Уліс з Прускі
Шрифт:
Добры чалавек наш настаўнік Фама Фаміч, а галоўнае, што смелы. „Бач, кажа, да чаго народ давялі“. У нас ізноў выбіралі ўпаўнамочаных для выбараў у Думу. Выбралі бацюшку айца Глеба. Прыязджаў да нас у Пруску дэпутат Дзяржаўнай Думы Улас Гаўрылюк. Ганілі яго людзі за тое, што ён за паноў, а пра народ забыў. А бяцаў дабіцца, каб мужыкам далі папоўскую зямлю, але, відаць, дурыў людзям галаву, бо расказваюць, што сам Гаўрылюк, калі знаходзіла ў Пецярбургу, жыве ў адным доме з панамі. Нашы людзі, хто разумней, патрабуюць самаўпраўлення, надта збрыдлі паны і чыноўнікі. Ясё аціх, зла ён нам не чыніць.
Ганна вельмі ветлівая, часта заходзіць да нас, пытаецца пра цябе, перадае паклон і прывітанне. Ці напісаў ты ёй ліст? Калі не напісаў, то напішы, бо яна таксама чакае весткі ад цябе. Як там Васіль? Нешта мала ён піша. Глядзі, шануй там сябе, апранайся цёпла, каб не прастудзіўся. Вярнуўся з японскай вайны Фэдар Швед. Паранілі і доўга лячыўся. Цяпер моцна накульгвае на левую нагу.
Прывітанне ад дзядзькі Хведара, ён цябе любіць, пытаецца, як там ён у Амэрыцы. Мы ўсе жывём спадзяваннем на лепшае, марым, калі ты вернешся дадому. А яшчэ перадаюць паклон сусед Хомка Назар і яго сям'я. Чакаем атвета, як салавей лета. Сцеражы цябе Бог.
Твае родныя».
Адказваючы на гэты ліст, ён паклаў у канверт і сваю фотакартку Каб успаміналі. Сум грыз бесперастанку, як іржа жалеззе. З думак не выходзіў успамін пра Ганну. Расстанне з ёю ён перажываў асабліва балюча. Успамінаў, як яна лагодна называла яго «Кужалёк». Як яна там? З кім ходзіць? Цяпер ён вельмі востра адчуў, як не хапае яе, і адразу кінуўся пісаць ліст. Узяў чысты аркуш і зверху вывеў:
«Дарагая Ганначка!»
Напісаць ліст каханай дзяўчыне не проста і не лёгка. Успомнілася ўсё, ён нават адчуў яе пах, як быццам яна была побач. І ўявілася яму раптам у мілым прускаўскім малюнку: ішла па вуліцы, мусіць, вярталася з вячорак ці, разам з сяброўкамі (бо побач Гэлька Відэрка), з музыкаў. Эх, хутчэй бы вярнуцца! Яны пажэняцца і будуць жыць у поўнай згодзе і замілаванні…
«…Пішу табе з Амэрыкі, з Нью-Йорку, дзе я цяпер жыву. Маю працу ў гатэлі. Прыеду — раскажу. Праўда, не магу звыкнуцца з гарадской мітуснёй…»
Здавалася, ён пачуў яе звонкі, меладычны смех — засмяялася з яго скаргі. Таму захацелася пахваліцца — не ўсё ж блага:
«…Купілі ўжо з хлопцамі па касцюму, нават паспелі сфатаграфавацца. Фотакартку высылаю разам з лістом. Пытаўся пра твайго бацьку, але пакуль што нічога пэўнага не дазнаўся. Пераехаў, відаць, у іншае месца. Тут усё зусім не так, як у нас, свае парадкі. Зіма ў Нью-Йорку не зіма — калі гаварыць пра нашы маразы. У Амэрыцы цяпер крызіс, шмат заводаў і фабрык пазачыняліся. Людзі засталіся без працы і без хлеба, усіх беспрацоўных, кажуць, налічваецца чатыры мільёны семсот пяцьдзесят тысяч чалавек!..»
Тут ён злавіў сябе на думцы: каб лішне не напалохаць. Гэта ж яны пра дзядзьку Васіля будуць турбавацца! Трэба супакоіць.
«…Але бацьку твайго я знайду. Увесь час думаю пра цябе. Я б цябе цалаваў і цалаваў, не адрываючыся ад тваіх салодкіх вуснаў. Беражы сябе дзеля нашага адзінага кахання. І яшчэ перадай прывітанне маці. І маім. Моцна цябе цалую і абдымаю. Пішы, бо мне вельмі цяжка.
Твой Лявонка».
Яшчэ раз прачытаў ліст і словы «бо мне вельмі цяжка» выкрасліў.
Зіма ў Амэрыцы хоць і цёплая, але на Коні-Айленд не паедзеш — зачынены да вясны. Тым не менш кожны дзень прыносіў новыя ўражанні. Яны прагна пазнавалі навакольнае жыццё. Раней невядомае адчуванне свабоды распірала грудзі. Мусіць, гэтае адчуванне і навяло іх аднойчы на думку ў адзін з суботніх вечароў наведаць салун. Прыбраліся. На грудзі ўздзелі манішкі з каўнерыкамі, пачапілі гальштукі-матылёчкі, у рукавы прасунулі запінкі. Паглядзелі адзін на аднаго.
— От каб у Прусцы такое пабачылі! — смеючыся сказаў Цімоша, які да таго ж яшчэ ўпрыгожыў грудзі гадзіннікам з ланцужком.
Адно толькі, што стала халаднавата і паверх касцюмаў даводзілася апранаць усё тыя ж прускаўскія світкі, а на галовы насоўваць шапкі-кучомкі, але гэта часова! Справа паправімая.
Салуны — на кожным кроку. Ёсць вельмі танныя, разлічаныя на такіх, як яны — новых эмігрантаў. Недзе на ўскраіне яны знайшлі асабліва танны салун, гаспадар якога арыентаваўся, па ўсім відаць, на вельмі дэмакратычныя густы. З вуліцы адразу ж трапілі ў залу з нізкай столлю. Як бы падвал. У ноздры пругкаю хваляй ударыў бражны дух. Распрануліся. Світкі і кучомкі павесілі на вешалку.
— Ну і нягоднік я! Да гэтага часу не паслаў дадому ні пенса! — сказаў Лявонка, калі яны селі за свабодны столік.
— Пачакае твой Падгурскі! Нічога з ім не зробіцца, — суцешыў сябра Піліпко.
— Не, тое, што пазычыў, трэба вярнуць, я слова даў!
Заказалі імбірнага піва. Людзі, што сядзелі за столікамі, не звярталі на іх ніякай увагі. У некаторых павольна, нібы самі па сабе, рухаліся сківіцы. «Гумку жуюць», — падумаў Лявонка. Час ад часу дакраналіся да куфляў і шклянак з напоямі, падносячы іх да вуснаў. Прускаўцы стараліся выглядаць, як і ўсе, і рабіць тое ж самае.
Піва здалося Лявонку кіславатым і не надта свежым. Ён азірнуўся па баках. Непадалёку за пустым столікам сядзела незнаёмая смуглаватая дзяўчынка з кучаравымі валасамі. Заўважыўшы Лявонкаў позірк, яна прыязна пасміхнулася бліснуўшы прыгожымі белымі зубамі. Цімоша з Піліпком таксама звярнулі на яе ўвагу. Мяркуючы па яе ўпэўненых паводзінах, яна была свая ў гэтым салуне.
Падышоў афіцыянт, што разносіў піва, і адразу ўлавіў настрой кліентаў.
— Метыска, сэр, — усяго пяцьдзесят цэнтаў,— кіўнуў ён Цімошу, з выгляду, мусіць, найбольш саліднаму ў іх кампаніі.
Прускаўцы на ўсе вочы глядзелі на афіцыянта і нічога не маглі сцяміць з таго, што ён казаў.
— Можа, бландзінку? Толькі што з Еўропы. Тры даляры…
Хлопцы пераглянуліся між сабой і зноў паўзіраліся на чалавека з піўнымі куфлямі.
— Ёсць у нас два свабодныя пакоі для аматараў.
Гаварыў ён сур'ёзна — як пра нейкую важную і надзённую справу, — ні разу не ўсміхнуўшыся. Нарэшце тое-сёе пачало да іх даходзіць. Але ж яны ўжо ведалі, што прастытуцыя ў Амерыцы забаронена. У Лявонкі пахаладнела на сэрцы, калі ён успомніў Ганну. «А калі яна даведаецца — што тады?» — з жахам падумаў ён. І разам з Піліпком адмоўна пакруцілі галовамі. Цімоша засмяяўся, нібы гэта была звычайная для яго справа.
Па ўсім відаць, ён быў не супраць прыняць прапанову афіцыянта і ўжо пачаў уставаць з-за стала, але Піліпко схапіў яго за крысо пінжака:
— На паліцыю нарвешся — заарыштуюць! І дадому вернуць…
Цімоша фанабэрліва задраў галаву:
— Так ужо і заарыштуюць! Ты, Піліпко, як скажаш…
— Хлопцы, — умяшаўся ў гаворку Лявонка, — ці за гэтым мы сюды прыехалі?
Цімоша яшчэ крыху пакуражыўся і сеў, узяўшыся за свой куфель.
— А каб негрыцянку паспрабаваць? — падмігнуў ён Лявонку, здуваючы з піва пену.
— You! — даляцела да іх ад таго століка, за якім сядзела смуглатварая. Яна, мусіць, здагадвалася, пра што ішла гаворка ў іх кампаніі.
— Як гэта — паспрабаваць? — не зразумеў Піліпко.
— Ну, пазнаёміцца, — растлумачыў Лявонка.
— Дык яна ж чорная! — жахнуўся Піліпко.
— У тым-то і справа, што не белая! — выскаліў зубы Цімоша.
— Ха-ха-ха! Чаго захацеў! — Піліпко залівіста зарагатаў.— От каб у Прусцы даведаліся, што хто-небудзь з нас з негрыцянкай меў справу, — от бы смяяліся. Ха-ха-ха!