Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Чуў! Абдуманая рызыка — добрае дзела!

— Але ж далёка, за морам!

— Нічога, — супакоіў Хведар, — затое капейку будзе мець. Даляры! Там жа залатое дно! — Ён, як звычайна, ува ўсім быў дасведчаны.

— Ох! — уздыхнула Марыля.

— А што яму — на прызбе сядзець? — матлянуў галавой на акно Хведар.

Селі за стол. Налівалі і выпівалі па чарзе. Прыйшоў, спазніўшыся крыху, Павал Гальяш.

— Пякучая, ліха на яе, — усміхнуўся Хведар, выпіўшы гарэлку і з шумам выдыхаючы паветра з шырокіх грудзей.

Ён закурыў і зрабіў некалькі глыбокіх зацяжак.

— Нічога! Вярнуся — тады і мы зажывём па-іншаму, — запэўніў усіх «марыканец».

Хведар паглядзеў на пляменніка, на яго несамавітую постаць, нешырокія, хударлявыя плечы.

— Каб не пакрыўдзіў хто… — сказала Марыля, перахапіўшы братаў погляд.

— Ніхто яго не зачэпіць! — супакоіў сястру Хведар.

— Не чапай ты мяне, я цябе ніколі не зачаплю! — падаў голас Павал, які сядзеў з краю стала, выпіўшы кілішак.

— Больш табе трэба цвёрдасці, унучак, — гаварыў Кірыла, — без цвёрдасці не пражывеш.

У Хведара на гэты конт — свая думка:

— Калі бяда навісне — не трусь! А да бойкі дойдзе — бі першы! Смеласць, брат, вялікае дзела!

— А гэта так! — пагадзіўся Змітрок.

— Ну, налівайце! — напомніў Хведар.

— Ты ж па-амэрыканску не ведаеш, — уголас разважала Марыля, — як жа там размаўляць будзеш? Па-нашаму там цябе ніхто не зразумее.

Кірыла нешта хацеў сказаць, але прамаўчаў, пачаў цадзіць у кілішак гарэлку, а Марыля цягнула сваё:

— Зарабілі б, прадалі б што…

— Быў бы я маладзей гадкоў хаця б на дзесяць, і я б паехаў! — бадзёра сказаў Кірыла.

— Ну што ж, будзем спадзявацца! — выгукнуў Хведар, зноў падняўшы чарку.

— Тады і ажаніцца можна будзе! — уваткнуў слоўца Змітрок.

Усе змоўклі. Хведар паставіў на стол пусты кілішак.

— Дзяўчына, я чуў, ёсць…

Лявонка апусціў галаву.

За яго адказала Марыля:

— Есць!

Кілішак абышоў яшчэ адзін круг.

Маці не адрывала вачэй ад сына:

— І яшчэ цябе прашу, сынок. Каб ты гэтую гарэлку абыходзіў…

Усе пачулі, як паўз вокны нехта прайшоў. Забрахаў Курцік. Ужо ля дзвярэй пачулася шкрабанне ботамі, бразнула клямка, і на парозе з'явіўся Кузёмка, бліснуўшы як бы толькі што свежа пачышчанымі халявамі.

— Добры вечар у хату! — на вуснах госця зайграла прывычная ўсмешка.

— А ў цябе, браце, добры нюх! — засмяяўся Хведар.

Кірыла наліў Кузёмку. Госць выпіў і, скрывіўшыся, страсянуў чарку:

— Эх, крэпкая, зараза!

— Крэпкая, бо чужая! — ізноў зарагатаў Хведар, а разам з ім і ўсё застолле.

— Колькі ж дзён плыве той параход? — пацікавіўся Змітрок, час ад часу падаючы голас.

— Ды так, тыдні два, не меней, а то, можа, і тры, — разважыў Хведар, быццам ён ужо быў у Амерыцы і плаваў на тым параходзе.

— Да Амэрыкі таксама далёка, як да месяца, — глыбакадумна сказаў Кузёмка.

— Трэба, каб не забыць, — занепакоілася Марыля, — святому Мікалаю свечку паставіць — ён ратуе на водах.

— Спачатку едзем поездам да Лібавы, — напомніў Лявонка.

Параход адплываў з Лібавы, куды трэба было дабірацца цягніком праз Баранавічы, Вільню, Рыгу па Лібава-Роменскай чыгунцы.

Кузёмка прыслухоўваўся да размовы, ён, як звычайна, настроены быў на свой філасофскі лад:

— Цяперашні свет, аднака, увесь аблытаны дарогамі — і паязды, і параходы. Ужо нават і самаходы прыдумалі!..

— А гэта што ж такое — самаход той? — за ўсіх спытала Марыля.

Кузёмка абвёў вачыма прысутных. Якія вы, маўляў, цёмныя — гэткіх простых рэчаў не ведаеце.

— Чатыры колы мае і ездзіць без каня!

— Цяжка нават паверыць, — засумняваўся Кірыла.

— Я казаў, што, аднака, у дваццатым стагоддзі пачнецца…

— Што пачнецца? — раскрыў рот Хведар.

— А тое і пачнецца, — загадкава адказаў Кузёмка, закусваючы хлебам са скваркай.

— Мусіць, ужо гэтак наканавана, — уздыхнула, думаючы пра штосьці сваё, гаспадыня.

Хведар Кузёмку ведаў (дзівак даходзіў і да Свішчова) і ўсур'ёз яго ніколі не прымаў, таму перайшоў на іншае.

— Ведаеш, браце, што я табе параю, — асцерагайся жанчын, — сказаў ён, звяртаючыся да Лявонкі. Быў ужо, відаць, на падпітку. — Жанчыны, я табе скажу, толькі разбэшчваюць. Ёсць такія распусныя!.. — Пры апошніх словах Хведар ажно прысвіснуў.

Кузёмка адразу ж горача падтрымаў яго — і тут ён, аказваецца, шмат ведаў:

— Глядзі! Яно, брат, кожная баба страшная, у кожнай сядзіць звада…

Мужчыны засмяяліся, загаманілі, кожны, відаць, нешта ведаў на гэты конт.

— Калі папраўдзе, дык яно нічога, — узняў руку Кірыла, бо ў хаце было шумна, — без жанчыны таксама цяжка.

— Ну, калі папраўдзе, — асцярожна згадзіўся Хведар.

— Няпраўдай свет пройдзеш, як той казаў, а назад не вернешся, — зноў уздыхнула нявестка.

— Вось толькі боты цеснаватыя… — паскардзіўся «марыканец», якому пачынала ўжо не падабацца гэта размова.

— Бяры мае! — доўга не думаючы, прапанаваў Хведар.

Дзядзька Хведар, як чалавек свой, абяцаў Кірылу і сястры дапамагаць па гаспадарцы.

Нарэшце госці патаміліся, пачалі нават пазяхаць. Пайшоў дадому — у свае Бабічы — Змітрок. Развітаўся з усімі, а з Лявонкам нават абняліся. Разам з ім выйшаў і Павал Гальяш. Падняўся і «марыканец».

— Пайду спаць у клуню.

— Ведаем твой сон! — паглядзела на сына Марыля. І калі той выйшаў, дадала: — Да Ганны пайшоў.

— Хай! — паблажліва рагатнуў Хведар.

Густое цемрыва ахутвала Пруску з усіх бакоў, і было б зусім цёмна, калі б паміж хмарамі, што мітусіліся на небе, час ад часу не пабліскваў месяц. З канца вёскі, відаць, ад Ламакаў, данеслася песня:

А ў полі вярба, Пад ёй вада, Там стаяла, Ваду брала Дзеўка малада-а…

Нехта перабіраў на гармоніку. Гэта праводзілі, відаць, Піліпка. Трэба ж развітацца з Ганнай. Яшчэ днём дамовіліся, што яна будзе чакаць яго дома, у хаце. Ён глянуў на зацемненую вуліцу, падумаў: «Усё ж такі прыгожая наша Пруска. І ўсё тут прыгожае, а я вось ад'язджаю». Спыніўся перад Васілішынай хатай і ціха пастукаў у дзверы, якія тут жа адчыніліся, і ў праёме, у начным сутонні, слаба забялела Ганніна аблічча.

Поделиться с друзьями: