Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Выходзячы з царквы, Ганна ўбачыла сляпога, які хрысціўся і кланяўся людзям, што няспыннай плынню рухаліся паўз яго. Лявонка пачуў, як яна яму сказала:

— Памаліцеся за бацьку майго, у Амэрыцы ён…

Нядаўна быў ад яго ліст. Працуе там на рысавым полі.

Пісаў, што рыс расце ў вадзе, як чарот. Цяжка ўявіць, што гэта такое.

Назаўтра, у панядзелак, зноў завітаў Кузёмка. Апошнім часам ён стаў часцей наведвацца ў Пруску. Кужалі, дастаўшы трохі цэглы, пачыналі класці печ. Працаваў Халімон — пажылы сівагаловы мужчына ў сталых гадах. Кузёмка даў «добры дзень» і, не здымаючы світкі, сеў на дошкі, стомлена выцягнуў перад сабой ногі ў ботах з блішчастымі халявамі. Яго з'яўленне адразу збірае гасцей. Угледзеўшы на Кужалёвым двары гэтага вандроўніка, завітаў Пракоп. Масей падышоў яшчэ раней. Амаль разам з ім зайшлі сябрукі Цімоша і Піліпко. Потым — Гамон. Кузёмка загадкава маўчаў, нібы разважаючы, казаць ім ці не пра пачутую навіну. Нарэшце як бы адным разам выдыхнуў:

— Такога, людкове, яшчэ не было. Спраўдзілася! — і зноў замаўчаў.

Усе насцярожыліся.

— Што спраўдзілася? — не вытрымала Марыля.

Нават малая Барбарка, якая сядзела ў маці на руках, раскрыла роцік.

— У Евангеллі ад Лукі сказана: «Гора вам, багатыя»! — Кузёмка абвёў усіх уважлівым позіркам. — Чулі? Людзей пастралялі!

«Канец свету ідзе! Канец свету! Праўду тады Кузёмка гаварыў…» — падумала Марыля і жахнулася:

— Ашалець можна!

— Дзе? Далёка? — занепакоіўся Кірыла.

— Пад Высокім. Там вёска ёсць — Бардзёўка. Хіба не ведаеце? Каля Такароў.

Вёску гэту ведалі.

— Графіня Патоцкая войска выклікала, каб сялян настрашыць. Плаціць не хацела, сена касіць наняла, а плаціць… — Кузёмка склаў пальцы ў дулю і падняў кулачок уверх. — Тады людзі спынілі работу. Яна другіх наняла, а тыя іх прагналі. Косці, кажуць, паломім і саміх пазабіваем. Прыбыло, аднака, тое войска. На чале — камандзір ахвіцэр з залатымі пагонамі і з шабляй. Капітан, нейкі Гніласыраў. Пад'ехаў да сялян на брычцы. «Разыдзі-і-ся!» Тыя стаяць. А ён ізноў: «Разыдзіся!» А яны хоць бы што. Вядома, злосныя ўсе. А ён: «Апошні раз сказываю: разыдзіцеся! Інакш загадаю страляць!» Але ёсць, аднак жа, адпаяныя людзі! Васька Клімчук — малады яшчэ дзяцюк — кулаком яму памахаў, кажа: «Я табе пакажу страляць!» А той рэвальверт дастаў і — «бах!». Не папаў. А Васька — хутчэй, каб за грудкі яго ўзяць. Тады ён ізноў — «бах!». У нагу пацэліў. Васька ўпаў, схапіўшыся за нагу. Тады людзі сталі патроху абкружаць ахвіцэра, каб адрэзаць яго ад салдат. Ахвіцэра гэта дужа напалохала, і ён са страху стаў крычаць: «Страляйце, мяне абкружаюць!» Салдаты, такое дзела, страляць пачалі. Шэсць чалавек забілі, сем паранілі. З тых параненых двое памерлі на раніцу, а трэці да вечара датрываў і кончыўся. От, якое дзела.

— А мы Падгурскаму сена пакасілі за капейкі,— сказаў з крыўдай у голасе Пракоп.

— І жнём, і картоплі выбіраем, — пацвердзіў Масей, але каваль нават не паглядзеў у яго бок, думаў, відаць, пра штосьці сваё.

Цімоша з Піліпком уважліва слухалі, пра што гаварылі старэйшыя.

— Памешчыкі цяпер у сіле. Калі што — тут жа Казакаў выклікаюць, — сказаў Халімон.

— У астрог пойдзем на гатовы хлеб! — пажартаваў Пракоп.

— Хутка, відаць, канец свету, гэтак і бацюшка ў царкве кажа, — паківала галавой Марыля.

— Не тыя часы, і паны ўжо не тыя, — крануў бараду Кірыла.

— Не тыя, не тыя, — пагадзіўся Масей.

Кузёмкава навіна абляцела Пруску. Падзея пад Высокім прымусіла задумацца. Застыглы і, здавалася, завершаны прускаўскі свет нечакана выявіў у сабе прыкметы абуджэння.

Баяліся і паны Падгурскія. Гэта былі багатыя і ганарыстыя паны. Іх продкі панавалі тут з даўніх часоў. Прыгонных некалі — усё наваколле. Пруска — іх радавое гняздо, вотчына. Некалі заваруха 1830-га ўмяшалася ў іх лёс, падняла з гнязда. Недалёка — у Белавежскай пушчы — знаходзіліся буйныя атрады паўстанцаў — шляхціца Ронкі і генералаў Хлапоўскага і Тышкевіча. Тады і Падгурскія пашылі сабе сінія жупаны, аднак do lasu яны не пабеглі і ў паўстанні не ўдзельнічалі, але пушчанскім паўстанцам тым-сім дапамагалі, за што і паплаціліся: маёнтак адышоў ва ўладанне новаму гаспадару — маскоўскаму генералу Якубоўскаму.

Паноў Падгурскіх раскідала па свеце, і ўжо ніхто не думаў, што хто-небудзь з іх вернецца ў Пруску.

Вярнуўся, аднак, пан Караль, які ў Варшаве даслужыўся да асэсарскага чыну і меў, відаць, немалыя грошы, каб адкупіць свае былыя ўладанні ў генеральшы Якубоўскай, якая на той час стала ўдавой. У палацы пасяліліся жонка пана Караля пані Ядвіга і тры сыны: Ян, Адольф і Адась. «У нашым родзе — адны мужчыны!» — хваліўся пан Караль. Гаспадарку вёў старэйшы сын — пан Ян. Пан арыентаваўся на новыя павевы: то разводзіў гусей і качак, то раптам пачынаў гадаваць коней. Не забываў пра старыя парадкі, заўсёды з нагайкай ездзіў — каго дастане, таго і спляжыць па спіне.

«Як такога і зямля носіць!» — дзівіліся прускаўцы. Але адгукнулася-такі пану Яну. Любіўся ён з прыгожай пакаёўкай Грунькай. Называў яе Гражынай. Калі Грунька-Гражына загрубела ад яго, пан угаварыў аднаго са сваіх парабкаў ажаніцца з ёй, не сказаўшы, вядома, што нявеста цяжарная. Вянчаліся маладыя ў Прускаўскай царкве. Праз пару месяцаў нарадзілася дзяўчынка. Міцька — так звалі парабка — зразумеў, што яго абманулі,— дзіця не яго. Пачаў зневажаць і біць жонку. Дзяўчынка была хіленькай, шмат не пажыла, памерла. Пан Ян люта ўзненавідзеў мужа былой сваёй каханкі. Па яго загаду Міцьку таго нанач адвялі ў казённы лес і, заткнуўшы рот, прывязалі да сасны, каля мурашніка. Як ён не загібеў ад тых мурашак, ніхто не ведае, але вытрываў пакаранне, застаўся жывы. Тады яго аддалі ў салдаты, і пра Міцьку неяк адразу забыліся. Прыгажуня Грунька зноў вярнулася ў абдымкі пана Яна. Нарадзілася яшчэ адно дзіця, цяпер ужо хлопчык. Назвалі чамусьці Дармідонтам. Прайшло гадоў дванаццаць — вярнуўся з войска Міцька. Сустрэў былую жонку. «Чыё гэта дзіця ў цябе?» Яна пачырванела, апусціла галаву, але, вядома, мусіла сказаць праўду. Адвячоркам былы салдат падпільнаваў суперніка ў карчах ля мастка праз Плісу. Пан вяртаўся на брычцы з аб'езду сваёй маянтковай зямлі. Міцька спрытна ўскочыў на брычку і парнуў седака нажом. Той нават падхапіцца не паспеў, так і застаўся сядзець у брычцы. Ужо нежывога, конь прывёз яго ў двор. Уся дворня доўга дзівілася, чаму пан не ўстае і не злазіць з брычкі. Міцька знік — толькі яго і бачылі. Потым брат пана Яна пан Адольф на тым месцы каплічку пабудаваў, а ўсярэдзіне паставіў драўляную фігурку Свёнтэго Яна. Каплічку пасвяціў ксёндз з Чарнаўчыц. Католікаў у гэтым краі было мала, і давялося звярнуцца ажно туды…

Для прускаўцаў і сялян з іншых навакольных вёсак гэта былі цяжкія часы. За тыдзень жняя павінна была дзесяціну жыта зжаць. Працавалі ў маёнтку ад змяркання да змяркання. Нават песня склалася:

У нашага пана дзіва, Што за месяцам жніва. Пры зорах вячэраюць І пана праклінаюць: Дай яму, Божа, жонку Камянецкую жыдоўку, Дай яму Бог дзеці, Каб не меў дзе падзець.

(Адно толькі Лявонка не мог зразумець, чаму песня крыўдзіла камянецкіх яўрэек. Цётку Малку ён ведаў як жанчыну рупную і працавітую…)

Дзяўчат бралі ў панскі сад абіраць агрэст, і калі пасля работы яны ішлі дадому, дык войт кожнай глядзеў у рот: ці няма ў зубах рэшткаў ягад. Тады вылічалася з заробку. «Панскага не чапайце!» — крычаў стражнік.

Падзеі паўстання 1863 года, як ужо гаварылася, Пруску ў асноўным абмінулі, але водгукі пра жорсткасць Мураўёва даходзілі і сюды. Пасля разгрому паўстання многія навакольныя маёнткі за ўдзел іх уладальнікаў у «бунце» былі канфіскаваны і прададзены царскім афіцэрам, што асабліва «адзначыліся» ў яго задушэнні. Прускаўскі маёнтак тады застаўся за Падгурскімі — да іх улады прэтэнзій не мелі.

Тыя часы прайшлі. Цяпер у палацы сядзелі пан Адольф і пан Адась, які займаўся рознымі вылічэннямі і вынаходніцтвамі. Астатняе яго мала цікавіла. Пан Адольф быў удаўцом, меў сына Станіслава. Ужо пажылым чалавекам ажаніўся з маладой паненкай — дачкой берасцейскага чыноўніка. Жонка нарадзіла яму двойню — хлопчыкаў Караля і Вітальда. З дапамогай свайго лесніка Дармідонта Хлябіча, які быў адначасова і лоўчым, пан Адольф уцягнуўся ў паляванне. Дзічыны ў ваколіцах Прускі шмат: зайцы, козы, дзікі, лісы, паляванне разганяла сум і нуду. У Дармідонтавай барадзе, калі ён глядзеў на пана, хавалася прытоеная насмешка. Над чым ён пасміхаўся — цяжка было сказаць…

— Пра што ты ўсё думаеш, сынок? — Марыля апошнім часам з трывогай паглядала на сына.

Думаць было пра што. Яшчэ той, ранейшы, доўг не быў сплочаны, а грошы зноў трэба. Не хочуць чакаць ні Нічыпар, ні Халімон.

— Тут нідзе не заробіш, трэба да Берасця ехаць, — з рашучасцю ў голасе сказаў Лявонка, — але пакуль той Берасць, варта, відаць, да Падгурскага схадзіць.

Трэба сказаць, што паны жылі сваім жыццём, і тое, што адбывалася ў вёсцы, не надта іх цікавіла. Пан Адольф займаўся паляваннем і амаль не дакранаўся да спраў, не праяўляў да іх асаблівай цікавасці, і не толькі таму, што перашкаджаў узрост: ён жыў старымі ўяўленнямі. Ці ж панская справа апускацца да жыццёвай прозы? Паступова, разам з Дармідонтам, уцягнуўся піць.

Поделиться с друзьями: