Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Ну, на развітанне! — сказаў Трахімка і, шырока расставіўшы рукі, абняў Лявонку за плечы.

Хлапчына адказаў яму шчырым абдымкам.

— Ты што — Ганну пакідаеш? — Трахімка, смеючыся, кіўнуў галавой туды, дзе яна стаяла.

— Чакацьме — налета вярнуся! — у Лявонкавым голасе прагучала ўпэўненасць.

Ганна, адчуваючы, што размова ідзе пра яе, яшчэ больш заплакала, часта міргаючы вачыма і выціраючы іх вышытай кветкамі хусцінкай. Тады ён не вытрымаў, падышоў і пры ўсіх яшчэ раз абняў і пацалаваў — у вуха ці ў шыю. Невыказна шкада было пакідаць яе і ўсё, з чым даводзілася расставацца.

— Не забывай, пішы, — напамінала Марыля.

— Ну, хлопцы, каб па мяшку грошай прывезлі! — падтрымліваў настрой Трахімка.

— Дзіва што! — як звычайна, сказаў Гамон.

Кірыла ўзлез на воз, умасціўся ў кельні з саломай і цмокнуў на каня. «Марыканцы» дагналі яго за вёскай. Пераехаўшы грэблю, павярнулі на Ратайчыцы, і за карчамі алешын схавалася родная Пруска.

К вечару былі ўжо ў Берасці, дзе Кірыла пасадзіў хлопцаў на цягнік, а сам, дачакаўшыся раніцы, вярнуўся дадому.

Частка чацвёртая

І

Брэст-Літоўск — павятовы горад і, разам з тым, чыгуначная станцыя. Білеты ўзялі да Лібавы. Іх, хто адважыўся на гэтае падарожжа да Амерыкі, трое: Лявонка і Цімоша з Піліпком. Засталася ззаду ціхая Пруска, жыццё ўступала ў паласу невядомасці, несла новыя адчуванні, мяняла рытм.

Наперадзе іх чакала Амерыка…

…Загрукацелі на стыках вагонныя колы. Хутка засталіся ззаду перон, людзі, вакзал, гарадскія будынкі. За вокнамі замігцелі дарожныя прысады, асобныя дрэвы, палі. У вагоне ўсё для прускаўцаў новае — і людзі, і абстаноўка. Новае і чужое. Невядома ад чаго, магчыма ад хваляванняў, адразу ж захацелася есці. Як толькі цягнік рушыў, Піліпко, крыху счакаўшы, дастаў шматок сала, хлеб і патроху пачаў жаваць.

Цімоша занепакоіўся:

— Э-э, Піліпко, куды ты спяшаешся! Дзён больш, як каўбас, яшчэ паспееш умяць.

— Надта есці хочацца.

Піліпкаў апетыт не спадабаўся і Лявонку.

— Патрывай, усе разам вячэраць будзем…

…Лібава сустрэла гарадскім тлумам. Як-ніяк — порт. Народу — шмат. Кужалю ўспомніўся той смелы прамоўца ў Брэсцкай крэпасці: «У Лібаве бунтуюць матросы!» Пра бунт нішто тут нават не нагадвала, усё спакойна. Прускаўцы знайшлі банк, памянялі рублі на даляры і адразу рушылі ў порт, хоць ведалі, што іх параход адплывае толькі назаўтра. Трапіўшы на прыстань, яны ўбачылі мора і вялікі карабель, які нерухома стаяў непадалёку ад берага. На борце можна было разабраць надпіс «Santa Maria». Ад яго да пірса цягнуліся тоўстыя прасмоленыя канаты.

— Якімі вяроўкамі прывязаны! — здзівіўся Піліпко.

— Але дзе ж нам начаваць? — непакоіўся Цімоша. — Можа, тут недзе, на прыстані?

Яшчэ дацямна падарожнікі аблюбавалі шырокую лаўку і прылеглі на ёй, але іх угледзеў там гарадавы і, зрабіўшы суровую вымову, накіраваў у эмігранцкі дом. Аднак там ім не хапіла месца і адтуль прускаўцаў паслалі ў гарадскія казармы, дзе яны і заначавалі. Назаўтра з самай раніцы, прыхапіўшы куфэркі, зноў падаліся на прыстань. Карабель стаяў на тым жа самым месцы, аднак цяпер з усіх трох яго вялікіх труб валіў чорны дым. На пірсе процьма народу, усе з клункамі. Пасадкай займаліся здаравенныя матросы.

Адзін з іх узяў у прускаўцаў білеты, пакруціў у руках:

— Амерыканцы?

— Едзем, — хорам адказалі хлопцы.

— Эмігранты, значыць. У вас трэці клас. — Матрос паказаў тры пальцы і растлумачыў: — На самае дно, у трум!

Іх тут жа падхапілі пад пахі, паказалі, куды ісці. Па драўляных мастках прускаўцы спусціліся ўніз, у той самы трум. І тут шмат людзей — яблыку няма куды ўпасці. «Столькі народу, — падумаў Лявонка, — няўжо, як і ім, усім трэба ў Амэрыку?» Пакуль разабраліся з месцамі, ніхто і не заўважыў, як «Santa Maria» скранулася з месца і няспешна пачала паварочваць у бок мора.

— Ці не плывём? — азірнуўся па баках Цімоша.

Яны падняліся з трума на палубу і ўбачылі катэр, які, учапіўшыся тоўстым ланцугом за нос іхняй аграмадзіны, адцягваў яе ад берага, на якім стаялі людзі і махалі шапкамі. У небе вакол парахода з крыкам мітусіліся чайкі. Прускаўцам ажно заняло дых. Лявонка пазіраў на тых, што засталіся на беразе і ўсё больш аддаляліся ад парахода. Скаланулася душа: «Хто яны? Хто я ім? Чужы. І ўсё ж такі гэта хвалюе, што вось людзі развітваюцца, дораць усмешкі, махаюць рукамі, капелюшамі, чымсьці яшчэ…»

Катэр, які вывеў параход у мора, аддаў буксір і павярнуў назад, у порт. Яшчэ больш надрыўна загаласілі чайкі. Яны са звыклай плаўнасцю коўзаліся на хвалях, нават не кранаючы вады. Бераг усё больш аддаляўся, ніжэў і, здавалася, усё больш патанаў у моры. Нарэшце ён і зусім знік. Зніклі і чайкі. Недзе ўдалечыні засталіся радзіма, родная вёска, людзі, дрэвы, утульная рэчка Лосьна, а тут панавала бясконцая стыхія ветру і вады. Быў час абеду. Прускаўцы атрымалі па кавалку хлеба і па бляшанцы мясных кансерваў. Дасведчаныя пасажыры распорвалі бляшанкі нажамі. Тое ж самае, паглядзеўшы на іх, зрабіў і Цімоша — сваю кансерву адчыніў і сябрам таксама. Абедалі на палубе.

— Ну, марыканцы, як адчуванне? — гучна і радасна выдыхнуў з сябе Цімоша.

— Эх, каб дзядзьку Васіля сустрэць!

— Добра было б! — падтрымаў Лявонкава жаданне Піліпко. — Свой!

— А што, калі адмовяць? — напаўсур'ёзна, напаўжартам сказаў Лявонка.

Вядома было, што не ўсіх пускаюць на амерыканскую зямлю, існуе праверка на мытні.

— Як гэта адмовяць? У арышце мы не сядзелі,— запярэчыў Цімоша, — і на здароўе не скардзімся.

Такой жа думкі быў і Піліпко, які ляпнуў сябе па грудзях:

— Наконт здароўя паперы маем!

Цімоша засмяяўся:

— Хлопцы, а можа, гэта сон?

— Што — сон? — насцярожыўся Піліпко.

— А тое, што мы тут, сярод акіяна.

Прускаўцы міжвольна сталі азірацца. Не, не сон. Усюды прыткнуты рэчы эмігрантаў: мяшкі, скрынкі, кошыкі, клункі…

— Але ж і карабель! — захапляўся Піліпко. — Няўжо ўсе такія?

— Я чуў, кажуць, што на гэтым параходзе звычайна скаціну возяць, — сказаў пра ўсё дасведчаны Цімоша.

Гэта быў карабель трэцяга класа. Трапіць сюды мог кожны. І сапраўды, каго тут толькі не было! Лявонка звярнуў увагу сяброў на чорнага чалавека, які сядзеў пад дымавой трубой і весела глядзеў на іх. Хлопцы ад здзіўлення ажно раты паразяўлялі. Зусім чорны! Што ён — можа, з гэтай трубы і вылез? Толькі потым даведаліся, што чалавек такім і нарадзіўся — негр.

Сярод пасажыраў вылучалася невялічкая купка цыганоў. Гэтых прускаўцы адразу пазналі. Неўзабаве знайшліся і землякі — двое з-пад Берасця. Такія ж, як і яны, — едуць на заробкі.

— Вас хто-небудзь чакае ў Амэрыцы? — пацікавіўся Лявонка.

— Хто там можа чакаць? Едзем… — няпэўна адказаў чалавек з расплывістым тварам, абсыпаным белаватымі гнойнымі прышчыкамі, з пажаўцелымі плямінамі пад вачыма.

Лявонка заўважыў, што пасажыры, якія прадстаўлялі людзей самых розных нацый і становішчаў, паступова — сілаю агульных перажыванняў, клопатаў і мэт — згуртаваліся ў адну і даволі цесную чалавечую супольнасць, якую аб'яднала гэта штодзённае карабельнае існаванне.

Поделиться с друзьями: