У палескай глушы
Шрифт:
На першае месца сеў інспектар, ён і быў старшынёю камісіі, на другое - Пражорыч. Трэці член камісіі быў той настаўнік, чые вучні экзаменаваліся. Вучні ж адчувалі сябе мала чым лепей за тых цялят, якіх загналі на разніцу.
Вучнёўскія сшыткі даюцца інспектару. Ён па спіску выклікае вучняў. Вучань, трасучыся, падыходзіць да стала.
– Што трэба напісаць у слове «телега» пасля л?
– пытае вучня інспектар.
– Трэба напісаць яць, - адказвае вучань.
– А чаму ж ты напісаў е?
– Спужаўся, - адказвае вучань.
– Ну, чытай тут, - інспектар дае вучню кнігу, а сам, грозна насунуўшы бровы, зварачаецца да настаўніка: - Чаму вы падчыркнулі «не смотря»? Якая ж тут памылка?
Малады настаўнік пазірае на падчыркнутую памылку, на яго твары адбіваецца рашучасць і смеласць.
– «Несмотря», гаспадзін інспектар, трэба пісаць злучна.
– Вы самі слаба знаеце граматыку, - адказвае громка інспектар.
– Выбачайце, гаспадзін інспектар: «несмотря» пішацца злучна, - стаіць настаўнік на сваім.
– Па Гроту «несмотря» - пішацца разам.
Які ні важны інспектар, якое ні вялікае яго начальніцтва, але пры слове «Грот» ён перастае спрачацца, хоць лёгка здавацца і не хоча.
– Трахім Пятровіч, - зварачаецца ён да Грынько, - прынясіце сюды Грота.
Трахім Пятровіч кажа:
– Так, гаспадзін інспектар, «несмотря» пішацца злучна, - але ідзе і выносіць з шафы Грота.
У тыя часы Грот сядзеў незвычайна крэпка на сваім троне. І калі ты казаў свайму супярэчніку, што па Гроту пішацца так, то ўжо ніякія довады чалавечага розуму не маглі зрушыць цябе з пазіцыі. Калі сказаў Грот, то - аман. Тут канец, і далей ісці няма куды.
Чарга прыходзіць да вучняў Філюка. Інспектар разглядае дыктоўкі.
– Вашы напісалі добра. Але па сінтаксісу яны значна крапчэйшыя, чым па этымалогіі, - зазначае інспектар.
– Не наладжана сігналізацыя па этымалогіі, - робіць ціхенька ўвагу Грынько на вуха Лабановічу.
Філюк, як ні ў чым не бывала, адказвае інспектару:
– Я наогул на граматыку зварачаю ўвагу.
– Гэта і відаць, - хваліць яго інспектар.
Вучнёўскія пакуты канчаюцца, іх пускаюць, а інспектар робіць увагі то таму, то другому настаўніку, вельмі важна кланяецца ім і з папом Пражорычам ідзе абедаць.
Настаўнікі застаюцца на некаторы час, абедаюць з выпіўкаю, віншуюць адзін другога са сканчэннем вучэбнага года і распаўзаюцца па сваіх трушчобах.
– А вы, калега, можа, паначуеце?
– сказаў Грынько Лабановічу.
– Не, калега, я і так адну лішнюю ноч правёў у дарозе, трэба ехаць.
Лабановіч даўно ўжо маркоціўся па Цельшыне і вельмі быў рад, калі скончыліся экзамены. Ён яшчэ цэлую гадзіну чакаў на станцыі, пакуль прыйшоў поезд. Позна ўночы выехаў ён дадому.
XXXV
«Гэта мой апошні тут вечар, - казала сама сабе Ядвіся.
– І я не ўбачу яго!»
Яна задумалася, прыслухоўваючыся да голасу свае думкі. Няўжо ж і не ўбачыць яго? Ніколі не ўбачыць? І нашто яна зманула яго? Яна ж і тады ўжо ведала аб тым, што заўтра, у панядзелак, паедзе, а яму сказала, што не ведае, калі будзе выязджаць. Ядвіся зірнула на вокны кватэры настаўніка. Там цёмна і страшна, бо пуста. Дом толькі тады жывы, калі ў ім жыве гаспадар, бо гаспадар - душа свайго дома. Як смутна і тужліва пазіраюць гэтыя шкляныя вочы пустой і мёртвай кватэры! І дарэмна гэты малады бліскучы месячык стараецца ажывіць пагаслыя вочы: яны свецяцца, а жыцця няма.
Ёй нават страшна. Яна нізавошта цяпер не падыдзе да іх, як падыходзіла калісь, калі гэтыя вокны жылі і так прыветна пазіралі на іх двор светла-зялёным святлом. О, тады ёй было весела, і яна так ціхенька падыходзіла, як начны матылёк, да гэтых вокан, яшчэ цішэй падымалася на плот перад вокнамі і доўга пазірала туды. Шчаслівая ўсмешка прабягала па яе губках, бо ён нічога не ведае, сядзіць якраз насупраць, схіліўшы галаву над кнігай, і толькі зрэдку правядзе рукою па сваіх цёмных, зусім яшчэ маладых вусіках. Смешны ён, калі падымае свае вочы, такія добрыя і ўдумныя, і пазірае ў акно. І гэтыя вочы напэўна шукаюць яе. Яна ж тут, але яго вочы не бачаць яе. І смешна ёй і радасна. Але ён гэтага не ведае...
«Не! Ён многа не ведае чаго - і ніколі ведаць не будзе!»
І чаму салгала яму? Ну, чаму? А можа, заўтра не ехаць? Ад яе залежыць. Татка ж не гоніць яе. Ён цяпер такі добры з ёю! «Пагуляй ты, кажа, Ядвіська: не гарыць жа там у цябе!» Яе татка добры, але чагось яна баіцца яго. Ёй страшна, калі ён прыйдзе дадому, а вочы яго пазіраюць кудысь далёка-далёка, як бы яны сышлі з яго твару, а гэтыя грозныя, жорсткія вусы, як хмары ў навальніцу, апусцяцца ўніз.
Нашто яна салгала яму? Ёй хочацца пабачыць яго. Эх, каб ёй крылле! От бы ўзнялася цяпер і паляцела да яго, проста каб пабачыць яшчэ раз, вось так, як пазірала на яго тут, калі ён і не ведаў аб тым...
Не, гэта апошні яе вечар тут!
Тонкія, доўгія, цёмныя рыскі-бровы Ядвісі крыху насуваюцца і хмурацца, і твар яе робіцца строгім. Так, гэта апошні тут вечар!
Яна зноў пазірае на вокны. А каб пайсці туды? Сесці за сталом, як сядзеў калісь ён і праводзіў рукою па маладых сваіх цёмных вусіках! Там страшна, бо там пуста. Там цяпер прытаіўся нехта другі, няласкавы і варожы. І, напэўна, яна спаткала б нешта там, каб пайшла цяпер туды. Ну, напэўна, пачула б голас, а можа, смех, пусты і жудасны смех. Яна ўпэўнена ў тым, што пачула б той страшны і таемны смех, і гэта забіла б насмерць радасць і шчасце, што знайшлі месца ў яе сэрцы. Яна зноў пазірае туды.
Як жудасна заліваюцца смехам совы каля каплічкі! Чаго смяюцца яны пустым сваім смехам? Чаго? Ці не з яе? А гэтыя цёмныя вокны! Што ў іх? Чаму яны ўбіліся ёй у вочы? Ёй нават робіцца нейк непрыемна ад гэтага. «А я пайду туды! Вазьму ды пайду!.. Няўжо я пайду?»
Яна ціха падымаецца, азіраецца, ідзе. Кухня не замкнёна. Адчыняе дзверы. Яна ў кухні.
– Ты, бабка, тут?
– пытае ціха Ядвіся.
Бабка варочаецца на печы.
– Тут, паненачка!
– А чаму ты, бабка, дзвярэй не замкнула?
– От, паненачка, прылегла дый так не прычыніла. Я ж не сплю.
– Заўтра, бабка, паеду.
– Паедзеце, паненачка?
– пытае бабка, устае і садзіцца на печы.
– І не пачакаеце, покі паніч вернецца?
– пытае яна.
– А хіба ж твой паніч са мной паедзе?
– Ну, як жа, паненачка: ён смуціцца будзе, што вы паехалі і не развіталіся з ім.
– А чаго ён будзе смуціцца?
– пытае Ядвіся.
Ёй прыемна чуць ад бабкі, што ён будзе смуціцца.
– Чаму ж не будзе, паненачка? Я ж бачыла, якімі вочкамі пазірае ён на вас.