Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— А я тут сяджу адна, маці ў суседзяў…

— Нічога не бачу…

— Хадзі сюды!

Яна выглядала сумнай.

— Усё яшчэ сярдуеш на мяне, ці што?

Ганна ўздыхнула:

— Позна ты нешта…

— Дужа заняты быў.— Ён абняў яе. Шкада стала і яе, і чамусьці сябе: «Куды я еду?..»

Ганна абхапіла яго шчокі рукамі і прыхінулася так шчыльна, што ён адчуў вострыя гарбкі яе грудзей і парывістае дыханне. У гэтую хвіліну яна была яму бясконца блізкай і дарагой.

— Табе не халадно? Халодны ты нейкі.

— Не, з табой мне заўсёды цёпла…

І сапраўды, прыемна было адчуваць яе пяшчотныя далоні на сваіх ужо добра разгарачаных шчоках.

— Казаў, што жыць без мяне не можаш…

Лявонка нічога не адказаў.

— Кахаць умеюць толькі жанчыны. А вы, мужчыны, ветрагоны…

Ён абняў яе яшчэ мацней:

— Мне здаецца, што я кахаю цябе яшчэ больш!

Яна зноў сумна ўздыхнула:

— Калі хочаш ехаць — едзь, але памятай, што я цябе заўсёды буду кахаць.

У адказ ён пацалаваў яе. Так хацелася застацца побач з ёю, штодня адчуваць яе прысутнасць.

— Ой, і не нацешыліся мы з табой, Лявонка…

Ён заўважыў, як задрыжэлі вейкі. Каб схаваць слязіну, яна апусціла галаву.

— А я так хацела шчасця…

Ён дакрануўся вуснамі да мочак яе вушэй, але Ганна як бы і не адчувала яго пяшчоты, глядзела кудысьці ў цемру.

— Такая далячынь! Страшна…

— Чаго ўжо там баяцца! Тысячы людзей едуць…

— Вось бацька паехаў — і што з таго?..

Ганна ўсміхнулася, прыклала да вачэй хусцінку.

— Не бядуй, вернецца…

Памаўчаўшы, яна сказала:

— Ты мне, Лявонка, падабаешся, ты вельмі смелы.

Хацела, мусіць, хоць як падтрымаць і супакоіць — і яго, і сябе.

— Вочы ў цябе блішчаць, як зоры.

— Бо халадно.

— Вярнуся — згуляем вяселле. Адразу сватоў прышлю!

— Каб хоць лісты пісаў! Ці напішаш… — Яна яшчэ пяшчотней прытулілася да яго: — Кінеш!.. — І тут яна пачала плакаць уголас, з нейкім нават стогнам.

— А ведаеш — можа, я гэта з-за цябе і еду ў тую Амэрыку…

— Ой, Лявонка, — рыданні перахоплівалі голас, — забудзеш, забудзеш ты мяне там! Ой-ой!.. Прыгажуні там заморскія…

«Што яна кажа? Якія прыгажуні? — жахнуўся ён у думках. — Божа мой! Які нечаканы жаночы розум!» Счакаўшы крыху, сказаў:

— Ты ж ведаеш, я ні на юга цябе не прамяняю!

— Праўда?

— Я маніць не буду.

Ён туліў да вуснаў яе пахаладзелыя рукі, саграваў іх сваім дыханнем і прасіў чакаць.

— Веру, веру, веру, ой, веру! — стагнала яна, распранаючыся.

Яны апусціліся на ложак з высокімі падушкамі. Знізу пяшчотна рыпнула палавіца…

— Як я там без цябе буду? — не то ў яе, не то ў самога сябе запытаўся Лявонка, разам з асалодай адчуўшы, як прыпыніўся і сцішыўся час…

…У вёсцы заспявалі пеўні, і амаль адразу зарыпелі веснічкі. Аднекуль вярталася цётка Васіліха. Трэба было развітвацца.

— Вазьмі вось бацькаў адрас — у Нью-Йорку ён. — Яна дастала з паліцы канверт і працягнула Лявонку. — Я буду чакаць, — яна пацалавала яго ў вочы.

Чутно было, як расчыніліся дзверы і па хаце затупала цётка Васіліха.

— Вы яшчэ тутака?

— Я ўжо, мамо, іду.

— Я праводжу яго за веснічкі,— сказала Ганна, прыемна ўсцешаная гэтым Лявонкавым «мамо», звернутым да яе маці.

— А бацькаў адрас дала?

— Дала.

Цемра, што звечара ахутвала зямлю, расступілася, свяцілі зоркі.

Яны разам паднялі вочы ўверх.

— Колькі зорак! — сказалі амаль што ў адзін голас.

VI

Назаўтра ўсе трое сабраліся каля Лявонкавай хаты — яна якраз пасярэдзіне Прускі — Цімоша, Піліпко і Лявонка. Пры кожным драўляны, накшталт салдацкага, куфэрак, зроблены мясцовымі умельцамі. Цімоша высакаваты ростам, Лявонка куды ніжэй за яго, Піліпко — той зусім маленькі, можа, якіх метра паўтара ўсяго, крыху вышэйшы за свой куфэрак. Апрануты ўсе аднолькава: у шарачковых світках з белага саматканага палатна. На галовах — шапкі-кучомкі. У дарогу кожны абуў боты. Асабліва вялікія і цяжкія боты ў Піліпка — адразу кідаецца ў вочы, што не яго памер. Пазычылі ў кагосьці, ці што?

Як складзецца жыццё за акіянам? Хто яго ведае… Твары строгія, задуменныя. Не дзіва: пакідалі абжытыя мясціны, якія яны заўсёды лічылі цэнтрам свету, і цяпер вось адпраўляліся некуды на самы яго канец. Усе недзе ў глыбіні душы адчувалі смутны страх перад той невядомасцю, якая іх чакала.

Накрапваў дождж, але вакол ад'язджаючых назбіралася шмат прускаўцаў. Побач стаялі бацькі — Дармідонт, Алена і Апраска з Пятром. З'явіўся аднекуль Трахімка, зухавата ссунуў на патыліцу фуражку з бліскучым казырком і, скалячы зубы, агледзеў падарожнікаў, абняў іх за плечы — аднаго, другога, трэцяга.

— Ну што, мацакі? — Адкапыліў тоўстую ніжнюю губу і спыніўся на Піліпковых ботах: — Ну, Піліпко, і боты ў цябе! Ці не ў Марка Замагільнага пазычыў?

Прысутныя стрымана зарагаталі. Марка Замагільны жыў непадалёку на хутары. Ногі ў яго былі невядома якога памеру, у шаўца для Марка мелася спецыяльная, вялікая, як пень, калодка. Трахімка дастаў з-за пазухі прыпасены дзеля гэтага выпадку кручок гарэлкі, выняў з кішэні зеленаваты шкляны кілішак, наліў і даў выпіць усім тром.

У натоўпе, у купцы дзяўчат, стаяла Ганна ў палатняным каптаніку. Побач з ёю Гэлька Відэркава. «Там такой танцоркі не будзе», — падумаў пра яе Лявонка. Тут жа сярод жанчын знаходзілася цётка Васіліха — Ганніна маці. Жаласліва выцірала ражком хусткі слёзы. Ад Лявонкі не адыходзілі Марыля і Тоня з Фядоркай. Кірыла запрагаў Цыганчыка. На вуснах ува ўсіх была Амерыка. «Марыканцы, марыканцы», — гучала ў натоўпе.

— Якія ж мы марыканцы? — жартавалі хлопцы. — Мы пакуль што прускаўцы.

З процілеглага боку вуліцы, праз плот, пазіраў Ясё. Масей Галёнка ўгледзеў яго, махнуў рукой, той падышоў бліжэй.

Як звычайна, найбольш навін у Масея:

— Ці чулі, Галеня ў Выгнанцы байстручка нарадзіла — у хляве, дзе карова стаіць!

— Не можа быць! — не паверыў Гамон.

— Заглянулі пад раніцу, а яна яму цыцку ў роцік дае. Змардаваная ўся, сплаканая…

— Бацька з хаты выгнаў,— патлумачыла Груша Чапёрка, — не трэба мне, кажа, байструкі, самім хлеба не хапае.

У натоўпе спачувалі, здзіўлена матлялі галовамі. Чаго на свеце не здараецца…

Мітусіўся худзенькі Піліпко, тупаў ботамі, узбуджаны вялікай дарогай, якая чакала наперадзе.

Прыйшоў прускаўскі каваль Пракоп, павітаўся з мужчынамі за руку, абняў «марыканцаў»:

— Прыглядайцеся да жыцця — як там наш брат, просты чалавек жыве. Я б і сам, але кузня трымае…

Пад'ехаў Кірыла з возам. «Марыканцы» кінулі туды свае куфэркі. Пачалі развітвацца. Лявонка мацаваўся да апошняй мінуты, стрымліваючы слёзы, але, калі абняў маці, сясцёр, не стрымаўся, заплакаў Тыя таксама плакалі наўзрыд. Слёзы мяшаліся з кроплямі дажджу. Ён не думаў, што яму будзе так балюча расставацца з роднымі, з вёскай. Услед за Цімошам і Піліпком, падышоў да купкі дзяўчат і кожнай падаў руку, да кожнай прыхінуўся. Вяскоўцы ўважліва сачылі за яго паводзінамі і рухамі: да Ганны ён прыхінуўся мацней і пяшчотней, чым да астатніх. Большага прылюдна ён зрабіць не мог, але ўсе ведалі, што ўчора далёка за поўнач яны былі разам.

Поделиться с друзьями: