ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Усё, што ў добрых завецца злом, павінна ўз'яднацца, каб нарадзілася адзіная ісціна: о братове мае, ці дастаткова злыя вы для гэтай ісціны?

Дзёрзкая адвага, доўгі недавер, жорсткае — «не» — перасычанасць, надрэзванне жыцця — як рэдка ўсё гэта злучаецца ў адно! Але з такога насення расце ісціна!

Заўсёды побач з ліхім сумленнем раслі любыя веды! Дык разбіце ж, спазнаўцы, старыя скрыжалі!

8

Калі на вадзе ўмацаваныя палі, калі па-над патокам перакінутыя кладкі і парэнчы, далібог — ніхто не паверыць таму, хто скажа: «Усё цячэ».

Але нават дурань яму запярэчыць. «Як? — скажа дурань, — як гэта — усё цячэ? Вунь жа і мост, і парэнчы — яны над патокам!

Над патокам — усё нерухомае і моцнае, усе каштоўнасці рэчаў, масты, тэрміны, усё «дабро» і ўсё «зло»: усё гэта — моцнае!»

Як жа прыходзіць зіма, утаймавальніца рэк, дык і разумнейшыя прасякаюцца недаверам; і праўда, не толькі дурні тады пытаюцца: «Ці не павінна ўсё стаяць спакойна?»

«У аснове сваёй усё нерухомае» — вось сапраўднае зімовае вучэнне, прыдатнае бясплоднаму часу, добрая ўцеха запечным лежням.

«У аснове сваёй усё нерухомае» — але і супроць гэтага прапаведуе адліжны вецер.

Адліжны вецер — гэта бык, але не той, які арэ, не, — гэта кручаны бык, разбуральнік, які трушчыць лёд гнеўнымі рагамі! А лёд трушчыць масты і парэнчы!

І вось, братове мае, ці не ўсё цячэ цяпер у патоку? Ці не ўсе масты і парэнчы пападалі ў ваду і прапалі? Хто яшчэ трымаецца там за «дабро» і «зло»?

«Гора нам! Шчасце нам! Павеяў цёплы вецер!» — дык прапаведуйце, братове мае, на ўсіх плошчах!

9

Ёсць адна старая аблуда: імя ёй — Дабро і Зло. Вакол вешчуноў і звездароў дагэтуль абарочвалася кола гэтай аблуды.

Калісьці давяралі вешчунам і звездарам і таму верылі: «Усё — лёс: ты павінен, бо табе — мус!»

Потым перасталі давяраць вешчунам і звездарам і таму верылі: «Усё — свабода: ты можаш, бо ты — хочаш!»

О братове мае, да гэтага часу толькі цьмяна здагадваўся чалавек пра зоркі і будучыню, не ведаючы іх: і таму пра дабро і зло дагэтуль толькі здагадваюцца, але не ведаюць іх!

10

«Ты не павінен рабаваць! Ты не павінен забіваць» — калісьці гэтыя словы абвяшчаліся свяшчэннымі; перад імі хілілі калені і галовы і разуваліся.

Але я пытаюся ў вас: ці былі на ўсім свеце страшнейшыя разбойнікі і забойцы, чым гэтыя святыя словы?

Хіба мала ў самім жыцці забойства і разбою? І каб сталі свяшчэннымі гэтыя словы, ці не давялося забіць самую ісціну?

Альбо ж гэта была пропаведзь смерці — абвяшчалася свяшчэнным тое, што супярэчыць і супрацьстаіць усяму жывому?

О братове мае, разбіце, разбіце старыя скрыжалі!

11

Мне шкада ўсяго мінулага, бо бачу я: яно запрададзена…

— літасці, духу, вар'яцтву кожнага новага пакалення, якое прыходзіць і ператлумачвае нанава ўсё, што было, так, каб яно зрабілася яму мостам!

Можа з'явіцца вялікі тыран, падступны вораг, які будзе чыніць гвалт над усім мінулым у згодзе са сваёй сваволяй, пакуль яно не зробіцца яму мостам, і азнакаю, і герольдам, і пеўневым крыкам.

Але вось другая небяспека і прадмет маёй згрызоты: памяць чэрні не сягае далей за дзеда, а з дзедам і час спыняецца.

Так адыходзіць у забыццё ўсё мінулае: бо можа так стацца, што натоўп ніколі не запануе, і час патоне ў плыткай вадзе.

Таму, братове мае, патрэбна новая арыстакратыя, варожая натоўпу і ўсякай тыраніі, арыстакратыя, якая зноў напіша слова «высакародны» на новых скрыжалях.

Патрэбна шмат высакародных і яшчэ больш высакародных, каб магла быць арыстакратыя! Альбо, як я аднаго разу сказаў: «Боскасць якраз у тым, што ёсць багі, але няма ніякага Бога!»

12

О братове мае, я паказваю вам новую арыстакратыю і дасвядчаю вас у яе: вы павінны зрабіцца пачынальнікамі і выхавальнікамі, сейбітамі будучыні,

— праўда, не пра тую арыстакратыю я кажу, месца сярод якое можна купіць, як купляюць яе гандляры за золата: бо ўсё, што мае цану, не мае вялікай каштоўнасці.

Ад сёння хай будзе вашым гонарам не тое, адкуль вы паходзіце, а куды прыходзіце. Ваша воля і вашы ногі, якія імкнуцца далей за вас саміх, — ад сёння хай будуць вашым новым гонарам!

Няпраўда, што служылі вы прынцу, — што мне да тых прынцаў! — альбо служылі апорай хісткаму, каб яно стаяла мацней!

Няпраўда, што пры двары ваш род праз прыдворства стаўся прыдворным, і вы навучыліся быць каляровымі, як фламінга, і гадзінамі выстойваць у невялікіх сажалках:

— бо ўменне выстойваць — дабрачыннасць прыдворных; усе яны думаюць, што да шчасця пасля смерці належыць таксама дазвол сесці!

І няпраўда, што дух, які вы называеце святым, вёў вашых продкаў у зямлю абяцаную, якая, як я лічу, нявартая абяцання: бо там, дзе вырасла найгоршае дрэва, крыж, няма чаго абяцаць!

— і сапраўды, куды б ні вёў «святы дух» сваіх рыцараў, ва ўсіх паходах перад імі беглі казлы і гусі, апантанцы крыжа і іншыя шаляніцы!

О братове мае, не назад, а наперад павінен глядзець арыстакратызм ваш! Хай будзеце вы выгнаныя з земляў вашых бацькоў і прадзедаў!

Зямлю дзяцей вашых вы павінны любіць: любоў гэта хай будзе новым вашым арыстакратызмам; любіце яе, яшчэ не адкрытую зямлю, што ляжыць у далёкіх акіянах! Хай шукаюць яе вашыя караблі!

У дзецях вашых павінны вы апраўдаць тое, што былі дзецьмі сваіх бацькоў: так вы павінны адкупіць усё мінулае! Гэтую новую скрыжаль я станаўлю над вамі!

Поделиться с друзьями: