ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Але не на тым веданні я быў распяты, што чалавек злы, наадварот, я крычу, як дагэтуль ніхто не крычаў:

«О,якая нікчэмнасць усё ліхоцце ягонае! О, якое дробнае ўсё яго найлепшае!»

Запаўзлі мне ў горла і душылі мяне велізарная перанасычанасць чалавекам і прадказанні прарока: «Усё роўна нішто не мае ўзнагароды сваёй, веданне душыць».

Доўгае сутонне слалася перад мною; да смерці стомленая і на смерць п'яная скруха мармытала, пазяхаючы:

«Вечна вяртаецца ён, той маленькі чалавек, ад якога ты так стаміўся» — так, пазяхаючы, казала скруха мая, пацягвалася і не магла заснуць.

Нарокі мае сядзелі на ўсіх магілах чалавечых і не маглі падняцца; зітханні мае і пытанні ўдзень і ўначы турзалі мяне скаргамі, і душылі, і злавесна кракалі:

«О, чалавек заўсёды вяртаецца! Маленькі чалавек вечна вяртаецца!»

Калісьці я бачыў абодвух голых — сама вялікага чалавека і сама малога: надта падобныя яны адзін да аднаго — нават у сама вялікім яшчэ залішне чалавечага!

Нават сама вялікі — які ж ён яшчэ малы! — гэта было маё перанасычэнне чалавекам! А вечнае вяртанне маленькага чалавека адварочвала мяне ад жыцця агідаю!

О агіда! Агіда! Агіда!» — так казаў Заратустра, уздыхаючы і здрыгаючыся; бо згадаў ён сваю хваробу. Але звяры не далі яму дагаварыць казань.

«Не гавары болей, о ты, што выздараўліваеш! — адказвалі яны яму. — Лепей выйдзі вонкі, туды, дзе свет, быццам сад, чакае цябе.

Ідзі да ружаў, і да пчол, і да чародаў галубоў! Але спачатку ідзі да пеўчых птушак — і навучыся ў іх спяваць!

Бо спевы — таму, хто папраўляецца; а здароваму — казані. Ну, а як што і здароваму закарціць спяваць, дык песні ягоныя будуць не такія».

«Ах вы шэльмы і катрыншчыкі, замоўкніце! — адказваў Заратустра, смеючыся са сваіх звяроў. — Вы добра ведаеце, якую ўцеху здабыў я сабе за гэтыя сем дзён!

Мне трэба зноў спяваць — вось тая ўцеха і цаленне, якія ўведаў я: ці не хочаце вы і з гэтага зрабіць вулічную песеньку?»

«Не кажы болей, — зноў адказвалі яму звяры, — лепей зрабі сабе ліру, о, каторы ацаляецца, новую ліру!

Згадзіся ж, о Заратустра! Новым песням патрэбна і новая ліра.

Спевамі, шумнай радасцю і новымі песнямі гой душу сваю, Заратустра: каб ты мог несці цяжар вялікага лёсу свайго, — долі, якая ніколі дагэтуль не выпадала чалавеку!

Бо добра ведаюць твае звяры, о Заратустра, хто ты і кім павінен зрабіцца: ты — настаўнік Вечнага Вяртання, — гэта ад сёння доля твая!

Ты павінен першы звеставаць гэта вучэнне — і як жа твой вялікі лёс не будзе таксама найвялікшай небяспекай і хваробай!

Вось мы ведаем, як вучыш ты: што ўсе рэчы вечна вяртаюцца, а з імі і мы самі, што мы існавалі ўжо безліч колькі разоў, а з намі — усе рэчы.

Ты вучыш, што ёсць Вялікі Год станаўлення, незвычайны год-волат; нібы клепсідра, павінен ён абарачацца зноў і зноў, каб нанава напаўняцца і зноў цячы;

— і ўсе гэтыя гады роўныя самім сабе, як у сама вялікім, так і ў сама малым; і самыя мы ў кожны Вялікі Год роўныя сабе, як у сама вялікім, так і ў сама малым.

І калі б ты цяпер захацеў памерці, о Заратустра, дык мы ведаем і тое, што б ты тады пачаў гаварыць пра сябе. Але звяры твае просяць, каб ты пакуль што не паміраў!

Без страху, глыбока ўздыхаючы ад шчасця, ты казаў бы: бо цяжар велізарнае ношы быў бы з цябе зняты, о найцярплівейшы!

«Вось я паміраю і знікаю, — такія былі б твае словы, — і ў імгненне ператвараюся ў нішто. Душы такія ж смяротныя, як і целы.

Але сувязь прычын, у якія я ўплецены, зноў вернецца і зноў створыць мяне! І сам я — адна з прычын Вечнага Вяртання.

Я вяртаюся — разам з гэтым сонцам, з гэтай зямлёй; з гэтымі арлом і змяёй — не дзеля нейкага новага, альбо лепшага, альбо падобнага жыцця:

Я вечна вяртаюся да гэтага жыцця як у сама вялікім, так і ў сама малым, каб зноў вучыць пра Вечнае Вяртанне ўсіх рэчаў.

— каб зноў сказаць сваё слова пра Вялікі Полудзень зямлі і чалавека, каб зноў звеставаць людзям пра Звышчалавека.

Я сказаў слова і гіну ў імя яго: так хоча вечны лёс мой — я гіну як прадвеснік!

Настаў час, калі кожны, хто гіне і ідзе да схілу свайго, дабрасловіць сам сябе. Так канчаецца захад Заратустры»…

Сказаўшы гэтыя словы, звяры замоўклі і чакалі адказу Заратустры: але ён не заўважыў, што спыніліся іх прамовы. Нібы ў сне, ціха ляжаў ён з заплюшчанымі вачыма, хоць і не спаў, — бо ён гутарыў са сваёю душою. І тады змяя і арол, бачачы, што ахінула яго маўчанне, ушанавалі вялікую цішыню, якая абступіла яго, і асцярожна адышлі.

Пра вялікае тамленне

«О душа мая, я навучыў цябе гаварыць «Сёння», і «Колісь», і «Раней», і навучыў карагодзіць над усімі «Тут», «Туды», і «Там».

О душа мая, з усіх закуткаў я вывеў цябе і ачысціў ад пылу, павуціны і мораку.

О душа мая, я змыў з цябе дробны сорам і загуменную цноту і пераканаў стаяць голай пад позіркам сонца.

Бурай, імя якой — дух, бушаваў я над расхваляваным морам тваім; усе хмары я разагнаў над табою і задушыў душагуба, які называецца «Грэх».

О душа мая, я даў табе права казаць «Не», як кажа гэтая бура, і казаць «Так», як адкрытае чыстае неба: ты спакойная цяпер, быццам святло, і праходзіш праз усе буры адмаўлення.

О душа мая, я вярнуў табе свабоду над усім створаным і няствораным: і хто ведае, як ведаеш ты, асалоду будучыні.

О душа мая, я навучыў цябе пагардзе, але не той, што прыходзіць, нібы чарвівасць, а вялікай пагардзе, якая любіць, якая тады любіць больш за ўсё, калі больш за ўсё пагарджае.

О душа мая, я навучыў цябе пераконваць так, што пераконваеш ты і самыя асновы: падобна сонцу, якое пераконвае мора падняцца да сваіх вышыняў.

О душа мая, я зняў з цябе ўсякае паслушэнства, кленчанне і падуладнасць, я даў табе імя «Пагарда бедаў» і «Лёс».

О душа мая, я даў табе новыя імёны і цацкі і назваў цябе: «Лёс», «Кола колаў», «Пупавіна часу» і «Блакітны звон».

О душа мая, твайму царству зямному даў я адпіць усякае мудрасці, усіх новых вінаў, а таксама ўсіх незабыўна-старых вінаў мудрасці.

О душа мая, святло многіх сонцаў выліў я на цябе, цемру кожнай ночы, і ўсякую тугу і маўчанне: і вось — вырасла ты ў мяне, быццам лаза вінаградная.

Поделиться с друзьями: