Уліс з Прускі
Шрифт:
У сваё прыстанішча яны вярнуліся з пустымі кішэнямі. На вуліцах ужо гарэлі газавыя ліхтары.
III
Вечарам Лявонка сеў пісаць ліст дадому. Там ужо, пэўна, стаміліся чакаць ад яго хоць якой весткі. Яшчэ на мінулым тыдні купіў у кіёску паперу, канверт і чарніла. Цяпер вось адсунуў вазон з кветкамі, прымасціўся да падаконніка (стала не было) і ўявіў, як Масей Галёнка паедзе ў воласць, у Ратайчыцы, зойдзе на пошту і забярэ яго ліст, адрасаваны Кужаль Марыі. Дома прачытаюць. І ён пачаў:
«Дарагія малю, дзядуля, Тоня, Фядора, Барбарка! Шлю вам паклон з-за акіяна, з далёкай Амэрыкі, дзе я знаходжуся ўжо амаль паўтара месяца. Прабачце, што доўга не пісаў, бо пакуль уладкаваўся на прагну, пакуль крыху асвоіўся. Цяпер пішу вам усё па парадку. Пераплылі акіян. Той акіян, пра які расказваў Кузёмка, нішто супраць гэтага, па якім мы плылі на параходзе. Не ведаю, ці правільна я зрабіў, але спыніўся пакуль што ў Нью-Йорку, у пансіёне містэра Гроса. Добры чалавек. Маю работу. Працую па восем гадзін у дзень, а часам і болей. Мыю вокны ў вялікіх дамах. Збяру крыху грошай і пашлю вам і Падгурскаму, каб разлічыцца за тое, што пазычалі. На работу ўладкавацца не так проста: перад фабрыкамі чэргі. Нашы хлопцы працуюць. Цімоша мые посуд у рэстарацыі. Піліпко працуе ў магазіне адзення, дапамагае насіць і запакоўваць тавар. Усім нам, можна сказаць, пашанцавала. Такія, як мы, называюцца тут эмігранты. Летам пасылаюць працаваць на фермы, зімой — на фабрыкі і шахты. Пад вясну, можа, і я падамся куды на ферму. Цяжка прывыкнуць да гарадскіх муроў. У Нью-Йорку яны ціснуць з усіх бакоў. Тут, на чужыне, у Амэрыцы, успамінаю вас вельмі часта і вельмі шкадую, як вы там без мяне. Амэрыка — гэта Вавілон, тут змяшаліся ўсе народы, нацыі. Мяне тут дзівіць нейкая адчужанасць, нікому да цябе няма ніякай цікавасці і ніякай справы. Не тое, што ў нас дома, дзе ўсё i. ўсе навідавоку. Але грошы зарабіць можна. Галоўнае — каб праца была. Доўга я тут, думаю, не затрымаюся, цягне дадому.
Моцна ўсіх вас абдымаю і цалую. А яшчэ прывітанне дзядзьку Хведару і яго сям'і, суседу Хомку, яго жонцы, цётцы Хомчысе, усім знаёмым. Прывітанне Ганне і яе маці.
Ваш Лявон».
Ідучы на работу, забег на пошту, кінуў ліст у скрынку і зноў засумаваў. У паветры кружыліся сняжынкі. Лявонка падставіў далоні. Сняжынкі, дакранаючыся да чалавечага цяпла, хутка раставалі, як бы каналі, але ён усё ж такі паспеў разабраць іх махнаты ўзор: «Такія ж, як у Прусцы». На далоні заставаліся ледзь прыкметныя кропелькі вільгаці. Снег усюды аднолькавы — і дома, і тут, у Амерыцы. Праўда зіма тут мяккая — ніякага параўнання з прускаўскай. Але ўсё роўна праца акнамыя сезонная — зімой, у снег і халады, ніхто вокнаў не мые, аж да вясны. Што ж будзе далей? І як бы пачуўшы Лявонкавы неспакойныя думкі, яго раптам выклікаў старшы адміністратар гатэля — бос, як яго тут называлі.
На стале дыміўся кубачак з гарачай пахучай кавай.
— Містэр Леан! — звярнуўся ён да Лявона. — Мы можам прапанаваць вам новую работу.
Нязвыклае ў дачыненні да сябе «містэр» здзівіла. Ён ажно пачырванеў. Каб да вясны не страціць добрага работніка, бос прапанаваў яму новую працу — ужо ўнутры будынка — ліфцёрам.
— А вясной зноў!.. — Бос пакруціў рукой у паветры, нібы выціраючы нябачнае шкло.
Як звычайна і робіцца ў такіх выпадках, з Лявонкам заключылі кантракт і тут жа выдалі уніформу з блішчастымі гузікамі і жоўтымі галунамі. Давялося асвоіць яшчэ адну прафесію: хто б думаў, што некалі яму давядзецца працаваць ліфцёрам. Цяпер абавязкам было развозіць людзей па паверхах — каму на які трэба. Час ад часу прыходзілася працаваць у начную змену — паднімаць і апускаць не толькі людзей, але і грузы. Аплачвалася праца слабавата, але, як кажуць, дзякуй і за гэта. Калі пасажыраў не было, ён старанна драіў латунныя дэталі ліфта.
Змена цягнулася дванаццаць гадзін. І ўдзень, і ўночы прасторнае мармуровае фае напоўнена зыркім святлом мноства электрычных лямп. У цэнтры і па кутках стаялі вялікія мяккія крэслы, у якія сядалі людзі з ганарліва-незалежным выглядам. Ля сцен у ёмістых плеценых карзінах раслі пальмы. Пячэй не было — грэлі радыятары, размешчаныя пад вокнамі. Спяшаліся на работу заклапочаныя канторшчыкі і розны падсобны люд. К канцу дня дзелавая гарачка спадала, рытмы слабелі і замаруджваліся. Лявонка чакаў ля адчыненых дзвярэй ліфта, але кліентаў не было, і ліфцёра адольвала нудота. І аднойчы здарылася непрадбачанае. Непадалёк, у гардэробе, ішла гульня ў косці, і ён — як нячысцік падштурхнуў — пакінуў ліфт і падышоў да гульцоў. Якраз у гэты момант яго і аклікнуў старшы парцье, паказаўшы рукой на расчыненыя дзверы ліфта. Што ж ты, маўляў, пакідаеш рабочае месца? Пагэтаму ці не пагэтаму, але пасля таго, як захварэў апальшчык, яго прызначылі ў кацельную.
— Хутка ж ты мяняеш спецыяльнасці,— пацвельваў з яго Цімоша. — Як толькі вывучвацца паспяваеш? Шанцуе табе, не інакш.
Сам Цімоша па-ранейшаму мыў посуд.
— Шанцуе, — з сумнай усмешкай пагаджаўся Лявонка.
Раніцай яны хуценька пілі каву і спяшаліся на працу.
Частку дарогі яму даводзілася ісці па вуліцы Баверы, бруднай і цёмнай, амаль закрытай зверху памостам паветранай дарогі. Лявонка ішоў па ёй як па тунелі. Народу шмат, але адчуваеш сябе яшчэ больш адзінокім, чым тады, калі застаешся сам-насам з сабой. Кожнага дня, апроч выхадных, ён уліваўся ў людское мора, якое плыло ў напрамку станцыі метро. Там разам з усімі апускаўся ў цёмны лаз падземкі. Бывае, столькі народу набіваецца, што не зачыняюцца дзверы. Каб ушчыльніць пасажырскую масу, на станцыі метро ёсць спецыяльныя людзі — забівалы, якія ў такіх выпадках дзейнічаюць без асаблівых цырымоніі умінаючы сваіх падапечных кулакамі і каленямі. Кожны раз, ідучы сціснуты натоўпам, ён успамінаў прускаўскія прасторы — абсягі палёў, шырокі луг, надрэчныя далягляды, лес. У электрычцы, калі вяртаўся з работы, яму амаль заўсёды саступалі месца, нават прыязна ўсміхаючыся. Поезд у метро ідзе хутка, грыміць на стыках, хістаецца з боку ў бок. Пасажыры, трымаючыся за поручні, чытаюць ранішнія газеты, жуюць гумку, маўчаць, пра нешта думаюць…
Першы набыў гадзіннік Цімоша. Дастаючы яго з кішэні камізэлькі, падносіў да вуха і працягваў Лявонку:
— Паслухай, як ідзе! Лявонка слухаў і хваліў:
— Добрая рэч!
— А ланцужок?
— І ланцужок.
— Сярэбраны, сказалі ў краме, і крыху пазалочаны. Піліпко таксама пахваліў, прыгадаўшы валаснога пісара:
— Лепшы, чым у Пацея!
Лявонка ўспомніў, што і камянецкі шавец Нохім марыў пра такі гадзіннік. Цікава, ці набыў…
— Быў мужыком, а цяпер чалавекам стаў! — падміргнуў Цімоша, хаваючы гадзіннік у кішэньку.
Усе дружна і з задавальненнем засмяяліся.
— Так то яно так, але пазарасталі мы! — сказаў Лявонка, паглядзеўшы на сябрукоў і памацаўшы рукой патыліцу. — Пастрыгчыся трэба!
Пастрыгчыся ў цырульні тут каштавала пятнаццаць цэнтаў. Вырашылі, дачакаўшыся выхаднога, усім разам пайсці ў цырульню. Галіцца — галіліся дома, праз дзень-два. Брытву «Solling» купілі ў складчыну, і адной карысталіся ўсе трое. Лявонка, каб не здавалася, што ён надта малады, вырашыў адпусціць вусы.
Цырульнік — насаты і вірлавокі мужчына — пастрыг іх пад бокс, толькі над ілбом пакінуўшы трохі чупрыны. Лявонавы кончыкі вусоў закруціў уверх. Канчаючы стрыжку, пстрыкнуў на кожнага з гумовай грушы — запахла адэкалонам. Потым узяў у рукі люстра і паднёс да кожнага, каб прускаўцы маглі на сябе паглядзець.
— О'кэй! — пахваліў ён ні то сябе, ні то кліентаў, што прыйшлі адразу ўтрох, і ў захапленні прыцмокнуў языком.
Расплаціўшыся з вірлавокім цырульнікам, яны выйшлі на вуліцу. Падстрыжаныя, наадэкалоненыя, у новых касцюмах.
Лявонка прапанаваў:
— Давайце сфатаграфуемся!
— І дадому пашлём, хай убачаць, якія мы амэрыканцы! — падхапіў яго думку Цімоша.
Згадзіўся і Піліпко.
Фотасалон знаходзіўся непадалёку, на 85-й авеню. Там іх як бы ўжо і чакалі. Фатаграфаваліся спачатку ўсе разам, утрох, а потым паасобку. Высокі, сухарлявы, з каротка падстрыжанымі вусікамі фатограф кожны раз залазіў пад чорную накідку і доўга прымяраўся. Было ў ім, як і ў цырульніку і іншых людзях, якіх яны тут сустракалі, нешта няўлоўна амерыканскае — усмешлівасць, лоўкасць, маторнасць… Фатографу дапамагала маладая негрыцянка, выконваючы загады фотамайстра. Яна паказвала прускаўцам, як сесці ў крэсле і ў які бок глядзець. Цімоша сфатаграфаваўся пры гадзінніку з ланцужком, потым пазычыў яго сябрам. Кожнаму хацелася выглядаць як найлепш.
Па фотакарткі пайшоў Лявонка. Яны былі пакладзены ў канверт, які хутка знайшла і паслужліва аддала яму тая самая негрыцянка. Хлопец упершыню ўбачыў сябе і сваіх таварышаў на фотакартцы. «Няўжо гэты прыгожы амерыканец з бледным застыглым тварам і чорнымі вусікамі — я?» Цімоша і Піліпко атрымаліся, здаецца, больш падобнымі. Фотакартка наклеена на цвёрды кардон. Пад ёй адрас майстэрні, дата: Нью-Йорк, 85-я авеню, 1907 год. Унізе — размашысты роспіс майстра.
— А нішто сабе картачка выйшла! — смяяўся задаволены Цімоша.
І Піліпку спадабалася.
— От дома дзівіцца будуць!.. — захапляўся ён.
Нарэшце Лявонка атрымаў ліст ад сваіх. Пошта з Прускі ідзе сюды доўга — амаль тры месяцы. Надарваў жоўты канверт, дастаў некалькі лісткоў з вучнёўскага сшытка. Усхваляваў ужо самы першы радок:
«Дарагі сынок, брацік і ўнучак!..»
На вочы навярнуліся слёзы.
«…Паведамляем, што мы пакуль жывыя і здаровыя, чаго і табе жадаем у тваім амэрыканскім жыцці. Наша Ланька ацялілася, прывяла рабенькую цялушачку, падобную да бычка Падгурскага: чорнае з белым. Дзед Кірыла быў пазаўчора ў Камянцы. Цана на жыта паднялася да 1 рубля 25 кап. За пуд. Мы вельмі шкадуем цябе, што ты цяжка працуеш. Перш за ўсё самому трэба, сынок, апрануцца, дагледзець сябе, а потым ужо будзеш думаць, як расплаціцца з Падгурскім. Людзі з Ратайчыцаў ледзьве яго не забілі, двор спаліць гразіліся за тое, што зямлі не аддаў у арэнду.