У палескай глушы
Шрифт:
Лабановіч борздзенька кінуўся да форткі. Але там было ўсё ціха. І толькі шумлівая і многагалосая вуліца правіла маладыя гімны гэтаму жыццю.
– Няўжо гэта Ядвіся?
– спытаў сам сябе настаўнік.
– Бабка!
– гукнуў ён.
– А што, панічыку?
– Ты не спіш яшчэ?
Дзверы скрыпнулі. Прыйшла бабка.
– Ці ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак?
Бабка перш прыкінулася, што нічога не ведае, а каб пераканаць у гэтым настаўніка, узяла краскі і стала разглядаць іх. Але, як ні хітрыла бабка, настаўнік прачытаў на яе твары, што яна прыкідваецца.
– Ой, бабка! Грэх табе, старэнькай, хлусіць і падманваць. Не любіш ты мяне і не шкадуеш. Я ўжо і па той прычыне не паверу табе, што ты - знахарка. Ты павінна ведаць.
– Ой, панічыку! Ну, хто ж вам можа прынесці красачак, як не паненка?
– Якая паненка і чаму паненка, а не якая-небудзь маладзіца?
– Хто ж іх, панічыку, ведае, хто да вас лепей горнецца: ці паненкі, ці маладзіцы, - усё яшчэ хітрыла бабка. Але ёй самой неўтрыванне было, каб не сказаць, і яна пачала смяяцца.
– Паненка, панічыку, сама сюды забягала і палажыла іх вам. Толькі яна, панічыку, прасіла, каб я вам не казала.
– Злаўлю яе калі-небудзь.
– Злавіце, панічок, злавіце!
– прамовіла бабка, гатовая нават памагаць свайму панічу злавіць паненку.
– Чаму ты, бабка, не ідзеш на вуліцу песні спяваць?
Бабка паглядзела на настаўніка, ці ён праўду кажа, ці жартуе.
– Няма, панічыку!.. Адспявала я ўжо сваё.
– А ці шкада табе свае маладосці?
– А што яе, панічыку, шкадаваць? Ці шкадуй, ці не шкадуй - не вернецца назад.
– А ці хацела б ты вярнуць яе?
– Э, панічок! Ніколі я пра гэта і не думаю. Нікому яна не варочаецца.
– Дык трэба, бабка, карыстацца ёю і ўзяць ад яе ўсё, чым яна міла і люба!
– Так, панічок, што цяпер страціш, таго потым не знойдзеш.
Гэта размова зусім не цікавіла бабку, і яна колькі разоў пазяхнула. А ўрэшце сказала:
– Ужо ж, панічок, і позна. Заставайцеся здаровы!
Бабка даволі пасунулася ў кухню на сваю печ, адкуль хутка пачуліся нейкія мармытанні, не то яна сама з сабою размаўляла, не то малілася Богу.
У сяле яшчэ доўга спявалі песні, ды дзесь з двара даносіўся брэх патрывожанага сабакі. Апознены месячык загарэўся залатым пажарам за тым панурым лесам, што стаяў з боку чыгункі, і павольна ўзнімаўся над заспакоенаю зямлёю. Ноч цішэла і глушэла і цяжэй налягала на зямлю. Настаўнік яшчэ доўга сядзеў каля акна, і розныя думкі падымаліся ў яго галаве. Спаць не хацелася, і ён доўга варочаўся, пакуль сон замкнуў вочы. На століку каля ложка ляжаў букецік завяўшых красак.
Вясна ўступала ў сілу. Снегу ўжо зусім не было ў палях. Ажылі балоты. Жаласна застагналі кнігаўкі, цяжка лятаючы над вадою. Высока ў небе звінелі жаваранкі. Абсохшая зямля пачынала іскрыцца зялёным аксамітам кволай пахучай траўкі. То той, то другі з вучняў пакідаў школу.
– Вось што, дзеці, - сказаў раз вучням настаўнік, - сёння па абедзе прыходзьце з рыдлёўкамі. Будзем капаць ямкі, а заўтра ўсе пойдзем у лес, прынясём маладых дрэўцаў і абсадзім нашу школу.
Дзеці адзін перад другім спяшаліся запэўніць настаўніка, што яны прынясуць рыдлёўкі, і з вясёлым дзіцячым гоманам, як пчолкі з вулля, высыпалі з школы на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі, шчаслівымі галасамі.
Пасля абеду дзеці весела беглі з рыдлёўкамі ў школу і таксама заяўлялі аб гэтым настаўніку, забягаючы да яго на кватэру. Нават маленечкі Паўлюк Рылка, самы меншы ў школе, горда нёс рыдлёўку, згінаючыся ад яе цяжару.
Настаўнік прыйшоў у школу і павёў дзяцей на двор. Разам з вучнямі размеркавалі месцы для ямак, потым настаўнік назначыў работу вучням, падзяліўшы іх на гурткі, і сам выкапаў першую ямку, каб паказаць дзецям, як гэта трэба рабіць.
– Што гэта вы робіце?
Панна Ядвіся непрыметна падышла да Лабановіча.
Гэты так добра знаёмы яму голас прывёў яго ў нейкае трапятанне. Сэрца застукала мацней.
– Хачу па сабе вам памяць пакінуць.
– А хіба ж вы паміраць збіраецеся?
– засмяялася Ядвіся.
– Я памёр ужо, - трагічна прамовіў Лабановіч.
– Дык гэта вас хаваць тут будуць?
– жартавала яна.
– Можа, пабегчы пасклікаць баб, каб паплакалі па вас?
– А вы хіба не заплачаце па мне?
– Дык вы ж усё роўна чуць не будзеце.
– Ах, выбачайце!
– апамятаўся Лабановіч.
– Вельмі дзякую вам за букецік і за тыя красачкі, што праз фортку ўляцелі.
Панна Ядвіся прыкінулася вельмі здзіўленаю і як бы нічога не разумела.
– Які букецік?
– А той самы, што ўчора вы на стол палажылі.
– Ваша бабка - ілгарка, і самі вы - ілгар, - запратэставала Ядвіся.
– Больш ніколі да яе не пайду, і ў вашу кухню не ступіць мая нага...
– І ў маю фортку не паляціць ні адна краска?
Панна Ядвіся павярнулася і кінулася бягом у свой двор, потым яна спынілася і пайшла зноў да Лабановіча.
– Слухайце, вы бралі кнігу, што ў вас на стале разгорнутая ляжала?
– Не, не браў.
– Вы не хлусіце?
– Я, здаецца, нікому яшчэ ў форткі не кідаў красак, каб мне лгаць.
Панна Ядвіся чагось засмяялася, ніколечкі не пакрыўдзіўшыся.
– Хочаце? Пойдзем сёння гуляць?
– Пойдзем, пойдзем!
– падхапіў настаўнік.
– Вы, можа, не паверыце, а ў мяне, чэснае слова, была гэта самая думка, толькі я не адважваўся сказаць вам.
– Дык вы заходзьце да нас.
– Абавязкова і з вялікай прыемнасцю.
Яна зноў памчалася ў свой двор. Дзеці шумелі, гаманілі, спрачаліся, хвалілі свае і ганілі чужыя ямкі.
Лабановіч стаяў шчаслівы, аб чымсі думаў, і ледзь прыметная вясёлая ўсмешка блукала ў яго вачах і на губах.
«Чаму гэта пытала яна пра кнігу?
– падумаў Лабановіч.
– Ці не палажыла яна чаго туды?»
А гэтым часам панна Ядвіся кралася з другога ходу, каб тайком выняць з кнігі тую паперку, дзе яна напісала: «Мілы... дурань», чаго Лабановіч не агледзеў.
XXX
Прымкнуўшы дзверы кухні з двара, Лабановіч борздзенька пабег да сябе на кватэру праз другі ход, што вёў у школу. Ціхенька ступаючы, падышоў ён да дзвярэй і толькі дакрануўся да іх рукою, як у той жа час панна Ядвіся кулём кінулася ў кухню, каб выскачыць на двор. Але дзверы не адчыняліся. Азірнулася - на парозе стаяў настаўнік.
– Ах, попалась, пташка, стой,
Не уйдешь из сети!
Не расстанемся с тобой
Ни за что на свете!
–
спакойна дэкламаваў Лабановіч, не зводзячы з яе вачэй, любуючыся ёю, шчасліва ўсміхаючыся.
А яна і сапраўды выглядала як злоўленая птушка... Неспадзеўкі, пужлівасць, нейкая вінаватая ўсмешка разам адбіваліся на яе твары. Акруглыя цёмныя вочы пазіралі то на дзверы, то на настаўніка. Адна рука яе была сашчэмлена - напэўна, там была тая паперачка з двума словамі.