У палескай глушы
Шрифт:
Падлоўчы Баранкевіч наліў чаркі.
Грыгарэц вельмі спрытна кульнуў сваю чарку; здавалася, што ён яе і не піў, а так толькі ўскінуў галаву, каб паглядзець, як высока столь у пакоі падлоўчага. Закусваючы, ён штурхануў локцем Лабановіча і ціха прамовіў:
– Ну, як наконт маладзічак?
Настаўнік нічога не паспеў сказаць, бо перад ім ужо стаяла другая чарка.
– Выпі, тады будзеш закусваць. Мы тут, пане мой, мардаваліся, а ён сабе спаць палажыўся.
І гаспадар прымусіў яго выпіць яшчэ чарку.
Лабановіч пабег да паненак, запрашаючы іх да стала.
– Пойдзем!
– прасіў ён іх.
– Я раскажу вам гісторыю, як на Палессі такія, як вы, прыгожыя дзяўчаткі з'явіліся.
Паненкі зацікавіліся і ўсталі. Ён узяў іх пад рукі і пайшоў разам да стала. Наліў па чарцы віна і вельмі ўпрашаў выпіць, называючы іх дыяментамі Палесся, божымі летуценкамі. Яму было надзвычайна весела, язык развязаўся, ён забаўляў паненак; яны слухалі і смяяліся.
– Ну, а гісторыю калі скажаце?
– пыталі яны.
– А вось як віна вып'еце!
Дзяўчаты выпілі.
– Ну, слухайце... Стварыў Бог Палессе і пайшоў аглядаць балоты. Доўга хадзіў Бог, і стала яму маркотна. І стварыў ён дзяўчыну незвычайнага хараства і сам залюбаваўся ёю. Вочы ў яе былі, як у панны Ядвісі, і такія ж самыя пышныя валасы. Бровы...
– тут Лабановіч глянуў на бровы панны Людмілы, а потым на бровы Ядвісі.
– Усё ў яе было, як у панны Ядвісі, - сказала панна Людміла і хітра ўсміхнулася.
– Не, не ўсё - адказаў Лабановіч - бровы былі, як у Габрынькі, губы і рот - як у вас. Доўга пазіраў на яе Бог, а потым сказаў: «Не, няможна цябе пакідаць людзям: яны будуць калаціцца з-за цябе». Паставіў яе Бог на сваю руку і дзьмухнуў. Дзяўчына рассеялася і зрабілася хмаркаю. «Ты будзеш хадзіць над Палессем век-векам, і ад тых людзей, на якіх упадуць твае кроплі, будуць раджацца красуні». І вы, - сказаў Лабановіч паненкам, - маеце ў сабе тыя кроплі і радзіліся дзеля таго, каб на Палессі не маркоціліся маладыя хлопцы.
– Ну, годзе табе казанні казаць, - спыняў яго падлоўчы.
Лабановіч ужо не спрачаўся і піў многа. Гарэлка ўрэшце страціла над ім сваю сілу, ён піў ужо сам і падліваў другім.
– Слухайце, - спытала Людміла, - чаму вы ніколі да нас не зойдзеце?
– Добра, што вы запыталіся цяпер, - адказаў настаўнік, - бо я толькі тады і кажу праўду, калі добра вып'ю. Дык слухайце: буду казаць праўду. Я затым і не хадзіў да вас, што баяўся вас, бо душа мая чуе: тады, калі мае ногі пераступяць парог вашага дома, яна пападзе да вас у палон.
– Я вельмі шкадую, - смеючыся, прамовіла панна Ядвіся, - што ніколі не чула вас тады, калі вы добра вып'еце.
– Эх, панна Ядвіся, панна Ядвіся!
– як бы ў нейкім незвычайным засмучэнні прамовіў настаўнік.
– Калі я гавару з вамі, то тады я не толькі «добра выпіўшы», але і п'яны - і, стала быць, яшчэ большую кажу вам праўду.
– Хіба ж я бочка з гарэлкаю?
– засмяялася панна Ядвіся.
– Вы - той напітак, які п'юць толькі багі.
Адным словам, Лабановіч стараўся развясельваць дзяўчат.
Падлоўчы хадзіў перавальваючыся, і здавалася, што яму вельмі было цяжка падымаць ногі. Але ён быў незвычайна вясёлы і, павярнуўшыся да Людмілы, заспяваў:
Ксёндз бэрнадын у касцелі -
Ха-ха-ха-ха!
Відзеў собе анелі!
Тра-ля-ля-ля!
Але далей ён чамусь не спяваў, як яго ні прасілі.
– Габрынька!
– скамандаваў ён.
– Зайграй нам што-небудзь!
Пад звонкія і меладычныя гукі музыкі сарваўся з месца Грыгарэц і пайшоў тупаць і прытупваць. Здавалася, што гэта не чалавек танцуе, а нейкі добра ўкормлены вяпрук убег у пакой і ў нейкай свіной радасці разгуляўся тут і пайшоў выбрыкваць розныя вепручыныя выкрунтасы. Пайшоў танцаваць і пан падлоўчы са сваёю жонкаю. Усе вельмі хвалілі пана падлоўчага і паню падлоўчую. Праўда, танцаваў ён спрытна. Потым Баранкевіч пайшоў у танцы з паннаю Людмілаю.
Грыгарэц пад шум танцаў кудысь знік. А калі агледзеліся, што ён прапаў, пан падлоўчы сказаў:
– О, злодзей! Ведаю я, куды ён пайшоў!
– І, як відаць, трохі яму пазайдросціў.
Анатоль, праспаўшыся, зноў увайшоў у пакой. Гэта быў высокі малады хлапец, не падобны да свае сястры. Яны з настаўнікам падселі да стала і пачалі зноў піць, як бы гарэлкі ў вочы не бачылі.
– Ну, Толя, ці не пара нам дамоў?
– падышла да іх Людміла.
– Гуляйце: Вялікдзень раз на год бывае, - сказаў ёй Лабановіч.
– Ну, хто вам больш падабаецца з хатовіцкіх маладых людзей?
– спытала яна Лабановіча.
– Усе слаўныя хлопцы, - адказаў ён.
– Ну, гэтым вы мала сказалі.
– А што мне пра іх казаць? Я больш цікаўлюся дзяўчатамі.
– Ну, а хто ж вам больш падабаецца з паненак?
– Калі аб гэтым пытаецеся вы, то я павінен сказаць вам - вы.
– Не, вы скажыце праўду.
– Хто цяпер гаворыць праўду? Нават і «святыя» і тыя пачынаюць ілгаць.
– А я ведаю, хто вам не толькі падабаецца, але каго вы і кахаеце.
Лабановіч паглядзеў ёй у вочы, паглядзеў доўга і сказаў:
– Так, вы ведаеце.
– А па чым вы ведаеце, што я думаю?
– Па вашых вачах прачытаў.
– О, пані!
– падхапіў падлоўчы.
– Наш прафесар шаптаць і варажыць умее.
– Ну, паваражыце мне!
– панна Людміла працягнула Лабановічу руку.
– Пані, - адказаў за яго падлоўчы, - наш прафесар па каленях гадае.
Людміла засаромелася, ускочыла і села на канапу.
Пан падлоўчы качаўся ад смеху, пазіраў на «прафесара», а вочы яго казалі: «Вось як трэба з паненкамі гаварыць!»
Ад'язджаючы дамоў, Людміла доўга ціснула руку настаўніку, заглядала яму ў вочы і казала:
– Памятайце, я чакаю вас у Завітанкі.
– На тое ж яны і Завітанкі, каб у іх завітаць, - адказаў Лабановіч і моцна паціснуў ёй руку.
XXXIII
Назаўтра атрымаў Лабановіч пакет. Інспектар паведамляў, калі і дзе назначаюцца экзамены, куды настаўнік павінен прыбыць са сваімі вучнямі. Экзамены назначаліся на панядзелак па Вялікадні, а ехаць трэба было па чыгунцы вёрст за пяцьдзесят... У той жа самы дзень, калі было атрымана гэта паведамленне, прыйшлі і вучні.
Тут яны ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка. Гэтыя тры дні, якія заставаліся да экзаменаў, пайшлі на паўтарэнне курса.
Гэтымі ж днямі даведаўся Лабановіч, што Ядвіся збіраецца выехаць з Цельшына, калі не назаўсёды, то ва ўсякім разе на доўгі час. Гэта вестка моцна засмуціла настаўніка. Ён адразу пачуў, што перад ім як бы ўжо расчыняецца нейкая пустота, і гэтыя пышныя малюнкі зазелянеўшага Палесся, узбуджанага вясною, поўнага спеву, шуму і жыцця, патускнелі ў адзін момант і як бы адыходзілі ад яго. Усё, здавалася яму, мела цяпер такі выгляд, як бы хацела сказаць яму: «У цябе гора, але мы ў гэтым не вінаваты», і пачынала жыць сваім клопатам, сваімі інтарэсамі, зусім для яго чужымі, а ён заставаўся адзін як ёсць.