У палескай глушы
Шрифт:
Лабановіч прыпыніўся каля дзвярэй.
Момант сябры азіралі адзін аднаго, а твары іх свяціліся вясёлым смехам.
– Няхай не падзе на цябе цень бярозы, пад якою сядзеў грэк!
– важна і ўзвышальна прамовіў Лабановіч.
– Да не апынешся ты ў становішчы сабакі, які сядзіць на плоце!
– адказаў гаспадар.
Перакінуўшыся жартлівымі прывітаннямі, сябры абняліся і сардэчна пацалаваліся.
Турсевіч прыйшоў у рух і ўзбуджэнне, трос сябра за плечы, громка смяяўся.
– Ну і малайчына! Далібог, маладзец... Я, па праўдзе сказаць, і думаў, што ты павінен праведаць мяне... Ну, сядай!
Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. У яго пакоі быў самы строгі парадак і чыстата. Уся кватэра яго складалася з аднае клятушкі, сялянскае хаты, але ён умеў надаць ёй нейкую прытульнасць. Прыводзячы ўсё ў парадак, Турсевіч увесь час вёў размову, закідаў сябра пытаннямі, хапаўся, гаварыў і за сябе і за сябра.
– Ну, вось што, Лабуня! Зараз закамандую гаспадыні самавар. Будзем сядзець, будзем піць чай і гаварыць. Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Эх, што ж я? Стой, брат!
– спыніў Турсевіч самога сябе.
– Мы наўперад закусім. У мяне, брат, вельмі слаўнае сала ёсць... Ну, ведаеш, чула душа, што ты прыедзеш: быў на станцыі і сала купіў. Чакай жа, брат. У нас ёсць зусім іншая музыка!
– Такія разумныя рэчы не кожнае вуха пачуе, - адказаў Лабановіч.
– Адным словам, галава твая міністэрская!.. І дазволь мне, вялікі пустэльніча і мой настаўніча, сказаць колькі слоў на гэты выпадак?
– Валяй!
Лабановіч падняўся, састроіў важную міну і пачаў:
Люблю я слухаць шум ад таркі -
Дзяруць картофлю на бліны,
У печы піск люблю ад скваркі -
Прынадна пахнуць мне яны.
Няхай злуе айцец духоўны,
Няхай суліць мне пекла ён, -
Люблю я больш, як звон царкоўны,
Скаварады аб прыпек звон.
– Ха-ха-ха!
– зарагатаў Турсевіч.
– Ах ты, багахульнік! Толькі ў Цельшыне і можна дадумацца да гэтага:
Люблю я больш, як звон царкоўны,
Скаварады аб прыпек звон!
Лоўка, далібог, лоўка!.. Ну, я зараз!
Турсевіч выбег у сенцы, а адтуль да гаспадыні з загадам прыгатаваць вячэру і зараз жа вярнуўся.
– А ведаеш, Лабанок, - таемна прамовіў Турсевіч, панізіўшы голас, - можа б, ты выпіў чарку?
– Мілы ты мой друг! Мала таго што галава твая міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, адным словам - кудзеснік!
– натхнёна прамовіў Лабановіч.
– Чаму ж не выпіў бы, як кажа мая бабка?
– Дык, кажаш, добра было б выпіць?
– спытаў з нейкаю сур'ёзнасцю Турсевіч.
– А які ж дурань асмеліцца сказаць, што нядобра?
– Дык няма ж, братка!
Твар Лабановіча крыху выцягнуўся.
– Ха-ха!
– аж прысеў Турсевіч ад смеху, потым усхапіўся, не перастаючы смяяцца і паказваючы на сябра пальцам.
– Абязвечыў ты мяне гэтым, - прамовіў Лабановіч, спаўшы з настрою.
– На тое ж я кудзеснік, - не пераставаў смяяцца Турсевіч.
Ён падышоў да шафіка, пакапаўся ў ім і важна выцягнуў адтуль паўбутэльку.
– Не журыся, брат!
– сказаў ён і патрос паўбутэлькай.
Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры.
– Што, можа, твая бабка патрапіць так зрабіць?
– спытаў Турсевіч сябра, як толькі Лукашыха прынесла вячэру.
– Затое ж мая бабка шаптаць умее.
– Шаптаць-то яна ўмее, але капусты зварыць не патрапіць. Ведаю тваю бабку.
Сябры селі за стол. Выпілі па чарцы.
– Ну, закусвай, брат!
Увесь час ішла самая вясёлая, самая жывая бяседа. Гаварыў, галоўным чынам, Турсевіч. У яго была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж.
Турсевіча вельмі насмяшыла адно здарэнне на чыгунцы, і аб гэтым апавядаў ён цяпер Лабановічу.
Справа датыкалася аднаго кантроля, вельмі адданага служакі. Захацелася яму злавіць аднаго старасту на чыгунцы. А стараста, трэба сказаць, быў жулік: прыпісваў лішніх рабочых, каб іх плату палажыць сабе ў кішэню. Налятае гэты кантроль. Старасты пры рабочых не было - дзесь у будцы сядзеў. Пералічыў кантроль рабочых і хацеў знячэўку на старасту наляцець, каб праверыць яго кніжку. Але выпадкова была тут дачка старасты. Дзяўчына пусцілася ў будку бацьку папярэдзіць, а каб кантроль не здагадаўся, яна бокам дарогі пабегла. Кантролю тут і цюкнула. Ён за дзяўчынаю! Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол, а за ёю, як ганчак за зайцам, кантроль чэша. І дабеглі яны да будкі, праве, адначасна.
– Паказвай запісную кніжку!
– загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа.
– Я аддам цябе пад суд!
– Я на вас падам у суд, - спакойна адказаў стараста.
– Бо вы ганяліся за маёю дачкою, хацелі яе згвалціць.
Кантроль вырачыў вочы, як бы яго даўбешкаю агрэлі.
– І пабачым, каму ад гэтага будзе болей нясмачна, - казаў усё так жа спакойна стараста.
– Я дзесяць сведак пастаўлю, і кожны пацвердзіць, чаго вы за дзяўчынаю ганяліся.
XV
Сябры скарысталі вясёлы свой настрой для розных смешных успамінаў і далі волю нестрыманаму смеху.
– У нас сёння дзень не прапаў дарма, бо ў гэты дзень мы многа смяяліся, - заўважыў Лабановіч, - Ніцшэ вуснамі свайго Заратустры казаў: «Той дзень, калі вы не смеяцеся, прападае для вас».
– У такім разе ў нас, брат, многа прападае дзён, - ужо сур'ёзна адказаў Турсевіч.
– Бывала, увосень сядзіш адзін гэты доўгі вечар. За акно зірнеш - цемра. Дождж. А кроплі ўсё плюскацяць і плюскацяць пад капяжом, нібы там плача хто, і нейкія асаблівыя думкі пачынаюць валодаць табою. Заўваж, дружа, іменна асаблівыя думкі. Яны выходзяць як бы не з твайго мозгу, а табе іх насылае нехта, каго няма, але прысутнасць яго нібы адчуваецца. І вось уб'юцца ў галаву такія думкі і, бог ведае, аб чым не гамоняць табе! А вось, як гэтыя бярозы каля хаты пачнуць шумець! Ведаеш, брат! Чалавек, скажам, прывыкае да жывёлы. Гаспадару часта шкада разлучыцца з канём, ці з кароўкаю, або з сабакам не затым, што яны для яго карысны, а проста па прывычцы. Але можна прывыкнуць не толькі да жывёлы, а і да дрэва, як я, напрыклад, прывык да гэтых старых бяроз, што стаяць на шляху каля хаты. І вось кажу, калі зашумяць яны сваім голым веццем, то я чую нейкі жаль. Мне здаецца, што яны чагось смуткуюць і аб чымсі скардзяцца і што яны таксама нешта пачуваюць, іменна пачуваюць. І ў такія вечары ўжо не засмяешся... І многа ў нас такіх вечароў!
– Апошнія словы Турсевіч прамовіў у нейкім засмучэнні.
Лабановіч уважліва слухаў сябра і зацікавіўся ім. З гэтага боку, з боку такой тонкай чуласці і лёгкага містыцызму, ён бачыў яго першы раз, дасюль лічачы яго чалавекам пераважна рэалістычнага складу.
– Тваю думку аб бярозах я хацеў бы пашырыць і паглыбіць. Я хачу запытаць у цябе - ці думаў ты калі-небудзь над тым, або проста - ці кідаўся табе ў вочы той факт, што прырода вакол нас... Я не ведаю, як выказаць маю думку... Ну, што ў яе ёсць нейкае сваё свядомае жыццё? Якое яно, я не ведаю. Можа, гэта, як у мяне, напрыклад, ёсць перажытак дзяцінства. Але і цяпер я ніяк не магу вызваліцца ад гэтага пачуцця, што прырода мае нейкае сваё свядомае жыццё. Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю, да якіх мяне не горне, я не магу з імі зжыцца, прывыкнуць да іх. Я зварачаў увагу на тое, што ёсць такія мясціны, дзе птушкі не хочуць гняздзіцца і спяваць, а стараюцца абмінаць іх.