу!

25

Глядзіце, хто зачарпнуў мудрасці са старых крыніц, будзе шукаць новых крыніц і вытокаў будучыні.

О братове мае, скора ўзнікнуць новыя народы, і зашумяць у новых глыбінях новыя крыніцы.

Бо землятрус, які засыпае шмат крыніц, і тады многія смягнуць, — ён жа вызваляе схаваныя, патаемныя сілы.

Землятрус адчыняе новыя крыніцы. Пры трасенні народаў пачынаюць струменіць новыя крыніцы.

І хто крыкне тады: «Вось крыніца многім сасмяглым, адно сэрца многім ператомленым, адна воля многім прыладам», — вакол таго збіраецца народ, інакш кажучы — шмат выпрабоўцаў.

Хто можа загадваць і хто павінен слухацца — вось што выпрабоўваецца тады! О, якімі доўгімі пашукамі, варажбою, парадамі, промахамі, доследамі і новымі спробамі выпрабоўваецца гэта!

Вось вучэнне маё: чалавечае грамадства — гэта спроба, гэта доўгае шуканне; яно шукае таго, хто загадвае!

— гэта спроба, братове мае! А ніякі не «дагавор»! Разбіце, разбіце мне гэтае слова, слова размяклых і распалавіненых сэрцаў!

26

О братове мае! Хто найбольш небяспечны будучыні чалавецтва? Ці ж бо не добрыя і праведныя!

— ці не тыя, што кажуць і чуюць у сэрцы сваім: «Мы ўжо ведаем, у чым дабро і праведнасць, мы ўжо дасягнулі гэтага; гора тым, якія ўсё яшчэ шукаюць!»

І якую шкоду ні чынілі б ліхія, шкода ад добрых — сама шкодная!

І як бы ні нашкодзілі светапаклёпнікі, шкода ад добрых — сама шкодная!

О братове мае, у сэрцы добрых і праведных зірнуў калісьці той, хто сказаў: «Гэта — фарысеі». Але яго не зразумелі.

І не маглі зразумець яго менавіта добрыя і праведныя: бо іхні дух паланёны іх чыстым сумленнем. Глупства добрых незвычайна разумнае.

Але вось праўда: добрыя мусяць быць фарысеямі, у іх няма выбару!

Добрыя мусяць укрыжоўваць таго, хто вынаходзіць сваю дабрачыннасць! Такая яна, праўда!

А другі, хто адкрыў іхнюю зямлю, — зямлю, сэрца і зямное царства праведнікаў, быў той, што спытаўся: «Каго больш за ўсіх ненавідзяць яны?»

Стваральнік ненавісны ім найбольш: той, хто разбівае скрыжалі ўсіх каштоўнасцяў і нішчыць старыя каштоўнасці; яны называюць яго злачынцам.

А добрыя — яны не могуць ствараць: яны заўсёды — пачатак канца:

— яны крыжуюць таго, хто піша новыя каштоўнасці на новых скрыжалях, яны прыносяць сабе ў ахвяру будучыню — яны крыжуюць усю чалавечую будучыню!

Гэтыя добрыя — яны заўсёды былі пачаткам канца.

27

О братове мае, ці зразумелі вы і гэтае слова? І тое, што казаў я калісьці пра «апошняга чалавека»?..

У кім найбольшая небяспека будучаму чалавецтву? Ці ж бо не ў добрых і праведных?

Разбіце, разбіце мне добрых і праведных! О братове мае, ці зразумелі вы і гэтае слова?

28

Вы ўцякаеце ад мяне? Вы напалохаліся? Вы дрыжыце ад маёй казані?

О братове мае, калі я сказаў вам разбіць скрыжалі добрых і праведных, тады ўпершыню я пусціў чалавека плысці ў адкрытае мора.

І толькі цяпер ім авалодвае вялікі страх і абачлівасць, вялікая нядужасць і агіда, вялікая марская хвароба.

Уяўныя берагі і прывідную бяспеку завялі ў вас добрыя; у падмане гэтых добрых былі вы народжаныя і спавітыя падманам. Усё, да самых асноў перакручана і перахлушана добрымі.

А той, хто адкрыў зямлю, што называецца «чалавек», той адкрыў і другую — «чалавечую будучыню». Ад сёння вы павінны зрабіцца маракамі, адважнымі і настойлівымі!

Прыспела ўжо вам хадзіць у рост, братове мае, вучыцеся гэтаму! Многія маюць патрэбу ў вас, каб, гледзячы на вас, выпрастацца і ўзбадзёрыцца.

Мора бушуе: усё — у моры. Ну што ж! Наперад, верныя марскія сэрцы!

Што нам тая бацькаўшчына! Туды імкне карабель, дзе зямля нашых дзяцей! Туды, удалеч, імклівей за буру марскую памыкаецца вялікая наша жаданне!

29

«Чаму ты такі цвёрды? — спытаўся аднаго разу кухонны вугаль у алмаза. — Ці ж мы не блізкія сваякі?»

«Чаму вы такія мяккія?» — так пытаюся я, о братове мае: ці ж вы не браты мне?

Чаму вы такія мяккія, слабыя і дагодлівыя? Чаму так многа адмаўлення і ўмаўлення ў вашым сэрцы? І чаму так мала лёсу ў вашым позірку?

І калі вы не хочаце быць лёсам і няўмольнасцю, хіба зможаце вы са мною — перамагаць?

І калі цвёрдасць ваша не хоча ззяць, рэзаць і расцінаць, хіба зможаце вы са мною ствараць?

Бо стваральнікі — цвёрдыя. І вам павінна быць шчасце адбіць руку сваю на тысячагоддзях, як на воску…

— шчасце — быццам на медзі, адбіць пісьмён на волі тысячагоддзяў, на волі, якая цвярдзейшая і высакароднейшая за медзь. Сама высакароднае — найцвярдзейшае.

О братове мае, гэтую новую скрыжаль я мацую над вамі: цвярдзейце!

30

О ты, мая воля! Ты, паваротніца ўсіх нягодаў, ты, мая неабходнасць! Аслані мяне ад малых перамог! Ты, воля душы маёй, якую я называю лёсам! Ты, Ува-Мне! Нада-Мною! Аслані і ахавай мяне дзеля аднаго вялікага лёсу!

І апошнюю сваю веліч, о воля мая, захавай на апошняе змаганне, каб быць табе няўмольнай у перамозе сваёй! О, хто не быў пераможану ўласнай сваёй перамогай!

О, чый позірк не цямнеў у гэтым п'янючым сутонні! О, у каго з пераможцаў ногі не падгіналіся і не развучваліся стаяць!

Няхай сталы і дасканалы сустрэну я калі-небудзь свой вялікі Полудзень: як растопленая медзь, як хмара, цяжарная маланкамі, як грудзі, поўныя малака:

— спелы самому сабе і схаванай волі сваёй, быццам лук, успалымнёны да стралы сваёй, як страла, успалымнёная да зоркі сваёй;

Поделиться с друзьями: